Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Нягледзячы на рэпрэсіі, прадухілідь паўстання царскія ўлады не змаглі.
У Прыдзвінні найбольш чынныя дзеянні інсургентаў разгарнуліся ў суседнім з Полацкам Дзісенскім павеце.
13 красавіка ў мястэчку Лужкі сабралася пяцьдесят шляхцічаў, якія прысягнулі змагацца за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. У склад абранага кіраўніцтва ўвайшлі прадстаўнікі вядомых родаў былога Полацкага ваяводства: прызначаны начальнікам артылерыі Міхал Храпавіцкі, Антон і Язэп Корсакі, Алейзі Буйніцкі… Паўстанцкі камітэт заклікаў да зброі, і праз дзесяць дзён у Лужках стаяла тры тысячы гатовых да бою шляхцічаў і сялянаў. Гэты аддзел заняў і колькі дзён утрымліваў Дзісну. Сілы былі, безумоўна, няроўныя, і інсургенты мусілі
Якраз напярэдадні тых падзеяў улады і зачынілі ў Полацку піярскі ліцэй. Падбадзёраныя першымі поспехамі змагароў з царызмам, манахі марудзілі са складаннем вопісаў маёмасці і адмаўляліся прызначаць таргі. У паўстанне пайшло, паводле няпоўных звестак, блізу трох сотняў палачанаў. В. Вікенцьеў піша, што «только твердость и благоразумные решительные меры полковника Данилова, как коменданта города, держали население в повиновении и спокойствии». Тады ж у Полацку лютавала і халера, якая забрала жыцці 596 месцічаў.
У траўні 1831 года следства па справе паўстанцаў учыніў у мястэчку Глыбокае царскі сатрап Міхаіл Мураўёў. Пятнаццаць арыштаваных інсургентаў ён адправіў у Дынабургскую фартэцу і пагрозліва заявіў: «Кроме самых злобных мятежников и прочие помещики действовали с усердием, и хотя чувствовали нелепость своего предприятия, но не смели уже отстать, опасаясь мщения прочих».
«С усердием» дзейнічаў і арыштаваны за ўдзел у падрыхтоўцы паўстання выпускнік Віленскага універсітэта, гісторык і публіцыст Міхал Балінскі, які прыйшоў на свет у маёнтку Цярэспаль Полацкага павета. (Пазней ён выдасць па-польску сваю трохтомавую «Гісторыю горада Вільні» і зойме пасаду віцэ-старшыні Віленскай археалагічнай камісіі.)
У грамадскіх колах Францыі, Вялікабрытаніі ды іншых заходніх краінаў існавала спачувальнае стаўленне да змагання паняволеных царызмам народаў за свае нацыянальныя правы. Еўрапейскі друк паведамляў пра жорсткія расправы з інсургентамі і іх сем’ямі. Пушкін адгукнуўся знакамітым вершам «Клеветникам России»:
О чём шумите вы, народные витии? Зачем анафемой грозите вы России? Что возмутило вас? волнение Литвы? Оставьте: это спор славян между собою, Домашний, старый спор, уж взвешенный судьбою…Адметна, што гэтыя радкі, апрача ўсяго астатняга, сведчаць: абараняючы імперскія інтарэсы, Аляксандр Сяргеевіч не сумняваўся, што гістарычная Літва — славянская краіна.
Ва унісон з Пушкіным спяваў яшчэ адзін абаронца імперыі Фёдар Цютчаў, што бачыў місію Расіі ў тым, каб:
Славян родные поколенья Под знамя русское собрать И весть на подвиг просвещенья Единомысленных, как рать.Улады канфіскоўвалі маёнткі, пазбаўлялі паўстанцаў дваранскіх правоў (усяго ў Беларусі адабралі шляхецтва ў дзесяці тысяч чалавек), ліквідоўвалі навучальныя ўстановы. У 1832-м, адначасова з Віленскім універсітэтам, спыніла існаванне знакамітая піярская школа ў Лужках, заснаваная за сто гадоў да гэтага полацкім кашталянам Валяр’янам Жабам. Не спраўдзіліся планы пераўтварэння адчыненай у 1806 годзе Полацкай уніяцкай семінарыі ў духоўную акадэмію. На дзвярах семінарыі, дзе напярэдадні паўстання было блізу двухсот вучняў, з’явіліся замкі і пячаткі з расійскім арлом.
Мацнеў рэлігійны ўціск.
Падтрымка паўстання беларускім уніяцкім духавенствам, у тым ліку полацкімі манахамі-базылянамі, паскорыла знішчэнне Уніі. Базылянаў павыганялі з келляў проста ў белы свет. 3 кляштара знялі і адправілі ў расійскую сталіцу на будову Ісакіеўскага сабора медзяны дах. Потым колішні манаскі прытулак
Магутная спаруда вытрымала да 1913 года, пакуль яе, як піша ў «Лабірынтах» Вацлаў Ластоўскі, «не прадалі нейкаму маскалю падрадчыку, які, разабраўшы шацоўныя муры, сплавіў лайбамі цэглу ў Рыгу».
Адначасова з двума полацкімі базылянскімі кляштарамі ўлады ліквідавалі яшчэ сорак. Імператар Мікалай I з гэтае нагоды заўважыў: «Слава Богу, вот и еще несколько неприятельских крепостей уничтожили».
У горадзе зачынілі таксама францысканскія (мужчынскі і жаночы) і бернардзінскі мужчынскі кляштары. Ад першага дасюль ацалеў двухпавярховы дом на вуліцы Леніна, у якім цяпер адзьдзел міліцыі. Заснаваны ў 1648 годзе францысканскі сабор бальшавікі ў 1930-я знеслі. Пра бернардзінскі кляштар, адчынены яшчэ ў дзіцячыя гады Францішка Скарыны, а ў 1758-м упрыгожаны барочным саборам, сёння нагадвае корпус псіхіятрычнай лякарні.
Напярэдадні Другой сусветнай вайны і нейкі час пасля яе там знаходзілася турма НКВД, куды звозілі «бандытаў» і «нацыяналістаў» з Віцебскай вобласці. Там катавалі пастаўскую дзяўчынку Алесю Умпіровіч з «Саюза беларускіх патрыётаў», вінаватую ў тым, што намалявала «Пагоню» ды хацела вучыцца па-беларуску. Каб засудзіць на 25 гадоў гэтага было трохі замала, і чэкіст з дапамогаю гіпнозу здабыў у Алесі паказанні, што яна — амерыканская і англійская шпіёнка.
«Ворага народа» — селяніна з Бельчыцаў, якому перад гэтым тыдзень не давалі есці, следчы Сіманоўскі біў тут па твары свежым хлебным боханам. Беларускі пісьменнік Мікола Хведаровіч, таксама вязень сталінскага ГУЛАГа, успамінаў, што чэкісты з полацкай перасыльнай турмы карысталіся і такім метадам «выхавання»: ахвяру ставілі ў яму, якую залівалі чалавечымі экскрэментамі, чакаючы, пакуль жыжка дойдзе да ніжняй губы, каб яшчэ можна было вырваць прызнанне. Гэта называлася «зрабіць шакаладавым».
Пазней, калі ў старых мурах гаспадарылі ўжо медыкі і ім спатрэбілася цэгла, бабінец (пярэднюю частку) бернардзінскага храма разабралі, а скляпы-пахавальні пад ім разбурылі. Косці продкаў раскідалі па двары, проста пад нагамі ў хворых. Што і казаць, цудоўны сродак вынайшлі псіхіятры, каб вярнуць псіхічнае здароўе пацыентам.
Услед за францысканамі і бернардзінамі Полацк мусілі пакінуць і манахі-дамініканы. Іх мураваны касцёл, пабудаваны на цэнтральным пляцы замест спаленага расійскай артылерыяй у 1812-м драўлянага, доўга заставаўся ў горадзе адзіным каталіцкім храмам. Бальшавікі трываць такі непарадак не маглі і павесілі на дзвярах пудовы замок. Старыя палачане памятаюць, як на вуліцы валяліся трубы ад зламаных арганаў. Сам дамініканскі сабор загіне ў гады нацысцкае акупацыі. Гэта адзіны каштоўны помнік полацкай архітэктуры, знішчаны немцамі, на якіх спрабавалі спісаць свае злачынствы бальшавіцкія вандалы. У Венгрыі я аднойчы трапіў у царкву, купал якой быў размаляваны пад звон. Мне здалося, што, калі б такі храм быў у Полацку, здзейснілася б дзіва, і гэты «звон» зазваніў бы па цэрквах і касцёлах, па ўсіх архітэктурных шэдэўрах, знішчаных «немецко-фашистскими захватчиками» ў 1930-я, 1950-я і 1960-я гады.
Беларусь апынулася ў складзе эканамічна адсталай у параўнанні з еўрапейскімі краінамі Расіі, дзе рэформы праводзіліся са спазненнем і непаслядоўна. Наш народ не мог разлічваць на эканамічнае спрыянне, бо дзяржаўныя заказы, крэдытная і мытная палітыка, чыгуначныя тарыфы служылі найперш інтарэсам рускага насельніцтва. Апрача таго, разам з іншымі народамі імперыі беларусы сталіся ахвярамі ідэі стварэння расійскай нацыі. У межах гэтага утапічнага злачыннага праекта да 1871 года ў Беларусі трывала вайсковае становішча і да 1905-га існаваў рэжым асобага кіравання. Ажыццяўляліся нацыянальная дыскрымінацыя ў прадпрымальніцтве і татальная русіфікацыя ў гуманітарнай сферы.