У дрымучых лясах
Шрифт:
Аднак на маім сумленні яшчэ ляжаў адзін камень: тры далары… Яны ж не мае, не мне прысланыя, а рабіну. Яны ж і рабіну не належаць, бо ён у гэтай справе Богу душой не вінаваты. Яны ж і Рахілі не належаць. Рахілі Барыс адаслаў доўг. Адаслаць тры далары назад Барысу? Глупства! Ён іх рабіну прыслаў у падарунак. Гэта значыць мне… А яны мне вельмі прыгадзяцца — гарнітур… боты… Я ж хаджу, як абадраная ліпка. Так і зраблю — у першую чаргу боты. Але… прыкра. Што рабіць? Што рабіць?
Я сядзеў у сінагозе над Талмудам і думаў-думаў. Я глядзеў праз акно на сінагагальны двор, дзе буяў палын, і думаў-думаў.
У маёй разгарачанай галаве грукаталі-стукаталі
— Тры далары. Тры далары… Тры далары…
І я дадумаўся.
Шчасце і няшчасце рэбэ Элі
Так. Я дадумаўся. Мне стала лёгка-лёгка. Я знайшоў цёплае гняздо для пакалечанай ластаўкі. Я знайшоў месца для трох далараў. Я напісаў пісьмо і палажыў у кішэнь шамеса сінагогі — «рэбэ Элю з гусінымі лапкамі». Ён у той час падмятаў бярозавым венікам сінагогу.
Талмуд у галаву мне не лез. Я ўвесь час сачыў за Элем. Вось ён кончыў працу, накашляўся ад пылу, узнятага з падлогі, і пачаў церабіцца. На гэта ён быў вялікі майстар. На яго твары разлівалася незвычайная асалода. Адмарожанымі пальцамі ён церабіў галаву. Далонню старанна цёр патыліцу, бараду, пейсы. Прыхіляўся да вострага вугла стала і з натхненнем гэбляваў спіну. Касцістымі лакцямі шпарка і рытмічна перабіраў свае ўласныя рэбры, як музыкант струны балалайкі. Пры гэтым ён задумліва і радасна ўсміхаўся. Нібы нешта вельмі смачнае еў і прыслухоўваўся да смаку.
На гэты раз я з нецярплівасцю прагледзеў усю драматычную дзею яго цераблення. Церабіць локцямі бакі заўсёды было яго апошнім нумарам. Вось ён і цяпер пачаў локцямі наступаць на свае бакі, пачаў наступаць і пачуў небывалыя гукі. У яго кішэні зашастала папера. Ён здзіўлена сунуў руку ў кішэнь і выцягнуў адтуль белы канверт. Падышоў да акна, прачытаў адрас — яму! Ён з дзівам распячатаў канверт, выняў пісьмо і ўткнуўся ў яго носам:
«Мы з табою цёзкі. Ты — Эля шамес. Я — Ілья прарок. Я ўвесь час сачыў за тваім праведным жыццём, за пакутамі тваёй беднай сям'і. Ты — самы лепшы Эля з усіх Эляў на свеце. Я цяпер знаходжуся ў Амерыцы і прыглядаюся да людзей, якія носяць маё імя. Табе — найлепшаму Элю — шлю тры далары. Такую суму буду табе прысылаць кожны тыдзень на шабас. Гэтыя грошы знойдзеш у сінім канверце ў каўчэгу пад торамі. У кожную пятніцу пасля ранішняй малітвы знойдзеш на гэтым самым месцы такую ж суму».
Эля скомкаў пісьмо, палажыў у кішэнь і прамармытаў:
— Нейкі шалахвост з мяне жартуе. Каб яго паганае імя сцёрлася з памяці добрых людзей! Не трэба мне такіх пісем з святога каўчэга! Не пайду… Не пайду. Не пайду…
«Прыйдзецца забраць назад з каўчэга гэтыя тры далары, — падумаў я. — Эля ўпарты чалавек. Сказаў, што не пойдзе, дык не пойдзе. Забяру назад грошы». Я цяпер цвёрда рашыў забраць іх сабе, бо яны ж мне да зарэзу патрэбны.
Але ўжо было позна.
Цікавасць Элі ўзяла верх. Ён, крадучыся, каб ніхто не заўважыў, падышоў да каўчэга, дастаў адтуль сіні канверт. Пры гэтым замармытаў:
— Шалахвосты! І святы каўчэг не шануюць!
Ён з сумам паківаў галавой, зацмокаў губамі і падышоў да акна. Асцярожна распячатаў канверт і дастаў адтуль асігнацыю ў тры далары. Ён правяраў яе на свет доўгі час.
— З амерыканскімі даларамі Эля быў знаёмы. Яму не раз іх паказваў яго пляменнік, бацька якога жыў у Амерыцы і час ад часу прысылаў грошы.
Упэўніўшыся, што гэта сапраўдныя тры далары, Эля задрыжэў з ног да галавы. Схаваў за пазуху грошы і пачаў біць
— Ілья-прарок… Ілья-прарок… Ілья-прарок…
Збянтэжаны Эля ўсхліпнуў ад радаснага хвалявання, зноў падышоў да каўчэга, расчыніў дзверцы, усунуў туды галаву і доўга маліўся. У яго вачах свяцілася вялікае, як мора, шчасце. Нібы на крыллях, Эля паімчаўся з сінагогі. Крыллі, праўда, былі не арліныя, бо ён зваліўся ўніз з высокага каменнага ганка. Хутка падняўся і, трымаючыся абедзвюма рукамі за пазуху, пабег дамоў з усіх сіл. Людзі на яго аглядаліся. Ён не зварочваў увагі.
Назаўтра Эля прыйшоў у сінагогу ў новай шапцы. Сам ён, відаць, памыўся ў лазні. Валасы яго былі гладка расчосаныя, барада і пейсы ў парадку. Словам, зусім не ранейшы, а нованароджаны Эля… Аднак я на яго ілбе заўважыў хмарку незадаволенасці. Чалавек быў нечым пакрыўджаны.
Я здзівіўся. У чым справа?
Прычына яго незадаволення выявілася зараз жа. Эля падышоў да каўчэга, на гэты раз не зусім асцярожна. Ён быў узбуджаны. Расчыніў дзверцы і пачаў гаварыць гучным шэптам. Я асцярожна падышоў да каўчэга. Чуў слова ў слова:
— Дзякую, святы прарок, за тры далары! Але мая жонка сказала, што ты мог бы даць больш. У нас вялікая сям'я і вялікая нястача. Прашу цябе, святы прарок, павер маёй шчырасці і ахвяруй мне па трыццаць далараў на тыдзень. Ты ж такі добры. Я, святы прарок, ва ўсіх малітвах успамінаю цябе з пашанай і любоўю. Я ўпэўнены, што выканаеш маю маленькую просьбу. Не скупіся ў сваёй дабрачыннасці. Амінь! Амінь! Амінь!
Эля выйшаў з сінагогі, а я ўвайшоў у злосць.
Мала таго што я па дурноце сваёй выкінуў яму гэтыя тры далары, у яго яшчэ нахабнасць і прагнасць з'явілася. Ён яшчэ крыўдзіцца! Дай яму па трыццаць далараў на тыдзень. Захацеў адразу панам зрабіцца! Ды яшчэ верыць шчыра, што гэта раскашэліўся Ілья-прарок. Ну, пачакай жа, рэб Эля! Я цябе ачалавечу! Пакажу табе, што Ілья-прарок не такі цямця-лямця, як я. Буду змагацца за гонар старадаўняга прарока…
На другі тыдзень я зноў палажыў у каўчэг пісьмо на адрас Элі. Ён быў надзвычайна акуратны. У назначаны час падышоў да каўчэга, нібы да сваёй уласнай шафы, і дастаў адтуль пісьмо. Ён адразу палажыў канверт за пазуху са словамі «дзякуй, дарагі прарок Ілья!» і шчаслівы і спакойны выйшаў з сінагогі, як банкір з банка.
Я, канешне, зразумеў, у чым справа. Эля быў упэўнены, што ў канверце ляжаць трыццаць далараў. Ён нават паважна выцер нос новай хустачкай, як гэта робіць самы багаты крамнік у мястэчку, рэб Носан.
Ой, хутка, рэбэ Эля, пераняў ты манеры багача! Ах, як грошы псуюць чалавека! Эля нават узгардзіўся. Калі раней ён быў з усімі ешыботнікамі за панібрата, дык у працягу аднаго тыдня ні з кім з нас ужо гаварыць не захацеў. Некаторыя з ешыботнікаў нават заўважалі:
— Эля пачаў глядзець на нас зверху ўніз…
І я рашыў:
«Я скалечыў Элю — я вылечу яго. Уся яго душа цяпер у маіх руках, як злоўлены верабей…»
І я таксама крыху ўзгардзіўся сваёй сілай над сінагагальным шамесам. Але тады я яшчэ не ўцяміў, што той самы кій, які біў Элю адным канцом, біў другім канцом і па маёй лабаціне. Я хадзіў па сінагозе галагуцкім пеўнем і ўжо радаваўся, што падкінуў Элю гэтыя тры далары. Затое цяпер вымуштрую чалавека. Такая справа даражэй за тысячу далараў. Магчыма, што гэтым я хацеў заглушыць смутак па страчаных трох даларах. Я добра не памятаю. У той час я назіраў толькі за іншымі, а не за самім сабой.