Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Магчыма, гэткіх самоў лавіў у блаславёныя гады юнацтва ўраджэнец Дрысы Аляксандр Пальмбах (1897–1963), цюрколаг і адзін са стваральнікаў тувінскага пісьменства і першай граматыкі тувінскай мовы.
«Лещ, — піша А. Сапуноў — водится во множестве, достигая до 2 футов длины и до 18 фунтов весу». Гэтая рыба добра бралася на ракавую шыйку. (Паспрабуйце сёння здабыць таго рака!) У Дзвіне і ў яе прытоках жыравалі «шараспёры», або «жывасцёры» (жэрахі), што бывалі вагою да 20 фунтаў. Яны любілі паласавацца дробнаю рыбкай, якую, высока падскокваючы ўгору, глушылі сваім пругкім хвастом і пры гэтым так разганяліся, што нярэдка самі апыналіся на беразе. Шчупакі дасягалі
Успамінаю, як напрыканцы 1960-х гадоў у піянерскім летніку пад Ветрынам мы з сябрамі яшчэ рыбалілі такім спосабам. Шчупакі трапляліся не пудовыя, а разоў у сто меншыя, ды ўсё адно гэта было непаўторна: залацісты жвір плыткаводдзя, зялёныя цені рыбінак на дне (яны заўсёды стаялі галавой у бок сонца), сіло з працягнутай паміж пазногцямі травіны, якое заводзіш з галавы пад шчэлепы…
Сапуноў апавядае, як гэтае хлапечае шчасце выглядала ў пазамінулым стагоддзі: «В полуденную летнюю пору, время щучьего сна, мальчики и подростки охотятся за щуками с петлей, которая представляет силок из конских волос на шесте или прочном удилище. Такая петля осторожно надевается на морду щуки и также осторожно доводится до жабер, при подъеме которых во время дыхания она быстро затягивается. В петлю попадает иногда довольно крупная щука, что составляет торжество юного рыболова».
Яшчэ адно дзіва той Дзвіны — ласосі. Каля Полацка яны сустракаліся даволі рэдка, але чым ніжэй па рацэ, тым часцей.
3-пад Рыгі іх прывозілі свежых, марынаваных і вэнджаных у ядлоўцавым дыме. У сярэднявеччы, паводле хронік, ласосяў у дзвінскіх нізавінах было гэтулькі, што, наймаючыся на службу, работнікі ў дамове з гаспадаром адмыслова абумоўлівалі, каб гэтаю рыбай іх болей двух разоў на тыдзень не кармілі.
Вугорычы ў XIX стагоддзі найлепей ловяцца перад Купаллем. Судакі «водятся в Двине в очень достаточном количестве» і дасягаюць шаснаццаці фунтаў, ментузы — дванаццаці, язі — васьмі. Акуні драбнаватыя, усяго фунты па трычатыры. У пераліку дзвінскіх рыбаў разам з печкурамі (па-полацку — курмялямі), верхаводкамі, плоткамі, краснапёркамі і джхірамі сустракаем ліноў, гусцяру, рыбца, сіга, гальца і яльца, стынку (снятка)…
Дазвольце на заканчэнне яшчэ колькі словаў пра рыбарскія прылады. Невады на вялікіх, накшталт Нешчарды, азёрах бывалі, калі верыць Сапунову, даўжынёю з вярсту. Папулярнасцю карысталіся восці — жалезны грабянец з пяццю-сямю вострымі зубамі на доўгім тонкім шосце, — якімі білі ўвесну шчупакоў і наогул буйную рыбу. На пачатку зімы, калі рэкі і азёры зацягваў тонкі празрысты лёд, рыбар даставаў куку — ніштаваты драўляны молат на сажнёвай цавейцы. Яго ўдарамі глушылі рыбу, што ў бязветранае надвор’е збіралася ля берага.
I зноў цытата: «Каждый порядочный полоцкий рыболов непременно имеет один или несколько шнуров, длина которых бывает от 10 до 30 сажней и более. По длине такого шнура, в расстоянии полутора аршин, прикрепляются на короткой привязи крючки. При забросе шнур или перегораживает реку, или растягивается по длине ее». На шнур лавілі і ў Палаце, якая тады мела шырыню ад шасці да дзесяці сажняў і глыбіню чатыры-восем футаў а ў паводку разлівалася месцамі на 350 сажняў (без чвэрці кіламетр), маючы да пятнаццаці футаў углыбкі.
Полацкія рыбакі былі перакананыя, што любое возера мае рыбінага цара. Рыбіна гэта ці нейкае іншае стварэнне — невядома, бо ніхто яго не бачыў. Па волі цара рыба велізарнымі чародамі па рэках або падземнымі воднымі шляхамі пераходзіць з аднаго возера ў другое. Шчасце таму, хто падпільнуе
Як і цяперашнія вудалі, іх прадзеды верылі ў розныя прыкметы. Сетку яны браліся плесці толькі на маладзік. Выправу на рыбалку хавалі нават ад сямейнікаў — іначай нічога не зловіш. Спаткаўшы на дарозе жанчыну, паварочвалі дахаты. Любы самаробны кручок цанілі вышэй за крамны — рыжскі або англійскі. Дзень лічыўся страчаным, калі першым на вуду трапляўся джгір. Сустрэўшыся на беразе з канкурэнтамі, віталіся: «Поўны сеці!» Злы язык мог дадаць: «Жаб ды мышэй», і закіпала сварка, якая почасту канчалася бойкаю і купаннем непрыяцеля.
Вяртаемся з дзвінскіх берагоў у горад.
Ідуць 1860-я гады. Дамоў у Полацку трохі болей за тысячу. Цэнтральныя вуліцы забрукаваныя, увечары на іх загараюцца ліхтары. Ускраіны ўвесну і ўвосень патанаюць у гразі. У 1865 годзе адчыняецца першая гарадская лякарня на сорак ложкаў. Прыкладна столькі месцаў і ў полацкай багадзельні.
Горад, як і раней, пакутуе ад пажараў. Улетку 1862-га згарэла 150 будынкаў. Праз дзевяць гадоў палачанаў напаткала новая бяда. Загарэўся дом недалёка ад вайсковай гімназіі. Хутка гімназічныя карпусы акружала суцэльнае мора агню. Вецер пераносіў праз корпусны пляц вуглі і цэлыя галавешкі. Вартымі жалю выглядалі спробы вёдрамі цягаць ваду з Дзвіны. Каля полымя бездапаможна мітусіліся пажарнікі. Як высветлілася, іх абоз меў усяго дзесяць бочак. Адна толькі кадэцкая гімназія пацярпела на 23 тысячы рублёў.
Выгляд пажарышча і стан некалькіх сотняў пагарэльцаў змусілі гарадскія ўлады падумаць пра пампоўню і водаправод. Фармацэўты Фох і Ляховіч зрабілі дзеля гэтага аналіз дзвінскай вады. Яго вынікі: «…угольнокислые известь и магнезия, фосфорнокислая известь, железо в соединении с хлором, сернокислые известь и магнезия, глина, кремневая кислота в соединении, органические вещества; зловредных металлических примесей не оказалось». Падрыхтоўка да будаўніцтва водаправода разгортвалася такімі тэмпамі, што пачалася вайна з Турцыяй і ў дзяржавы не знайшлося неабходных грошай.
Пра магдэбургскае права палачане даўно забылі. 3 1875 года імі кіравала гарадская дума, якая, кажучы канцылярскай моваю, займалася пытаннямі добраўпарадкавання, народнай адукацыі і аховы здароўя. Думу выбіралі на чатыры гады жыхары, што плацілі гарадскія падаткі. Дэпутаты гэтага «гарсавета» называліся «гласнымі». Ім належала права выбіраць са свайго складу гарадскую ўправу і гарадскога галаву, які быў і думскім старшынёй. За гэтымі органамі ўважліва сачылі губернскае ў гарадскіх справах «присутствие» і губернатар. Ён мог прыпыняць пастановы, якія супярэчылі закону. Росквіт расійскае «дэмакратыі» прывёў да таго, што з 1893 года ў выбарах дазволена было ўдзельнічаць толькі гараджанам з нерухомай маёмасцю не меней чым на тысячу рублёў. Такіх у Полацку набраўся ўсяго адзін працэнт.
У дзейнасці «бацькоў горада», як і ва ўсе часы, хапала злоўжыванняў. У 1913-м з прычыны фальшавання вынікі выбараў у думу двойчы апратэстоўваліся. На пачатку таго стагоддзя залез у гарадскую скарбоўню абраны галавою буйны купец Шпакаў. Гісторыя выплыла на свет, і злодзей развітаўся з утульным крэслам.
Аддадзім царскім уладам належнае: такіх, як Шпакаў яны на іншае цёплае месца звычайна не ўладкоўвалі. На просьбу адстаўнога думскага старшыні пакінуць яго на пасадзе нават без грашовага ўтрымання міністэрства ўнутраных справаў наклала з’едліва-суровую рэзалюцыю: «Проворовавшийся городской голова нам не нужен, даже при согласии служить бесплатно».