У дрымучых лясах
Шрифт:
Дома Эля чытаў:
«Ты, Эля, зрабіўся адразу прагным на вялікія грошы. Гэта твой першы грэх. Ты, Эля, узгардзіўся. Гэта твой другі грэх. Вось за што я не выканаў свайго абяцання. Назначаю табе на цэлы тыдзень пост удзень і малітвы ўночы. Калі ўсё гэта будзе выканана не так сабе для віду, а шчыра, тады дам табе новую ўзнагароду. Так кажа прарок Ілья».
Увесь тыдзень пасля гэтага ліста Эля не выходзіў з сінагогі. Пасціўся ўдзень і маліўся ўночы. Апусціўся, высах. Кожны дзень прыходзіла ў сінагогу яго жонка і са слязамі ў вачах ўпрашвала яго:
— Хадзем, Эля, есці…
Эля моўчкі адпіхваў яе ад сябе локцем.
— Рэбэ Эля, што з вамі?
— Рэбэ Эля, вы нездаровы?
— Рэбэ Эля, вы вельмі схудалі.
Эля маўчаў, і на яго твары відаць былі вялікія пакуты і вялікія надзеі.
Роўна праз тыдзень Эля дастаў з каўчэга мой новы канверт. Дома ён чытаў вось што:
«Эля, ты вялікі дурань! Не вер у забабоны. Скажы „дзякуй“ за першыя тры далары і больш не чакай. Няма прарока Ільі і няма Бога. Усё гэта хлусня. Амінь! Калі-небудзь я табе раскажу ўсё».
Эля некалькі тыдняў не прыходзіў у сінагогу. Ён захварэў на нервовую гарачку і доўгі час у сваім брэдзе нешта расказваў пра Ілью-прарока. А як вярнуўся ў сінагогу, дык паглядаў на ўсіх недаверліва.
Тым часам я займаўся далей пісаннем лістоў у Амерыку. У хаце старой Бейлі я ажыў. Нада мною не вісеў вечны страх перад інспектарам рэбэ Шмар'я. Я мог чытаць на прыватнай кватэры хоць цэлымі начамі. Творы Пушкіна і Лермантава, Гогаля і Някрасава выцеснілі схаластычны Талмуд з яго мёртвай філасофіяй, з яго нуднымі разважаннямі аб дабры і зле, з яго дробнымі ўрыўкамі разнастайных старадаўніх навук, з прыстасоўваннем вавілонскага быту і мудрасці да ўмоў жыцця зусім іншай зямлі ды іншых людзей.
Я пачаў пісаць вершыкі на старажыдоўскай мове. Пісаў удзень у сінагозе, засланяючыся фаліянтамі Талмуда. Уночы я чытаў кнігі. Так цягнулася больш года.
Мірыям
Лісты ад нявест да жаніхоў у Амерыку і чытка лістоў ад жаніхоў з Амерыкі накіравалі мяне пісаць вершы на тэму кахання. Кожны дзень — новы верш. Пры стале ў хатцы, калі старая Бейля ўжо спала, я ўпісваў гэтыя вершыкі начыста ў прыгожую запісную кніжачку, якую купіў у краме. Кніжачку я назваў «Мірыям». Яна была ўся запоўнена гімнамі неіснуючай дзяўчынцы Мірыям. Дзяўчынка майго ўзросту, пятнаццаці год, жыла толькі ў маёй фантазіі. Часта Мірыям мяняла свой выгляд. То яна была з валасамі чорнымі, як ноч, то — залацістымі, як сонца. Вочы яе былі то спелымі вішнямі, то васількамі. Голас яё гучэў, як арфа. Смех — журчанне ручайка. Дыханне — шэпты кветак і каласоў пад ветрыкам. Яе песні — спевы салоўкі. Усе радасці і смуткі свайго сэрца я прысвячаў цудоўнай мары — Мірыям… Яна была добрая і мудрая. Яна засланяла ад маіх вачэй мудрацоў Талмуда.
Аднаго разу ў жнівеньскі дзень, калі праз каляровыя шклы ў сінагогу прабіваліся сонечныя праменні і ператварылі сінагогу ў фантастычнае падзямелле часоў старадаўняга Эгіпта, калі ажылі драўляныя львы і арлы на каўчэгу, я чытаў пад сумны спеў юных талмудыстаў гімны сваёй Мірыям. Кніжачка з вершамі ляжала ў мяне на тоўстым фаліянце. Я чытаў з захапленнем уголас:
— Мірыям… Мірыям…
Перад тваімі вачыма пятнаццаць разоў цвіла чаромха і зелянела рунь.
Я пацалую залацістую пасму тваіх валасоў і ад асалоды памру ля ног тваіх.
Не! Не памру. Дазволь мне жыць
Мірыям… Мірыям…
Ты мне бліжэй за бацьку і матку. Ты мне даражэй за жыццё. Ты — маё неба. Ты — мая зямля. Ты — маё шчасце. Ты звіла навекі гняздо ў маім сэрцы.
Мірыям… Мірыям…
Над полем стаіць белы, як малако, туман. Ля рэчкі пасуцца цяляты. Пастушок грае на жалейцы, а я сяджу на каменні ды спяваю песню. І кожнае слова маёй песні — любоў да цябе. І кожнае слова маёй песні — хвала красе тваёй.
Мірыям… Мірыям…
Я забуду малітвы вечнаму небу.
Дазволь раніцой і ўвечары вымаўляць тваё песеннае імя… Я гляджу на зоркі і думаю, што гэта твае вочы. Я слухаю песні салоўкі і думаю, што гэта твой голас. Я гляджу на макаў цвет і думаю, што гэта твае губкі.
Мірыям… Мірыям…
Раптам нада мною замітусіўся цень. Я ўстрапянуўся.
Ля майго штэндара стаяў высокі, грозны, чорнабароды аскет — інспектар рэбэ Шмар'е…
Рукі і ногі ў мяне амярцвелі. Мне зрабілася холадна і горача.
Рэбэ Шмар'е ўзяў з маіх рук кніжачку пад назваю «Мірыям». Чытаць было лёгка, бо я для большай прыгажосці пісаў друкаванымі літарамі. Ён углыбіўся ў кніжку. Я, нібы загіпнатызаваны, глядзеў на яго і не мог крануцца з месца. Ён чытаў доўга. Навокал майго штэндара сабраўся ўвесь юны народ, усе мае таварышы.
Скончыўшы чытаць «Мірыям», рэбэ Шмар'е закусіў бараду, пранізаў мяне наскрозь двума вострымі кінжаламі чорных вачэй і загаварыў не да мяне, а да маіх таварышаў:
— Сыны Ізраіля… ірвіце на сабе вопратку. Абсыпайце галовы попелам у знак жалобы. Гэты пасадзецкі шэйгец здрадзіў жыдоўству. Напісаў кніжачку пад назваю «Мірыям». Ні разу імя Бога не ўспамінае ў кніжцы. Яго кніжка — сорам і спакуса. Яго кніжка — усхваленне мацеры нячысцікаў — Ліліт. Утапілася ў смале пякельніцы душа маладая… Яна прапала, прапала для святой торы, для бацькоў. Пагасла іскра з полымя Адэная…
Аскет рэб Шмар'е не біў мяне. У яго вачах стаялі слёзы — кракадзілавы слёзы.
Маю кніжачку спалілі на каменнай падлозе ў пярэднім пакоі сінагогі…
Рэб Шмар'е так напалохаў юных талмудыстаў, што яны ад мяне адступіліся.
— Ухадзі з гэтага святога мура, — сказаў рэб Шмар'е са строга ўзнятай рукой. — Ухадзі! Гаспадарам тваіх дзён я скажу, каб яны цябе больш не кармілі. Ухадзі з гэтага мястэчка, бо калі я цябе ўбачу на вуліцы, не мінаваць «малкес».
Я выйшаў з сінагогі ў апошні раз. Старой Бейлі сказаў, што выбіраюся пехатой у Пасадзец. Я ўзяў з сабой толькі кніжкі. Бейля дала мне на дарогу кавалак хлеба.
Бывайце назаўсёды, таноім і амайроім — прафесары і дактары Талмуда! Вашы старадаўнія рыцары, Гілель і Шамай, Попай і Гуна, памёрлі ў маім сэрцы. Нібы туман, растаялі пад сонцам жыцця паветраныя замкі Іерусаліма і Вавілона.
Адно імя ўвасабляе маю новую мару — Мірыям…
Хацеў пабачыць Элю, расказаць яму праўду аб трох даларах і папрасіць прабачэння, але не ўдалося сустрэцца з ім. Я рашыў напісаць яму аб гэтым пісьмо дома і пераслаць поштай.
Іду лясной дарогай. Пахне смалою, багуном і грыбамі. Спяваюць жаўранкі. Можа, гэта грае на лютні мая Мірыям? Здалёк плывуць да мяне гукі жніўных песень. Спявае некалькі жанчын. Палоняць мяне жыватворныя сілы зямлі — яе радасці і смуткі. Можа, гэта сумуе і радуецца Мірыям?