Споведзь
Шрифт:
Аднойчы вечарам нейкі сьледавацель-крыміналіст адчыніў дзьверы нашай камеры. Я са зьдзіўленьнем глянула на яго, а ён аж замёр на парозе. Быў гэта пацыент маяго мужа, абавязаны яму і ўдзячны, пан Пэшэк. Працаваў ён у розыску й вось прыйшоў выклікаць на допыты нейкую дзяўчыну з нашай камеры, якая ўжо суткі плакала, атручваючы нам і без таго цяжкі настрой. Затрымалі яе ў кафэ разам з яё кавалерам, які, як пасьля высьветлілася, украў аўто, на якім весела яе развозіў па Празе. Візыта пана Пэшэка мела для нас той добры бок, што гэты харошы чалавек пачаў нас абяспечваць перадачамі, якія былі аднолькавымі са сьпешна купленых мужчынам прадуктаў і вызначаліся вялікай колькасьцю папяросаў, як мне, так і мужу. Муж, які перацярпеў у Пісэку мукі бяз курава, меў цяпер што курыць, бо пры першай магчымасьці я яму перасылала й свае. Ніколі не забудуся пра болем скрыўлены твар пана Пэшэка, калі вялі нас паказаць савецкаму прадстаўніку, які панура й тупа аглядаў свае ахвяры. Пэшэка перакрывіла нейкім жудасным болем, і па твары гэтаму суроваму чалавеку цяклі сьлёзы. Больш-менш пазнаўшы парадкі й прадстаўнікоў гэтага ладу, ён, відавочна, уяўляў сабе ўсе нашыя мукі наперад. Яшчэ горай чуліся мы з мужам, жах, які нас чакаў,
А найгоршае прыйшло хутка. Аднойчы з раніцы аб’явілі мне аб ад’езьдзе. Гэта было нешта, як сьмяротны вырак. Не хапіла ўласных сілаў, і я апусьцілася на калені. Схаваўшы голаў у далоні, усей душою прасіла ў Бога літасьці над маім дзецем і сілаў для нас. Прад намі, здавалася мне, прорва, суцэльная бязглузьдзіца й бесчалавечнасьць, гдзе замест усіх людзьмі прызнаных праўд стаіць, раскарачыўся крывавы Сталін, якому ачумелыя расейцы аблізваюць жудасныя кіпцюры з крыві іх родных бацькоў і сыноў, пралітай тыранам самохаць і непатрэбна. Надзеі на ратунак — ніякай. Бо, каб выратавацца, заставалася прылучыцца да натоўпу і, адкінуўшы з душы ўсе здабыткі людзкое культуры, зрабіцца такім жа бітым сабакам і з жудасных лапаў сьлязьмі змываць кроў вынішчанага тыранствам маяго роду.
Нас пасадзілі ў машыну, якую вязьні называлі «Антонам», зялёную, шчыльна закрытую, і з некалькімі яшчэ хлопцамі, якія, відавочна, праштрафіліся ў арміі ці зьбеглі з яе, адвезьлі ў савецкі лагер перамяшчэньня захопленых імі на Захадзе ахвяр. На дзеравянай браме, за якой чырванелі гарластымі надаедлівымі лозунгамі дзеравяныя баракі, красаваўся надпіс: «Добро пожаловать», як быццам і сапраўды мы ехалі да звычайных людзей з чалавечымі абычаямі й хоць мінімальнай культурай. На дзеравяных сталох, нічым не пакрытых, стаялі жалезныя міскі з нейкай капустай і ляжаў нарэзаны хлеб. Людзі былі змораныя астрогамі, бледныя, нехта еў, нехта ўжо пачынаў хваліць «родину». Задаволена й дзіка на нас паглядаючы, пахаджвалі «начальнікі», выпаўнялі плян сілай і абманам вырваных у Захаду ахвяр.
Нарэшце падагаалі машыну з высокімі бартамі, усадзілі нас на яе дно. Спераду й ззаду на дошках, перакладзеных цераз барты, сядзелі, направіўшы на нас аўтаматы, па чатыры «асвабадзіцеляў». Муж абапёр мне на калені амаль нежывы ад схудненьня й бледнасьці твар, і жнівеньскае сонца літасьцівымі праменьнямі гладзіла яго пасівелую голаў. Залатая Прага, нашая кватэра й часьць нашых лепшых гадоў засталіся далёка за намі. Вязьлі нас далей ад сына й ад Эўропы — ад пагранічнага Вімпэрку на край сьвету ў Варкуту. Ну а пакуль што нас вязьлі ў Вену. Дарога была даўгая, сустрэчных людзей на ёй мала. З жанчын апрача мяне вязьлі нейкую старушку, якую сілаю адабралі ад чэскіх грамадзян дзяцей, а рэшта ўсё былі даволі маладыя мужчыны. Яны нейк пераглядаліся між сабою, і адчувалася, што гатовыя кінуцца на канвой і ратавацца, але аўтаматы ў грудзі і ў плечы ды падмога ў кабіне амаль ліквідавалі магчымасьць шалёнай рызыкі. У час абеду мы елі хлеб. Абед нашых канваіраў адрозьніваўся толькі тым, што яны пхалі ў рот той хлеб, пасыпаючы цукрам, па цэлай буханцы. Не было чым запіць таго хлеба, колькі тыя салдаты ні прасілі ў чэскіх вёсках вядра, каб зачэрпаць вады, чэхі ім вядра не давалі, былі навучаныя ўжо не адным прыкладам нагласьці й зладзейства. Сумна глядзелі на нас чэскія пагранічнікі, як быццам вязьлі ўжо нас на эшафот, а не на радзіму, і моўчкі праважалі за сваю граніцу.
На пустых пажатых палёх пачаліся вінаграднікі, і калі сонца пачало ўжо сядаць, мы прыехалі ў Вену. З дна машыны паглядала я на яе, чорную й залатую, усей сваей культурай і выглядам так розную, так інакшую ад людзей, якія нас вязьлі на пакуты. Нас з мужам высадзілі ў нейкім палацы ці замку, здаецца ў Нэйвінэрштат, гдзе, памятаю, была на сьцяне табліца з надпісам, што некалі там у чэрвені выпаў сьнег. Спалі мы ў нейкіх сенях, і даволі неспакойны наш сон сьцераглі здалёк крыху ад нас азброеныя канваіры. Назаўтра была, памятаю, пятніца, 13 жніўня, ліў дождж. Ужо з раніцы пад’ехала па нас грузавая машына й паперла нас з мужам у напрамку Вены. На адной з вуліц у зелені саду стаяла віла, уступнае «Добро пожаловать» жудасна й выразна сьведчыла аб яе тагачасовых жыхарах. У нетры тае вілы. у падзямельлі якой мучыліся сотні зьняволеных, кінулі й нас. Ледзь пасьпелі мы разьвітацца, як раскідалі нас у тым падзямельлі па камерах. Чорнай хваляй наляцела на мяне несказанае гора.
У камеры сядзела некалькі немак, пераважна, здаецца, у падазрэньні шпіянажу. Па-нямецку я крыху гутарыла. Я разьдзяліла з імі часьць прадуктаў, якія былі ў мяне, пачала знаёміцца. Час закрыў мне ўжо іх аблічча, але выразна памятаю з іх адну — была гэта нейкая артыстка й прафэсіянальная шпіенка Элё Вінклер. Была гэта даволі прыгожая бэстыя, пазбаўленая ўсякай маралі й этыкі. Немкі адразу далі мне зразумець, што гэта шпіенка, і ў савецкай камеры рэкамэндуючы асьцярожнасьць. Усе мы, як быдла, валяліся на падлозе ў каросьце й брудзе, і толькі яна адна мела ложак і пярыну, гдзе найчасьцей валялася голая альбо выкручвалася перад шкляным вокам у дзьвярох, раздражаючы сваею нагатою салдат-канваіраў. Яна ўсё расказвала пра сваю любоў да савецкай улады й Сталіна й пра сваяго мужа, прафэсіянальнага шпіёна, які сядзеў недзе побач. Гэта была агідная нейкая садыстка. Заўважыўшы аднойчы, што я малюся, пачала прасьледаваць мяне жудаснымі выкрыкамі, нейкімі «малітвамі» да чорта. Лётала па камеры й выла: «Тойфэль, тойфэль» [89] — і часта нагадвала ашалелую. У нашую камеру заглядалі надзірацелі й часам клікалі на працу. Я заўсёды старалася вырвацца хоць на пару гадзінаў, каб глытануць паветра й нешта даведацца пра мужа ды ў меру магчымасьці памагчы яму хоць нечым. На другі дзень нашага прабываньня ў падзямельлі мяне павялі да начальства. Нейкі ваенны, відно, высокага чыну сустрэў мяне словамі: «Вот и вы в наших руках». — «Велькай радасьці з гэтага мець ня будзеце», — адказала я яму прадумана й паважна. Спытаўся ў мяне яшчэ, што я думаю пра Готвальда,
89
Тойфэль (ням. Teufel) — чорт.
90
Лічны (польск. liczny) — шматлікі.
Кармілі нас нейкім густым панцаком і хлебам, рана — чорнай кавай. Удзень я старалася спаць, затое ноччу пачыналіся трагэдыі. Над намі бясконца дапрашвалі людзей, можна было зразумець нават фразы, а ўжо енкі бітых і квяцісты расейскі мат не сьціхалі гучэць да раніцы. Савецкія сьледавацелі, як начныя драпежнікі, жыравалі ноччу. Днём было ціха, толькі рысавалася нечым дурная Вінклер і час ад часу званіў трамвай, які праходзіў міма гэтай шэрай вілы, і людзі, якія праяжджалі міма, напэўна, нат не падазравалі аб нашых мучэньнях. Месяцамі без мыцьця й вады наагул, без паветра, у цеснаце й брудзе чакалі няшчасныя яшчэ горшага лёсу.
На працу мы хадзілі звычайна з Лізай, гэта была аўстрыйская сялянка, якой за нешта далі 15 гадоў кары. Яна плакала па сваіх дзецях і люта ненавідзела ворагаў і Элё Вінклер з імі. Праца была ня лёгкай, пераважна нешта мыць пасьля рамонту ці бяленьня, часам вымыць бялізну. У такіх выпадках звычайна мы мылі нешта сабе, а з кухні прыносілі ежу ў камеру й дзялілі яе пароўну ўсім. Я даведалася, што мой муж недзе ў першай камеры, і дагаварылася са зьняволенай абслугай гэтай патайной вязьніцы, што яны выклічуць часам мужа скрабсьці бульбу, дадуць яму папяроску, накормяць. За гэта я ім мыла заскарузлыя кашулі зьверх свае працы. Быў там у абслузе й зьняволены малады лекар. Ён зьвярнуўся да нас з Лізаю, просячы, ці мы не памылі б кашулі зьняволеным, якія вось год сядзяць тут у брудзе. Кашулі былі чорныя з тлустага бруду, але я глядзела на іх скрозь слезы, дарма шукаючы між іх кашулі мужа. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі мая фрау Ліза адмовілася мне памагаць. Яна, бедная, настолькі ненавідзела ворагаў і іх народнасьць, што памагчы зьняволенаму расейцу не магла, і доўга мне прыйшлося выясьняць ёй долю няшчасных. Памагала мне, але не зразумела розьніцы між аднымі й другімі ніколі. Аднойчы, мыючы нейкі кабінэт, я пачула па радыё, што ўцёк Зэнкль, лідэр партыі народных сацыялістаў, і стала мне весялей. Аднойчы зноў падышла да вакна і ўбачыла прыблізна дзесяцігадовых хлопчыкаў, якія гулялі ў футбол. Завірыўся перад вачыма вобраз сына, і мяне ледзь прывялі ў камеру. Муж мне казаў пасьля, што бульбу скрабаць яго выклікалі, але ён хадзіў на кухню неахвотна.
Час ішоў, «канцэрты» начамі рабіліся штораз болей дзікімі, дні каротшымі й болей халоднымі. На допытах нічога ў мяне асаблівага не пыталі, і відно было, што ўся цырымонія суду нада мною адбудзецца ў Саюзе. Мне жудасна было глядзець, да чаго былі нядобрымі, тупымі сядзячыя са мною аўстрыячкі, у таварыстве іх было мне жудасна. Круг іх зацікаўленьняў быў абмежаваны асабістымі, актуальнымі справамі іх пакараньня, якое ў параўнаньні з Захадам было неймаверным. Гэта былі кары па 25, па 15, па 10 гадоў. Меншых не сустракалася. Усіх няшчасных чакалі няволя й вываз у лагеры «мадэ ін СССР», г. зн. недзе далёка ад вялікіх месцаў, у першабытнай тайзе ці тундры, гдзе акрамя цяжкай працы й зьверскага рэжыму забівае й сам клімат. У гэтых жанчын, якія нейкай цудам знойдзенай голкай вышывалі на сваіх насатках самыя агідныя словы расейскага лексікону, не было ні веры, ні надзеі на ратунак. Не было ў іх нават сьмелай фантазіі нейкага цуду над намі, яны бралі ўсё рэальна, і відно, што былі гатовыя йсьці на ўсе подласьці толькі дзеля захаваньня жыцьця. Толькі адна Ліза ня ведала меры свае нянавісьці й сваяму болю па мужу, доме й дзецях.
Так аднойчы нас выклікалі і ў цесным «чорным воране» пераправілі недзе ў вялікую вязьніцу, гдзе ўжо было болей жанчын — пераважна немак. Жанчыны былі болей цікавыя, з востра зарысованай нянавісьцю да ўсяго, што расейскае. Да мяне, ня ведаю, з якіх меркаваньняў, усе адносіліся вельмі добра. Іх нянавісьць была маей нянавісьцю, іх тайны маімі тайнамі. Пасьля трох дзён прабываньня там нас сабралі, перашманалі, праверылі нашыя паперы й выпусьцілі ў вялікую залю. Я ўбачыла маяго мужа — быў худы да немагчымасьці, з абрытай нагола галавою. Стараўся ўсьміхацца, і гэта было яшчэ болей жудасна. Калі нас пастроілі на падворку, Грэта Адам, прыгожая й маладая, крыкнула на ўвесь голас па-нямецку: «Фрау Ларыса, мы сюды яшчэ вернемся, вернемся абавязкова!» Я ёй пацьвердзіла гэта. Перад ад’ездам з тае вязьніцы, здаецца, гэта быў Шапрон, нас збольшага шманалі, гэта знача абысквалі нас і нашыя рэчы. I вось прыйшла чарга на мяне. Мае загінуўшыя й зноў аднойдзеныя чамаданы былі напханыя рознымі рэчамі, якія ласкава мне з нашай кватэры прынесьлі пані Копэцкая й пан Кржываноска, якім мы аддалі ключы ад нашай кватэры. Было там даволі й рознай непатрэбнасьці, але сярод усяго была харошая, новая, падараваная мне адной чэшкай Біблія. Была яна на тоненькай паперы, выданая недзе ў Амэрыцы. Яна, як і Евангельле на беларускай мове, якое мне муж купіў на маю просьбу адразу пасьля нашага вясельля, былі маімі настольнымі кніжкамі. Прынесьлі мне тую Біблію яшчэ ў вязьніцу ў Вімпэрку, і я, залезшы на шырачэзны падаконьнік закратаванага вакенца замкавай вежы й паглядаючы на лес, чытала праз сьлёзы тую Біблію і ўсё думала, ці ня выскачаць на сваіх «джыпах» з таго лесу мілыя амэрыканцы й ці не разьнясуць гэтую нечалавечую шарашку на чатыры вятры. Але не ў галаве было тым мілым амэрыканцам нашае гора, і заставаліся нам толькі Біблія й пакутны, чалавечы шлях Хрыста.