Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
У гандлёвых пагадненнях нязменна падкрэслівалася, што ні з лівонскага, ні з літоўскага-беларускага боку ніякіх мытных межаў няма. Да драбніц распісваўся парадак карыстання мерамі і вагамі. Прывазную соль узважвалі тымі самымі гірамі, што і прадаваны немцам воск. Уступаючы ў пасаду, важнікі мусілі цалаваць крыж і прысягаць, што не будуць чапаць шалі рукамі і не пойдуць на іншыя хітрыкі. У змацаванай пячаткамі полацкага князя Глеба і епіскапа Грыгорыя дамове з лівонскім магістрам і Рыгаю гаварылася: «А вести чистый воск без подсады, без смолы, без сала, как верх, тако и спод». Нягледзячы на такія засцярогі, і сярод нашых продкаў і сярод немцаў знаходзілася, трэба прызнаць, нямала махляроў. Да воску дамешвалі
Спрэчкі паміж двума гандлёвымі гарадамі няраз разбіраў сам Вітаўт. «Шаноўныя, разумныя і мудрыя людзі, — звяртаўся ён у 1397 годзе да рыжскай гарадской рады. — Калі вашых купцоў затрымалі ў Полацку, дык спытайцеся ў свайго магістра, чаму ён напаў на палачанаў. Мы ж паведамляем вам, што, калі палачанам у хуткім часе не заплацяць за страты, можа стацца, што гэтыя вашы купцы ды іхнія тавары ніколі не вернуцца». Праз два гады вялікі князь пісаў у Рыгу не менш ветліва: «Любасныя нашы сябры! Раней мы сурова каралі тых, хто пасылаў вам няякасны тавар, пазбаўляючы гэтых людзей тавару, а калі яны будуць чыніць такое надалей, мы пакараем іх пазбаўленнем жыцця, чаго і ад вас чакаем». Да 1405 года адносіцца паведамленне пра нямецкі «двор» у Полацку. У наступным годзе князь Вітаўт даў немцам дазвол пабудаваць у горадзе каталіцкую царкву са свірнамі для тавараў.
Лёгкі на пад’ём Вітаўт часта ездзіў па дзяржаве. Дні за тры ён мог з Вільні дапяць да Полацка. Гадоў сто таму мясцовыя жыхары яшчэ называлі старажытную дарогу з Полацка на Вільню праз Бяздзедавічы і Чортаў мост Вітаўтавым шляхам. Імя гаспадара, за якім Вялікае Княства дасягнула найвышэйшай магутнасці, захаванае і ў назве ўрочышча Вітаўтаў Камень, што знаходзіцца ў лясных ваколіцах Варонечскага возера цяперашняга Лепельскага раёна. Ва ўрочышчы да 1844 года ляжаў валун, у верхняй частцы якога былі выдзяўбаныя шэсць паглыбленняў накшталт талерак. У тых мясцінах Адам Кіркор запісаў паданне, згодна з якім на адметным камені палуднаваў вялікі князь Вітаўт, калі ў 1426 годзе хадзіў здабываць замак Варонеч. А валун тамтэйшыя сяляне так і называлі — Вітаўтавы талеркі.
Горад быў навідавоку, і высокія госці наведваліся туды часта. На пачатку мінулага стагоддзя яшчэ паказвалі Альгердаў шлях: з Полацка праз рэчку Ушачу, маёнтак Бяздзедавічы, паўз Мядзведжае возера, на Чортаў мост і Баханькову гару ў накірунку на Глыбокае і далей, на Вільню.
У 1470 годзе ў Полацку прымаў пскоўскіх паслоў вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір Ягайлавіч. На схіле дзён гэты манарх сярод іншых дзяржаўных справаў займаўся, між іншым, скаргаю маскоўскіх паслоў на зухаватага полацкага купца Лукаша Скарыну. У часе памежнай вайны 1492 года з Масковіяй бацька будучага першадрукара супольна з Пракопавым сынам Гапонам Пасадніковічам учыніў напад на купецкі абоз і ў якасці трафея прывёз у Полацк тавары нейкага купца з Вялікіх Лукаў «на сорок рублев».
У іменным паказніку да выдадзенага ў 1882 годзе ў Пецярбургу першага тома «Памятников дипломатических сношений древней России с державами иностранными» пазначана выключна канкрэтна: «Скорина Лукьян, купец полотский; грабит москвичей». Але згаданае вышэй здарэнне на велікалуцкім гасцінцы выглядае дзіцячым свавольствам у параўнанні з апісаным у тым самым гістарычным зборніку нападам маскавітаў на віленскага мешчаніна Багдана Онкава (аднаго з мецэнатаў Ф. Скарыны), якога «на лутцкои дорозе розбили, листы у него отняли… в одном листу четыреста коп широких грошей, а в другом листу пять сот коп грошей, полтораста
Праз чвэрць стагоддзя пасля візіту гаспадара Казіміра горад сустракаў на шляху ў Вільню заручоную нявесту вялікага князя Аляксандра маскоўскую князёўну Алену. Гэта яна ледзь не загіне потым пад нагамі ў зубра, калі на каралеўскім паляванні паранены звер кінецца крышыць памост з гледачамі, — і з гэтае прычыны трапіць у славутую паэму Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». У Полацку маскавітка слухала палудніцу ў святой Сафіі і бавіла час са знакамітымі месцічамі. Жонка полацкага шляхціча Івана Зіноўева з дочкамі паднесла госці «две камки (узорыстыя ядвабныя тканіны. — У. А.) бургскія с золотом», за што тая літасціва дазволіла ўсім з сабою пацалавацца.
Дарыць заезджай князёўне камкі мог, вядома, не кожны палачанін. Адны ледзьве зводзілі канцы з канцамі, у другіх багацця было, як у купца Якуба Хадыкі, гаспадара чатырох крам і маёнтка на Палаце. Калі верыць яго запавету, купец меў 476 коп літоўскіх грошай (копа — 60 манет), 1600 чырвоных злотых, 349 шведскіх талераў, 69 срэбных талерак, сподаў і кубкаў. Дзевятнаццаць Хадыкавых запазычнікаў мусілі вярнуць яму яшчэ 3850 коп грошай. Свой запавет гэты палачанін складаў у доме, сцены якога аздаблялі «на полотне картин шестьнадцать».
Значную долю полацкага жыхарства складалі людзі, абавязаныя несці вайсковую службу. Будзем называць іх па-еўрапейску — рыцарамі. Попіс войска Вялікага Княства Літоўскага засведчыў што ў 1528 годзе іх у Полацку было 384. Шмат хто з рыцарства абыходзіўся з купецкімі вагамі гэтаксама ўпэўнена, як і са зброяю. Але, калі пачыналася вайна, выбіраць не даводзілася. Згодна з законам, той, хто пазніўся ў вызначаны дзень на месца збору, плаціў вялікі грашовы штраф. За спазненне на тыдзень або самавольны адыход ад войска падчас баявых дзеянняў чакала смерць.
Пад уплывам Заходняй Еўропы ў Літве-Беларусі ўжо ў ХIV стагоддзі нярэдка адбываюцца рыцарскія адзінаборствы. Яшчэ праз дзвесце гадоў у Вялікім Княстве надышоў, так бы мовіць, час класічных дуэляў-двубояў. Цікава, што закон забараняў дуэлі (для іх удзельнікаў прадугледжваліся адміністрацыйныя і крымінальныя санкцыі ажно да пакарання смерцю), але забарона была няпоўнаю. Вялікі князь ці гетман маглі даць адпаведны дазвол, калі на тое будуць «прычыны вялікія і выдатныя». Забягаючы наперад, адзначым, што да разраду якраз такіх прычын трэба аднесці абразлівы ліст, дасланы ў 1581 годзе вялікаму князю літоўскаму Сцяпану Батуру маскоўскім царом Іванам Жахлівым. Кіраўнік нашай дзяржавы адказаў выклікам на двубой: «Вазьмі зброю, сядзь на каня, сыдзіся са мною ў абраны час, пакажы, які ты муж і як давяраеш праўдзе сваёй; рассудзім спрэчку нашу мячом, каб меней крыві хрысціянскай лілося». Маскоўскі валадар праўдзе сваёй, відаць, зусім не давяраў бо не знайшоў мужнасці даць хаця б пісьмовы адказ, чым канчаткова пераканаў Еўропу, што ў асобе гэтага цара яна мае справу з азіяцкім дэспатам.
Нягледзячы на забароны, двубоі — найперш сярод людзей шляхецкага стану — рабіліся ўсё больш пашыранымі. Дэпутаты соймаў і соймікаў хапаліся за пісталеты і шаблі пры вырашэнні спрэчных пытанняў. Афіцэры на вайне таксама выкарыстоўвалі гэтыя аргументы ў якасці апошніх. Хапала і тых, для каго бясконцыя дуэлі ператвараліся ў спосаб жыцця. Да апошніх належаў князь Багуслаў Радзівіл, якому на радзіме было ўжо цесна, і ён, падрыхтаваўшы добрыя шаблі і пісталеты, выправіўся ў Еўропу, дзе дзесяткі разоў выступаў ініцыятарам двубояў, за што аднойчы (праўда, толькі на дзень) быў кінуты ў Бастылію.