Сказ пра Робін Гуда
Шрифт:
Робін Гуд нейкі момант стаяў, пазіраючы на пераможанага ворага, потым адчуў у грудзях пякучы боль. Ён скінуў куртку і агледзеў рану. Яна хоць і смылела, але была неглыбокая, і ён як мог перавязаў рану і больш пра яе не думаў, бо яго трывожыў лёс таварышаў. Што з імі? Ці ўратаваліся?
«У лесе шэрыф з вялікім войскам, — разважаў ён. — Напэўна, маіх людзей загадзя папярэдзілі пра небяспеку, і, можа, толькі маленькія групкі, што гулялі па лесе, трапілі ў рукі нотынгемскага ката. Мне і самому трэба быць асцярожным».
Падумаўшы
Ён крочыў па схіле пагорка, як раптам пачуў невыразныя крыкі і воклічы. Гэта шэрыф са сваім войскам гнаўся за Уілам Скарлетам. Робін Гуд узбег на пагорак і выглянуў з-за кустоў. Вунь нехта ўцякае… Уіл Скарлет! А вунь да дрэва прывязаны нейкі высачэзны дзяціна. Ды гэта ж Маленькі Джон!
— Яны схапілі Маленькага Джона! — усклікнуў Робін Гуд. — Трэба яго ратаваць. He магу я страціць самага вернага і храбрага сябра.
Якраз у гэты момант Робін Гуд убачыў, што адзін з шэрыфавых людзей падняў сваё кап’ё, каб праткнуць ім Маленькага Джона. На самай справе той толькі забаўляўся, здзекаваўся з палоннага: хацеў прымусіць яго збялець ад страху. Але Робін Гуд падумаў, што кап’ёўшчык хоча нанесці смяротны ўдар, і, каб адцягнуць яго ўвагу ад ахвяры, паднёс да вуснаў ражок Гая Гізбарна і гучна затрубіў. Задума яму ўдалася. Галовы ўсіх — і тых, хто стаяў каля дрэва, і тых, хто гнаўся за Скарлетам, — павярнуліся да пагорка, на якім стаяў Робін Гуд.
Шэрыф пазнаў гук рыцарскага ражка і радасна пляснуў далонямі.
— Ражок сэра Гая Гізбарна! — закрычаў ён. — Гэтыя гукі падаюць нам радасную вестку. Сэр Гай даў зарок ніколі не трубіць у ражок, пакуль не заб’е Робін Гуда. А вось і сам ён ідзе да нас у сваёй конскай шкуры.
Шэрыф заспяшаўся насустрач дзіўна апранутаму чалавеку. Твар яго хаваўся пад конскай галавой, цела ахутвала вялікая шкура з густой грывай, якая развявалася на плячах, ззаду матляўся хвост.
— Якая радасць! Якая вялікая радасць, сэр Гай! — закрычаў шэрыф, калі яны сышліся. — Ну што, сустрэў Робін Гуда?
— А як жа, пан шэрыф, — пачуўся адказ з-пад конскай галавы. — Гай Гізбарн і Робін Гуд сустрэліся ў гэтым лесе. I калі вы пажадаеце прайсці дзве мілі на поўдзень адсюль, вы знойдзеце пад векавым дубам чалавека ў плашчы Робін Гуда.
— Добрая вестка! Цудоўная вестка! — закрычаў шэрыф, паціраючы рукі.— Значыць, сёння мы ачысцілі Шэрвудскі лес ад двух ліхадзеяў, ад маіх самых небяспечных ворагаў. Бо калі ты забіў атамана, дык я схапіў яго галоўнага памочніка. Зірні вунь туды, сэр Гай. Велікан, што прывязаны да дрэва, не
— Маленькі Джон! — здзівіўся чалавек у конскай шкуры. — Няўжо сапраўды Маленькі Джон?
— А хто ж яшчэ! Ён самы! — рагатнуў шэрыф. — О шчаслівы дзень! Цяпер мы разгонім усю банду! Важак і яго галоўны прыслужнік знішчаны, астатнія разбойнікі ўцякуць з гэтага лесу хто куды, клянуся! Ну, а цяпер, дарагі сэр Гай, ты ж, напэўна, хочаш атрымаць узнагароду?
— Вядома, пан шэрыф, — адказала конская галава. — Я патрабую ўзнагароду, і вось якую: важака я забіў, дазвольце забіць і яго прыслужніка.
— А тры сотні золатам, якія я абяцаў? — ледзь не задыхнуўся ад нечаканасці шэрыф.
— Грошай мне не трэба, — пачуўся адказ.
Шэрыф здзіўлена вылупіўся на конскую галаву, у вачах у яго мільганула хітрая ўсмешка. «Сэр Гай няйначай з розуму крануўся ці д’яблу душу аддаў. Я дазволю яму забіць разбойніка, а грошы пакладу сабе ў кішэню». Акрамя самога сябе шэрыф любіў яшчэ толькі адно — грошы, і таму паспешліва згадзіўся.
Чалавек у конскай шкуры падышоў і спыніўся непадалёку ад прывязанага да дрэва волата.
— Сапраўдны асілак! — прамовіў ён.
Маленькі Джон адразу пазнаў голас Робін Гуда і ледзь прыкметна здрыгануўся.
I тут конская галава крыху прыўзнялася, быццам сэр Гай Гізбарн хацеў лепш разгледзець славутага разбойніка. Маленькі Джон, вокам не маргнуўшы, уставіўся ў знаёмы твар — твар свайго сябра — і ціхенька сказаў:
— Нябёсы пажадалі вызваліць мяне з няволі.
— Важака я забіў вось гэтым мячом, а прыслужніка яго закалю нажом, — сказаў чалавек у конскай шкуры і дастаў з-пад яе доўгі нож з вострым лязом.
Усе — і шэрыф, і яго людзі — шчыльна абступілі ўяўнага сэра Гая, але той замахаў рукамі:
— Адыдзіцеся, адыдзіцеся, далей, далей! Чалавек гэты павінен памерці, і я адзін выслухаю яго апошнія словы і жаданні.
Сэр Гай падышоў да палоннага. Нож замільгаў у яго руках. Неўзабаве вяроўкі апалі, і Маленькі Джон апынуўся на волі. Робін Гуд імгненна перадаў яму лук і стрэлы сэра Гая, а сам з-пад конскай шкуры выхапіў свой лук. He паспелі шэрыф і яго людзі і пальцам варухнуць, як на іх пасыпаліся стрэлы разбойнікаў. Маленькі Джон крычаў грамавым голасам:
— Гуд! Гуд! Робін Гуд!
Конская галава адкінулася назад, і паказаўся твар, але не сэра Гая Гізбарна. Нехта з шэрыфавых людзей загарлаў:
— Сам Робін Гуд! Засада! Засада! Уцякайма, хлопцы, a то канцы нам будуць! — З перапуду ён падумаў, што на іх напала ўся разбойная шайка. Астатнія таксама гэтак падумалі, і ўвесь вялікі атрад лучнікаў і кап’ёўшчыкаў кінуўся ўцякаць ад двух дужых і спрытных стралкоў. А дзе ж іхні начальнік — шэрыф? Ён першы даў драла і шалёна гнаў каня наўскач як найдалей ад небяспекі.