Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Слова сапраўднага лад

Сямёнава Ала

Шрифт:

УМЕЛАЕ ПЯРО МАЙСТРОЎ

Мабыць, кніга гэтая, анталогія беларускага апавядання ў перакладзе на рускую мову, трапіць да розных чытачоў. І да тых, хто ведае ў беларускай літаратуры толькі некалькі класічна вядомых імёнаў і калі-небудзь выпадкова нешта прачытаў, і да тых, хто больш-менш дасведчаны, мае свае сімпатыі і антыпатыі ў беларускай прозе, і, нарэшце, да тых, хто чытае на мове арыгінала, а кожны пераклад на рускую мову сустракае з раўнівай зацікаўленасцю, параўноўвае, аналізуе.

Безумоўна, дзяленне гэтае прыблізнае і схематычнае, а параўноўваць будуць усе. І параўноўваць не толькі з аналагічнымі выданнямі празаікаў саюзных рэспублік, але і анталогіямі замежных пісьменнікаў — які «пачэсны пасад між народамі» занялі беларускія майстры малога жанру. Будуць параўноўваць і з папярэднімі выданнямі.

Дарэчы, за пасляваенныя дзесяцігоддзі гэта шостая спроба пазнаёміць саюзнага чытача з беларускім апавяданнем. У зборніках 1952, 1955, 1971 гадоў былі змешчаны толькі сучасныя беларускія апавяданні, у зборніках 1948, 1962 гадоў складальнікі імкнуліся даць агульную карціну развіцця беларускага апавядання: першы — ад пачатку XX ст. і да нашых дзён, другі — у савецкі перыяд. Такую ж задачу, што і складальнік зборніка 1962 года, мела перад сабой рэдкалегія анталогіі, што выйшла ў 1980 годзе,— «Бярозы па шляху» («Березы на шляху»). У складзе гэтай рэдкалегіі — народны пісьменнік БССР І. Шамякін, вядомыя празаікі І. Навуменка, І. Чыгрынаў, акадэмік Навуменка да таго ж не менш вядомы як літаратуразнаўца, і празаік А. Жук, прафесіяналізм якога пэўна выявіўся ў тым узросце, калі многія яшчэ лічацца ў маладых. А. Жук і складальнік анталогіі. Прадмову, сціслую, але ёмістую па зместу, напісаў І. Навуменка.

Зразумела, было нялёгка і рэдкалегіі і складальніку. Бо трэба ж даць уяўленне і пра жанр апавядання, творчую манеру пісьменнікаў. І пазнаёміць з нейкім кругам аўтараў — чалавек, можа, упершыню адкрывае для сябе беларускую літаратуру па гэтай кнізе. Чалавек начытаны, патрабавальны. А прадставіць жанр трэба і ў лепшых яго ўзорах, і дастаткова поўна. Да таго ж выбраць у пісьменніка адно апавяданне — такі жорсткі прынцып зборніка, толькі для Якуба Коласа зроблена выключэнне.

Увогуле ж зборнік прадстаўлены і празаікамі старэйшага пакалення, што пачыналі свой творчы шлях яшчэ да рэвалюцыі або ў першыя паслярэвалюцыйныя гады: Якубам Коласам, Кузьмой Чорным, Змітраком Бядулем, Цішкам Гартным, Максімам Гарэцкім, Міхасём Лыньковым, Петрусём Броўкам, Эдуардам Самуйлёнкам, Янкам Скрыгатам; пісьменнікамі ваеннага і пасляваеннага «прызыву»: Янкам Брылём, Аляксеем Кулакоўскім, Алесем Асіпенкам, Іванам Мележам, Іванам Шамякіным, Аленай Васілевіч, Васілём Быкавым, Іванам Навуменкам; пісьменнікамі, што пачыналі пісаць у канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў: Уладзімірам Караткевічам, Паўлам Місько, Іванам Пташнікавым, Вячаславам Адамчыкам, Віктарам Карамазавым, Іванам Чыгрынавым, Барысам Сачанкам, Янкам Сіпаковым, Анатолем Кудраўцом, Міхасём Стральцовым (пералічваю прозвішчы ў тым парадку, як змешчаны апавяданні ў кнізе — па храналогіі гадоў нараджэння аўтараў).

Імёны ўсё дастаткова вядомыя ў беларускай літаратуры, празаікі, якія выступаюць у многіх жанрах прозы, акрамя апавядання, імі напісаны раманы, аповесці, п'есы, эсэ. Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч, Янка Сіпакоў, Міхась Стральцоў добра вядомы і як паэты. Многія цікава выступаюць у жанры крытыкі.

Апавяданне аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры, непераўзыдзенага празаіка, паэта, аўтара своеасаблівай энцыклапедыі беларускага жыцця дарэвалюцыйнай пары, паэмы «Новая зямля», Якуба Коласа — «Сяргей Карага» — знарок публіцыстычнае, і хаця рэальнасць тут арэчаўлена, відавочна адчувальна, як заўсёды ў Якуба Коласа, што ўвогуле характэрна для беларускай прозы, герой апавядання мае наўмысна абагуленыя рысы характару, гаворыць тое, што маглі б гаварыць многія байцы рэвалюцыі, гаворыць так, як маглі б гаварыць многія. Характарыстыка яго і псіхалагічная, і моўная не індывідуалізавана. Гэта нельга не заўважыць. Якуб Колас умее адным штрыхом, дэталлю, словам надаць непаўторнасць вобразу. Апавяданне як пісалася ў 1922 годзе, і пісьменніку было неабходна паказаць менавіта аднаго з многіх, аднаго з шматлікай арміі салдат рэвалюцыі, што свядома абаранялі яе, дапамагалі іншым зразумець сапраўдны сэнс таго, што адбываецца. І канцоўка апавядання сімвалічная — замест Карагі, што загінуў, «у стан чырвоных» (звярніце ўвагу, не ў атрад, не ў часць, а менавіта ў «стан», так важна для Якуба Коласа абагульніць гэты ўчынак) прыходзяць двое сагітаваных Сяргеем Карагам белых салдат.

Байцам рэвалюцыі даводзілася змагацца за ўсё: за свае ідэі, за зямлю народа, за яго маёмасць, за тое, каб у селяніна было не толькі сытае існаванне, але было і вось такое —

бярозы на шляху, і ахова ад вятроў і снягоў, і канкрэтызаваны, арэчаўлены сімвал прыгожага. У літаральным сэнсе слова змагаецца за кожную бярозку на шляху начальнік раённай міліцыі Астап з апавядання Цішкі Гартнага «Бярозы на шляху». Гэтыя бярозы — як увасабленне красы роднага краю. Нездарма ранены бандытамі Астап трызніць гэтымі бярозамі.

Вобраз Астапа — адна з першых спроб беларускай прозы паказаць унутраны, духоўны свет новага чалавека, камуніста. Астап — чалавек справы і летуценнік, з тых, хто ствараў савецкую дзяржаву, не шкадуючы ні сіл, ні жыцця. Чалавек цвёрдых палітычных і маральных пераконанняў, з тых, хто не меў літасці да ворагаў Савецкай улады, але быў памяркоўны з сялянамі, ведаючы, што знішчаюць яны бярозы ад жорсткай безвыходнасці — няма чым паліць печы, дзеці мерзнуць.

Хрэстаматыйна вядомае беларускаму чытачу, як і «Сяргей Карага» Якуба Коласа, апавяданне Міхася Лынькова «Андрэй Лятун», з добрай усмешкай, задзірыстай, трохі тужлівай, трохі кплівай, расказвае пра машыніста паравоза Андрэя Летуна, які, нягледзячы на немалыя ўжо свае гады, не можа кінуць любімай справы, працуе цяпер на маленькім, амаль цацачным, паравозе, «зязюльцы», а вось жыццё затое пражыў на прасторы, у сяброўстве з вятрамі неўтаймоўнымі, сярод «семафораў крылатых», дзесяткі гадоў на хуткіх і кур'ерскіх цягніках. Паэтычная прыўзнятасць і мяккі гумар надаюць асобы тон апавяданню. У ім адчуваецца непаўторны каларыт першых паслярэвалюцыйных год і адчуваецца ў манеры пісьма многае ад таго стылю, які прынята называць рэвалюцыйным рамантызмам.

Прыём гратэску выкарыстоўвае Эдуард Самуйлёнак у абмалёўцы галоўнага персанажа кулака Хвашча ў навеле вострафабульнай, з нечаканай канцоўкай — «Русалчыны сцежкі».

Па-свойму расказвае Іван Шамякін пра вялікае ўменне У. І. Леніна за справамі маштабнымі, дзяржаўнымі пабачыць асобнага чалавека, канкрэтна ўмець дапамагчы яму («Хлеб»).

Водгук першых паслякастрычніцкіх год адчуваецца ў напісаным ужо ў наш час, з дыстанцыяй гадоў, апавяданні Петруся Броўкі «Разам з камісарам». Апавяданне прыцягвае і сваёй інтанацыяй даверу да чытача, і дакладнасцю мастацкага зроку, і трапна ўзноўленай атмасферай тых гадоў.

Добрае валоданне пяром, у лепшых традыцыях перадавой пісьменніцкай думкі, перш за ўсё рускай, вызначае апавяданне Максіма Гарэцкага, пісьменніка, высокае майстэрства якога трывала ставіць яго ўпоравень з беларускімі класікамі. Апавяданне «Генерал» раскрывае характар галоўнага героя не адразу, паступова.

Спачатку мы даведваемся, што ён «выглядаў дробненькаю, старэнькаю, але фарсістаю чысцёшкаю». Дробненькі, фарсісты — насцярожвае. Але на грудзях у яго высокая ўзнагарода — Георгіеўскі крыж, і разумее ён нібыта і справядліва, што «самае горшае ў любой справе..., калі пакідае людзей творчы настрой». Пачынаеш меркаваць — а можа, гэты маленькі чысцёха — стратэг, герой? Чалавек гонару?

Аднак недавер да яго пачынае ўзмацняцца. Генерал вельмі занепакоены — хіба з такімі афіцэрамі, як у яго, даб'ешся перамогі? А гаворка ўсяго толькі пра тое, што навічкі-прапаршчыкі «елі з нажа і бралі відэльцамі хлеб». Мабыць, веданне этыкету і правілаў добрага тону ўсё ж зусім не вызначаюць ні здольнасцей чалавека, ні ягонай вайсковай доблесці. Можна быць упэўненымі, што Васілій Іванавіч Чапаеў не ўмеў валодаць ні відэльцам, ні нажом, але гэта не перашкодзіла яму атрымліваць перамогі.

Вось генерал едзе на баявыя пазіцыі і ўсё раздумвае: «Самае паганае ў любой справе..., калі няма да чаго імкнуцца». Ну, што ж... Ён сын свайго класа. Аднак... магчыма, талковы і таленавіты военачальнік.

Пpa яго ўменне праводзіць вайсковыя аперацыі мы так і не даведаемся, але даведваемся пра нешта большае. Трапіўшы на перадавыя пазіцыі, генерал лезе на бруствер пад варожыя кулі.

Сэнсу ў гэтым аніякага няма. Ён проста вырашыў паглядзець на поле абстрэлу. Пустая бравада. І па сутнасці правакацыя. Генерал як патомны пан лічыць натуральным пагарджаць ротным адной з батарэй: «з тых, што ядуць з нажа...», можна ўявіць сабе яго псеўдавысакародныя, абураныя погляды, якія ён кідае на беднага прапаршчыка,— сядзіш у траншэі, а я, генерал, пад кулі выйшаў. Прапаршчык, разумеючы, што начальства сапраўды непамысна храбрае, яшчэ больш ясна разумее, што пустое гэта фланіраванне нікому не патрэбна. Але што ж ты зробіш? — ускоквае на бруствер. І куля тут жа даганяе яго.

Поделиться:
Популярные книги

Адмирал южных морей

Каменистый Артем
4. Девятый
Фантастика:
фэнтези
8.96
рейтинг книги
Адмирал южных морей

Комбинация

Ланцов Михаил Алексеевич
2. Сын Петра
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Комбинация

Сердце Дракона. Том 11

Клеванский Кирилл Сергеевич
11. Сердце дракона
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
боевая фантастика
6.50
рейтинг книги
Сердце Дракона. Том 11

Жестокая свадьба

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
4.87
рейтинг книги
Жестокая свадьба

Два лика Ирэн

Ром Полина
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.08
рейтинг книги
Два лика Ирэн

Сердце Дракона. Том 8

Клеванский Кирилл Сергеевич
8. Сердце дракона
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
боевая фантастика
7.53
рейтинг книги
Сердце Дракона. Том 8

Инквизитор тьмы 3

Шмаков Алексей Семенович
3. Инквизитор Тьмы
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Инквизитор тьмы 3

Пипец Котенку! 4

Майерс Александр
4. РОС: Пипец Котенку!
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Пипец Котенку! 4

Право на эшафот

Вонсович Бронислава Антоновна
1. Герцогиня в бегах
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Право на эшафот

Неудержимый. Книга IV

Боярский Андрей
4. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга IV

Отморозок 3

Поповский Андрей Владимирович
3. Отморозок
Фантастика:
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Отморозок 3

Последняя Арена 10

Греков Сергей
10. Последняя Арена
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Последняя Арена 10

Эволюция мага

Лисина Александра
2. Гибрид
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Эволюция мага

Вы не прошли собеседование

Олешкевич Надежда
1. Укротить миллионера
Любовные романы:
короткие любовные романы
5.00
рейтинг книги
Вы не прошли собеседование