Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Шрифт:
— Ведаю добра, — сказаў Якуш, — што гэта былі ваўкалакі, бо, як расказваюць, шыі ў некаторых з іх былі белыя, чорныя і іншых колераў.
— А чаму?
— Таму што яны — людзі, перавернутыя ў звяроў. Якога колеру раней насілі хусткі на шыях, такая поўсць на шыях зрабілася.
— Дзіўныя кажаш рэчы!
— Але праўдзівыя. Нешчаслівы быў час, наракалі на гора сваё людзі, раздзірала сэрца выццё ваўкалакаў.
— Што ж потым здарылася з панам Скамарохам і іншымі прыхільнікамі Белае Сарокі?
— Белая Сарока, чуючы людскія праклёны і даведаўшыся
Тут Якуш скончыў сваю аповесць пра Белую Сароку, узяў шапку.
— Куды спяшаешся? — спытаўся дзядзька. — Ці табе пан казаў абавязкова сёння вярнуцца?
— Пан дазволіў мне зайсці ў карчму на ігрышча, пабачыцца са знаёмымі ды павесяліцца. А заўтра перад світаннем, перш чым устануць у маёнтку, абавязкова трэба быць дома. Ужо сонца нізка, хутка цямнець пачне.
— Кланяйся ад мяне пану і скажы, што Янка заўтра пасля святое імшы абавязкова ў яго будзе.
Апавяданне дзевятае. Пакутны дух
У час размовы Завальні з гасцямі сляпы Францішак сядзеў моўчкі, а калі Якуш апавядаў пра Белую Сароку, заглыбіўся ў нейкія журботныя думкі; але па твары можна было бачыць, што гэтае апавяданне моцна кранула ягоную душу. Дзядзька, каб перапыніць яго маўчанне, сказаў:
— Пан Францішак доўга ўжо маўчыць, і здаецца, яго нешта хвалюе.
— У дзяцінстве ўжо скончыліся мае вясёлыя забавы, калі дзень схаваўся ад мяне; сярод ночы, якая ніколі не канчаецца, увесь час чую скаргі няшчасных людзей: пакуты іншых балюча раняць сэрца таго, хто і сам тое зазнаў.
— Ат, Бог міласэрны, усяму некалі будзе канец. Янка, папрасі прынесці нам гарэлкі і закускі, ужо час падсілкавацца. Наш век кароткі, нап’ёмся водкі.
Калі выпілі і закусілі, дзядзька сказаў гасцям:
— Дзякуй Богу, праз некалькі хвілін прыйдзе Новы год; міласэрны Бог дазволіў нам сустрэць яго ў добрым здароўі. Пакуль певень праспявае поўнач і міне апошняя гадзіна года, пан Францішак раскажа нам што-небудзь, калісьці ім чутае на свеце, бо ў сваім жыцці ён шмат сустракаў людзей і памятае ўсе размовы з імі, а пасля чарга пана Сівохі.
— Мае апавяданні наўрад ці могуць усім падабацца, бо я памятаю толькі сумныя.
— Яны ў нашым краі ўсе сумныя, — сказаў Сівоха. — І мае гісторыі нікога не насмешаць. Няхай пан Францішак пачынае, а я тым часам, можа, што-небудзь прыпомню.
— Згодны, калі ўжо такая воля гаспадара і гасцей, — сказаў сляпы і пачаў апавяданне:
— Гадоў колькі таму ехаў я з Полацка ў Невель; выехаўшы з горада, хутка апынуўся сярод лясоў, над галавой шумелі дрэвы, конь мой ішоў паволі — быццам з нагружанай фурманкаю па пясчаных пагорках, — я сядзеў, марачы пра сёе-тое, а таварыш мой ішоў
— Праехалі дваццаць пяць вёрст. Ужо недалёка вёска і карчма Бабавікі, трэба каб конь там адпачыў крыху; яшчэ некалькі вёрст — і будзе рэчка і добрая паша; напасвіўшы добра каня, будзем ехаць усю ноч, бо дзённая спякота і нас мучыць, і каня мардуе.
Я ахвотна згадзіўся з яго парадаю.
Прыехалі ў вёску; мой таварыш завіхаўся каля воза; а я, седзячы ў карчме, слухаў размовы і розныя думкі тутэйшых сялян пра нейкага незнаёмага чалавека. Потым завязалася між імі спрэчка: адны даводзілі, што ён, гнаны лёсам, а таксама нявінна пакутуючы ад людзей, мусіць туляцца па свеце; іншыя ж называлі яго гультаём і шкадлівым чалавекам, з якім страшна сустрэцца. І гэтая іх спрэчка такая была гарачая, што даходзіла да бойкі.
— Ужо каторы тыдзень, — сказаў адзін з іх, — як ён з’яўляецца ў розных мясцінах нашае ваколіцы. Нібыта ёсць такія, хто ведае яго, ён бывае ў іх і, забавіўшыся там нейкі час, зноў выходзіць, каб блукаць па гарах і лясах. Ён спакойны і лагодны; кажуць нават, што бачылі некаторыя, як, спаткаўшы ўбогіх, даваў ім кавалак хлеба або дзяліў між імі апошнія грошы.
— Пэўна, ён звар’яцеў, калі апошні кавалак хлеба або апошнія грошы аддае іншым, не думаючы пра заўтра; разумны чалавек найперш павінен забяспечыць сябе; век пражыць — не поле перайсці, дык няхай кожны думае пра сябе. Якое гэта жыццё, калі свае нары не маеш, каб схавацца ад дажджу і буры, — такі чалавек не заробіць у мяне і слова добрага.
Трэці загаварыў да мяне:
— Едзеш, як бачу, у Невель; будзь асцярожны, каб не сустрэцца з якім няшчасцем: у нашых лясах рознае бывае, і пра таго незнаёмага Бог ведае што думаць.
— Я не баюся, — кажу, — скарбаў не вязу.
— Калі так, то шчаслівае дарогі!
І ўся грамада, спрачаючыся, выйшла з карчмы.
Хутка прыйшоў мой таварыш.
— Каня запрог, — кажа, — паедзем далей, лепей там, ля рэчкі, дзе шмат травы і вады, адпачнём болей.
Сказаўшы гэта, ён дапамог мне дайсці да воза.
Мы былі ўжо на прызначаным месцы; фурманка наша стаяла на беразе рэчкі, таварыш мой павёў каня туды, дзе бачыў болей травы, я сядзеў пад дрэвам; дзень набліжаўся да вечара, нада мною тужліва скардзілася зязюля, і непадалёку ў кустоўі салоўка не спыняў сваіх пяшчотных і прыгожых песень; я, самотны, акунуўся ў прыемныя ўспаміны.
— Цудоўны вечар, — сказаў нехта побач, перапыняючы мае думкі.
— Цудоўны вечар, — адказваю, — ціха ўсюды, і як чароўна вакол спяваюць салоўкі.
— Але, бачу, ты маеш, толькі палову прыемнага, бо чуеш птушыныя спевы, а блакіту неба, вясновае аздобы гор і лясоў не бачыш.
— Даўно туляюся па свеце, не бачачы яго.
— Прыкра не бачыць свет, але прыкра таксама мець добрыя вочы і бачыць далёка.
— Чалавек не можа бачыць і чуць далей, як яму прырода дазволіла.
— А ці верыш, што ёсць цуды на свеце? Я не толькі бачу і чую вельмі далёка, але і перакідваюся ў розныя абліччы.