Сказ пра Робін Гуда
Шрифт:
Але шэрыф усё ж не пазбег кары. Маленькі Джон прыцэліўся, і тоўстая страла загула, засвісцела ў паветры
Раздзел дзесяты
Робін Гуд у гарбара
У горадзе Нотынгеме ўсе ведалі, хто самы спрытны баец на дубінах, тут не было дзвюх думак. Калі хто-небудзь чужы прыходзіў у горад і выклікаў нотынгемцаў на паядынак, тыя толькі хітра пасмейваліся і выстаўлялі супраць прышлага Артура-а-Бленда. Чалавек пакідаў Нотынгем з памятымі рэбрамі, Артур-а-Бленд жа вяртаўся да сваёй будзённай справы — вырабу валовых скур. I такая вялікая была ў яго слава, што толькі людзі з далёкіх мясцін паддаваліся ўгаворам паспаборнічаць з ім. Усе мясцовыя асілкі спазналі ўжо страшную сілу яго тоўстага кія і без бою аддавалі яму першае месца.
Артур-а-Бленд быў цудоўны гарбар, усёй душою адданы свайму рамяству. Але ён вельмі любіў зялёную раскошу лесу, і часта, калі скроб валовую скуру ці намочваў дубільную кару, думкі яго адляталі далёка ад бруднага чана і пераносілі ў прыемныя глыбіні лесу з іх азоранымі сонцам палянамі, дзе водзяцца плямістыя высакародныя алені, якія імкліва прабягаюць пад цяністымі шатамі магутных дубоў.
Аднойчы прыгожым летнім ранкам ён кінуў працу і вырашыў — хай будзе, што будзе, — правесці гэты цудоўны дзень у зялёным лесе, каб палюбавацца на дзікіх аленяў, насыціцца вольным жыццём пад адкрытым небам, па якім ён ужо даўно сумаваў. Ён узяў лук, стрэлы і вялікую дубіну, без якой ні на крок не адлучаўся з дому, і падаўся ў Шэрвудскі лес.
Дзень выдаўся спякотны. Артур-а-Бленд амаль тры гадзіны гуляў па лесе, усё глыбей і глыбей забіраючыся ў яго. Ён ужо крыху прытаміўся, таму прылёг адпачыць на імшысты грудок
Артур не адрываў ад аленяў вачэй. Вецер дзьмуў збоку статка, і алені не чулі чалавека. Вялікі важак-пяцігодак ішоў наперадзе статка, і пальцы Артура засвярбелі. Яму захацелася зняць шкуру з гэтага цудоўнага самца. Ён прыладзіў цеціву да лука, паклаў на яе стралу і пачаў крадком падбірацца бліжэй да аленя.
Але Артур-а-Бленд не ведаў, што рослы, моцнага складу чалавек, апрануты ва ўсё ярка-зялёнае, уважліва сочыць за кожным яго рухам. Гэта быў Робін Гуд.
Спачатку Робін Гуд прыняў яго за аднаго са сваіх людзей, але скураная куртка з капюшонам падказалі яму, што ён памыляецца.
— He разумею, хто гэта можа быць, — прамармытаў Робін Гуд. — He з маіх людзей і не ляснік. Чаго ён прыйшоў сюды, у гэты лес? Падумаць толькі, гэты нягоднік спакойна цэліцца ў аднаго з нашых самых прыгожых аленяў!
Сказаўшы «нашых» аленяў, Робін Гуд меў на ўвазе самога сябе і караля, бо быў у лесе сапраўдны гаспадар і лічыў, што мае на яго і на ўсё, што тут ёсць, такія ж правы, як і кароль. Таму ён адразу схапіўся за зброю, калі ўбачыў, што нехта цэліцца з лука ў важака статка. Ён рушыў да незнаёмага і на хаду закрычаў:
— Хто ты, дзёрзкі малойчык? Чаго ты бадзяешся тут? Ў Шэрвудскі лес, як злодзей, залез I хочаш забіць гэткі цуд.Артур-а-Бленд уважліва аглядаў чалавека, які падыходзіў да яго.
«Гэта не ляснік, — разважаў ён, — я іх усіх да аднаго ведаю. А раз ён не ляснік, дык і баяцца няма чаго», — а ўголас сказаў:
— А сам ты хто такі, што гэтак грозна крычыш?
— Я ахоўнік лесу, — адказаў Робін Гуд. — Сцерагу аленяў для караля і для сябе. Таму я не дазволю табе тут паляваць.
— А дзе астатнія? — спытаў Артур-а-Бленд.
— Якія астатнія? — не зразумеў Робін Гуд.
— А тыя, без каго ты не перашкодзіш мне рабіць, што захачу, — шырока ўсміхнуўся Артур-а-Бленд.
Запальчывага Робін Гуда ўзяў за жывое дзёрзкі намёк незнаёмца, быццам ён адзін не справіцца з ім.
— He, — сказаў Робін Гуд, — ніхто мне больш не патрэбны. He выпрабоўвай маю цярплівасць, прыяцель, a то раскалю твой чэрап за такую дзёрзкасць.
Але чалавек не спужаўся, толькі яшчэ шырэй усміхнуўся.
— Паслухай, шаноўны ахоўнік лесу, — сказаў ён, — ты маеш меч і лук, але навошта нам небяспечная гульня? Вунь ляжыць на траве, там, дзе ты стаяў, дубіна. Вазьмі яе, а я вазьму сваю, і паглядзім, хто каго.
— Яна мне паслужыць не горш за меч або лук. Я адаб’ю ў цябе ахвоту совацца ў гэты лес, — і Робін Гуд пайшоў па сваю дубіну.
Ён адшпіліў рэмень, паклаў на зямлю меч і побач з ім лук, узяў у руку свой цяжкі дубовы кій і стаў перад гарбаром.
Артур-а-Бленд падняў дубіну для замаху. Робін Гуд адразу зразумеў, што перад ім умелы праціўнік.
— Пачакай хвілінку, — сказаў ён. — Біцца будзем сумленна — у славу добрай старой Англіі! Мая палка, здаецца, даўжэйшая за тваю. Давай памераем, і я крыху пакарачу сваю, каб дужацца як роўным.