Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Шрифт:
Зусім верагодна, што напрыканцы 30-х — пачатку 40-х гг. Я. Баршчэўскі сустракаўся ў Пецярбургу з Тарасам Шаўчэнкам.
Увосень 1839 г. пецярбургскія студэнты, што паходзілі з Беларусі, Літвы і Польшчы, дамовіліся аб стварэнні друкаванага выдання. Назвалі яго «Niezabudka», як напамін пра родны край, ды звярнуліся да Я. Баршчэўскага з просьбаю прыняць на сябе абавязкі выдаўца альманаха. І паэт, апрача свае штодзённае выкладчыцкае працы, клапатліва пачаў збіраць падпіску. Ён меў шмат знаёмых у Пецярбургу, нават сярод арыстакратаў, але надзвычай прыдаліся сувязі ў Беларусі. Сярод падпісчыкаў на зборнік бачым імёны Адама Міцкевіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Рамуальда Падбярэскага, кампазітара Антона Абрамовіча.
У альманах Я. Баршчэўскі змяшчае шэраг сваіх вершаў, элегій, санетаў, а таксама баладаў паводле беларускіх народных легендаў ды паданняў —
Так нарадзілася ідэя зборніку «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», які справядліва называюць галоўнаю справаю Я. Баршчэўскага. Кампазіцыйна «Шляхціц Завальня» складаецца з трыццаці васьмі частак: апавяданняў-прытчаў, устаўных навелаў, лірычных адступленняў ды ўспамінаў. Усё звязвае паміж сабою прысутнасць слухача ды каментатара шляхціца Завальні — прыём вядомы са старажытнасці.
Пэўнае значэнне ў кампазіцыйнай структуры твора адыгрывае і вобраз пляменніка Завальні — Янкі. А вось даручыўшы ролі асноўных апавядальнікаў розным асобам — сялянам, падарожным, шляхціцам і нават цыгану, — пісьменнік мае мажлівасць пазнаёміць чытача з насельнікамі Беларусі, што належаць да розных сацыяльных пластоў, з іх уяўленнямі, настроямі, і ў той жа час сукупнасць апавяданняў дазваляе выводзіць асноўную ідэю твора — любоў да роднага краю, пашана да спрадвечных звычаяў ды традыцый уласціва прадстаўнікам усіх пластоў грамадства.
У «Шляхціцы Завальні» пісьменнік закранае шэраг пытанняў, звязаных з беларускаю нацыянальнаю думкаю. Пра гэта сведчыць спроба геаграфічнага апісання краю, ягонае гісторыі і нават эканамічнага стану. Але з большаю паўнатою Я. Баршчэўскі падае своеасаблівасці нацыянальнага характару беларуса, ягоны светапогляд, раскрывае ўнутраную прыгажосць ягонае душы. Пры дапамозе сістэмы вобразаў-сімвалаў выказваецца асноўная думка кнігі: Беларусь — гэта край, які мае сваю гісторыю; гэта край, мінулае якога было куды больш шчаслівае, чым сённяшні дзень; гэта край, насельніцтва якога — асобны народ — можа і павінен жыць без дыктату з боку суседзяў. Жыць паводле законаў ды традыцый сваіх продкаў, а не па звычаях ды парадках іншых народаў. Беларусам трэба адно толькі ўспомніць сваё слаўнае мінулае, тых, хто загінуў за волю ды незалежнасць Бацькаўшчыны. Гонар за продкаў здольны ўмацаваць сэрцы мужнасцю, здольны надаць адвагі ісці сваім, а не паказаным суседзямі шляхам.
Найбольш яскрава ідэю кнігі Я. Баршчэўскага выяўляе сімвалічны вобраз Плачкі. Толькі згадаўшы пра Яе ў першым томіку (чатыры першыя апавяданні), Я. Баршчэўскі робіць Плачку цэнтральным вобразам ва ўсіх астатніх. Цяпер Яна так ці інакш будзе з’яўляцца ў кожным апавяданні, а адно з іх — шостае — цалкам прысвечана гэтай гераіні. Плачку бачаць толькі ў Беларусі, на месцах вялікіх бітваў, на могілках, дзе пахаваны славутыя героі краю. Яна плача па сваіх дзецях, якім не можа «даверыць таямніцу свайго сэрца». Просты люд з прычыны прыгнечанасці не можа зразумець Плачку. А паны і шляхта пагарджаюць сіратою ў сялянскім строі. Край свой яны самі аддаюць пад уладу шыкоўнай Белай Сарокі ды вартуюць яе багацці ў мядзвежым вобліку, звязваюцца з чарнакніжнікамі, наводзяць асташоў, якія нішчаць прыроду ды псуюць норавы людзей.
Амаль усе апавяданні маюць алегарычную накіраванасць. Я. Баршчэўскі звярнуўся да жанру прытчы, бо ў тагачаснай грамадскай атмасферы толькі з дапамогаю алегорый, іншасказанняў можна было ўплываць на чытача (больш дакладна — толькі літаратурны твор прытчавага характару мог трапіць да чытача).
Я. Баршчэўскі пісаў, што «не пераймае формаў, якія любілі пісьменнікі англійскія, нямецкія або французскія», бо сапраўды не мог ісці іх шляхам: тыя тэмы і праблемы, якія стаялі перад еўрапейскімі літаратурамі, не былі актуальнымі для Беларусі. Зусім верагодна, што ён мог напісаць мастацкі твор (ці шэраг твораў), дзе б расказаў бы пра жыццё беларускага грамадства. Перадусім, ён добра ведаў гэтае жыццё: як у асяроддзі пецярбургскіх беларусаў, так і на Бацькаўшчыне. Але проста расказаць пра тое, што ён ведаў, Я. Баршчэўскаму было мала. Стварэнне літаратурных тэкстаў накшталт заходнееўрапейскага прыгожага пісьменства было неактуальным для Беларусі, для краю, які не меў дзяржаўнасці, над
Паэтыка прытчы Я. Баршчэўскага падпарадкоўваецца законам сярэднявечнае хрысціянскае прытчы; звычайна адсутнічае апісальнасць мастацкае прозы заходнееўрапейскага тыпу: прырода і рэчы выкарыстоўваюцца надзвычай рэдка, дзеянне характарызуецца амаль поўнаю адсутнасцю дэкарацый.
У пераважнай большасці выпадкаў героі прытчаў Я. Баршчэўскага не маюць «характару». Паводле законаў прытчы героі звычайна не маюць і партрэтнае характарыстыкі. Але Баршчэўскі напачатку малюе партрэт героя, якога пазней чытач можа пазнаць па двух-трох штрышках. Напрыклад: «З’явіўся ў нашым маёнтку — невядома адкуль — нейкі дзіўны чалавек. І цяпер яшчэ памятаю аблічча, твар ды адзенне яго: нізкі, худы, заўсёды бледны, вялізны нос, як дзюба драпежнае птушкі, густыя бровы, пагляд яго — як у чалавека ў роспачы ці вар’ята, апранахі яго — чорныя і нейкія дзіўныя, зусім не такія, як у нас носіць пан ці ксёндз; ніхто не ведаў, ці быў ён свецкі, ці манах які, з панам размаўляў не нейкай незразумелай мове. Пасля адкрылася, што быў гэта чарнакніжнік…». Калі аўтару ў іншай прытчы патрэбны зноў гэты герой, дык ужо можна даць і карацейшую ягоную партрэтную характарыстыку: «Чалавек на танюсенькіх нагах, худы, вочы круглыя, дробным і вострым тварам падобны да птушкі». Або: «Нейкі згорблены старац у чорнай вопратцы; твар бледны, ясныя вочы свяціліся з-пад густых броваў».
Прытчы Я. Баршчэўскага пабудаваны, на першы погляд, аднатыпна: з пэўнага краю (аднекуль звонку) з’яўляецца на Беларусь «госць». Ён непадобны на тутэйшых людзей (гл. ягонае апісанне вышэй); ён прыйшоў уплываць на насельніцтва гэтага краю, гуртаваць вакол сябе прыхільнікаў. Звычайна ён звяртаецца да асобаў з пэўнымі маральнымі заганамі (хоць і тут ёсць выключэнні). Аўтар называе яго чарнакніжнікам, чорным госцем, падкрэслівае гэтым самым яго мажлівасці негатыўна ўплываць на акружаючых. Праз нейкі час чарнакніжнік знікае (часцей за ўсё яго выганяюць ці ён, адчуўшы небяспеку, уцякае сам), але яго «падвопытныя» становяцца зусім іншымі: да сваіх ранейшых заганаў яны дадаюць і заганы (з гледзішча здаровай беларускай маралі) ад навукі «чорнага госця». Гэта прэамбула ўсіх апавяданняў-прытчаў у «Шляхціцы Завальні». У саміх жа прытчах пісьменнік даследуе далейшы лёс сваіх суайчыннікаў — прыхільнікаў чарнакніжніка; тых, каго чарнакніжнік спакусіў або яны былі змушаны пайсці да яго на службу. Лёс гэтых прыхільнікаў чарнакніжніка зазвычай трагічны: апынуўшыся па-за грамадствам, грамадою, яны або гінуць (як Карпа з апавядання «Пра чарнакніжніка і пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем» ці Васіль з апавядання «Зухаватыя ўчынкі»), або мусяць перабірацца ў «краіну чарнакніжніка» (як пан Скамароха з апавядання «Белая Сарока»), або ім наканавана пакутаваць за здраду, учыненую ці то добраахвотна (як Альберт з апавядання «Вогненныя духі»), ці то несвядома (як Марка з апавядання «Ваўкалак»). Трагізмам лёсаў сваіх герояў, Я. Баршчэўскі папярэджвае суайчыннікаў: не будзе шчасця тым, хто здрадзіў свайму краю; не прынясуць карысці трыццаць срэбранікаў таму, хто згаджаецца нават за дробязь служыць акупантам. Хлеб калабаранта горкі.
Стылістыка народнае фантастыкі — неабходны Я. Баршчэўскаму мастацкі прыём. Пісьменнік у тагачасных палітычных умовах быў вымушаны старанна шыфраваць ідэйна-мастацкую сутнасць сваіх твораў, але для чытача ён пакідаў у тэксце ключы дзеля дэшыфроўкі.
Надзвычай істотнаю падказкаю з’яўляецца вынясенне аўтарам у тытул твора наймення «Беларусь» — назвы, замацаванай некалі царскай адміністрацыяй за пэўнай тэрыторыяй Вялікага Княства Літоўскага. Падчас стварэння кнігі ў афіцыйных дакументах назву Беларусь выкарыстоўваць ужо забаранялася. Але менавіта Беларусь і беларусы для Я. Баршчэўскага — гэта адметныя, самадастатковыя з’явы ў Сусвеце, у цывілізацыі.
Відавочна, што аповяд пра Беларусь не мог адбыцца без адлюстравання ейнага мінулага. Адсутнасць гістарычных даследаванняў пра край не магла быць тут перашкодаю: з аднаго боку існавала — гістарычная памяць народа (асабліва пра падзеі апошніх дзесяцігоддзяў), а з другога — навуковыя працы пра гісторыю Рэчы Паспалітай (А. Нарушэвіча, Ё. Лялевеля), часткаю якое з’яўлялася Беларусь. «Апавяданні старых пра розныя здарэнні ў народных іх аповесцях, якія перайшлі ад чалавека да чалавека са старадаўніх часоў, былі для мяне гісторыяй гэтае зямлі, характару і пачуццяў беларусаў», — піша Баршчэўскі.