Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
Ад стомленасці пазяхае ён на шлях свой, на зямлю, на мэту і на сябе: і лепей пакутуе, а ні кроку не хоча ступіць далей, упарціцца:
— пакутаваць за пядзю ад сваёй мэты! Сапраўды, яшчэ давядзецца за валасы цягнуць яго на нябёсы, — такога героя!
Але лепш пакіньце яго там, дзе ён ляжыць, каб сышоў да яго суцешнік-сон з асвяжальным пошумам дажджу.
Хай ляжыць, пакуль сам не прачнецца, пакуль сам не адмовіцца ад усялякае стомы і ад усяго, што стома вяшчала ягонымі вуснамі!
Толькі, братове мае, адганіце ад яго сабак, гэтых умлелых лізуноў, увесь
— увесь гэты гамуз «адукаванай» набрыдзі, што раз'ядаецца на поце герояў!
Я замыкаю сябе ў кола і святыя граніцы; чым вышэй горы, на якія я ўзыходжу, тым меней людзей падымаецца са мною: з сама свяшчэнных гор я будую горны хрыбет.
Куды б вы ні падымаліся разам са мною, братове мае, глядзіце, каб не падымаўся разам з вамі які-небудзь захрыбетнік.
Захрыбетнік: гэта чарвяк, паўзун, плазун, які шукае ранаў і патайных хворых закуткаў вашага сэрца, каб тлусцець, раз'ядаючыся на іх.
І ў тым уся штука ягоная, што ён адгадвае стомленасць у душах, якія ўзыходзяць: у вашай тузе і бяссіллі, у вашай пяшчотнай ветлівасці, сарамяжлівасці ладзіць ён сваё мярзотнае логвішча.
Дзе дужы бывае слабы, дзе высакародны — надта лагодны, там і ладзіць ён сваё мярзотнае логвішча: захрыбетнік жыве там, дзе ў вялікага сэрца ў рубцах дробных ран.
Што ёсць найвышэйшы род сутнага і што ёсць найнікчэмнейшы? Захрыбетнік — гэта сама найнікчэмнейшы, але той, хто вялікі, корміць болей за ўсё захрыбетнікаў.
Бо калі доўгая тая лесвіца, па якой душа можа ўзыходзіць угору і спускацца ў найглыбейшыя бездані, як не абсесці яе мноству захрыбетнікаў?
— бо калі душа шырокая і можа бегаць, блукаць і лунаць у сабе самой; калі гэта душа таго, хто патрэбен, душа, якая палка кідаецца ва ўсё Выпадковае;
— душа сутная, якая апускаецца ў станаўленне; душа, якая валодае, якая прагне волі і палкіх парыванняў;
— душа, якая ўцякае ад сябе самой і зноў сябе даганяе, апісваючы шырокія кругі; душа мудрая, якую так соладка ўмаўляе неразумнасць;
— душа, якая сама сябе любіць, у якой усе рэчы набываюць імкненне і супрацьборства, прыліў і адліў свой: — о, як ёй не мець, найвышэйшай душы, найгоршага захрыбетніка?
О братове мае, няўжо я жорсткі? Але я кажу так: што падае, — папхні!
Усё цяперашняе — яно падае і распадаецца: хто яго ўтрымае! А я хачу яшчэ і папхнуць!
Ці зведалі вы асалоду — скочваць камяні ў прорву са спадзістых скалаў? Глядзіце, як коцяцца людзі з цяпершчыны ў мае глыбіні!
Я — уверцюра да ігры найлепшага музыкі, братове мае! Я — прыклад! Рабіце ж на мой прыклад!
І тых, каго не вучыце лётаць, вучыце хутчэй падаць!
Я
І часта адвагі бывае болей у тым, каб утрымацца і прайсці міма: і захаваць сябе на больш вартага ворага!
Хай будуць ворагамі вам толькі тыя, хто варты нянавісці, а не пагарды: вы павінны ганарыцца сваімі ворагамі: так я калісьці вучыў вас.
На больш вартага ворага вы павінны захаваць сябе, братове мае: таму многіх вы павінны абмінуць на дарозе сваёй,
— асабліва ж безлічны зброд, што гарлае вам у вушы пра народ і народы.
Захавайце ж чыстым сваё вока ад іхніх «за» і «супраць»! Многа там правільнага, а многа і няправільнага: і напоўніцца гневам той, хто аддасць ім увагу сваю.
Углядацца ў іх, рубаць іх — гэта адно і тое самае; лепей ідзіце ў лясы і ўкладзіце мячы вашыя ў похвы!
Ідзіце сваімі дарогамі! А народу і народам дайце — хай ідуць сваімі! Сапраўды, цёмныя дарогі іхнія, не азораныя аніводнай надзеяй!
Хай гандляр пануе там, дзе ўсё, што блішчыць яшчэ, — гэта толькі яго золата! Час каралёў мінуўся: што сёння завецца народам, не заслугоўвае каралёў.
Бачыце ж, як народ пачаў пераймаць гандляроў: здабывае любую выгоду з усякага смецця!
Яны падглядваюць адно аднаго, яны пераймаюць адно аднаго — і гэта ў іх называецца «добрым суседствам». О шчасныя, далёкія часіны, калі народ казаў сабе: «Я хачу быць над народамі!»
Бо, братове мае: лепшае павінна панаваць, лепшае хоча панаваць! А дзе вучэнне кажа інакш, там не хапае лепшых.
Пра што б яны крычалі, калі б хлеб свой елі дарам? Падтрыманне жыцця ў целе — вось адзінае, што падтрымлівае іх існаванне і дае змест яму; і хай нялёгка ім гэта даецца.
Яны — драпежныя звяры: у іх «працы» жыве драпежная прага спажывы, і калі яны кажуць: «зарабіць», мне чуецца «абхітрыць»! І хай нялёгка даецца ім гэта!
Больш драпежнымі павінны стаць яны, хітрэйшымі, разумнейшымі і быць больш падобнымі да чалавека, бо ён — сама драпежны звер.
Ва ўсіх звяроў чалавек адабраў іх цноты: таму ўсё і даецца яму цяжэй, чым звярам.
Пакуль што толькі птушкі вышэй за яго. Калі ж ён навучыцца лётаць — бяда! Куды толькі не заляціць драпежнасць ягоная!
Такімі я хачу бачыць мужчыну і жанчыну: яго — здатным да вайны, яе — раджаць дзяцей, але каб яны маглі танцаваць — і нагамі, і галавой.
Хай будзе прапашчы той дзень, калі мы хоць раз не танцуем! Хай назавецца ў нас хлуснёю любая ісціна, якая без радаснага смеху!