Споведзь
Шрифт:
I так пасьля высокай эўрапейскай культуры ў Чэхаславаччыну прыходзілі паняцьці: мядзьведзь — начальнік, тайга — закон… Аднойчы ў суботні вечар мы нешта гаварылі з мужам, як раптам пазваніў нехта, калі мы выйшлі адчыніць, дык у дзьвярох стаяў Юра й хахатаў. У яго былі канікулы, і ён сам прыехаў да нас. Колькі ж было тады радасьці! Аднак Юра хацеў паезьдзіць на лыжах, і муж завёз яго на самую граніцу да знаёмых, гдзе былі лыжныя тэрэны [80] й нават трамплін. За тою граніцаю жылі людзі, якім цяжка было пасьля вайны, але якія падымаліся эканамічна й маральна, і жыцьцё ў іх з кожным днём рабілася лепшым. Я паехала па Юру, але ён яшчэ хацеў паезьдзіць на лыжах. Да нас вярнуўся сам, прыбег на лыжах! Ехаў праз пакінутыя сёлы, і было, яму страшна. Яшчэ ня ўсе абжылі тады чэхі ў т. зв. «погранічы», яны запрасілі на гэта нават балгараў, і вось «братушкі» памагалі там рабіць калгасы.
80
Тэрэн (польск. teren) — мясцовасць, тэрыторыя, раён.
Прафэсар Шпачэк напісаў мне, што хацеў бы мяне бачыць і пагаварыць. У Прагу паехаў муж, але Шпачэк, паводле яго слоў, нічога не хацеў з ім гутарыць.
Сестры ўжо добра ўладзілі сваё жыцьцё, і здавалася, што ім будзе спакойна й добра. Мае знаёмыя, хто як мог і хто чым мог, памагалі ім. Яны нават пісалі, што ім яшчэ ніколі так добра не жылося. Была добрая кватэра й кожнай праца, і ўсе тры разам. На жаль, ім хацелася яшчэ лепей, галоўнае — весялей. Усё гэта кончылася посьле трагічна.
Алёша пісаў паранейшаму. Ужо пачаў звыкацца з лёсам і новай сваёй Бацькаўшчынай — гасьціннай зямлёю Англіі. Бліжылася вясна, яна раньняя ў горах. Калі доўга не прыходзіў муж, дык я выходзіла на двор і глядзела, як імкнуць цёмныя хмары і як губляецца ў іх бездапаможна адзінокі месяц. Той пэўнасьці жыцьця, стабільнасьці заўтрашняга дня, што была некалі, не прадбачылася нават. Кожны жыў абы дзень да вечара, нават партыйныя. Меліся быць выбары ў Чэхаславаччыне, але не адбыліся. Замест іх зноў была рэвалюцыя, на гэты раз разьдзяліўшая народ на камуністаў і дэмакратаў. Выйгралі камуністы, бо так загадаў тады Зорыну Сталін.
Даўно ўжо мінуў перыяд крывавай нямецкай акупацыі, з якой мы выйшлі жывымі, але самае галоўнае, што паэзія мая, мая любоў да Беларусі была чыстай, як крыніца ў полі. Я нікому ні слова не сказала, не напісала, акрамя Зямлі маей і маяго Народу! Мае словы табе былі толькі, Айчына мая пакрыўджаная, табе была ўся вернасьць мая, якую пранесла я праз нялёгкія дні, бо табе толькі свае жыцьце прысьвяціла. Надыходзіць другая пара выпрабаваньняў. Для мяне яна будзе яшчэ страшнейшай, але Божа Зямлі мае, Божа продкаў маіх, дай мне сілы вытрымаць найцяжэйшае. Няхай вернасьць мая й любоў мая будуць дастойныя мукаў Тваіх некальківяковых, мая Беларусь! Галінка з Тваяго дрэва, пясчынка з палёў Тваіх, нясу Табе рэшткі жыцьця маяго й маб сэрца. Як жа хачу пралажыць мукамі сваімі сьветлы сьлед да заўтрашняй Твае долі. Пакідаю Вам усім на памяць словы мае й на міласьць Вашу маіх нашчадкаў. Няхай крыўды, мне зробленыя, адкупяць шчасьлівыя дні для іх на Зямлі, якая ёсьць нашай. Інтэрнацыянал — гэта не прыдбаць сабе чужую маску й адрачыся ад усіх вартасьцяў сваяго роду, гэта быць шчырымі брацьмі ў сваім народзе і ў брацтве паміж народамі. Інтэрнацыянал — гэта не падпарадкаваньне сільнейшаму, але падпарадкаваньне роўнасьці, любові й праўдзе. Ніхто лепей за нас самых не сьпяе нашае «Рэчанькі», не станцуе «Лявоніхі», ня ўздыме шляхотнай народнай культуры нашай да такое вышыні, каб бачылі людзі, што мы акрэмы [81] , самабытны, стары й варты народ!
81
Акрэмы (дыял.) — самабытны
I так нічога ў мяне няма, нават лісінай норкі, а ў пэрспэктыве сэрца, расьпятае на заінелых дратах Поўначы за Беларусь. Знача, так наканавана. О Божа, не пакінь сына маяго адзінага й ня дай загубіць яму ў прорвах адзінокага жыцьця імя й аблічча чалавечага й беларускага! За мною ўжо магілы маіх найдарожшых, а наперадзе зьдзек і крывавы лёс. Што ж, памераем з ім сілы. Хто будзе сільнейшы: зьдзек над намі ці мая любоў? Няхай на мабй асобе спыняцца ўсе пакуты народу нашага. Ён заслужыў, каб быць вольным! Вякі перахаваная мова народу маяго, наша культура ад сьвятой Еўфрасіньні ўжо гуманная, якія ж вартасьці гэга ў сьвеце лагероў, забіваючых чалавецтва сьцюжай Варкуты й агнём Асьвенцімаў! Ці ж можна аддаць на забыцьцё й зьнішчэньне такія вартасьці народу бяз шкоды для ўсяго чалавецтва? Сьпі спакойна, дарагі дзядзька Васіль Захарка, не дамо зглуміць нашага скарбу. У рукі мае перайшла воля твая, а сэрцы дочак заўсёды вярнейшыя роднай Маці! Усе будзе забрана мне, і сьлед мой амаль зацёрты,
Не, нельга мне вінаваціць маяго мужа, бо хто абышоў лёс свой, які яму наканаваны зьверху? Іду, мяне будуць судзіць і вінаваціць за тое, што не люблю іх, бо іншае віны ў мяне няма. Няхай хто з жывых, каму замучаць бацькоў, вынішчаць род яго, адарвуць ад сэрца й кінуць на мукі адзінага сына, разаб’юць сям’ю й засудзяць абаіх з мужам на паўстагодзьдзя кіркаваньня Богам і людзьмі праклятае мерзлаты, няхай зразумее, ці можна «любіць» за такое й называць гэта паводле рэцэпту іх «мудрым»??? Можа, каго змусілі й на гэта за скаромнейшы кусок т. зв. «народнага хлеба», але хіба ж гэта людзі? Гэта халуі й ахвяры іх.
Ня можа быць вартым і шляхотным тое, якое праводзіцца такімі мэтадамі ў жыцьцё. Вялікае крывавымі мэтадамі брыдзіцца! Канчаецца гасьціна мая ў т. зв. братняга славянскага народу. Як лёгка замянілі чэхі сваю адвечную вернасьць славянству на грузінскія вусы сваяго новага ідала? Страшна нейк, шкада іх крыху, бо ж прачнуцца й будзе ім жудасна: каго, на што лёгка так і так бяздумна памянялі? Што ж, ён «натхняў» нават беларускіх ткачыхаў, «абагачаючы» нашыя народныя ткацкія матывы ўзорам ботаў сваіх, акрываўленых славянскай крывёю, і, галоўнае, узорам жудасных сьвету грузінскіх вусоў… Ну й «натхненьне» для народаў зямлі, ды яшчэ эўрапейскіх!
Недзе ў закрытым вартаваным памяшканьні дагараў чэскі прэзыдэнт Бэнэш. Цяпер ён стаў ворагам. Яго выкарысталі й адкінулі ў яму, калі ўжо стаў непатрэбны… Так з кожным палітыкам і з кожнай чалавечай праўдай, якая не надаецца ў марксісцкі талмуд. А талмуд той застыў на псэўдапраўдах XIX стагодзьдзя й клаў цяпер на пракрустава ложа абалванелых дзеячоў новай, нейкай чужой чалавечаму, асабліва славянскаму сэрцу рэлігіі. Адно было мне яшчэ пацехаю нейкай. Я верыла, што ў мужа былі гэта памылкі й што ён, як і я, не зрачэцца шляхотных праўдаў і дасягненьняў вялікіх людзей на гуманным разьвіцьці чалавечай культуры.
Мяне чакала павольнае забіваньне паэта й ніякай магчымасьці творчае працы наагул. Але ўсе ў Божых руках, і таму жыць — цікава! А недзе стаяла нашая калыска, так мне думалася тады. Нашая хата ў Жлобаўцах. Памятаю, як тага вазіў на яе лес аж з-за Немана. Бярвеньні былі смольныя, аб’ёмістыя. Сані праваліліся ў Нёман разам з татам, і магутны шыракаплечы тата доўга ляжаў у пасьцелі з адмарожанымі нагамі. Пасьля ставілі дом, пасьвянцілі падмуроўку, паклалі туды свянцонага зельлячка, як рабілася яшчэ да нас. Разьвіталася я з ёю ў 37-м годзе, ад’яжджаючы да мужа з сынам. Калі вывезьлі нашых бацькоў, перавезьлі нечаму нашую хату ў Гудзевічы. Расьціслаў вярнуў яе назад на свае месца, каб мама, вярнуўшыся, мела гдзе жыць. Але не вярнулася мама, і ізноў перавезьлі гэтую хату, цяпер у Ваўкавыск на Віленскую вуліцу. Туды перавезьлі й нашае гумно на гараж. Было там ДЭУ [82] , а цяпер нават ня ведаю, якая там установа.
82
Дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне.
Часам прыходжу й гляджу на яе здалёк і бачу, здаецца, гата з адмарожанымі нагамі, як звозіць тугія бярвеньні на хату для сваіх семярых дзяцей. Было ў ёй звонка й было трагічна, бо крывавая будучыня прадзіралася ўжо ў нашую людзкую сьведамасьць прадчуваньнямі жудасных дзён. Узгадавала яна высокіх, мажных і харошых братоў маіх і сагрэла вечным цяплом сэрца маё беларускае, загартавала яго ў дабры й праўдзе, якой не змаглі ніякія ворагі людзкасьці. Думалася: нехта з нас адыдзе, нехта застанецца на гэтай зямлі ў гэтай хаце й будзе чакаць нас, калі прыедзем у вялікае сьвята на магілы дарагіх бацькоў, і ўсім нам будзе як у маладосьці, і памяць бацькоў будзе асьвячаць шляхі нашыя й выпраўляць нашыя памылкі. Мы славяне, мы Беларусы, у якіх ня гіне памяць аб мінулым і да якіх продкі нашыя асабіста ад вякоў ужо прыходзяць на Дзяды, каб разам пабыць у гасьціне. Усё благое адыходзіць у небыцьце, і застаецца чысты ўспамін аб найлепшым. Ходзім па зямлі й чуем, здаецца, спагаду й параду дзядоў сваіх сярод шырокага поля. Адабралі нам нават гэтае, абсьмяялі веру нашую, абычаі нашыя й мову нашую на нашай зямлі. А нашыя Дзяды ўсе ж прыходзяць да нас у кожную восень… I пакуль яны будуць прыходзіць да нас, датуль мы будзем людзьмі.
Жыцьцё нашае было працай, болем, але было й песьняй, якой не было ў другіх народаў. Пяялі ўсюды, і пяялі ўсе. Пяялі — знача жылі! Цяпер у нас пяе толькі гарэлка ў застольлі, раве бяздумна ўголас, калі маўчыць душа нашая, і песьня не кранае сэрца. Чаму ж не пяём? Чаму голас народу спаралізавала, чаго не было нават за лютае паншчыны? Некалі казаў муж нашай Валі-нявестачцы: «Ты яшчэ не засьпявала ў нашай хаце, таму ты ня нашая». Ён вельмі чакаў, каб гэтая «дочка» нашая запяяла… Не мадэрныя, чужыя песьні, а нешта з душы нашай, з душы народу…