Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

Потым мы доўга яшчэ размаўлялі з панам Рыльцам пра Ўкраіну, пра Гайнара і ягоны сад і пра мае вандроўкі па Падоллі. Ён прыгадваў даўнія знаёмствы ў тых краях, апавядаў пра розныя здарэнні ў сваім жыцці, якім чынам трапіў у Адэсу і якая выпала яму тут доля; так размаўлялі мы да позняга вечара.

На другі дзень у прызначаны час я прыйшоў да пана Рыльца; ён працаваў з каляровым пяском і рознымі акамянеласцямі, якія тоўк, перабіраў, аддзяляў ад іх нейкія часткі ды раскладаў на стале. Ён папрасіў мяне дапамагчы. Я прасяваў пясок, прамываў дробныя часткі вапны ды перасыпаў іх у шкляныя слоікі; так доўжылася наша праца аж да самага захаду сонца. Калі ўжо звечарэла, мы селі каля вакна, нібы адпачыць; асенні вецер шумеў у густой акацыі, хвалявалася мора, а пан Рылец, пазіраючы на чорныя валы, што разбіваліся

аб бераг, так пачаў гаварыць:

— Гэтыя салёныя хвалі, разбушаваўшыся колісь, выйшлі з высокіх берагоў, залілі ўсю прастору зямнога шара і пакінулі вадзяных істотаў на вечны ўспамін у тоўшчы зямлі, у вапнавых скалах і на высокіх гарах. Даследчыкі, сустракаючы гэтыя дзівы, бачаць сляды мінулага жыцця і паглыбляюцца ў таямнічую мінуўшчыну; і кожны з іх паводле свайго разумення стараецца прачытаць ды вытлумачыць гэтыя іерогліфы; час мераюць яны тысячагоддзямі; сягаюць у самую сівую даўніну, каб розумам ахапіць усе варункі існавання гэтага свету. Але дарэмныя іхнія намаганні: глыбіні зямлі, горы ды скалы — гэта трупы мінулых стагоддзяў, халодныя і нямыя, яны не раскажуць ім ні пра пачатак, ні пра поступ стагоддзяў, ні пра перамены ў жыцці, ні пра канец свой; каб убачыць даўно мінулы свет, трэба ўваскрэсіць, ажывіць, даследаваць яго таямніцы, знайсці пачатак і канец усяго. У кожную эпоху прырода — непрачытаная кніга; шчаслівы, хто добра разгледзеў свет, у якім жыве, і ўваскрэсіў частку мінуўшчыны; каб расказаць пра ўсе цуды — мала слоў у чалавечай мове.

З паўгадзіны размаўлялі мы пра розных істотаў, што жывуць на сушы, у моры і ў паветры, пра тое, як змянялася іхняя форма, чаму зніклі асобныя віды, рэшткі якіх можна знайсці толькі ў тоўшчы зямлі, у бурштыне і ў вапнавых скалах. Пасля пан Рылец падняўся з крэсла, запаліў дзве свечкі, выняў з шафы шкляныя слоікі рознае формы і памераў, парашкі паклаў на стол (адны з іх былі з нейкім металічным бляскам, іншыя — з крышталёвым, яшчэ былі шэрыя, чорныя, чырвоныя) і сказаў мне:

— Цяпер будзем даследаваць таямніцу ды моц каляровых вадкасцяў, што ты прывёз мне ад пана Гайнара: убачыш іх моц, убачыш цуд ўваскрашэння істотаў, якія тысячы гадоў ляжалі некранутыя ў сваіх скалістых магілах; убачыш і такіх, што чалавечае вока не заўважае, а мікраскопы ледзь толькі прыкмячаюць іхні рух ды форму.

Сказаўшы гэта, ён выйшаў за дзверы і хутка вярнуўся з хлопцам, якому было, можа, крышку болей за пятнаццаць гадоў: бледнатвары, нос сплюснуты, тоўстыя губы, густыя, як шчацінне, натапыраныя валасы.

— Гэта мой лёкай, глухі і нямы, — сказаў гаспадар. — Увогуле, мне такі і патрэбны: не чуе маіх размоваў і не раскажа тым, каму гэта не трэба ведаць; я рады, што знайшоў сабе такога памочніка.

Ён загадаў хлопцу напоўніць вадою падрыхтаваны посуд, а пасля пачаў даследаванні. Спачатку паставіў на стол міску, у якой была салёная марская вада і дзве запаленыя свечкі; я падступіўся бліжэй, каб лепей бачыць, што будзе тут рабіцца. Вучоны сыпнуў у міску жменю патоўчанае вапнавае скалы, якая складалася з акамянелых ракавінаў ды іншых марскіх істотаў; нейкі час ён моўчкі ўзіраўся ў ваду, змешаную з вапнаю, потым уліў туды некалькі кропляў сапфіравае вадкасці — і ў місцы нечакана заварушылася, забурліла; праз колькі хвілінаў ён дадаў туды кроплю чырвонае вадкасці і сказаў:

— Глядзі цяпер.

Я ўбачыў жывых вустрыцаў і ўсялякіх слімакоў: яны раскрывалі і закрывалі свае шкарлупкі; нейкія вадзяныя павукі, рыбкі, маленькія ракі і жукі розных колераў снавалі сюды-туды.

— І ў моры цяпер шмат што змянілася, — патлумачыў ён, — рыба, вустрыцы, слімакі ды іншыя стварэнні сталі ўжо не такія, як раней.

Пасля даў знак хлопцу, каб замест міскі паставіў медніцу, у якой было крыху вады, і ўліў туды нейкія шэрыя ды зялёныя вадкасці, дадаў нейкага тлушчу ды нейкага густога, накшталт смалы, алею, усыпаў дзве жмені зямлі і дзве жмені тоўчанае вапнавае скалы, перамяшаў усё і ў гэтую мікстуру капнуў некалькі кропляў сапфіравае вады. Бурліла ў медным посудзе, уздымаліся ды лопаліся ў паветры пухіры; газ, прыкры, аж не стрываць, напоўніў паветра; ён дадаў туды яшчэ некалькі кропляў чырвонае вады — выбухнуў агонь, пачуўся шум і сыканне.

А калі затухла полымя, я ўбачыў поўную медніцу жахлівых гадаў; іхнія вочы свяціліся

крывавым бляскам. Гледзячы на гэтых жудасных пачвараў, пан Рылец сказаў:

— Гэта страшыдлы мінулага, у іх абудзілася жыццё, з’явілася і атрута смяртэльная; бяда, калі дакранешся да іх рукою: ад асобных з іх застаюцца невылечныя раны, іншыя забіваюць насмерць. Зло і дабро існавалі ад пачатку свету, аднак ёсць перамены як у фізічным, так і ў маральным свеце, а ўваскрашаць гэтых монстраў мінуўшчыны трэба дзеля таго, каб, параўноўваючы з цяперашнім пакаленнем, лепей пазнаць свет новы і стары.

Сказаўшы гэта, ён паклаў на стол аркуш белае паперы, рассыпаў на ім зроблены з розных фарбаў парашок (такі дробны, як найдалікатнейшы пылок), папырскаў сапфіраваю і чырвонаю вадою — і на папяровым аркушы, як на воблаку, з’явіліся прыгожыя вясёлкі. І раптам адтуль узляцелі цудоўныя рознакаляровыя матылі: яны снавалі ў паветры, пасля абляпілі сцены ды вокны і сядзелі, як найпрыгажэйшыя кветкі. Пан Рылец сказаў:

— Гэта прыгажосць і аздоба маладога свету; матылі чаруюць, захапляюць вока; перлы, рубіны і дыяменты зіхацяць на крылах; некалі ў іх не было такіх прыгожых колераў. Свет фізічны змяніўся, і ў маральным свеце цяпер іншыя жаданні, іншыя мары.

Амаль да поўначы з дапамогай тых каляровых вадкасцяў ажыўляў пан Рылец усё новыя і новыя істоты: сярод іх я бачыў станогіх, ставокіх, стогаловых, жудасных, дзівосных; апісаць іхнія страшныя рухі ды дзіўныя постаці — рэч немагчымая.

— Я ўваскрэсіў, ажывіў прыроду дапатопных стагоддзяў, — працягваў далей вучоны, — ты бачыў марскія істоты, бачыў ядавітых гадаў, бачыў прыгожых матылёў. Глядзі цяпер, у што зноў усё гэта ператварылася: замест ракавінаў, жамяры і страшных гадаў зямля ды кавалкі вапнавае скалы; дзе ж тыя залатыя, зіхоткія ад дарагіх камянёў матылі? Толькі пылок застаўся ад іх: тое, што перажыло свой век, жыць не можа; непераадольны час уладарыць над гэтым светам. Адна, адна толькі Саламандра бяссмяротная, яна — чысты агонь, і святло гэтага агню вечна свяціць будзе. Але той, хто даследуе прыроду, павінен уваскрашаць яе хоць на кароткі час — гэтая навука ў самотным маім жыцці найпрыемнейшая для мяне забава. Такім чынам я хаваюся ад натоўпу, бо ў грамадзе тутэйшых жыхароў размовы толькі пра гандлёвыя выгоды і набыццё скарбаў, а паненкі і кабеты гэтага краю нагадваюць флейты і кларнеты, — добрыя, калі граюць ды спяваюць, але пагаманіць з імі няма пра што. Аднак у мяне тут ёсць сябры, з якімі я часам дзялюся думкамі; у наступную нядзелю запрашу іх на вечар, прыходзь і ты да мяне, прыемна правядзём час сярод добрых людзей.

Мы так размаўлялі аж да поўначы; і я, позна вярнуўшыся дахаты, доўга не мог заснуць: перад вачыма стаялі гады, жывая жамяра ды матылі.

На другі дзень я падняўся рана, паставіў на стол дзве бутэлечкі гайнараўскіх водаў, пачаў глядзець на іх жывыя, пекныя колеры, разважаючы пра іхнію моц, якую не так даўно бачыў у дзеянні; з прыемнасцю марыў пра таямніцы, пра цуды, якія можна паведаміць свету з дапамогаю гэтага скарбу. Салодкія мары авалодвалі мною і падчас праходкі па горадзе, па беразе мора. Але ах! Не прадбачыў я таго, што чалавечая мудрасць, якая раскрывае таямніцы свету, можа скончыцца вялікаю бядою, вялікімі пакутамі.

Сказаўшы гэта, Саматніцкі некалькі хвілінаў сядзеў як скамянелы, пасля раптоўна крануўся з месца і зноў пачаў гаварыць:

— Я бачыў Адэлю; яна заўсёды аднолькавая — шчаслівыя кабеты! Яны не сочаць за рухам планетаў на небе, не даследуюць таямніцаў прыроды; іх прывабліваюць прыгожыя строі, вясёлая забава, новае сяброўства…

Прыйшла нядзеля, настаў прызначаны вечар; я паспяшаўся да пана Рыльца. Ішоў туды пешкі; было сем гадзін: на цёмных вуліцах сям-там цьмяна свяцілі ліхтары; неба было пагоднае, толькі халодны вецер дзьмуў з мора; падыходзячы да ягонае хаціны, пачуў я страшны шум марскіх хваляў, а ў вокнах заўважыў святло запаленых свечак. Увайшоў у хату, сустрэў мяне нямы лёкай, адчыніў дзверы — і тут дзіўнае відовішча адкрылася перад вачыма: пяцёра гасцей высокага росту, сталых, шосты — пан Рылец стаялі ля стала, трымаючы ў руках поўныя келіхі нейкага пітва, з якога бухаў агонь, пры гэтым усе разам крычалі: «Няхай славіцца Саламандра!» Яны перакулілі келіхі, а мне здалося, што выпілі чыстае полымя; убачыўшы мяне, гаспадар сказаў:

Поделиться:
Популярные книги

Последний Паладин. Том 2

Саваровский Роман
2. Путь Паладина
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Последний Паладин. Том 2

Зубных дел мастер

Дроздов Анатолий Федорович
1. Зубных дел мастер
Фантастика:
научная фантастика
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Зубных дел мастер

Истребитель. Ас из будущего

Корчевский Юрий Григорьевич
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
альтернативная история
5.25
рейтинг книги
Истребитель. Ас из будущего

Честное пионерское! Часть 3

Федин Андрей Анатольевич
3. Честное пионерское!
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Честное пионерское! Часть 3

Обгоняя время

Иванов Дмитрий
13. Девяностые
Фантастика:
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Обгоняя время

Страж. Тетралогия

Пехов Алексей Юрьевич
Страж
Фантастика:
фэнтези
9.11
рейтинг книги
Страж. Тетралогия

Магия чистых душ

Шах Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.40
рейтинг книги
Магия чистых душ

Имя нам Легион. Том 4

Дорничев Дмитрий
4. Меж двух миров
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Имя нам Легион. Том 4

Девятый

Каменистый Артем
1. Девятый
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
9.15
рейтинг книги
Девятый

Морской волк. 1-я Трилогия

Савин Владислав
1. Морской волк
Фантастика:
альтернативная история
8.71
рейтинг книги
Морской волк. 1-я Трилогия

Отмороженный 8.0

Гарцевич Евгений Александрович
8. Отмороженный
Фантастика:
постапокалипсис
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Отмороженный 8.0

Совершенный: охота

Vector
3. Совершенный
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Совершенный: охота

Калибр Личности 1

Голд Джон
1. Калибр Личности
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Калибр Личности 1

Личник

Валериев Игорь
3. Ермак
Фантастика:
альтернативная история
6.33
рейтинг книги
Личник