Скокі смерці
Шрифт:
— Як зьняць наручнікі? – задыхаючыся, спытала я ў Юрася. Той, усё яшчэ ня могучы адарвацца вачыма ад вар’яцкага відовішча, прамармытаў.
— Ключы дзесьці павінны быць... Можа, вунь там, на століку...
Дасюль не разумею, як мне ўдавалася нешта кеміць, дзейнічаць... Усё рабілася, як у сьне, калі самыя неверагодныя, жахлівыя рэчы здаюцца натуральнымі. Пераадольваючы паветра, як дрыгву, я наблізілася да століка, на якім тыя, што гэтай ноччу ламалі волю непакорлівага майстра, расклалі свой немудрагелісты сьняданак. Кававарка, кубкі з недапітай кавай, талерка з вішнямі, лусьцікі з вяндлінай, бутэлькі з мінеральнай вадой, пачкі цыгарэтаў... Мне адразу ўспомніліся
Я адамкнула наручнікі. Юрась пахіснуўся і ўпаў. Але прыўзьняўся, страсянуў галавой.
— Вады...
Я бегма прынесла яму бутэльку мінералкі. Юрась прагна адпіў, рэшткі выліў сабе проста на галаву. Абцёр твар і з цяжкасьцю ўстаў на ногі. Дзякуй Богу, здаецца, можа ісьці... У куце я падабрала скамечаны Юрасёў швэдар. Курткі вісяць унізе...
— Давай хутчэй адсюль! – я пацягнула Юрася за руку ў бок дзьвярэй, стараючыся не глядзець на шалёны карагод.
Юрась быў памкнуўся за мною, але ў дзьвярах затрымаўся, абапёршыся аб сьцяну рукой, упрыгожанай, паўзьверх старых шнараў, цэлай калекцыяй новых.
— Не, я не магу так сысьці.
— Што ты тут забыўся? – зьнервавана спытала я.
— Разумееш, калі тое, што тычыцца гадзіньнікаў, праўда... А я думаю, што гэта праўда... То гэтыя людзі будуць бегчы, пакуль не памруць.
— І... што?
— Я не магу гэтага дапусьціць.
Я разгублена спынілася, гледзячы на выснажаны твар Дамагурскага, і з адчаем зразумела, што мае пярэчаньні ня будуць мець моцы. Але ўсё-ткі паспрабавала.
— Адкуль ты ведаеш, што яны памруць? Набегаюцца, паваляцца, адляжацца... Мне дык увогуле здаецца, што яны кожнае імгненьне могуць апрытомнець. Што тады з намі будзе? Урэшце, яны з табой такое выраблялі... Чаму ты павінен пра іх клапаціцца?
Але Юрась зацяўся.
— Я павінен гэта спыніць.
О, Божа...
— Як толькі ты гэта спыніш, танец сьмерці пачнецца для нас.
Дамагурскі ўпарта зьвёў бровы.
— Я не магу дапусьціць, каб яны памерлі.
— Паслухай... – Я пакутліва шукала выйсьця. – Ну давай хаця б пачакаем, пакуль яны... ня змогуць нас перасьледваць.
Рэстаўратар задумаўся.
— А... колькі часу павінна прайсьці?
Я пастаралася гаварыць упэўнена, нібыта ведаю.
— Ну марафонскі забег колькі доўжыцца? Гадзінаў пяць? Шэсьць? Праўда, гэтыя, у карагодзе, бягуць дужа хутка... Але, думаю, за гадзіну з імі нічога ня здарыцца. У такіх... анармальных станах арганізм набывае надзвычайныя ўласьцівасьці. Праз гадзіну можна паспрабаваць... Затое яны нейкі час будуць недзеяздольныя, і мы зможам зьехаць. Хаця нагадаю, што сярэднявечныя танцы сьмерці тым і вылучаліся, што шаленцаў ня мог спыніць ніхто, ніякая сіла. І... што ты будзеш рабіць з таямніцай? Ці ты дарэмна тут геройстваваў, і ўсё роўна гэтай навалачы ўсё аддасі?
Юрась яшчэ раз зірнуў на карагод, што круціўся ў акружэньні цёмных пачвараў, якія нібыта зьдзекліва назіралі за шаленцамі, рашуча сказаў:
— Пайшлі... Я ведаю, што рабіць.
Мы падняліся на “панскі паверх”. Юрась кіраваўся ў пакоі з Калыванаўскімі калекцыямі, толькі крыху пахістваўся, ідучы. Я ледзь пасьпявала за ім са старым швэдарам у руках. Праўда, апынуўшыся ля канапы, засланай белым мехам, Дамагурскі ўсё-ткі вырашыў дазволіць сабе выйсьці з ваярскага стаіцызму і паваліўся.
— Нічога... Я зараз ... – гэта Дамагурскі яшчэ спрабаваў пераканаць мяне й сябе, што ён у парадку. Ашалець...
Я пашнырыла па пакоі – тут Калыванаў, відаць, бавіў дольчэ фа ньентэ, гадзіны цудоўнага нічога-не-рабленьня, з дапамогай, акрым усяго іншага, шыкоўнай каробкі з нямецкім шакаладам і калекцыйных каньякоў. Ад каньяку Юрась адмовіўся. Бог яго ведае, што за гадасьць у вены паролі, ад адной – сьвядомасьць адключаецца, ад другой – цягліцы ірве, нібыта абцугамі, аж суставы выкручвае, невядома, як яно з алкаголем спалучыцца? Лепей выкарыстаць як антысептык...
Адкаркаваў чорную матавую бутэльку з залатымі літарамі, падняў і... выліў сабе на зраненую сьпіну.
Блазьнюк!
Хвіліны, выйграныя намі ў лёсу, цягнуліся цэлае жыцьцё. Дэкарацыі адметныя. Пусты дом, набіты шыкоўнымі рэчамі – здавалася, патрасі яго, загрукае, як куфэрак, набіты косткамі. У сутарэньнях круцілася шалёнае кола, і цікалі сярэднявечныя гадзіньнікі.
Юрась пацягнуў мяне за руку і змусіў прылегчы побач. Зусім блізка апынуліся яго сінія вочы, абведзеныя цёмнымі кругамі стомы.
— Адкуль ты даведалася сакрэт гадзіньнікаў, малая?
— Прысьніла... – абставіны, у якіх мы знаходзіліся, былі такімі фантастычнымі, што мой фантастычны адказ Юрася цалкам задаволіў.
— Чаму ты прыехала?
Я іранічна прыўзьняла бровы.
— Здагадайся з трох разоў.
Ён, відаць, здагадаўся з першага. Таму што зноў пацалаваў мяне. Прысмак сьмерці надае пацалункам асаблівую моц. Калісьці я любіла вадзіць сваіх кавалераў падчас першага спатканьня на старыя гарадскія могілкі. Выпрабаваньне вытрымлівалі ня ўсе. Дамагурскі, у прынцыпе, таксама... Заявіў мне, што цалавацца над чужою магілай – грэх, і зьвёў у суседні скверык... Які, па-сутнасьці, таксама быў калісьці часткай могілак.
Госпадзе, што мы нарабілі адзінаццаць гадоў таму... Нас чакала нашае каханьне, быццам шыкоўны сьвяточны торт. А мы, як несьвядомыя малечы, напярэдадні сьвята прабраліся ў гасьцёўню і адхапілі па неахайнаму кавалачку з крэмавымі кветкамі, безнадзейна сапсаваўшы ўрачыстасьць.
— Прабач мне, Анэта... – пакутліва прагаварыў Юрась. – Мушу прызнацца – гэта ж я з-за свайго эгаізму ўцягнуў цябе ў гэтую справу. Разумееш, убачыў цябе на кірмашы... Вось і закарцела неяк знайсьці падставу для наступных сустрэчаў. Хоць права ніякага ня меў у тваё жыцьцё вяртацца. Не магу сабе дараваць...
Я ўявіла, а што, калі б ён сапраўды не прыйшоў у маю хату... І ня зьведала б я страху і болю апошніх дзён, і было б у мяне ўсё ціха і спакойна... І мяне аж скаланула ад такога ўяўленьня. Я пагладзіла мужчыну па няголенай шчацэ са шнарамі і прамовіла словы, якія, была перакананая, не прамоўлю ніколі і нікому:
— А навошта мне жыць без цябе?
Бомм... Шкло ў шафах тонка задрыжэла. Гадзіньнікі працягвалі старанна лічыць час, і ў іх галасах мне чулася злавесная радасьць.
Юрась з цяжкасьцю ўстаў, нацягнуў швэдар і рушыў да сьцяны, упрыгожанай барвовым пухнатым кілімам, на якім была разьвешаная старажытная зброя – нібыта пакінутая пасьля бойкі на залітым крывёй лузе. Павагаўшыся, Дамагурскі зьняў з мацаваньняў алебарду, такую самую, як у картачнага крыжовага валета. Начышчанае лязо блішчэла, як новенькае. Але, па маім перакананьні, метал, які адбіраў жыцьці, ніколі ня будзе выглядаць звычайна. Лязо алебарды люстравала тыя стагоддзі, калі яно было зброяй сьмерці. І Юрась выглядаў, як сапраўдны рыцар... Апошні рыцар...