Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Ратных клопатаў хапала, вядома, і палачанам. На багаты гандлёвы горад прагна паглядала рыцарства Лівонскага ордэна, што быў прыбалтыйскай філіяй Тэўтонскага. У 1333 годзе пад Полацк заявіўся з войскам і флотам магістр Эбергард фон Мангейм. I тады, і праз год немцы вярталіся дадому, як той казаў шылам патакі хапіўшы. 1366, 1375, 1382, 1386-ты — у гэтыя гады палачане зноў бараніліся ад крыжакоў, што рабавалі крывіцкія землі.
Полацкае рушэнне мужна білася ў 1348 годзе на рацэ Стрэве, дзе саракатысячнаму войску Вялікага Княства супрацьстаялі рыцары з Нямеччыны, Чэхіі, Францыі і нават з Англіі. Каб адбіцца і выжыць, продкі заўсёды былі напагатове. Паводле ўсходнеславянскай традыцыі, пасля раптоўнага нападу мужчыны пеша і конна даганялі ворага, каб вызваліць палонных і паквітацца за забітых. Іначай кажучы,
Трэба дадаць, што сімвалы «Пагоні» — белы конь і вершнік на ім — вельмі старажытныя і звязаныя з індаеўрапейскай міфалогіяй. 3 яе ў беларускія казкі прыйшоў сюжэт пра зялёныя лугі і запаведныя мурагі, на якіх пасецца белы жарабец. Ідучы змагацца са злом і пачварамі, людскі абаронца трапляе ў непраходную пушчу, дзе жывуць у хатцы на галявіне трое сівых дзядоў, што ўвасабляюць продкаў. Яны дапамагаюць герою злавіць і асядлаць чарадзейнага каня. Народны заступнік на кані меў агульныя рысы з паганскім богам Ярылам, а ў хрысціянскія часы пачаў у песнях і казках атаясамлівацца са святымі Юрыем і Міколам.
Упершыню летапісы паведамляюць пра «Пагоню» каля 1270 года: «Чалавек на кони з мечом, а то знаменуючы через той герб пана дорослого лет, хто бы мог боронити мечом Отчизны своее». У 1295-м вялікі князь Віцень зрабіў «Пагоню» дзяржаўным сімвалам. Вось як гаворыцца пра гэта ў Густынскім летапісе: «Витен нача княжети над Литвою измысли себе герб и всему княству Литовскому печать: рыцерь збройны на коне з мечем, еже ныне наричут, Погоня»».
Найбольш раннія такія выявы, вядомыя сёння навукоўцам, знаходзіліся на пячатках Аляксандра Яраславіча Неўскага, што княжыў у 1236 - 1251 гадах у Ноўгарадзе. Пячаткі былі двайныя: на адным іх баку коннік трымаў дзіду, на другім — меч. З’яўленне ў Неўскага дадатковага герба ў выглядзе добра знаёмага нам сімвала археолаг Міхась Чарняўскі тлумачыць тым, што, ажаніўшыся ў 1239 годзе з полацкаю князёўнаю (каб мець моцных хаўруснікаў у барацьбе з нямецкімі і шведскімі рыцарамі), Аляксандр Яраславіч у якасці своеасаблівага пасагу ўзяў і жончын герб — крывіцкую полацкую «Пагоню», што было цалкам у традыцыях сярэднявечча.
Пры Ягайлу на шчыце гербавага конніка з’явіўся шасціканцовы крыж. Сваімі абрысамі ён нагадваў полацкую святыню, зробленую Лазарам Богшам для Еўфрасінні.
Згодна з законамі дзяржавы, герб змяшчаўся на пячатках паветаў (Выразаную з пясчаніку пячатку з «Пагоняй» археолагі знайшлі і ў Полацку.) Збройны вершнік упрыгожваў гарадскія брамы, вежы магістратаў і сцягі ваяводстваў. Полацкае ваяводства, як высвятліў доктар гістарычных навук Міхась Ткачоў, атрымала спачатку жоўты штандар з «Пагоняй» на белым полі. Рыцар з узнятым мячом скакаў і на сцязе Вялікага Княства. У XVI стагоддзі гэты штандар меў выгляд палотнішча з пурпуровага або чырвонага ядвабукітайкі (кітайскага шоўку) з вышытымі на ім «Пагоняй» і Багародзіцай з немаўляткам. 3 баявым воклічам «Багародзіца! Памагай!» войска ішло ў бой, «Багародзіцу» спявалі ў самыя цяжкія хвіліны бітвы.
Канчаткова склаўшыся, герб дзяржавы выглядаў як пурпуровы шчыт з белым конным рыцарам. Пурпур лічыўся самым шляхетным колерам. Ён сімвалізаваў агонь, мужнасць, ваяўнічасць, ратную доблесць. Белы колер, што ў геральдыцы адпавядае срэбру, азначаў у вачах нашых продкаў ваду, чысціню, дабро, незалежнасць. Золата шасціканцовага крыжа на чырвоным шчыце было сімвалам жыцця, святла, надзеі і высакароднасці.
Па ўсёй Еўропе ў XVI стагоддзі з’яўляюцца дзяржаўныя сцягі, колеравая гама якіх звычайна ўтваралася ад гербаў. Прынцып быў такі: гербавая выява давала асноўную барву сцяга, а геральдычны шчыт — дадатковую. Срэбная «Пагоня» на чырвоным шчыце дала бел-чырвона-белы сцяг.
Ведаючы, якія сцягі натхнялі продкаў, пагаворым пра здабытыя пад імі перамогі.
Першае месца належыць тут, бясспрэчна, Грунвальдскай бітве.
Раніцою 15 ліпеня 1410 года на пагорках каля вёскі Грунвальд (у перакладзе — Зялёны Гай) сустрэліся дзве велізарныя сілы: найлепшае ў Еўропе, закутае з ног да галавы ў браню войска Тэўтонскага ордэна і злучаныя палкі-харугвы Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы.
Гаспадар Вітаўт прывёў сорак харугваў. Трыццаць з іх, у тым ліку і полацкі полк на чале з ваяводам Іванам Нямірам, прыйшлі пад баявымі штандарамі з «Пагоняй». Харугвы мелі розную колькасць воінаў і налічвалі ад шасці дзесяткаў да некалькі сотняў коп’яў. Кап’ём называлася баявая тройка: рыцар, збраяносец-парабак і лучнік. Полацк, як найбуйнейшы горад Княства, выставіў адну з самых вялікіх харугваў — не меней за паўтары тысячы ратнікаў.
Пад Грунвальдам з двух бакоў сышліся больш за сто тысяч воінаў. Гісторыя еўрапейскага сярэднявечча такіх буйных бітваў ведае няшмат. Пра Грунвальд, пачынаючы з хронік і паэмы нашага лацінамоўнага паэта XVI стагоддзя Яна Вісліцкага, напісана столькі, што я ад гэтага ўстрымаюся. Незадаволеным раю пачытаць гістарычную аповесць Кастуся Тарасава «Пагоня на Грунвальд» або яго ж кнігу «Памяць пра легенды». На маю думку, менавіта там вы знойдзеце грунтоўную рэканструкцыю падзей. А наогул, дзякуючы гісторыкам і пісьменнікам, бітва абрасла рознымі небыліцамі. Прыклаў да гэтага руку і аўтар «Крыжакоў» Генрык Сянкевіч. Ён падхапіў і расквеціў словам выдумку (каб узвялічыць ролю польскага войска) свайго суайчынніка гісторыка Яна Длугаша пра разгром і ўцёкі з поля сечы Вітаўтавых палкоў.
Славу Грунвальда трэба справядліва дзяліць сярод усіх пераможцаў. Не меней, а мо і болей за іншых заслужыла яе полацкая харугва. Палачане і віленцы прыкрывалі адыход пасечаных палкоў гетмана Пятра Гаштольда. Кожны біўся супроць пяці рыцараў князя Валенрода і амаль не меў надзеі выжыць. Палачане гераічна гінулі пад сваім сцягам, на якім паміж залатым (жыццё) ічорным (смерць) палямі ляцела «Пагоня».
Я спрабаваў уявіць іх твары, іх перадсмяротныя словы, калі хадзіў па залаціста-зялёным грунвальдскім наваколлі 15 ліпеня 1990 года. Польшча і Літва адзначалі 580-ю гадавіну перамогі як нацыянальнае свята. На месца бітвы (яно ў Вармінска-Мазурскім ваяводстве) прыехалі сотні аўтобусаў, прыляцелі тагачасныя прэзідэнт Польшчы Войцех Ярузельскі і старшыня літоўскага парламента Вітаўтас Ландсбергіс.
Дзіва, што ўдалося прарвацца праз мяжу нашаму аўтобусу з маленькімі дэлегацыямі ад гарадоў-«удзельнікаў» бітвы. У параўнанні з літоўцамі (летувісамі — Polochanin72) нас прыехала жменька, але мы (дзякуй мастакам і гісторыку Міхасю Ткачову) прывезлі баявыя сцягі нашых грунвальдскіх харугваў, чаго ніхто іншы зрабіць не здагадаўся. Польскія жаўнеры салютавалі нашым штандарам, а я, стоячы на месцы смерці вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгена, забітага адным з Вітаўтавых ваяроў, марыў пра час, калі ў Полацку з’явіцца вуліца, дзе на шыльдачках будзе напісана «Грунвальдская» або «Івана Няміры».
Не, не ўсе полацкія ратнікі палеглі пад дзвюхручнымі мячамі рыцараў Валенрода. Хтосьці з іх вывешваў на віленскіх вежах палонныя крыжацкія сцягі і адрэзаныя ў ворагаў бароды. А адзін з пераможцаў, якому пашчасціла вярнуцца ў свой лясны і азёрны край, заснаваў вёску Грунвальд, што дагэтуль існуе ў Пастаўскім раёне.
Разгром Тэўтонскага ордэна ўратаваў беларусаў ад фізічнага вынішчэння, як гэта здарылася, напрыклад, са славянскімі плямёнамі бодрычаў і люцічаў, на чыіх былых землях пабудаваны Берлін. Грунвальд — сярод найгалоўнейшых падзей нашай гісторыі. Дзеля параўнання яшчэ раз нагадаю, што ў бітве на Чудскім возеры воінаў удзельнічала разоў у дзесяць меней, а забітых крыжакоў было пяцьсот супроць 40 тысяч вынішчаных пад Грунвальдам. (Яшчэ 15 тысяч былі захопленыя ў палон.)