Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
Такія садзяцца за стол і не прыносяць з сабою нічога, нават здаровага голаду; і вось паклёп узводзяць яны: «Усё — марнасць!»
Але смачна есці і піць, о братове мае, гэта, сапраўды, не марнае мастацтва! Разбіце, разбіце скрыжалі тых, хто ніколі не радуецца!
«Чыстаму — усё чыста» — так кажа народ. А я кажу вам: «Свінням — усё свінства!»
Фанатыкі і дэвоты з паніклымі сэрцамі прапаведуюць: «Увесь гэты свет — брудная пачварына».
Бо
Такім я кажу проста ў твар, і хай гэта не мілагучна: свет тым падобны да чалавека, што ў яго ёсць зад — аж настолькі гэта праўда!
У свеце многа бруду: аж настолькі гэта праўда! Але ад гэтага свет — яшчэ не брудная пачварына!
Мудрасць у тым, што многае ў свеце дрэнна пахне: бо сама агіда дае крылы і сілу, якая ўгадвае чыстыя крыніцы!
І ў найлепшым ёсць нешта агіднае; нават найлепшае — гэта тое, што мае быць пераадолена!
О братове мае, шмат мудрасці ў тым, што ў свеце ёсць бруд!
Я чуў, як звярталіся да свайго сумлення пабожныя шукальнікі іншага свету, і праўда, без злосці і фальшу яны гаварылі, хоць на зямлі няма нічога больш злоснага і фальшывага.
«Хай свет будзе такі, які ён ёсць! І мезенцам не паківай на яго!»
«Не супраціўляйся таму, хто хоча душыць і паліць, катаваць і лупіць скуру: і мезенцам не паківай на яго! Бо так, пакутуючы, вучацца людзі адмаўляцца ад свету».
«А свой розум ты павінен задушыць сам; бо твой розум — ад гэтага свету: так навучышся ты адмаўляцца ад яго».
Разбіце, разбіце ж, о братове мае, гэтыя старыя скрыжалі пабожнасці! Разбурце выслоўі паклёпнікаў на свет!
«Хто многа вучыцца, той адвучваецца ад усякіх моцных жаданняў» — так шэпчуцца сёння на ўсіх цёмных вуліцах.
«Мудрасць стамляе, нішто не акупляецца; ты не павінен нічога жадаць!» — гэтую новую скрыжаль я знайшоў павешаную нават на кірмашах.
Разбіце мне, о братове мае, разбіце мне і гэтую новую скрыжаль! Стомленыя ад свету, прапаведнікі смерці і турэмшчыкі павесілі яе: ведайце, што іхняя пропаведзь — гэта пропаведзь рабства!
Бо кепска вучыліся яны, і нават не найлепшаму вучыліся, і ўсяму занадта рана, і ўсяму занадта спехам: бо дрэнна елі яны, і гэта сапсавала ім страўнік;
— сапсаваны страўнік — вось гэта і ёсць іхні дух; гэта ён і наводзіць на думку пра смерць! Сапраўды, братове мае, дух ёсць страўнік!
Жыццё — гэта крыніца радасці: але ў кім гаворыць сапсаваны страўнік, той бацька смутку, таму ўсе крыніцы затручаныя.
Спазнаваць —
Так бывае са слабымі: яны губляюцца на сваіх шляхах. І, нарэшце, іхняя стома пытаецца: навошта ішлі мы тымі шляхамі? Усюды адно і тое самае!»
Прыемна ім слухаць пропаведзь: «Нічога не акупляецца! Вы не павінны нічога хацець!» Але гэта — пропаведзь рабства.
О братове мае, павевам свежага ветру ідзе Заратустра да ўсіх, хто стаміўся ў дарозе сваёй; шмат насоў ён яшчэ прымусіць чмыхаць!
Навошта праз сцены праходзіць маё свабоднае дыханне, у турмы, у запалонены розум праходзіць яно!
«Хацець» — вызваляе, бо хоча азначаць — «ствараць», — так вучу я. Толькі дзеля стваральнасці вы павінны вучыцца!
Але каб вучыцца, вы павінны спярша навучыцца ў мяне, і навучыцца добра! Хто мае вушы, хай чуе!
Вось стаіць човен — ён гатовы плысці туды, магчыма, у вялікае Нічога. Але хто захоча ўступіць у гэтае «магчыма»?
Ніхто з вас не хоча ўступіць у Човен Смерці! Як жа так, вы ж стаміліся ад свету?
Стомленыя ад свету! Не, вы яшчэ не адкінулі нават зямлю! Я бачу, што вы ўсё яшчэ юрыце да зямлі і закаханыя ў сваю стомленасць ад яе!
Нездарма адвісла ў вас губа — на ёй яшчэ сядзіць маленькае зямное жаданне! А ў вачах у вас хіба не носіцца аблачынка зямной радасці, яшчэ не забытай?
Шмат добрых прыдумак ёсць на зямлі, адны — карысныя, другія — прыемныя; дзеля іх варта любіць зямлю.
А некаторыя прыдумкі такія добрыя, што яны, як жаночыя грудзі, карысныя і разам з тым прыемныя.
А вы, стомленыя ад свету! Вы, нядбальцы зямныя! Даць бы вам дубчыкам! Дубчыкам трэба вярнуць бадзёрасць вашым нагам!
Бо калі вы не хворыя і не аджылыя, ад каго стамілася зямля, дык вы хітрыя абібокі або затоеныя пажадлівыя каты, аматары прысмакаў. І калі не хочаце зноў весела бегаць, дык выпратвайцеся з зямлі!
Няма патрэбы лячыць невылечных: так вучыць Заратустра. Хай выпратваюцца з зямлі!
Але каб паставіць кропку, трэба болей мужнасці, чым на пісанне новых вершаў: гэта ведаюць усе лекары і паэты.
О братове мае, ёсць скрыжалі, створаныя стомленасцю, і ёсць скрыжалі, створаныя гультайствам — гультайскія: кажуць яны адно, а хочуць, каб іх чулі па-рознаму.
Зірніце на гэтага змардаванага! Адна толькі пядзя аддзяляе яго ад мэты, але ў стомленасці сваёй ён упарты і зваліўся ён тут, у пыл, гэты адважнік!