Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Мужнасць і спрыт у абыходжанні са зброяй шляхта выпрабоўвала і на паляваннях. Зверыны ў полацкіх лясах, відаць, ужо паменела, бо ўрад вялікага князя Жыгімонта Аўгуста забараніў сялянам страляць зуброў і казуль. У тым самым законе — «Уставе на валокі» — было запісана, каб штогод да сярэдзіны траўня ўраднікі давалі справаздачы з полацкіх бабровых лоўляў: «А калі б дзе, у рэках і азёрах нашых, бабры паказаліся зноў дык і там сяляне іх лавіць мусяць, а браць ім пятага бабра або падчарэўе ад кожнага».
Тады ж велікакняжацкім загадам была складзеная агульнадзяржаўная «Ревизия пущей и переходов звериных», дзе стараста Рыгор Валовіч малюе зусім не ідылічную карціну: «У падданых ручницы есть, и звер стреляют, и шкоду великую
Большасць гараджанаў кармілася з рамяства. Да ўжо вядомых нам полацкіх прафесій дабавіліся новыя: з портам было знітаванае жыццё пільнікаў, стырнавых, майстроў у вырабе ветразяў, з вайсковаю справаю — парахоўнікаў, мечнікаў, шабельнікаў, пішчальнікаў.
Дзеля абароны сваіх інтарэсаў рамеснікі, як і ва ўсёй Еўропе, аб’ядноўваліся ў цэхі — своеасаблівыя сярэднявечныя прафсаюзы, кожны са сваім статутам. Полацкі цэх гарбараў і кушняроў меў напрыклад, зацверджанае гарадскімі ўладамі права за тры мілі ад горада адбіраць ва ўсіх майстроў-аднаасобнікаў тавар, а іх саміх саджаць у турму.
Іерархія ў цэхах была не менш складаная, чым на якім-небудзь сучасным прадпрыемстве. На верхняй прыступцы стаялі старасты-цэхмістры, за імі — старэйшыя і малодшыя майстры, падмайстры-чаляднікі, яшчэ ніжэй — пахолкі і вучні. Каб падняцца па гэтай лесвіцы, найперш трэба мець дакумент пра сваё законнае нараджэнне, потым — доўгія гады вучыцца і плаціць складкі.
Нарэшце ахвочы перайсці з чаляднікаў у майстры здаваў экзамен — «рабіў штуку». Прыдзірлівыя калегі часта крывіліся, не хочучы прызнаваць чужую «штуку» сапраўдным шэдэўрам майстэрства. Тады, паводле цэхавай завядзёнкі, чаляднік даставаў з гаманца пятнаццаць злотых і клікаў экзаменатараў на пачостку ў карчму. 3 кожнай чаркаю «штука» рабілася ўсё больш дасканалаю, а запаветнае званне майстра — бліжэйшым.
Карчма, дарэчы, была ўстановаю вельмі дэмакратычнай: і шляхціч, і мешчанін, і селянін, асабліва ніштавата ўзяўшы гарэліцы, пачуваліся тут раўнёю. У корчмах продкі прызначалі важныя сустрэчы, спраўлялі святы, дзялілі чубы з непрыяцелямі. Але трэба было памятаць: «Прыйшоў у карчму — чорт за кучму». Гэтыя вясёлыя і часам небяспечныя дамы стаялі пры дарогах, на скрыжаваннях, каля перавозаў, мастоў і бродаў. Успаміны аб прыдзвінскіх корчмах пакінуў у сваіх «Запісках» вядомы падарожнік XVI стагоддзя пасол Святой Рымскай імперыі Зыгмунд Герберштэйн. Паколькі нямала важных падзей адбывалася якраз у корчмах, гістарычныя дакументы захавалі іх дасціпныя гучныя назвы: Пагулянка, Пачакай, Зладзейка, Апошні Грош, Рым, Парыж, Мардоўня…
Гаворачы пра полацкіх майстроў нельга не згадаць добрым словам срэбнікаў і злотнікаў, якія годна трымалі славу Лазара Богшы. Трое з іх — Васіль Шыш, Рыгор Снітка і Васіль Траянскі — сталі на чале злотніцкага цэха ў Вільні і вывучылі не адзін дзесятак суайчыннікаў з розных гарадоў Літвы-Беларусі.
Трывалыя сувязі Полацка з Заходняй Еўропай прычыніліся да таго, што тут раней, чым дзе-небудзь яшчэ на літоўскіх-беларускіх землях, узнікла скулыітура. Полацкія разьбяры рабілі паліхромныя (шматкалёрныя) алтары. Яны аздаблялі гарадскі касцёл дамініканцаў і езуіцкія храмы ў Экімані [9] і Загацці.
9
Назва паходзідь ад пабудаванай тут у старажытнасці царквы ў гонар святых Іаакіма і Ганны (Якіманія — Екімань — Экімань).
Яшчэ ў Полацкім ваяводстве жылі так званыя панцырныя баяры — служылыя людзі, што займалі становішча, сярэдняе паміж шляхтаю і сялянствам. Народ гэты заўсёды любіў вольніцу. Сабраць з баяраў грошы на земскія патрэбы палачанам аднаго разу ўдалося толькі дзякуючы адмысловай грамаце Казіміра Ягайлавіча. 3 дакументаў вядома, што гэтыя грошы горад захоўваў у
Той самы гаспадар Казімір даў Полацку ўстаўную грамату, у якой наказваў гарадскія справы вырашаць «па-старому» і сыходзіцца ўсім на тым месцы, дзе і даўней сыходзіліся. Гаворка, відавочна, ідзе пра колішнія вечавыя сходы.
У параўнанні з Масковіяй, дзе набірала сілу самаўладдзе, жыццё нашай дзяржавы ішло куды больш дэмакратычна. Тут працягваліся палітычныя традыцыі Полацкага княства. Уладу манарха абмяжоўвала, з аднаго боку, рада з буйных магнатаў і вальны (усеагульны) сойм шляхты, што збіраўся ў найважнейшых выпадках, а з другога — прывілеі, якімі карысталіся асобныя землі.
Места Полацкае колькі стагоддзяў жыло па ўласных старадаўніх законах. Яно само прымала замежных паслоў і вырашала галоўныя гарадскія клопаты на агульных сходах гараджан-месцічаў. Нават за самае цяжкае злачынства вялікі князь не меў права судзіць палачаніна і павінен быў «писати лист к воеводе полоцкому хотя бы о смертной вине». Ваяводу прызначалі толькі са згоды месцічаў і гаспадар Княства пісьмова абяцаў: «А который будет нелюб им, иншого дати по их воли». Новы ваявода ў першы ж дзень «крест целовал к Полочаном на том, што без их справы Полочанина не казнити ни в чом».
На абшары ўсёй дзяржавы жыхары яе найстарэйшага і найбуйнейшага места вызваляліся ад гандлёвага мыта. Прызнаннем выдатнай ролі жанчын у гісторыі Полацкай зямлі было іх права самастойна валодаць маёнткамі і атрымліваць спадчыну.
Грунтоўна распрацаванае было полацкае крымінальнае і працэсуальнае права. Пакаранне чакала толькі таго, чыю віну давядуць на судзе. Сведчанні, вырваныя пад катаваннем, за юрыдычныя доказы не лічыліся. Чалавек, выкрыты ў хлуслівым абвінавачванні, мог атрымаць такую кару, якая пагражала абылганаму. Найвышэйшыя суды Вялікага Княства не маглі пераглядаць аб’яўленага ў Полацку выроку.
Полацк разам з Ноўгарадам і Псковам належаў да тых трох усходнеславянскіх гарадоў, дзе дэмакратычныя вечавыя традыцыі былі развітыя ў найбольшай ступені. Такі спосаб развязання найважнейшых дзяржаўных спраў спрыяў умацаванню палітычнай культуры, выхоўваў павагу да дэмакратычных каштоўнасцей. I раней, і ў часы Вялікага Княства Літоўскага гэта істотна адрознівала нашых продкаў ад бліжэйшых усходніх і заходніх суседзяў. Мітрафан Доўнар-Запольскі пісаў пра тое, што і польская шляхецкая арыстакратыя, і маскоўская баярская алігархія выключалі дэмас з палітычнага жыцця, «тады як беларускі народ быў перш за ўсё, па сваіх гістарычных і народна-побытавых традыцыях, у вышэйшай ступені дэмакратычны».
Паступова гэты дэмакратызм, чые асновы былі закладзеныя яшчэ ў часы Брачыслава і Усяслава Чарадзея, рабіўся адметнай рысаю ўсіх ліцвінаў-беларусаў. У спалучэнні з магдэбургскім правам (першаю з ліцвінскіх-беларускіх гарадоў у 1387 годзе яго атрымала Вільня) ён фармаваў дух свабоды, маральныя і праўныя ўяўленні пра незалежнасць, разуменне каштоўнасці чалавечай асобы.
Полацкае права ўплывала на агульнадзяржаўныя законы і шырока выкарыстоўвалася ў падрыхтоўцы статутаў Княства. Апошні, прыняты ў 1588 годзе, Статут рэдагаваў канцлер Леў Сапега, родам з-пад Бешанковічаў. Гэты звод законаў ужо тады абвяшчаў ідэю праўнай дзяржавы і быў самы перадавы ў сярэднявечнай Еўропе. Ён уводзіў крымінальную адказнасць шляхціча за забойства простага чалавека, вызваляў ад смяротнага пакарання падлеткаў і цяжарных кабетаў, прадугледжваў больш суровую кару за злачынствы супроць жанчын. Чужаземцам зарабанялася займаць у Вялікім Княстве дзяржаўныя пасады і набываць зямлю.