Сэрца на далоні
Шрифт:
— Разумею. Усё зробім, — чамусьці ўзрадаваўся дырэктар.
Яраша неаднойчы здзіўлялі нечаканыя выдумкі Шыковіча. Але гэтая яго проста ашаламіла. Ён спачатку абурыўся, пасля натужліва стрымліваў смех, каб не здацца гэтым людзям дзіваком. У цесным калідоры ён даў сябру кухталя.
— А што ты яму будзеш тлумачыць? Шукаем стыльную мэблю для хворай? Казка!
Яны паклікалі Машу. І сам Грабар, вырашыўшы, відаць, за тры хвіліны, якія яны чакалі яго, куды перавесці Гаюнкову, павёў іх на склад. Праўда, перад гэтым ён здзівіў Машу. Раптам спытаў:
— Нявестка, таварыш Яраш? — і працягнуў руку,
У дзяўчыны бровы палезлі на лоб.
Але Шыковіч міргаў ёй так выразна, што яна зразумела: ён нешта выдумаў.
На складзе яна адразу звярнула ўвагу на гарнітур вытворчасці адной з латышскіх фабрык, просты, прыгожы, з наборам рэчаў для аднаго пакоя: канапа-ложак, нізкі стол, разборная кніжная паліца, нізкія зручныя крэслы.
— О, у вас густ! — усміхнуўся Грабар. — Я мог бы ўзяць вас тавараведам. — І пашкроб патыліцу. — Мы пакідалі гэта для выстаўкі-продажу. Але калі такі выпадак — бярыце.
У машыне, задаволеныя пакупкай, якую Грабар паабяцаў праз гадзіну прывезці, яны рагаталі з выдумкі Кірылы Васільевіча. Асабліва смяшыла, што «мэблевы начальнік» палічыў Шыковіча «заўхозам» Яраша. Потым Машу скаланула думка: магчыма, што гэты хітры Шыковіч ведае, што яна сустракаецца з Тарасам, а таму і выдумаў такую прычыну. Не, не падобна. Хутчэй ён мог бы даведацца, што яна сустракаецца з яго сынам: Славік балбатун. І ёй зноў стала весела ўжо ад іншай думкі: можа здарыцца, што некаму з іх сапраўды прыйдзецца купляць з ёй мэблю з такой прычыны — жаніцьба сына.
— Ну, Соф'я Сцяпанаўна, пара дадому.
Словы Яраша, іх тон, не, як звычайна, афіцыйна-лекарскі, хоць і ласкавы, а нейкі вельмі ўжо сяброўскі, спалохалі Зосю. Зноў той жа незразумелы прыступ страху, ад якога яна душэўна пакутавала. Сапраўды незразумелы. Дзіўны. Чаго ёй баяцца цяпер? Многа год яна пераконвала сябе: не скардзіся на лёс, жыві, як жывецца, заўтра можа здарыцца горшае, і нічога не баялася, ніякіх хвароб, ніякіх нягод. А прыйшло збаўленне ад цяжкай хваробы — яна адчувае, што сэрца яе не тое, з якім яна жыла многа год, і ўсе лекары робяць такое заключэнне (яе слухала, можа, сотня лекараў і практыкантаў)… Прайшло многа добрага… Яраш яшчэ колькі дзён назад сказаў, што атрымалі для яе кватэру амаль у цэнтры горада. І Маша паведаміла з радасцю: «Такая сімпатычная кватэрка. Сюрпрыз для вас». Вярнулася здароўе, знайшліся шчырыя, чулыя сябры, чаго ж баяцца? Аднак страх не праходзіў.
Збірала рэчы, пераапранулася — і ў яе калаціліся рукі, ногі.
— Слабенькая ты яшчэ. Чаго ён цябе выпісвае? — загаварыла бабуля-санітарка.
Зося сама з задавальненнем засталася б у бальніцы. Тут яна хоць з усімі і ўсім звыклася, нават са сваім страхам. А што там? Яна многа дзён ужо гуляла па садзе. А цяпер баялася глянуць на адчыненыя вокны, за якімі шумеў вялікі горад. Дзень быў не вельмі вясёлы — амаль па-асенняму хмурны, з дрэў злятала першае лісце. Можа, і ад гэтага яшчэ незнаёмы боль у сэрцы?
Магчыма, што адчуванні яе можна было б параўнаць з адчуваннем таго шахцёра, якога, не па яго волі, спусцілі ў глыбокую шахту, завалілі і пратрымалі там у цемры доўга-доўга. А потым другія людзі, добрыя, адкапалі і паволі падымаюць наверх. І вось гэты міг, калі ён павінен ступіць на паверхню зямлі, убачыць неба
Правесці яе выйшлі многія лекары, сёстры, санітаркі, хворыя аддзялення, якія маглі хадзіць. Яны ведалі яе лёс, аперацыю. Некаторых, праўда, цікавіла іншае: хворую выпісвае і забірае сам Яраш.
Ёй выказвалі найлепшыя пажаданні.
«Колькі добрых людзей», — падумала Зося і, расчуленая, заплакала: даўно ўжо яна так не развітвалася з людзьмі, з якімі зводзіў яе лёс.
Маша ўзяла яе за руку, сказала амаль жорстка да ўсіх:
— Даволі! — да Зосі: — Вам нельга хвалявацца, — і павяла да цэнтральнай алеі, дзе іх чакаў сіні «Масквіч».
Яраш стаяў каля машыны. Зося зноў спалохалася, убачыўшы яго тут, без халата, у добра адпрасаваным шэрым гарнітуры. Ён быў зусім не такі, як той асілак-чарадзей у белым халаце, якога ў бальніцы ўсе любілі і баяліся. Ён нават здаваўся не такі высокі і мажны і ўсміхаўся не так, як у палаце, — прасцей, цяплей. Яна раптам больш выразна, чым калі-небудзь раней, убачыла ў ім таго да дзёрзкасці смелага, вясёлага «Кузьму», якога хавала на гарышчы дзевятнаццаць год назад. Усміхаўся ён так, як тады, і амаль гэтак жа трохі збянтэжыўся. Яна таксама ўсміхнулася, і дзіўна — страх яе як рукой зняло. Яна выйшла з падзямелля, расплюшчыла вочы, убачыла неба, сонца і… не аслепла. Антон Кузьміч узяў з яе рук пакуначак, сказаў зноў-такі зусім не так, як у палаце:
— Віншую. Бальніца наша добрая, але лепш у яе не трапляць. Можаце паверыць, што я не буду сумаваць без работы.
— Будзеце, — не згадзілася Маша.
— Не, не буду. — Ён адчыніў ім заднія дзверцы. — Калі ласка.
Сам пайшоў садзіцца за руль.
— А Кірылы Васільевіча няма? — азірнулася Маша.
— У яго ўчора аднялі правы за перавышэнне хуткасці. Сёння недзе дае тлумачэнні інспекцыі.
Маша засмяялася:
— Гэта я накаркала. Помніце, я сказала: «Аднімуць у вас правы». А ён: «Ціпун вам на язык».
Чамусьці хораша зрабілася Зосі ад гэтай жартаўлівай іх размовы пра чалавека, якога яна ведала па расказах Машы, ведала, што ён хацеў пабачыцца з ёй, але Антон Кузьміч пусціў яго толькі на аперацыю, дзе той самлеў. Хораша ад іх вось такой дружбы.
Машына павярнулася і выехала за вароты. Зося азірнулася на бальніцу, але без жалю, без жадання застацца там і без страху перад тым, што чакае яе наперадзе. Яраш вёў асцярожна, павольна. Зося залюбавалася горадам, амаль незнаёмым, новым. Хоць жыла яна тут ужо чатыры гады, але ёй цяжка было хадзіць па горадзе, рэдка яна выязджала са сваёй далёкай ускраіны на аўтобусе ў цэнтр.
Са здароўем, з сілай да яе вярталася разуменне прыгожага, замілаванне хараством. Калі яе вывелі першы раз у сад, яна глянула на яблыні з рэдкімі пладамі і, як дзіця, засмяялася ад радасці. Там, у бальніцы, і гэтае пачуццё яе палохала. А тут, на цэнтральнай вуліцы, яна глядзела на маладыя ліпы, каштаны, і сэрца яе поўнілася здаровай, незнаёмай ці даўно забытай радасцю. Яна ўсміхалася, не падазраючы, што Яраш бачыць яе ўсмешку праз люстэрка.
Праўда, калі машына павярнула на вуліцу, на якой мала што змянілася з таго часу і якую яна ведала лепш, чым любую другую вуліцу, Зося замерла — куды ён вязе? Але прамінулі завулак, да болю блізкі, — і яна зноў супакоілася.