Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Таямніцы полацкай гісторыі

Орлов Владимир Алексеевич

Шрифт:

Ад царскіх законаў і ад голаду, ад прыгоннага ўціску ў Вялікае Княства з Расіі штогод уцякалі тысячы людзей. Цэлымі сёламі ў суседнюю талерантную краіну перасяляліся стараабрадцы. Шмат з іх асела на Полаччыне, напрыклад, у вёсцы Жарцы, дзе і цяпер жывуць іх нашчадкі, якіх дагэтуль называюць маскалямі. Вядома, што ў 1763 годзе ў адным толькі Мсціслаўскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага жыло блізу 50 тысяч уцекачоў з адарванай ад нашай дзяржавы ў 1667-м беларускай Смаленшчыны.

Пра гэта савецкія «герадоты», зразумела, маўчалі, старанна вышукваючы нешматлікія прыклады перасялення ў адваротным напрамку або проста падтасоўваючы факты. Між тым расійскі гісторык С. Салаўёў піша, што ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ўрад імператрыцы Лізаветы Пятроўны вымагаў ад сойма Рэчы Паспалітай вярнуць мільён (!) уцекачоў. Але

дыпламатычныя дэмаршы ў імперыі ва ўсе часіны былі другарадным палітычным сродкам. У 1735 годзе царскі палкоўнік Сыцін напаў на памежны літоўскі-беларускі горад Ветку, дзе сяліліся стараверы, захапіў 14 тысяч уцекачоў і пагнаў іх на здзекі назад у Расію. Гэты рэйд быў не адзіны. Як бачым, калі звярнуцца да фактаў, выдумка аб нечуваным прыгнёце праваслаўных у Рэчы Паспалітай увачавідкі распаўзаецца па швах.

3 другой паловы XVIII стагоддзя ў расійскіх архівах захавалася багата дакументаў, у якіх царскае чынавенства і памешчыкі памежных губерняў тлумачаць падставы шматтысячных перасяленняў сваіх сялянаў у Літву-Беларусь. Пскоўскія землеўладальнікі бачылі прычыну ў тым, што «в России крестьяне подвержены как государственным податям, так и прочим разным отягощениям». Дваране суседняга з Полаччынай Апочацкага павета ўдакладнялі: «…всем в России живущим крестьянам ведомы литовские поведения, что всякии их житель по их вольности имеет винную, соляную продажу и что у них набора рекрутского не бывает, равно и сбора для платежа казенных податей». На пачатку свайго царавання Кацярына II атрымала ад сенатара П. Паніна дакладную запіску з падрабязным пералікам «обстоятельств, делающах поползновения к побегам из России»: «строгость духовенства к раскольникам»; наборы рэкрутаў ды іх утрыманне, як скаціны, «до отправления к полкам»; «ничем не ограниченная помещичья власть с употреблением подданных в работы, не только превосходящае примеры ближних заграничных жителей, но частенько у многих выступающих из сносности человеческой»; «возвышение цен без уважения ближнего заграничного примеру соли, без коей никто питаться не может» і гэтак далей. Значыцца, хітравалі тыя памежныя памешчыкі, якія даносілі ў Пецярбург, што іх халопы ўцякаюць «безо всякого от владельцев своих отягощения и безо всяких на то резонов», ды яшчэ і «клевещут на господские тяглы».

Жыхарам Полацка цяжка было даць веры аповедам купцоў ды расійскіх перасяленцаў пра норавы пецярбургскага двара.

Новая імператрыца Кацярына II каханкаў нібыта мяняла хутчэй, чым уборы. Казалі — і гэта была праўда, — што ў палацы побач з яе апачывальняй ёсць адмысловы пакой, дзе ўвесь час напагатове чакае свае хвіліны нехта з фаварытаў. Спіс іх бясконцы: ад братоў Салтыковых з арыстакратычнага роду да каханка на адну ноч — якога-небудзь бамбізы-грэнадзёра, ці грубніка Чарназубава, які аднойчы ўначы запаліў пагаслы камін, а потым на просьбу царыцы сагрэў яе яшчэ і ў ложку, за што ўранні атрымаў званне палкоўніка, спадчыннае дваранства, прозвішча Цяплоў, 10 тысяч прыгонных і загад неадкладна пакінуць Пецярбург.

Кацярына разлічвалася з каханкамі з дзяржаўнай казны, а таму грошай не шкадавала. Казалі, у аднаго з чарговых фаварытаў — Корсакава (яго сваяк сенатар Рымскі-Корсакаў на пачатку мінулага стагоддзя валодаў вёскаю Бяздзедавічы, што побач з сучасным Наваполацкам) — раніцою пасля першай ночы з царыцаю страшэнна сапсаваўся настрой. У шуфлядзе стала ён знайшоў нібыта адно 100 тысяч асігнацыямі, а чуў што Пацёмкіну за тыя самыя паслугі імператрыца адразу адваліла мільён. Удзельнік забойства Пятра III Рыгор Арлоў зарабіў графскі тытул, а таксама званні сенатара, генерал-ад’ютанта, генерал-аншэфа і гэтак далей. Узяўшы з дзяржаўных сродкаў два мільёны «на паляпшэнне артылерыі», палову ён прагуляў з выляжанкамі, а другую падараваў Кацярыне, якая за гэта расстаралася яму тытул князя Рымскай імперыі.

Безумоўна, жыццё імператрыцы не абмяжоўвалася алькоўнымі забавамі. Яна мела добрую адукацыю, пакінула даволі цікавыя літаратурныя і гістарычныя творы, ліставалася са слыннымі вальнадумцамі Вальтэрам і Дзідро.

Зрэшты, услаўленне свабоды ў лістах да знакамітых французаў не замінала царыцы канчаткова запрыгоніць сялянаў, якіх пры ёй пачалі называць рабамі. Яна забараніла вучыць мужыкоў і іх дзяцей грамаце. Раб, паводле закону, не мог скардзіцца на рабаўладальніка. Расійскія памешчыкі мелі права ссылаць сялянаў у Сібір,

засякаць бізунамі да смерці, прадаваць, на заўсёды разлучаючы маці з дзецьмі, мужа з жонкаю. Пецярбургскія і маскоўскія газеты друкавалі аб’явы аб продажы, дзе людзі стаялі ў адным пераліку з пародзістымі сабакамі. Памешчыца Салтычыха вытанчанымі катаваннямі звяла са свету 127 прыгонных дзяўчат. Іх пахаваў не паведамляючы ўладам, поп з яе вотчыны. Кацярынінскія фаварыты ў атрыманых маёнтках заводзілі больш цывілізаваныя парадкі. Румянцаў напрыклад, забараніў даваць сваім рабам болей за 1700 бізуноў.

Імператрыца нецярпліва ставілася да ўкраінцаў: запрыгоніўшы іх, яна зачыніла ўсе школы, якія былі амаль у кожным сяле. Аднак раз-пораз з-пад яе пяра выходзілі і надзвычай дэмакратычныя ўказы накшталт загаду мужчынам і жанчынам мыцца ў лазнях не разам, як раней, а паасобку. Або накшталт дазволу мастакам вольна заходзіць у народныя лазні, каб вывучаць чалавечае цела «по живым моделям».

Скінуўшы Людовіка XVI, французскія рэвалюцыянеры-рэспубліканцы папрасілі ў царыцы партрэт — на знак яе спачування вальтэр’янскім ідэям. «Самая аристократическая из европейских императриц никогда не пошлет своего портрета людям, свергнувшим монархию», — пагардліва адказала яна.

Расію душыла самаўладдзе, чый партрэт мужна намаляваў Аляксандр Радзішчаў: «Чудище обло, озорно, огромно, стозевно и лаяй». Рэч Паспалітая была, па сутнасці, шляхецкай рэспублікай. Гэта падкрэслівала сама назва: найменне «рэч паспалітая» цалкам адпавядае лацінскаму res publica.

Шляхты ў Вялікім Княстве адносна да ўсяго жыхарства было значна болей, чым у іншых еўрапейскіх дзяржавах: 10-12 працэнтаў. Пераважная яе частка належала да так званай засцянковай або шарачковай, што мела герб і права насіць шаблю, але не мела прыгонных. Пра такога шляхціча Упадзімір Караткевіч пісаў, што ён араў сваё поле «высакародна», а гной з хлява на палетак вёз, уторкнуўшы побач з сахаром дзедаўскую шаблю. Тым не менш, значная частка нашых продкаў была асабіста незалежная і магла вырашаць мясцовыя і дзяржаўныя справы, засядаючы на павятовых, ваяводскіх і дзяржаўных соймах.

Не будзем ідэалізаваць шляхецкую дэмакратыю: яна мела і адваротны бок — анархію. Раней сойм Рэчы Паспалітай прымаў пастановы большасцю галасоў, аднак з 1652 года ўступіла ў дзеянне права «liberum veto» — «вольнае забараняю» (рашэнне прымалася толькі ў выпадку аднадушнага галасавання). Які небудзь падкуплены лепельскі шляхціч гарлаў «Вета!», і пастанова не праходзіла.

У 1652-1764 гадах былі сарваныя сорак чатыры соймы з васьмідзесяці. Калі разгаралася спрэчка паміж магнацкімі групоўкамі, дэпутаты пускалі ў ход зброю і колькі дзяржаўных мужоў зазвычай перасяляліся на той свет. Шабельным звонам часта канчаліся і павятовыя ды ваяводскія соймікі. Каб дасягнуць патрэбнага аднагалосся, збітую апазіцыю выкідвалі праз дзверы, але «Вета!» гучала з вокнаў, а адзін полацкі шляхціч прымудрыўся вярнуцца ў залу пасяджэнняў ваяводскага сойма праз камінны дымаход.

Статут 1588 года, што дзейнічаў у Вялікім Княстве Літоўскім, быў непараўнана больш прагрэсіўны, чым законы Расійскай імперыі, ды выкананню яго нормаў часта замінала феадальнае самавольства. У сваіх уладаннях магнаты трымалі ўласныя войскі і нярэдка вялі з фамільнымі ворагамі сапраўдныя войны. Шляхта, гледзячы на гэта, учыняла напады на суседзяў — пра адзін з іх распавёў у «Пане Тадэвушы» Адам Міцкевіч. Такія наезды, ад якіх пакутавалі найперш сяляне, былі ў XVIII стагоддзі звычайнаю з’яваю і ў Полацкім ваяводстве. Пра амаль поўную незалежнасць багатых беларускіх родаў ад караля і вялікага князя гаворыць тагачасная прымаўка: «Кароль у Варшаве, а Радзівіл у Нясвіжы».

Да ўсяго іншага Рэчы Паспалітай не шанцавала з манархамі. Памёр колішні хаўруснік Пятра I у Паўночнай вайне Аўгуст II. На троне мог замацавацца Станіслаў Ляшчынскі, за якога выступала і Полацкае ваяводства, аднак гэты прэтэндэнт не задавальняў Санкт-Пецярбург. У Літву-Беларусь зноў прыйшло расійскае войска. Як досыць дасціпна пісаў у сваіх дэпешах адзін тагачасны царскі генерал, «присутствие наших солдат придает соответствующее направление мыслям здешних жителей».

Апрача таго, на лёсе Полацка і Прыдзвіння чорнай пячаткаю адбіліся голад ды паморкі 1741-1746 гадоў. А яшчэ — спрадвечнае полацкае няшчасце — пажары. На працягу XVIII стагоддзя горад гарэў пяць разоў — у 1708, 1738, 1750, 1757 і 1770 гадах.

Поделиться:
Популярные книги

Род Корневых будет жить!

Кун Антон
1. Тайны рода
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
7.00
рейтинг книги
Род Корневых будет жить!

Неудержимый. Книга XIV

Боярский Андрей
14. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга XIV

Дремлющий демон Поттера

Скука Смертная
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Дремлющий демон Поттера

Хильдегарда. Ведунья севера

Шёпот Светлана Богдановна
3. Хроники ведьм
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.40
рейтинг книги
Хильдегарда. Ведунья севера

Наука и проклятия

Орлова Анна
Фантастика:
детективная фантастика
5.00
рейтинг книги
Наука и проклятия

Измена. (Не)любимая жена олигарха

Лаванда Марго
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. (Не)любимая жена олигарха

Ты - наша

Зайцева Мария
1. Наша
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Ты - наша

Личник

Валериев Игорь
3. Ермак
Фантастика:
альтернативная история
6.33
рейтинг книги
Личник

Разбитная разведёнка

Балер Таня
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Разбитная разведёнка

Гридень. Начало

Гуров Валерий Александрович
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Гридень. Начало

Под маской, или Страшилка в академии магии

Цвик Катерина Александровна
Фантастика:
юмористическая фантастика
7.78
рейтинг книги
Под маской, или Страшилка в академии магии

На границе империй. Том 6

INDIGO
6. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
попаданцы
5.31
рейтинг книги
На границе империй. Том 6

70 Рублей

Кожевников Павел
1. 70 Рублей
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
попаданцы
постапокалипсис
6.00
рейтинг книги
70 Рублей

Идеальный мир для Лекаря 8

Сапфир Олег
8. Лекарь
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
7.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 8