Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Шрифт:
— Сапраўды, шчаслівы той, хто жыве ў вёсцы з працы рук сваіх. Анэля, вазьмі гітару і заспявай песеньку, якую я склаў, прыгадаўшы, як у школьныя гады пісалі мы вершы.
Анэля настроіла гітару і заспявала, як вясновая птушка, мілагучным і прыемным голасам:
Славяцца дрэвы красою Ў пушчы у нашай і ў гаі. Там салавейка вясною Цэлую ночку спявае. Ў лузе на пашы багатай Статкі жывёлы пасуцца. ГрэчкіПасля гэтае песенькі шмат яшчэ пан Зямельскі расказваў пра сваю гаспадарку, аб продажы сена, жыта, аўса і іншых дарункаў зямлі. Гаспадыня хваліла пароду жывёлы, а менавіта авечак, якія мелі доўгую і мяккую воўну. Апавядала аб прыбытках ад продажу малака і свойскіх птушак. Панна Анэля дастала з куфра белы і тонкі, як паркаль, кужаль; гаварыла, што бацька, на яе шчасце, штогод засявае адну ніву льном, з якога пад яе наглядам ткуць палатно, і яна штогод прадае частку яго ў горадзе і за гэтыя грошы купляе сабе на ўборы ў краме паркаль і ядваб.
Некалькі дзён бавіў я ў прыемных размовах у доме пана Зямельскага, увесь час адчуваючы ветлівасць і шчырасць сэрцаў усёй ягонае сям’і. Я быў невыказна шчаслівы. Час той прамінуў як найпрыемнейшы сон.
Узышло сонца, пагодны ранак, час у падарожжа. Пасля снедання я развітаўся з усімі са слязьмі на вачах, а памяць пра іх назаўсёды засталася ў маёй душы [185] .
ДУША НЕ Ў СВАІМ ЦЕЛЕ [186]
185
Напрыканцы аповесці пазначана: «Працяг у наступным нумары».
186
Упершыню надрукавана на польскай мове ў кнізе: Proza і wіerszy. Kіjow, 1849. Cz. 1.
Разлеглы абшар Валыні [187] ў большай частцы пакрыты лясамі, на захадзе ж вачам адкрываюцца стэпы і зусім іншыя краявіды. Праз ваколіцы і мястэчка Цуднаў [188] плыве Цецераў; на заходніх і ўсходніх берагах гэтае рэчкі ўздымаюцца высокія дзікія скалы, нібыта руіны даўніх часоў, і здаецца, што іх накшталт сценаў узнесла сама прырода, каб адмежаваць Палессе ад тлустае і ўрадлівае зямлі. Ад Цуднава аж да межаў Падолля [189] — паўсюль улетку можна бачыць нівы, засеяныя буйною пшаніцаю; тут зямля без вялікіх намаганняў аратага дае багаты плён. Хоць жыхары гэтых ваколіцаў забяспечаны ўсім, што толькі трэба дзеля іхніх выгодаў, аднак і сярод іх слёзы, трывога, пакуты сустракаюцца як і ўсюды; няма праўдзівага шчасця, няма раю на гэтай зямлі.
187
Валынь — гістарычная частка Вялікага княства Літоўскага. Сваю назву атрымала ад г. Валынь, якога сёння няма. Уключае ў сябе беларускае і ўкраінскае Палессе.
188
Цуднаў — сёння гэта ўкраінскі горад Чуднаў.
189
Падолле — гістарычная частка Вялікага княства Літоўскага, гвалтоўна далучаная ў 1569 г. да Польшчы. Ахоплівае тэрыторыю сучаснае Ўкраіны па рэках Днестр і Паўднёвы Буг.
Халера, цяжкая азіяцкая хвароба, ахапіла ўсходнюю частку Еўропы і ў 1847 годзе, пераходзіла з месца на месца, імкнучыся на поўнач і на захад; і гэтай кары Божай паўсюль папярэднічала надзвычайная трывога. У пачатку чэрвеня 1848 года [190] , у самую спёку, з’явілася яна на Валыні і была ў асобных мясцінах жудаснаю; у мястэчку Цуднаве і ў ваколіцах пасля гэтае страшэннае бяды шмат засталося няшчасных удоў і сірот.
Увосень, калі небяспека тае страшнае эпідэміі знікла, у доме шляхціца Н. сабраліся суседзі, і сярод іх пан Зянон, які, вандруючы па гэтым краі, пазнаёміўся з ветлівым гаспадаром.
190
Паводле тагачаснае перыёдыкі эпідэмія халеры на Валыні лютавала таксама ў 1848 г. А г. зн., што Франц Савіч, які жыў у той час там (мястэчка Янушпаль) ды ратаваў людзей ад пошасці, памёр у 1848, а не ў 1845 г., як сцвярджаецца ў навуковай літаратуры.
— Шкада Саматніцкага, — прамовіў адзін з гасцей. — Добры быў чалавек! Як ён стараўся дапамагаць тым, хто пакутаваў ад гэтае хваробы, а сам памёр без догляду, бо жыў у адзіноце на хутары, дзе толькі дрэвы шумяць над дахам.
— Адкуль, Мацею, у цябе такія весткі? Саматніцкі і цяпер жыве на тым жа хутары, я нядаўна сам яго бачыў.
— Я ведаю, што хтосьці там жыве, але не ён, бо знаў яго добра. Быў гэта мужчына высокага росту, светлавалосы, досыць прыгожы, а гэты — зусім іншы, ростам значна меншы, худы, чарнявы і, здаецца, нават старэйшы.
— Гэта Саматніцкі. Праўда, ніжэйшы, іншы з твару, бо ён цалкам перамяніў цела, а як гэта сталася, ведаю толькі я.
— Дзіўныя рэчы ты апавядаеш, пане Мікола, — сказаў гаспадар. — Усім нам цікава ведаць, якім гэта чынам можа чалавек змяніць сваё аблічча.
— Рэч немагчымая, незразумелая, надзвычайная і нечуваная, але так было.
— Аднак растлумач жа нам гэтую загадку! — закрычалі ўсе госці. — Бо ніхто з нас адгадаць яе не можа.
— І я таямніцу не зразумеў ва ўсіх дэталях, але пра тое толькі раскажу, што бачылі, і пра тое, што ён сам нядаўна расказваў.
У часе тае лютае халеры, ведаеце самі, Саматніцкі быў смялейшы за саміх лекараў, рызыкаваў, на любы кліч ляцеў, абы толькі даць ратунак людзям: хворых націраў нейкімі таямнічымі лекамі і штосьці даваў выпіць, ды такія гэта мела добрыя вынікі, што аніводзін не памёр з тых, каго ён наведаў.
Цуднаўскі мешчанін, адзін з маіх знаёмых, расказаў мне пра такое дзіўнае здарэнне. Ягоная жонка раптоўна адчула моцны боль у сярэдзіне, і зараз жа з’явіліся ўсе прыкметы тае страшнае хваробы; дык ён паспяшаўся да нашага цудоўнага лекара прасіць дапамогі. Калі ён прыбег на хутар, то аслупянеў, уражаны незразумелым відовішчам: на панадворку перад самаю брамаю ўбачыў Саматніцкага; той выглядаў нябожчыкам: рукі і ногі былі не падуладныя яму, вочы адкрытыя, твар бледны; мёртвае цела, адарваўшыся ад зямлі, рухалася, і здавалася, што нейкая нябачная сіла кідала гэты труп ва ўсе бакі. Мешчанін хацеў ужо ўцякаць адтуль, але пачуў голас: «Пачакай хвіліну, спачатку трэба, каб ты маё цела намазаў лекамі і выратаваў ад пошасці, тады буду гатовы ісці з табою». Праз колькі хвілінаў цела стала на ногі, здаровы Саматніцкі аправіў на сабе вопратку і сказаў: «Ну, цяпер пойдзем, ведаю, чаго ты прыйшоў: жонка твая ачуняе». І сапраўды, таемнымі сваімі лекамі ён выратаваў яе за пару гадзін.
А вось якім чынам гэты дзіўны лекар, што засцерагаў сябе і ратаваў іншых, трапіў у вялікае няшчасце. Пэўнага дня, калі ён, маючы намер ісці да хворых, намазваў сваё цела, каб засцерагчыся ад пошасці, адна асоба, якую ён моцна кахаў, недзе ў далёкім краі цяжка захварэла на халеру. Саматніцкі гэта ўбачыў, бо кажуць, што душа, калі яе не абцяжарвае цела, далёка бачыць і чуе. Быў ён вельмі ўзрушаны, і нават забыўся, што з целам ягоным можа здарыцца няшчасце, калі не схаваць яго ў зацішным кутку. Пакінуўшы цела ля брамы хутара, паляцеў, каб як хутчэй паспець з таемнымі лекамі. Пасля выратавання мілае яму асобы і вяртання дахаты, ён ужо не ўбачыў свайго цела, якое людзі знайшлі ды пахавалі, лічачы, што ён памёр ад пошасці. Няшчасны Саматніцкі без цела быў нябачны, нікому не мог і слова сказаць, бо, чуючы ягоны голас, усе жагналіся ад страху, мяркуючы, што здань з імі размаўляе. Не маючы мажлівасці даведацца пра сваё цела, ён блукаў доўгі час незаўважаным, нарэшце знайшоў на дарозе нейкі труп, з якога толькі што душа вылецела, прымусіў сваімі таемнымі лекамі цыркуляваць кроў, улез у чужое цела, вярнуўся на свой хутар і цяпер жыве там самотна: ніхто яго не пазнае, усе лічаць яго нябожчыкам.
— Лепш бы зрабіў, — прамовіў гаспадар, — калі б ужо адышоў назаўсёды на той свет, чым блукаць па зямлі ў чужым целе.
— Хоча ці не хоча, — сказаў Мікола, — аднак мусіць пакутаваць на зямлі і чакаць, пакуль праб’е гадзіна, прызначаная Богам.
Калі яны так размаўлялі, адчыніліся раптам дзверы, і ўвайшоў незнаёмы: твар цёмны, пануры, зусім бяскроўны, аніякага пачуцця на ім, нос тонкі, пакрыты сухою скураю, вусны без колеру, вочы без выразу, і, здаецца, імгла нейкая іх ахутала. З плячэй незнаёмца спадаў сурдут, ахінаючы яго схудалае цела.