Страчаная спадчына
Шрифт:
Клецак
Цэнтрам абароны сярэдневяковага Клецка быў дзядзінец летапіснага горада Клечаска (1128), які мясціўся на прыродным узвышшы левага берага р. Лані. Плошча замчышча ў плане мае абрыс круга дыяметрам 80 м. Яна абкружана валам вышынёй 1,3–1,5 м. Прарэзка вала, праведзеная восенню 1981 г. аўтарам, паказала, што асноўны насып вала ўзвялі ў ХІ ст. з пяску і жвіру і ў далейшым падсыпалі не менш за пяць разоў. Аднак ядро сярэдневяковых умацаванняў замка складаў насып старажытнага вала шырынёй у аснове да 8 м і вышынёй 2,5–3,0 м. Пляцоўка замчышча ўзвышалася над далінаю р. Лані на 8-10 м. Яна аддзялялася ад астатняга плато абарончым ровам, які
З XVІІ ст. Клецак знаходзіўся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага і быў часткай велікакняжацкага дамена. Ён часта перадаваўся ва ўтрыманне розных асоб. З 1456 па 1523 г. ім валодаў збеглы з Масковіі князь Іван Васілевіч Яраславіч, праўнук Уладзіміра Андрэевіча Серпухаўскага, а затым яго сын Фёдар Іванавіч Яраславіч. З 1523 па 1558 г. ён быў у валоданні вялікай княгіні Боны, ад якой 20 траўня 1558 г. горад перайшоў да Радзівілаў. Яны валодалі Клецкам да канца XVІІІ ст.
У 1503 г. горад узялі крымскія татары, якія «жегше город Клецак». Верагодна, гэта ж паўтарылася ў 1506 г., калі татары «пришедши до Клецка, стали там кошем». Вядома, што тады іх ушчэнт разбілі ў раёне Краснага Става літоўскія палкі, якія вызвалілі 40 тысяч палонных мірных жыхароў.
Як і большасць прыватнаўладальніцкіх гарадоў Радзівілаў, Клецак быў умацаваным горадам. Ён меў не толькі замак, але і лінію гарадскіх умацаванняў, якія ахоплівалі тэрыторыю старажытнага навакольнага горада. І замак, і горад абараняліся земляным валам, умацаваннямі. На гравюры Т. Макоўскага, якая падае выяву Клецка канца XVІ ст., добра відаць дзве чатырох'ярусныя драўляныя вежы з байніцамі, сцены-гародні, зверху накрытыя стрэшкамі. Горад меў сваю артылерыю. Ад гарадскіх умацаванняў таго часу захаваліся рэшткі вала, рова, якія значна знівеліраваны гарадской забудовай у раёне сучаснай вул. Школьнай. Вал дасягае вышыні 1–1,5 м, роў — глыбіні да 3,3 м.
Аднак у апошняй чвэрці XVІ ст. горад значна вырас і выйшаў за межы гарадскіх умацаванняў у паўночна-ўсходнім кірунку. З'явіўся Новы рынак.
Ён упамінаецца ў інвентары 1575 г. Гэта значыць што цэнтр гарадскога жыцця змяніў сваё месца. Да новага цэнтра працягнуліся новыя вуліцы Адна з іх у інвентары называецца як «улица от Нового рынка». Ва ўсякім выпадку ў час паўстання С. Налівайкі ў 1595 г. пад абарону ўмацаванняў Клецка збягалася шляхта Навагародскага ваявододства. Інвентар Клецка 1626 г. дае звесткі пра Высокі і Дольны замкі. У Высокі замак можна было трапіць па мосце, тады ўжо вельмі старым, праз старую браму. Вакол замка ішлі драўляныя сцены, на двары размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы і цэйхгаўз. У Дольным замку было 10 веж і дзве брамы. Адну з іх называлі Доўгая. Згадваецца таксама студня, з якой ваду падымалі вядром на ланцугу.
Аднак Верхнім і Дольным замкам сістэма ўмацаванняў Клецка не абмяжоўвалася. Інвентар 1628 г. сведчыць, што і прыгарады ўжо мелі сваю лінію фартыфікацыі. Як гэта было прынята ў Беларусі, гарадскія абарончыя ўмацаванні ў Клецку дзяліліся на часткі — «кватэры» паміж мяшчанамі, былі замацаваныя за імі, імі ж рамантаваліся і даглядаліся. Згодна інвентару 1628 г., «мяшчане-хрысціяне і падданыя юрыдыкі ксяндза-плябана 2 часткі паркану і таксама 2 брамы выставіць і забудаваць павінны былі», а яўрэі горада абавязаны былі выставіць і ў далейшым папраўляць сваю частку паркана і паставіць дзве брамы. Замкавыя ўмацаванні ўзводзіла толькі воласць: «А каля самога замка паркан выставіць воласць павінна водлуг інвентара генеральнага Клецкага княства — кожная вёска сваю порцыю забудуе». Ваенна-будаўнічую талаку прадпісвалася праводзіць да жніва. Лічылася, што з кожнага дыму ўсе мужчыны павінны былі адпрацаваць па чатыры дні кожны. Выключэнне рабілася для некаторых «лібертаваных яўрэяў», а таксама «ўбогіх» мяшчан. Замест чатырох дзён адпрацоўкі з «убогіх» мяшчан бралі па 16 грошаў, з «лібертаваных
Усё мужчынскае насельніцтва Клецка было ваеннаабавязаным, аб'ядноўвалася ў дзесяткі і сотні пры абароне горада ў ваенны час. Аднак невялікі горад меў нязначнае апалчэнне, якое не магло супрацьстаяць рэгулярнаму войску з прафесійных салдат. Вайна 1554–1667 гг. даказвала гэта не раз, у тым ліку і на прыкладзе Клецка. У канцы жніўня 1654 г. у перыяд ваенных дзеянняў у Цэнтральнай Беларусі царскія войскі вялі наступленне на Цімкавічы-Клецак. Пра ход падзей ваявода А. Н. Трубяцкі даносіў цару: «Посылал я, холоп твой Алешка, к гораду Клецку стольника Григория Михайлова сына Измайлова, а с ним свойго полку с товарищем своих полков голов с сотнями и рейтарские роты. И как, государь, они… пришли к городу Клецку, из Клецка, государь, городские люди против твоих государевых ратных людей вышли на вылоску за посад. И милостью Божьею… твои государевы ратные люди тех клецких сидельцев многих побили и в город Клецк въехали, и клецкие, государь, шляхта и мещане из города из посаду побежали за пруд через мост к городу к Ляховичам, и твои государевы люди в Клецку, в городе и на посаде литовских людей побили всех, а которые побежали через мост и за теми литовскими людьми государевы ратные люди гоняли больше 5 верст и в языцех поймали, а взято… на том бою в языцех шляхты и мещан 42 человека». Горад быў спалены, а «… людзей… высекли и совсем разорили без остатку».
Цяжкі ўдар, нанесены гораду вайною, адчуваўся па працягу многіх пасляваенных гадоў. Пра ўмацаванні горада інвентар 1671 і. нават не ўспамінае. Знік Дольны замак. У верхнім замку мелася толькі ўязная брама з пад'ёмным мостам перад ёй і агароджа з плах. Большую частку замкавага двара займаў агарод. Там жа стаяў цэйхгаўз, у якім знаходзіліся чатыры малыя бронзавыя і дзве жалезныя гарматы, 70 гакаўніц, 20 ручніц, запас жалезных, каменных ядраў і ядраў з волава лікам 59,5 коп, шрот з волава для гакаўніц, два штурмакі, іншая ваенная амуніцыя.
Не акрыяўшы яшчэ ад разрушэнняў вайны 1554–1667 гг., Клецак зноў быў знішчаны ўшчэнт новай Паўночнай вайной, калі шведы цалкам яго знішчылі ў 1706 г. Інвентары горада 1713, 1714, 1760 і 1782 гг. называюць толькі «вялікі акоп з ровам». На тым месцы, дзе раней быў замак, за нізкім штыкетам стаяў дом клецкага адміністратара. У інвентарах яшчэ згадваюцца абавязкі гараджан на выпадак пажару: мець кадку з вадою, драбіну на даху, жалезныя крукі і пажарныя помны. Умацаванні замка і горада з 1706 г. больш не ўзнаўляліся.
Койданава
Мястэчка Койданава ў сярэднія вякі належала Радзівілам. Цяпер на яго месцы стаіць горад, які называецца Дзяржынскам.
Гэтае паселішча існавала ўжо ў ХІ-ХІІІ стст. Пэўныя, часам легендарныя звесткі дазваляюць зрабіць вывад, што менавіта ў гэтым месцы альбо каля яго ў 1249 ці 1272 гг. разбілі татарскага хана Балаклая. Па іншых звестках, гэтае паселішча раней мела назву Крутагор'е, а пасля таго як у яго ваколіцах разбілі загон татараў, якіх вёў хан Кайдан (Койдан), узнікла новая назва паселішча — Койданава.
Рэшткі гарадзішча, дзе знойдзены матэрыялы культуры штрыхаванай керамікі, а таксама ХІ-ХІІІ і ХІV-XVІІ стст., знаходзяцца на паўночнай ускраіне сучаснага Дзяржынска. Яно носіць назву Кругагор'е (Акопішча, Гаштольдава гара), размешчана на правым беразе невялікай р. Няцечы. Гарадзішча мае круглявую форму памерам 80 х 60 м.
З ХІV ст. Койданава ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага і лічылася валоданнем вялікага князя, якое давалася розным асобам ва ўтрыманне. Каля 1445 г. вялікі князь Казімір даў яго Міхаілу Жыгімонтавічу. У 1483 г. яно знаходзілася ў валоданні князя В. М. Вярэйскага, з 1505 г. — князёў Гаштольдаў. З 1539 г. Койданава — цэнтр гаспадарскага староства, з 1550 па 1831 г. — цэнтр Радзівілаўскага графства.