Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Таямніцы полацкай гісторыі

Орлов Владимир Алексеевич

Шрифт:

Царскія ўлады планамерна вытоптвалі на нашай зямлі ўсё самабытнае, беларускае. Адразу пасля паўстання 1831 года ў Віцебскай і Магілёўскай губернях было скасаванае дзеянне Статута Вялікага Княства Літоўскага. Цар зацвердзіў пастанову пра перасяленне ў Беларусь «выходцев из внутренних губерний, которые принесут с собою в сей край, чуждающийся России, наш язык, обычай, приверженность русских к престолу». На ўсе дзяржаўныя пасады прызначалі толькі расійскіх чыноўнікаў.

Прыдворны гісторык Устралаў у другім томе сваёй выдадзенай у 1839 годзе «Русской истории» для універсітэтаў выносіў прысуд нашаму старажытнаму пісьменству: «Белорусское наречие, господствовавшее в Литовском княжестве, представляло безобразную смесь слов и оборотов русских, польских и латинских». Асабліва

«безобразной» у вачах царскага «вучонага» была лаціна, на якой некалькі стагоддзяў пісала і гаварыла ўся адукаваная Еўропа. (Каб канчаткова зняць праблему, у 1867-м цар-«вызваліцель» Аляксандр II забароніць ужываць беларускую мову ў друку.)

Літва-Беларусь рэзалюцыяй Мікалая I у 1840 годзе ператварылася ў «Северо-Западный край», які хацелі зрабіць зацішным, узорна-паказальным кутком імперыі. (Грунтуючыся на здзейсненым папярэднікамі, гэтую мару не без поспеху ажыццяўлялі бальшавікі.) Усё мусіла тут трымацца на трох кітах — «самодержавие, православие, народность» (вядома, расійская).

Насуперак гэтаму ў народзе мацнела пачуццё нацыянальнае годнасці. Сярод паўстанцаў 1863-га было ўжо шмат тых, хто ваяваў не за Рэч Паспалітую, а за Беларусь, будучыню якой яны бачылі ў дэмакратычнай дзяржаве, заснаванай на парламенцкім досведзе ЗША, Францыі ды іншых заходніх краінаў. Інсургенты мелі беларускую газету, у іх шэрагах змагаліся беларускія пісьменнікі. Гэта прагучала для ўладаў трывожным сігналам, і нацыянальны прыгнёт пасля задушэння трэцяга вызваленчага паўстання рэзка ўзмацніўся.

Велізарныя заслугі перад царскім тронам належаць тут Міхаілу Мураўёву. Яго імя ўсплывае не толькі ў спалучэнні з мянушкаю «вешальнік». Галоўны начальнік «Северо-Западного края», якога за крывавую дзейнасць на карысць імперыі праз год пасля смерці Каліноўскага цар уганараваў графскім тытулам, быў яшчэ і «будаўніком»: руйнуючы нашае дойлідства, панастаўляў на Полаччыне і па ўсёй Беларусі праваслаўных псеўдавізантыйскіх храмаў, якія народ празваў «мураўёўкамі». «Вешальнік» нястомна клапаціўся і пра асвету беларусаў. Гэта яму належаць сказаныя неўзабаве пасля паўстання Каліноўскага праграмныя словы: «Што на гэтай зямлі не зрабіў рускі штык, даробіць руская школа».

Звяртаючыся да прадстаўнікоў беларускага дваранства, граф настаўляў: «Забудьте наивные мечтания, занимавшие вас доселе, господа, и помните, что если вы не станете здесь по своим мыслям и чувствам русскими, преданными Отечеству, то вы будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край».

Іншаземцамі рабіліся тысячы сумленных і таленавітых сыноў Беларусі. Паўстанец 1831 года паэт прыдзвінскага краю Аляксандр Рыпінскі выдаваў свае беларускія і польскія творы, жывучы ў Парыжы і ў Лондане. У Аўстра-Венгрыі, Нямеччыне, Францыі і Егіпце пісаў вершы наш суайчыннік Граф Суліма з Белай Русі — Вайніслаў Савіч-Заблоцкі (1850–1893), які нярэдка падпісваўся псеўданімам Гаўрыла Полацкі. Яго пяро вывела ўсхваляванае прызнанне: «Дзвіна, Дунай маёй Айчыны, самая дарагая рэчка на свеце, табе я абавязаны рытмам маіх песняў!» А колькі беларусаў марылі вымыць твар дзвінскай вадою, снілі абрысы полацкіх сабораў у начлежках і багадзельнях Старога і Новага Свету?..

Падчас сустрэчы з начальнікам краю Мураўёвым патрыёты «русского дела» з унутраных губерняў імперыі захоплена прызнаваліся, што тут пачуваюць сябе расійцамі болей, чым дома. (Дзіва што, калі апроч безлічы іншых прывілеяў яны атрымлівалі яшчэ і 50-працэнтавую надбаўку «на содержание».) Трэба дадаць, што ва ўсе часы бацыламі вялікадзяржаўнага шавінізму былі заражаныя і расійскія дэмакраты. Някрасаў прысвяціў «вешальніку» оду, дзе ўслаўляў яго такімі словамі:

Бокал заздравный поднимая, Еще раз выпить нам пора, Здоровье миротворца края! Так много ж лет ему. Ура!

У маладосці Міхаіл Мураўёў быў адным з пачынальнікаў руху дзекабрыстаў і стваральнікаў іх статута «Союза благоденствия», аднак потым адрокся ад сяброў і іх

мараў. Ну а як глядзелі на Беларусь першыя расійскія рэвалюцыянеры, што няраз падарожнічалі па ёй, праветрывалі тут «гвардзейскі душок» на пятнаццацімесяцавых манеўрах пасля вядомага паўстання Сямёнаўскага палка? Па полацкіх вуліцах шпацыраваў Міхаіл Лунін, аўтар бліскучага афарызма: «У Расіі два праваднікі: язык да Кіева, а пяро да Шлісельбурга». У Полацку жыў прыяцель Пушкіна пісьменнік Аляксандр Бястужаў-Марлінскі, а ў Віцебску працаваў над праектам сваёй «Канстытуцыі» Мікіта Мураўёў.

Пра дзекабрыстаў напісана ў Беларусі болей, чым, напрыклад, пра паўстанцаў Касцюшкі. Напісана, зразумела, з нязменнай прыхільнасцю. У чытача сама сабою нараджаецца выснова, што слаўныя сыны Расіі — адначасова і нашы героі. Напэўна, яны хацелі беларусам свабоды і, калі б перамаглі… 3 такімі думкамі мы разгортваем «Русскую правду» Паўла Пестэля і даведваемся, што беларусы, аказваецца, не здольныя стварыць сваёй дзяржавы, а таму «должны отказаться от права особой народности». I наогул, на абшарах імперыі ўсе павінны быць рускімі і размаўляць па-руску, на «общепонятном». Назвы іншых народаў Пестэль прапаноўваў проста адмяніць. Полацк атрымоўваў шанц зноў стаць памежным горадам, разарваным паміж дзвюма дзяржавамі, бо землі за Дзвіною дзекабрысты меліся аддаць Польшчы.

Як бачым, народу заставалася разлічваць адно на ўласныя сілы. Яны яшчэ драмалі, але душа беларусаў жыла — у казках і песнях, у звычаях і ў мове, што чакала лепшых часоў.

Няхай наступнай старонкаю правінцыйнага рамана будзе, умоўна кажучы, этнаграфічная.

Эпіграфам да яе маглі б стаць словы пра беларускі нацыянальны характар з выдадзенага ў 1905 годзе IX тома «Полного географического описания нашего отечества»: «Белорус отличается гостеприимством, склонностью к веселию и доверчивостью, хотя ее можно и не сразу снискать. Отсутствие злопамятности в белорусе резко бросается в глаза всякому, кто с ним сталкивается. Вообще он обладает кроткой натурой».

Праўда, я абавязкова зазначыў бы, што «кроток» беларус толькі да той пары, пакуль яму стае цярпення, а потым ворагу лепей трымацца ад яго за рэчкай.

А што да полацкіх людзей — і ў мінулым, і ў нашым стагоддзі, — дык рызыкну дадаць яшчэ колькі штрыхоў. Па-мойму, палачане маюць большую, чым іншыя беларусы, схільнасць да іроніі і гумару, якая дзіўным чынам спалучаецца ў іх з балцкай стрыманасцю. (Каб пераканацца, схадзіце ў нядзелю хоць сабе і на сучасны полацкі рынак. Нядаўна мне давялося пачуць там такую, напрыклад, показку. Двое жлуктаў пытаюцца ў прахожага: «Скажы, шаноўны, вечар цяпер ці раніца?», а той ім: «Не ведаю, браточкі, не тутэйшы».)

Палачане любяць і ўмеюць смачна пад’есці і ўзяць з паважнай прычыны добрую чарку, але пры гэтым не напіваюцца да божае моцы.

Дарэчы, колькі словаў пра напоі — моцныя і не вельмі. Найбольш пашыраным з іх не толькі на Полаччыне, але і на ўсім абшары Беларусі да пачатку XX стагоддзя заставаўся хлебны квас. Продкі мелі да яго адно галоўнае патрабаванне — каб быў такі рэзкі і востры, што драў бы вочы. Найлепшым у Прыдзвінні, паводле сведчання этнографа М. Нікіфароўскага, лічылі квас насычанага чырвонага колеру, зроблены на падсмажаных сухарах. Апрача хлебнага гатавалі квас з буракоў, бярозавіку, а таксама ягадныя квасы — калінавік, бруснічнік, журавіннік, рабінавік. Такія напоі зазвычай ашчаджалі на зіму. 3 адборнай антонаўкі выраблялі яблычны квас. Не саступаў яму смакавымі якасцямі прыгатаваны са спелых пладоў і грушавы. У полацкіх дамах нарыхтоўвалі кляновік. 3 сушаных яблыкаў і грушаў-дзічак варылі з цукрам, мёдам або сочывам цудоўныя ўзвары. Заможныя гаспадары пілі гарбату і каву, простыя ж сяляне заварвалі ліпавую квецень, мяту, святаяннік, чабор, маліннік. Існавала тэхналогія прыгатавання «кавы з жалудоў»: падсмажвалі да румянку ячмень, змешвалі яго з нарэзанымі морквай ды чырвонымі буракамі і разам са смолатымі жалудамі заварвалі кіпенем. Рэдзька, хрэн, мёд і соль служылі асноўнымі кампанентамі рытуальнага прыдзвінскага напою — хрэсьбіннага збіценю, які павівальная бабка падносіла шчасліваму бацьку дзіцяці.

Поделиться:
Популярные книги

Шлейф сандала

Лерн Анна
Фантастика:
фэнтези
6.00
рейтинг книги
Шлейф сандала

На границе империй. Том 9. Часть 5

INDIGO
18. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 9. Часть 5

Черный Маг Императора 9

Герда Александр
9. Черный маг императора
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 9

Офицер империи

Земляной Андрей Борисович
2. Страж [Земляной]
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
альтернативная история
6.50
рейтинг книги
Офицер империи

Отвергнутая невеста генерала драконов

Лунёва Мария
5. Генералы драконов
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Отвергнутая невеста генерала драконов

Многорукий бог Далайна. Свет в окошке

Логинов Святослав Владимирович
Шедевры отечественной фантастики
Фантастика:
научная фантастика
8.00
рейтинг книги
Многорукий бог Далайна. Свет в окошке

Служанка. Второй шанс для дракона

Шёпот Светлана
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Служанка. Второй шанс для дракона

Измена. Право на счастье

Вирго Софи
1. Чем закончится измена
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Право на счастье

Убивать чтобы жить 8

Бор Жорж
8. УЧЖ
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Убивать чтобы жить 8

Черный дембель. Часть 4

Федин Андрей Анатольевич
4. Черный дембель
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Черный дембель. Часть 4

Кодекс Крови. Книга ХII

Борзых М.
12. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга ХII

Законы Рода. Том 4

Flow Ascold
4. Граф Берестьев
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 4

Хозяйка покинутой усадьбы

Нова Юлия
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Хозяйка покинутой усадьбы

Надуй щеки! Том 6

Вишневский Сергей Викторович
6. Чеболь за партой
Фантастика:
попаданцы
дорама
5.00
рейтинг книги
Надуй щеки! Том 6