Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Споведзь

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

Я ў брыгадзе, ходзім за зону на «овощехран», перабіраем бульбу, прымерзла. Тут даюць бульбу й для нас, а ў Інце для нас сыпалі яе ў роў і прыкрывалі сьнегам. Варылі нам яе мерзлую, сьмярдзячую. Нас пасылалі яе абіраць, і калі разьмярзалася, яна была як порхаўкі. Так сапсаваць, сьвіньні ня елі б, ну, мы яе елі… Пад весну яна гніла, чарнела, і мы ўсё ж яе елі. Тут нам варылі добрую. У засеку напісана, што бульба з Беларусі. Гарыць печачка, дзяўчаткі пякуць па бульбачцы… Кажу: «Як вам смакуе бульба з мае зямлі?» Яны частуюць мяне, а канвой пытаецца, скуль я. Я-то не хачу з ім гаварыць, пытаецца зноў. Кажу, што з Беларусі. Ён усё болей, болей пытаецца, аж дайшлі да Гудзевіч, і ён паправіў мяне, што фэст там на Зельну, а на Пятра ў Воўпе. Знайшлі сваякоў яго ў нашым сяле, і ён сам з Машталераў. Кажа, што такога блізкага чалавека яшчэ на поўначы не сустрэў і, быццам перапрашаючы мяне, гаворыць, што й роднага бацьку мусяў бы канваіраваць, каб яму загадалі. Паглядаю на яго з жалем, але цешуся, што і ў ім яшчэ тлее іскра чалавечай беларускай народнай культуры, і жаль, і ўстыд яму, што сабакаю стаіць над сваімі…

Яшчэ ў адной штрафной зоне пазьней паклікаў мяне канваір да вышкі й сказаў, што гэтая малая зона — нашая праверка, каго пусьцяць, каго навечна засадзяць, што ён

знае — хто я, і хоча, каб я была хітрай. Гэта быў малады літовец. Калі мяне адвозілі ў Абезь, тое самае казала мне Марыя-беларуска, яна была блізка ля начальства, радзіла хоць крыху пісаць, іначай загубяць… Але доўга мне не давялося там папрацаваць. Рана нейк прыслалі па мяне ў КВЧ (Культурно-воспитательная часть), я не пайшла, па мяне зьявіліся зноў, каб я там працавала. Я ні за што не хацела. Перад гэтым я са злосьці пайшла да начальніка, хоць ведала, што ён быў паганы чалавек, і папыталася яго, чаго ад мяне тая вольная сястра хацела? Няўжо яны забралі мяне стуль за рэшту малака бабцы? Што яны сабе думаюць і чаго хочуць? Я была грубай. Ён сказаў мне толькі, што тут тое малако ні пры чым, другая справа… Ну, мне было ясна й толькі прыкра, што Кэтты стукала, што рабіла гэта пані Ніка — ня дзіва… Было жаль Олі й Штэера. Вось і ўчапіліся да мяне, і я мусяла йсьці туды рабіць нейкія цацкі на ёлку ў пасёлак, рыхтаваць касьцюмы для канцэртаў. Працавалі там ужо пані Ядзя, старэнькая нейкая супрацоўніца Пiлсудскага, мілыя латышкі, украінкі. Было цікава. А доктар пераказваў, каб нейк непрыкметна забегла. Было важна, ён вычытаў у газэце, што ААН нешта пастанавіла пазытыўнае для нас, зьняволеных тут чужынцаў, і што нас, напэўна, пусьцяць, ён спадзяваўся. Другі раз ён мяне клікаў, бо рыхтавалі этап, баяўся, каб мяне гдзе не заперлі на канец сьвету. Радзіў ісьці куды хоць санітаркай, бо з больніц ня будуць браць. Я паслухала яго рады, але мяне ня ўзялі санітаркай, лепш, сказалі, сястрой-гаспадыняй. Так я перайшла ў корпус. Этап ехаў у Караганду, адвозілі Олю Мароз і шмат, шмат дарагіх дзяўчат. Ад мяне не адчапіліся тыя з КВЧ, я ім мусяла пісаць частушкі і іншыя рэчы. Хацелі вершаў, але мне было не да іх. Корпус быў велькі, усе паехалі на этап, толькі засталіся хронікі ў нашым корпусе. Усяго абслугі — я й адна санітарка, а колькі людзей! Лекарка нейкая руская, баптыстка, між іншым. Вельмі нам добра з ёю працавалася, але работы было. Адной вады навазіць колькі. Але калі мелася быць нейкая камісія, дык мае хворыя ажывалі, яны спаўзалі з нараў і памагалі мне, хто што мог. I тут было па-сямейнаму й вельмі чыста. Розныя нацыі, розныя людзі й «класы», але адно гора, якое нас аб’яднала. У стацыянары многа хворых са сьледства, то ныркі адбітыя, то бакі, то косьці, то голавы. Ёсьць даволі сымулянтаў, якія маюць пасылкі й так кантуюцца, і мы іх абслугоўваем. У корпусе ўборная, але такія пісяюць у баначку, і сястра-хазяйка, бо санітарка адна, мусяе зьбіраць гэта, выносіць па іх, мыць, тады, калі ляжаць ледзь жывыя манашанькі, у іх васпаленьне лёгкіх найчасьцей, яны паміраюць. Тут іх каля 200 чалавек, у іх свой барак, і жывуць яны па-свояму, моляцца, посьцяць. На раздачы я ім асобна давала ежу, яны нясьлі яе ў свой барак. Мяса, якога яны ня бралі, мне загадалі даваць такім ці іншым брыгадам. Галя-малдаванка вельмі дзівілася, што я ня з імі. Не, я не пайшла да іх, акрамя малітвы трэба ж было яшчэ нешта думаць. Таксама яны білі радыё, як на Інце, зрывалі неймаверныя лозунгі, як: «Доблестный труд — путь к освобождению», так жа старажылі іх, так жа яны мерзьлі па ўборных зімою ў латаных-пералатаных сваіх лахманах з волі. Шэрыя верабейчыкі са стойкасьцю волатаў. Вось цяпер яны ў мяне ляжалі. Прынясуць такі мяшэчак касьцей, і яно ні за што ня ляжа на казённае. Добра, што Маты Марта прыслала падушачку й навалачкі, дык нацягну навалачку сваю й так падману крыху, каб толькі нейк улажыць.

Глядзіць гэта прасьветленымі вачыма ў душу, бачыць мой боль, а можа, і маё махлярства, і маўчыць сьцішана. Не вылечвалі такіх, яны, як сьвечачкі, гасьлі ў мяне на руках. Прыходзілі манашанькі, маліліся над імі, мы выносілі лёганькі трупік у скрынцы, які адсылалі на ўскрыцьце. Усе «па-навучнаму»… Яшчэ ляжала такая старэнькая ў Штэера са мной у адной палаце, быў у яе рак кішок. Кроў давала адна літоўка, у якой былі добрыя пасылкі, але старушка на гэта не згадзілася, бо не хацела сваю праваслаўную кроў мяшаць з літоўскай. Як мы яе ні ўгаворвалі, яна ўсё цьвярдзіла, што хацела б толькі маю кроў. Штэер сьмяяўся, але не згадзіўся, бо надта было ў мяне мала гэмаглабіну.

Тым часам да нас прывезьлі немак з Варкуты. Мелі яны ўжо свае пасылкі, лісты з дому, адзеньне. Іх пасялілі ў асобных бараках, было іх шмат. Леглі яны цяжарам на наш ОЛП. Як іх ні прасілі, яны не’ хацелі нам нічым памагчы, былі няветлівыя, такая «пануючая нацыя». Яны разумелі, што бабкам цяжка цягаць усё на іх, мыць, варыць, карміць і чысьціць, але што ім да зьнясіленых старэнькіх украінак? Яны адчувалі сябе нечым вышэйшым за нас, і на гэта было прыкра глядзець. Сытуацыя была такая, што трэба было нам ратавацца ўзаемна. Дабраты ў гэтых фрау не было, як і ў нашага начальства. Толькі нейкае дзяўчо прыходзіла часам падзяжурыць ноччу ля нашых хворых. Казала, што на Варкуце выпальвала ў печах цэглу. Тым часам прыйшоў раз ліст ад мужа, і там была картка ад мае сястры, гдзе яна пісала, што Юра ў той жа школе, што й Ларыса… Ясьней яснага, я так і абмякла, але мой муж гэтага не прыкмеціў і думаў, што Юра сапраўды вучыцца… Я абмярцьвела, але ня плакала, а толькі думала: як жа, як ратаваць маё дзіця… Ад’яжджалі немкі, прыйшоў разьвітацца Штэер, ён быў узрушаны, і відно было, што харошы ён чалавек. Я яго прасіла нейк даведацца, што з маім сынам, весткі, аднак, ад яго не было. Часта ў гутарцы ён успамінаў мінулае й казаў, што немцы мусяюць рэабілітавацца перад людзкасьцю за тое, што натварылі вайною, што цьвёрда цяпер мусяюць стаць на дарогу гуманнасьці.

А з КВЧ мне не давалі спакою, усё ім трэба было нешта напісаць. У Інце на нейкае пушкінскае сьвята прасілі мяне аб гэтым таксама, але ў насьценнай газэце надрукавалі мой верш бяз прозьвішча. Усё ж прыходзілі жанчыны й дзякавалі за яго, пяро мае пазнавалі. Тут друкавалі мяне й нават давалі тэмы, але яны ў мяне ніколі не атрымоўваліся.

I тут стварылася ў нас свая сямейка. Былі Оля Стаўбцова, добрая вельмі дзяўчына з Капыля, Люся Краснадубская, мілае дзяўчо, Лёдзя Кавальчык, якая закончвала срок, і трэба было аб ёй думаць, і інш. Ладзілі мы разам куцьцю нашу й зноў мой дзень нарадзінаў. У мяне было з Інты крыху грошай, хоць на цукеркі для іх. Ледзю я завочна

пазнаёміла з Кастусём Шышэям, ён і ажаніўся з бю. А пакуль да гэтага дайшло, яна працавала электрыкам у Абезі, як вольная. Была маладзенькай, прыгожай, сядзела за арганізацыю «Чайка», пасадзілі малую ў 16 год. I так дзяжурачы ў Абезі як электрык, апаясвала сваю канурку дротам з высокім напружаньнем, каб ніхто ня сьмеў да яе прыблізіцца, бо аматараў танных пачуцьцяў хапала. Так дачакалася яна сваяго Кастуся, якога яшчэ перавыхоўвала на свой лад, як казалі. Людзкае дзяўчо! Наймілейшай была сустрэча й дружба там з Маты Іосіфай Вітэр, супрацоўніцай мітрапаліта Шаптыцкага, — таксама як Маты Марта — ігуменьняй. Была гэта такая цікавая жанчына, такая шматгранная ў сваіх зацікаўленьнях, што мне стала лягчэй жыць. Іх прывезьлі з Нарыльску, гэта былі катаржанкі. Маты Іосіфа мела тубэркулёз — у час сьледства яна сядзела тры месяцы па калені ў вадзе. Яна, напэўна, ужо сама аб сабе не пісала, а было што. Мой муж казаў, што такой прыгожай і разумнай жанчыны ў жыцьці ня бачыў, не сустракаў. Але я тут крыху памылілася, Маты Іосіфу я сустрэла не ў Абезі, а ў Мардоўскай АССР, годам пазьней, тут былі іншыя сёстры-ўкраінкі — прачысты ідэйны народ.

Аднойчы прысьніліся мне зноў усе свае. Мама выцягнула па мяне рукі, але да яе бегла чорнае жарабя з тварыкам мае наймалодшай сястронкі Люсі, і Люсеньку мама прытуліла й забрала з сабою… Я атрымала праз Маты Марту ліста з Польшчы ад сястры Ніны, гдзе яна пісала аб сьмерці Люсі. 22 мая 1952 года яе знайшлі нежывую са сьлядамі крыві, атручаную газам. Ніхто ня ведае, як гэта сталася, але кожны ведае, што гэта была збродня [128] . Я мучылася, як жывёла, на гэты раз голасна ня плакала, выношвала плян. Люся была прыгожай і здольнай, працавала. Нарадзілася яна, калі мы ўжо пападрасталі, мне было 15 год. Мы крыху злаваліся, што ў мамы малое дзецятко, нейк устыдаліся, тупыя, неразумныя стварэньні… А дзецятко расло, былі вельмі пышныя хрысьціны, зьехаўся ў Жлобаўцы ўвесь наш род. Было гэта на Вялікдзень. Калі я прыехала на канікулы са школы, дык дзіцятка ляжала ціхенька, яно ніколі ня плакала. Мама ўсе ў гаспадарчых справах, а дзіця глядзелі, як сабе хацелі, служанкі. Раз нейк завалілі яе падушкамі й ледзь не задушылася малое. Я вельмі палюбіла тады яе. Перад яе нараджэньнем памёр мой маленькі брацік Юрачка, меў цудоўныя сінія вочы. Пэніцыліну тады не было, а ў яго было васпаленьне лёгкіх, і я сама апранала яго, убірала ў кветкі. Не магла мама. Я яго й да доктара вазіла, сама дзіця яшчэ, бо я ўсё магла. I вось Люсенька, Пуца, як мы яе называлі, такая яна незвычайна добрая, ласкавая й цікавая для мяне, як сама наша зямля, як паэма. Мне несказана цяжка было ў школе без яе й бяз мамы, наагул бяз Жлобаўцаў. Там кожны кусьцік размаўляў са мною. А дзіця расло, разумнела, ад мяне яно не адыходзіла. Паставілі новы дом і нам з ёю далі асобны пакойчык — найстарэйшай і наймалодшай. Мы не разлучаліся. Я ўсё шыла для яе, усё ёй маленькай аддавала. А калі ёй было шэсьць гадоў, дык абняла яна мяне за шыю аднойчы й прашаптала: «Ларачка, а я буду цябе называць мамаю, толькі паціху, бо мамачцы балела б сэрца, каб гэта ведала». Але мама ведала гэта, канаючы ў Казахстане, яна сказала аб гэтым Люсеньцы й аддала яе мне пад апеку. Я бачыла Люсю на гары Сьнежцы, што між Польшчай і Чэхамі. Мы там сустрэліся як турысты, гаварыць не маглі. Мы яе хацелі забраць у Чэхаславаччыну, гэта было ў 1947 годзе, але другая сястра Ніна не дала мне яе, баялася, што палякі яе пасадзяць, а чэхі так хацелі мне памагчы. Яны дазволілі мне пасылку ў Польшчу, і я гэтых абарваных з высылкі няшчасных хораша адзела. Мае знаёмыя ў Польшчы далі ім кватэру, працу, дапамогу, і вось нас арыштавалі, вывезьлі ў лагеры на канец сьвету, дурных сёстраў маіх спаілі, купілі, здаецца, тыя, якія спойваюць і купляюць дурных. Яны забыліся аб маёй дапамозе, аб сваім цярпеньні, аб сьмерці бацькоў і братоў, аб нашых мучэньнях і думалі толькі й толькі аб сабе самых і аб тым, аб чым ім загадалі. Яны ведаюць, што было з Люсею, заціраюць сьляды. I вось маё дзіця ў вязьніцы, мая сястронка ў зямлі — колькі ж можна й гдзе мне падзецца з такім горам нечалавечым? Я й так ледзь перажыла сьмерць бацькоў і братоў, аб чым даведалася ў адзін дзень, а пасьля разьбілі, зьняволілі нашую сям’ю, а цяпер яшчэ гэта… Божа мой, калі ж канец…

128

Збродня (дыял.) — злачынства.

А мяне зноў цягаюць. На гэты раз зноў нейкі яўрэй, нейкі важны начальнік, відно. Угаворвае падобраму напісаць памілаваньне ці жалабу, каб нарэшце пусьцілі мяне. «Сколько можно порядочным людям сидеть?» — крычыць мне, што пусьцяць нас у Чэхаславакію ці сюды, толькі каб я напісала, ён хоча ведаць, што ўгаварыў мяне. Не, не і яшчэ раз не! Я ні за што сядзела, і няхай у мяне просяць, каб даравала! Плачу і ўцякаю. Праз увесь лагер няма ў мяне просьбаў да іх! Мяне ня мелі права судзіць, і яны гэта ведаюць і няхай дадуць мяне туды, скуль узялі! Што тут робіцца, чаго яны хочуць? Шкадаваць яны нікога не шкадуюць, і гэта я ведаю, яны хочуць мяне абмануць, знача, хочуць мяне тут пакінуць, выпусьціць на маю просьбу, ага, так яно выглядае… Трэба рабіць так, каб адвезьлі ў Эўропу, там сын, людзі болей чалавечыя й няма Комі. Ах, якія ж шчасьлівыя немкі і ўсе, каму ўдалося вырвацца згэтуль. Сталіна няма, але яны тут родзяцца, як грыбы, і хто ведае, ці зноў з якога духоўнага семінарыста ня вылупіцца падобны чорт? Не, не, толькі ўпарта старацца, каб як далей згэтуль! Мы, беларусы, сэнтымэнтальныя скрыпкі, раскісаем без Радзімы й ляцімо да яе на загубу. Нас можна так вылушчыць да апошняга, ап’яненых любоўю да сёлаў! Трэба жыць розумам, а сьвятасьць пачуцьцяў захаваць аж на дно душы. Тут галоўнае быць і застацца чалавекам, пасьля ўжо быць сацыялістам, пралетарам ці кім хто хоча, але чалавекам трэба быць перад усім, а тут нельга!

Раны ў душы пякуць, як агонь, муж не загіне, ён піша, што цяпер працуе лекарам і гэта жыць можна, але вось сын мой у горы, малы мой сын… «Мама, я піў гарэлку, я быў як нелюдзь, — скажа ён мне пасьля, — іначай яны мяне ня выпусьцілі б…» Так, яны выпускаюць толькі, калі заб’юць у людзей сумленьне, а заграніцу — дык толькі запэўненых сваіх стукачоў, усе зьнекуль ведаю, але ведаю гэта напэўна. Перахітрыць ворага й ня быць у яго крывавых руках прыладзьдзем да яго спраў. Мяне яны ўжо не абмануць, а вось як мой муж? Гэта непакоіць мяне, і я ўжо хацела б забыцца аб ім, бо чую з яго лістоў, што мы розныя людзі. Ён піша аб Варкуце, аб сустрэчы, аб шчасьці тут, на Поўначы… Якое, чалавек, шчасьце, калі ўсё тут на абмане, на трупах і патрэбная барацьба!

Поделиться:
Популярные книги

Де Виан Рейн. Хозяйка Инс-Айдена

Арниева Юлия
2. Делия де Виан Рейн
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Де Виан Рейн. Хозяйка Инс-Айдена

Звездная Кровь. Изгой

Елисеев Алексей Станиславович
1. Звездная Кровь. Изгой
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Звездная Кровь. Изгой

Измена. Тайный наследник

Лаврова Алиса
1. Тайный наследник
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Измена. Тайный наследник

Черный Маг Императора 9

Герда Александр
9. Черный маг императора
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 9

Бестужев. Служба Государевой Безопасности

Измайлов Сергей
1. Граф Бестужев
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Бестужев. Служба Государевой Безопасности

В погоне за женой, или Как укротить попаданку

Орлова Алёна
Фантастика:
фэнтези
6.62
рейтинг книги
В погоне за женой, или Как укротить попаданку

Кодекс Крови. Книга VIII

Борзых М.
8. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга VIII

Связанные Долгом

Рейли Кора
2. Рожденные в крови
Любовные романы:
современные любовные романы
остросюжетные любовные романы
эро литература
4.60
рейтинг книги
Связанные Долгом

Наследник в Зеркальной Маске

Тарс Элиан
8. Десять Принцев Российской Империи
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Наследник в Зеркальной Маске

Матабар IV

Клеванский Кирилл Сергеевич
4. Матабар
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Матабар IV

Кротовский, сколько можно?

Парсиев Дмитрий
5. РОС: Изнанка Империи
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Кротовский, сколько можно?

Бестужев. Служба Государевой Безопасности. Книга третья

Измайлов Сергей
3. Граф Бестужев
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Бестужев. Служба Государевой Безопасности. Книга третья

Прорвемся, опера! Книга 2

Киров Никита
2. Опер
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Прорвемся, опера! Книга 2

Этот мир не выдержит меня. Том 5

Майнер Максим
5. Долгая дорога в Академию
Фантастика:
попаданцы
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Этот мир не выдержит меня. Том 5