Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Сучасныя паэты могуць пазайздросціць яго ўменню пісаць у жанры «рэха», калі дасягаецца эфект гэтай прыроднай з’явы.
Рцы, Щасте, кому служыш, кто ест сей? — Алексей. Чыя кров? — Сын Михайлов. Государев? — Царев. Кто саном? — Цар роксаном. Коли дуж? — Храбрый муж…Такая мудрагелістасць наогул была ўласцівая культуры барока, да якой належыць Сімяон.
У Маскве ён здабыў еўрапейскую славу. Пра яго вершы вёў гаворку ў кнізе «Расійская граматыка» оксфардскі лінгвіст XVII стагоддзя Лудольф. Яшчэ раней аб першым прафесійным расійскім літаратары, беларусе з Полацка
Паэт не шкадаваў сябе ў працы, часта хварэў, і 25 жніўня 1680 года Маскву абляцела вестка пра яго смерць. Адных яна засмуціла, другіх усцешыла. Цяжка сказаць, каго было болей: асветнік нашмат апярэджваў свой час.
Развітаўся з гэтым светам Сімяон у яснай свядомасці, загадзя пакінуўшы запавет, які сведчыць, што ў апошнія дні жыцця ён шмат думаў пра родную Літву-Беларусь. 3 пакінутых сямісот рублёў срэбрам і шасцісот золатам сваю долю, згодна з запаветам, атрымалі беларускія манастыры ў Полацку (Богаяўленскі), Віцебску, Оршы (Куцеінскі), Дзісне, Міёрах, Менску і Вільні.
Выхаванец асветніка цар Фёдар загадаў скласці эпітафію і «на двух каменных таблицах вырезать, позлатить и устроить над гробом иеромонаха Симеона своею государскою казною, из Приказа каменных дел». Пісаў надмагільныя вершы Сільвестр Мядзведзеў. Цар зацвердзіў толькі пятнаццаты варыянт эпітафіі, які высеклі над магілай у маскоўскім Заіконаспасаўскім манастыры. 3 верша Мядзведзева і ўзяты радок для назвы гэтага раздзела кнігі.
Пасля Сімяона засталася найбагацейшая ў Маскве бібліятэка, вопіс якой сведчыць пра энцыклапедычныя веды і захапленні гаспадара. Творы Цыцэрона, Тамаша Аквінскага, Эразма Ратэрдамскага, айцоў царквы. Граматыкі, слоўнікі, зёльнікі (зборнікі звестак пра лекавыя расліны), медычны трактат XIII стагоддзя «Книга преудивительная таинств женских, еще о силах трав, каменей, зверей, птиц и рыб»… Дзяку, што рабіў вопіс, не заўсёды хапала адукацыі, каб прачытаць і перакласці назву таго ці іншага фаліянта, і ён запісваў: «Книга о каменнях различных, творение Андриана Тулия, латинская» або проста: «Книга всего мира описание». (Калі будзеце на радзіме асветніка, абавязкова наведайце цудоўны музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, якая з’яўляецца часткаю Музея беларускага кнігадрукавання. У той зале з галерэяй сярод тысяч тамоў на розных мовах вы сапраўды падыхаеце паветрам эпохі выдатнага палачаніна.)
Сімяон пакінуў пасля сябе цэлую школу расійскіх паэтаў. Пакінуў друкарню, дзе ўжо пасля яго смерці выйшлі «Обед душевный» і «Вечеря душевная». Галоўнае ж багацце, што засталося нашчадкам, — літаратурная спадчына асветніка і паэта. Яна была патрэбная не толькі асобам знаным ды асвечаным, але і паспалітаму люду. У 1698 годзе маскоўскі патрыярх атрымаў ад запарожцаў просьбу прыслаць у іх царкву зборнікі казанняў вучонага палачаніна. Напэўна, асабліва прываблівала казацтва надрукаванае ў «Вечере душевной» узнёслае «Слово к православному и христоименитому запорожскому воинству». Казакі не ведалі, што праваслаўная царква ўжо абвясціла Сімяонавым творам анафему і забараніла згадваць іх як ерэтычныя.
Яго магілы не захавалася, а надмагільная пліта захоўваецца ў маскоўскім Спасаўскім саборы былога Заіконаспасаўскага манастыра на вуліцы Нікольскай.
Вакол яго асобы дагэтуль не заціхаюць спрэчкі.
Якой культуры найперш належыць Сімяон — беларускай ці расійскай? I наогул — хто ён? Патрыёт, што мусіў падпарадкавацца жорсткім абставінам, але ў душы застаўся верны юначым перакананням? Альбо, як сцвярджаюць некаторыя, рэнегат,
Свае аргументы ў гэтай дыскусіі ёсць у кожнага. Але ісціну, як звычайна, трэба шукаць пасярэдзіне.
Перавыдаюцца яго творы, па іх абараняюцца ў Маскве і ў Мінску дысертацыі. Кніга пра нашага земляка выйшла ў папулярнай серыі «Жизнь замечательных людей». У 1980 годзе ЮНЕСКА ўнесла імя Сімяона Полацкага ў каляндар міжнародных датаў выдатных дзеячаў славянскае культуры.
Тым, хто захоча глыбей пранікнуць у свет думак і вобразаў знакамітага паэта, раю разгарнуць важкі том яго «Виршей», выдадзеных колькі гадоў таму «Мастацкай літаратурай».
Угледзьцеся ў партрэт сівабародага манаха, што абапёрся рукамі на кнігу. У гэтых вачах свеціцца жывая чалавечая мудрасць, якая ніколі не старэе.
КАРАНАВАНЫ ЗАБОЙЦА
Царэвіч Пётр Аляксеевіч, што некалі прыціхаў перад вучоным манахам Сімяонам, вырас, узышоў на трон і ўзяўся прасякаць вакно ў Еўропу.
У Паўночнай вайне са Швецыяй хаўруснікам расійскага імператара быў вялікі князь літоўскі Аўгуст II. Кіруючыся на сустрэчу з ім у Біржайскі замак, Пётр I у лютым 1701 года на паштовых падводах праязджаў праз Полацк.
Пасля пажараў і разбурэнняў мінулага стагоддзя горад ужо трохі акрыяў. Колькасць будынкаў у ім набліжалася да тысячы. Прыстойны выгляд набылі замкі. У неба падымаліся адноўленыя цэрквы і касцёлы. Зноў набіралі сілу рамесніцкія цэхі. У Экімані пачыналі рабіць лёгкія рачныя судны — «екіманкі»…
Першае з’яўленне Пятра ў Полацку, калі не лічыць грамавых імператаравых тостаў на абедзе, абышлося ціха. А вось другі прыезд… Лепей бы шляхі расійскага ўладара пралеглі дзе-небудзь убаку. Праўда, тады б сёй-той з полацкіх экскурсаводаў не меў бы магчымасці з правінцыйным гонарам казаць, што «в нашем городе останавливался царь Петр I». Шмат хто і сёння не можа ўцяміць, што мемарыяльная шыльда на адной з прыдзвінскіх камяніц, якая нагадвае пра гэта, зневажае нашу нацыянальную годнасць.
Але ўсё па парадку.
Пачатак XVIII стагоддзя зноў зрабіў Літву-Беларусь тэатрам ваенных дзеянняў. Частка магнатаў, узначаленая Сапегамі, падтрымала шведскага караля Карла XII і дапамагла яму войскам. Прыхільнікі шведаў абралі вялікім князем і каралём Станіслава Ляшчынскага. Такім чынам Рэч Паспалітая займела адразу двух гаспадароў, паміж якімі таксама разгарэлася вайна. Тым часам скандынавы занялі Гарадзеншчыну. Пётр I накіраваў у Беларусь 70-тысячную армію.
Значныя сілы на чале з князем Аляксандрам Меншыкавым у лютым 1705 года рушылі да Полацка і сталі за горадам вайсковым лагерам. У чэрвені сюды прыехаў сам цар. Ён жыў то ў келлях Спасаўскага манастыра, што належаў тады езуітам, то ў зграбнай, пабудаванай у 1694 годзе мураванцы недалёка ад Богаяўленскага манастыра, на якой цяпер вісіць мемарыяльная дошка. Сто гадоў таму палачане яшчэ маглі бачыць над вокнамі гэтага будынка ляпную выяву двух геніяў, што трымалі ў руках стужку з лацінскім надпісам: «Petrus Primus. Anno Domini MDCCV» — «Пётр Першы. Год Гасподні1705».
Імператар прабыў у Полацку блізу месяца. Тут ён выдаў маніфест, дзе забараняў шляхце збірацца на з’езды або ехаць у Варшаву на зацвярджэнне новага манарха. Парушальнікаў Пётр абяцаў пакараць як здраднікаў Айчыны і «истребить их имения огнем и мечем». Горад цар меўся ператварыць у велізарную фартэцу, умацаванні якой ахоплівалі б замкі, Вялікі пасад, востраў на Дзвіне і прылеглыя ўзвышшы. На плане Полацка 1707 года драўляных сценаў і вежаў ужо няма, а паказаныя бастыёны з зямлі і каменю. Разам з тым царскі генерал фон Вердэн атрымаў загад: у выпадку набліжэння да горада пераважных сілаў шведаў адступіць толькі пасля таго, як узарве полацкія замкі.