Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Полацк прайграў. Страціўшы ў барацьбе з крыжакамі балцкія землі ўніз па Дзвіне і развітаўшыся з планамі падначаліць Літву, горад на нейкі час развітаўся і з галоўнай роляй у драме беларускай гісторыі.
Праз колькі месяцаў пасля гібелі Таўцівіла са смерцю сустрэўся і Транята. Па дарозе ў лазню, помсцячы за гаспадара, яго зарэзалі чацвёра Міндоўгавых стайнікаў Даведаўшыся пра гэта, палачане выгналі вернага Траняту князя Канстанціна і запрасілі Гердзеня.
Пачынаць ён мусіў з адрасаванай рыжскаму біскупу і ордэну граматы, дзе Полацк канчаткова адмаўляўся ад Латгаліі. Уладанні крыжакоў цяпер непасрэдна межавалі з крывіцкімі. Але Полацкая зямля, хоць і моцна аслабленая, усё адно заставалася паважнаю сілай. Таму наваградскі (сучасны Навагрудак ― Polochanin72)
Палачане палічылі за лепшае жыць з Наваградкам у міры, што, па сутнасці, азначала ўваходжанне ў Вялікае Княства Літоўскае. Канчаткова Полацкая зямля стала яго часткаю ў 1307 годзе.
Полацк захаваў вялікую самастойнасць, якую літоўскія гаспадары шмат разоў падкрэслівалі пісьмовымі абяцаннямі «не рухаць старыны, не ўводзіць навіны». Напачатку становішча Полацкай зямлі ў новай дзяржаве нагадвала палітычны альянс. Дамова, што Вялікае Княства Літоўскае падпісала з Лівонскім ордэнам у 1338 годзе, называе полацкага князя, як і гаспадара ўсёй дзяржавы, каралём: «Гэты мір заключаны ў дзень усіх святых са згоды магістра і ландмаршала і многіх іншых дастойных і рады Рыжскай і са згоды караля Літвы і яго дзяцей і ўсіх ягоных баяраў і са згоды епіскапа полацкага і караля полацкага…»
Тры стагоддзі Полацк заставаўся найбуйнейшым горадам Вялікага Княства.
Прызнаннем ў дзяржаве асобага статусу крывіцкай зямлі былі свае ўласныя князі, якія звычайна даводзіліся блізкімі сваякамі самім гаспадарам (так афіцыйна мянавалі вялікіх князёў літоўскіх).
Полацкі валадар Васіль-Воін быўродным братам Гедыміна, пры якім у Вялікае Княства Літоўскае ўвайшлі ўжо амаль усе беларускія землі, а Наваградак саступіў ролю сталічнага места Вільні. Хто быў на экскурсіі ў сталіцы сучаснай Літвы, чуў аповед, як Гедымін заснаваў горад пасля ўдалага палявання, убачыўшы ў сне велізарнага ваўка, а ў ім — сто іншых ваўкоў. Пакліканы да князя паганскі вяшчун вытлумачыў сон так: на месцы, дзе выў магутны звер, павінен вырасці горад, якому наканавана зрабіцца сталіцаю Літвы і заслужыць у свеце вялікую славу. Легенда гэтая не толькі прыгожая, але і хітрая, бо на месцы Вільні ўжо трыста гадоў стаяў збудаваны палачанамі на заходняй мяжы свайго княства Крывіч-горад.
Пазней полацкі пасад заняў Гедымінаў унук Андрэй, сын вялікага князя літоўскага Альгерда.
Кожны з нас, безумоўна, штосьці чуў пра Івана Каліту, пра яго спадкаемца Івана Краснага ды іншых маскоўскіх князёў — збіральнікаў расійскіх земляў. Яно б, можа, і няблага, каб адначасова мы ведалі і гаспадароў сваёй дзяржавы, той, дзе жылі дзесяткі пакаленняў нашых продкаў.
Што мы чулі пра таго ж князя Альгерда?
Ці ведаем, што ён у два разы пашырыў межы Вялікага Княства, што пры ім наша мова зрабілася дзяржаўнай? На ўроках і універсітэцкіх лекцыях у 1970-я нам чамусьці не казалі, што ўзначаленае ім войска, дзе было шмат палачанаў у 1362 годзе разбіла на Сіняй Вадзе татараў і вызваліла ад іх прыгнёту Украіну.
Не казалі пра пераможныя паходы Альгерда на Маскву і пра тое, як ён адбіў шэсць крыжацкіх нападаў. Як быццам гэты выдатны ваявода і мудры палітык трыццаць гадоў не кіраваў нашаю Бацькаўшчынай.
Згаданы раней Андрэй Полацкі — найстарэйшы з дванаццаці Альгердавых сыноў (яго маці ― віцебская княжна ― Polochanin72). Ён паспяхова ваяваў з Лівонскім ордэнам і пасля бацькавай смерці разлічваў заняць пасад у Вільні. Аднак вялікім князем стаў Ягайла (сын Альгерда ад другой жонкі ― тверской княжны ― Polochanin72).
Полацкім валадаром
Зняважаны Альгердавіч вярнуўся з моцным войскам, якое разам з лівонскімі рыцарамі ўзяло Полацк у аблогу. Чатыры месяцы палачане адстойвалі родныя сцены і перамаглі. Навука была Скіргайлу на карысць: зноў прыехаўшы праз колькі гадоў у Полацк як велікакняжацкі намеснік, ён прыняў хрост пад праваслаўным імем Іван.
Андрэй Альгердавіч разам з братам Дзьмітрыем Бранскім удзельнічаў у Кулікоўскай бітве [7] . Ен прывёў з сабою дзве тысячы полацкіх ратнікаў. Добра, калі хоць траціна Андрэевай дружыны вярнулася дахаты. Аднак і на радзіме не кожны з гэтых ваяроў памёр сваёй смерцю. Андрэй па-ранейшаму варагаваў з Ягайлам. Марачы пра велікакняжацкі пасад, ён падпісаў дамову з крыжакамі, назваў, як некалі герцыкскі князь Усевалад, лівонскага магістра бацькам і дарагім сябрам і прызнаў сябе яго васалам. Крыжацкія мячы расчысцілі князю дарогу назад у Полацк, ды на кані яму давялося быць нядоўга. Андрэй быў разбіты і трапіў у вязніцу. Трымалі яго за кратамі на ўсякі выпадак далёка ад дзвінскіх берагоў, у Польшчы. Адтуль князя вызваліў ужо наступны гаспадар Вялікага Княства Літоўскага — Вітаўт (Ягайла быў абраны каралем Польшчы ― Polochanin72).
7
«Битва шла за Московское княжество, которое захватил Альгерд (в 1373 году (за 7 лет до битвы)). Именно поэтому в ней участвовали литовские князья Андрей и Дмитрий Альгердовичи, а на помощь им шел еще и Ягайло. Но узнав о том, что его братья разгромили Мамая, он повернул назад.»
В. Деружинский «Тайны Беларуской истории». Глава 14. Литва и Куликовская битва. ― Polochanin72.
Дзякуючы вялікім дзяржаўным амбіцыям Андрэя Альгердавіча, Полацкае княства дзесяць гадоў (1377 - 1387) афіцыйна праіснавала як Вялікае. Апрача самога Андрэя тытулам вялікага князя полацкага карысталіся яго сыны Міхаіл, Сямён і Іван.
Доўгае і бурнае жыццё найстарэйшы Альгердаў сын скончыў як і належыць рыцару, на полі бітвы. Вітаўтава войска ў 1399 годзе напаткала цяжкая параза ад татараў. Доўга балявалі над ракой Ворсклай ваўкі і крумкачы. Пажываю ім былі целы паловы ўсіх воінаў Вялікага Княства і шасці дзесяткаў князёў.
Ратуючы сябе, баявыя таварышы пакінулі іх непахаванымі. Вусцішнае відовішча адкрывалася на месцы сечы праз колькі гадоў: безліч вымытых дажджамі чалавечых касцякоў.
Там, далёка ад роднай зямлі, трава прарасла і праз косці Андрэя Альгердавіча. У дзень, калі князь астатні раз бачыў сонца, яму ішоў семдзесят пяты год. Ён застаўся ў гісторыі як апошні полацкі князь. Пасля яго местам і Полацкай зямлёй кіравалі велікакняжацкія намеснікі.
У1504 годзе на абшарах колішняга княства ствараецца Полацкае ваяводства, найбольшымі гарадамі і мястэчкамі якога былі Дрыса, Дзісна, Ула, Асвея, Себеж, Ушачы, Бешанковічы, Лепель, Кублічы, Ветрына, Чашнікі, Лукомль і Глыбокае.
Я гляджу на старажытны герб — вершніка на ўздыбленым кані — і думаю, што любы іншы сімвал нашай сярэднявечнай дзяржавы выглядаў бы неяк недарэчна. У «Пагоні» адлюстравалася гераічная барацьба за існаванне, якую краіна вяла амаль несупынна. 3 сярэдзіны XV да сярэдзіны XVI стагоддзя Вялікае Княства Літоўскае адбіла 75 набегаў крымскіх татараў, што кожны раз выводзілі з сабою палон. (Да прыкладу, у 1506 годзе князь Міхал Глінскі, разбіўшы крымчакоў пад Клецкам, вызваліў сорак тысяч палонных беларусаў). Смяротная небяспека пагражала і з захаду. 3 канца XIII стагоддзя да 1410 года 150 разоў урываліся на абшары Княства крыжацкія войскі.