У снягах драмае вясна
Шрифт:
Дэкана абкружылі, спыталі пра здароўе Маркевіча. Грушэвіч спахмурнеў:
– Зараз значна лепей. Чакайце, вы ж, Берасневіч, былі там некалькі дзён таму?
– Быў. Тады было цяжка. Толькі і размовы было, што ўзяў наш букет аранжарэйнага бэзу, панюхаў і сказаў: "Напэўна, апошні раз нюхаю. А калісьці я любіў "шчасце" шукаць. Адшукаеш кветку ў пяць пялёсткаў, ясі яе потым, і так добра на сэрцы". Цяпер кажа, вам яго шукаць трэба, мы свой цяжар данеслі. Але вы, калі знойдзеце, не выпускайце з рук.
– Ну, зусім раскіснуў, дзед. Нічога. Зараз ён папраўляецца, хоць становішча яшчэ даволі цяжкае. Толькі вы яго да кастрычніка месяца наўрад ці
– Чаму гэта?
– Прымусілі ўзяць доўгатэрміновы адпачынак. Запусціў сябе чалавек, з пачатку вайны не адпачываў. А цела ўсё пасечана, з вамі тут і мамант праз два гады ў Кіславодск запрасіўся б. Ну вось. Будзе там недзе медуз у моры лавіць.
– А хто замест яго?
– Здаецца, Куртаносаў, - адказаў дэкан.
– А лекцыі разам з семінарамі Холадаў.
– Гэта добра, - ажывіўся Маркіч.
– Ну, не так ужо і добра. Куртаносаў - чалавек сухі. Холадаў таксама, - разважліва сказаў Паўлюк.
– Лепшага чалавека, ніж Маркевіч, на такі пост цяжка знайсці.
У дэкана пацяплелі вочы:
– Правільна разважаеце, хлопцы. Лепшага сапраўды цяжка знайсці. Вам з ім пашанцавала. Ведаеце, што ён вам, Берасневіч, сказаў?
– А што?
– Берасневіч ажывіўся, усе паглядзелі на яго з зайздрасцю, як заўсёды, калі Маркевіч звяртаў на каго-небудзь увагу.
– Вельмі ён бедкаўся перад крызісам, што пакідае жыццё і універсітэт так заўчасна: "Як яны там будуць? Я ж яшчэ, каму трэба, многім не дапамог, каго трэба не пагнаў!.." Даў парады, і тую, што ён даваў вам, я вам скажу. Ён сказаў, каб вы трошкі ўтаймавалі ваш халерычны тэмперамент, а то будзе вам бяда. Трэба быць больш вытрыманым. Я, кажа, ведаю, што нічога ў гэтым дрэннага няма, а хто-небудзь малазнаёмы можа і азліцца. Што будзе з хлопцам?
– Перадайце яму маё дзякуй за парады, - расчулена сказаў Берасневіч.
– Пастараюся стрымлівацца. І яшчэ перадайце ад нас усіх, каб хутчэй папраўляўся і прыязджаў. Нам без яго будзе вельмі сумна.
Дэкан пайшоў, і група рушыла па галоўнай алеі, дзе смяяліся, пішчалі, інтрыгавалі, клікалі за сабою і заляцаліся маскі. Мора ўбораў, святло, смех, лятучыя стужкі серпантыну, але Алёнка і Берасневіч чамусьці адчувалі сябе чужымі сярод натоўпу. Ён глядзеў на Алёнку і думаў, што гэта - цуд. Тоненькая, у прыгожай белай сукенцы. Адкрытая шыя, маленькія туфлікі, рука, якая так зручна ўляглася ў яго вялікую руку (адны толькі рукі свае і лічыў прыгожымі Берасневіч).
Полымя паліла іх яшчэ мацней, яны ўжо не здольныя былі ні пра што думаць.
І яны, не дамаўляючыся, уцяклі ад усіх астатніх. Сцяжынка, над якою спляліся хмызы і дрэвы, вяла ўніз, да ракі, была цёмная і падобная на тунель. Весела было імчаць па ёй уніз, да ракі, між бэзавых галін, якія пахнулі так соладка і вільготна, што круцілася галава. Хутчэй, хутчэй да ракі, якая блішчыць срэбнай луской.
Сцежка завярнула ўбок і знікла. Яны спыніліся.
І раптам за спіною ў іх быццам выбухнула бомба, і сотні рознакаляровых змей шуганулі ў паветра, заквітнелі зоркамі, заззялі ялінкавымі шарыкамі. Закруціліся агністыя колы, глыбокімі рознакаляровымі ценямі засяліўся сад. Цені ад дрэў узнікалі то з аднаго, то з другога боку; нараджалася і зноў памірала ў самых глухіх кутках саду цемра.
Берасневіч глянуў на Алёнку. Бледная, з закрытымі вачыма, яна хілілася наперад, быццам вось-вось гатовая была ўпасці. Ён падхапіў яе адной рукою. Яна задрыжэла і бязвольна прыхілілася галавою да яго грудзей. Вусны яе былі напаўразяўленыя, вочы паўзаплюшчаныя.
Не
Цемра пасля апошняй ракеты накрыла іх.
...Пасля гэтага пачалася цэлая эра шчасця, сустрэч, таемных позіркаў, беглых пацалункаў, слоў, споўненых толькі ім адным вядомым сэнсам. Яны маўчалі, але схаваць свой запал ад іншых усё адно не маглі: немагчыма схаваць жар пад сухім лісцем, - спачатку здрадзіць дым, а пасля праб'юцца і языкі агню. Яны шукалі адно аднаго і не маглі разлучыцца і бачылі паўсюль толькі адно, сваё бязмежнае каханне. Яно было паўсюль: у дрэвах, пад якімі яны ішлі, у гуках скрыпкі на канцэрце, у вадзе той крыніцы, з якой яны пілі аднойчы ў лесе (пілі проста губамі, лежачы на жываце, сутыкаючыся лбамі).
X
Гэта была звычайная рыбалка, з жой не прывозяць рыбы, але затое прывозяць загарэлыя рукі, мазалі на далонях і добры настрой. Паехалі на цэлую ноч. Дзяўчаты "начавалі" адна ў адной, а хлопцам, вядома, не трэба было і прасіцца. На рацэ, вышэй ад горада, знайшлі добрае месца і высадзілі на яго з двух чаўноў "пірацкі дэсант". Янка падсучыў порткі, высадзіў усіх на бераг, выцягнуў чаўны на сухое месца і, граючы на губах нейкі марш, павёў хлопцаў за сушняком. Хутка запалала вогнішча, бо ўжо ноч спусцілася на зямлю. Берасневіч і Паўлюк хутка зрабілі з брызенту нешта накшталт індзейскіх вігвамаў (Берасневіч цярпець не мог без патрэбы ламаць на будан зялёнае галлё) і перацягнулі туды ўсё, што магло намокнуць. Жэнька адразу пайшоў лавіць рыбу, каб толькі з'явіцца цераз дваццаць хвілін і сказаць:
– Не клюе, трасца на яе на тым і на гэтым свеце.
Сяляўка разбіраў прыпасы, выкладаючы тое, што магло спатрэбіцца, на газету. Дзяўчаты ўзяліся за свае справы: Янкава Марыя і Паўлюкова Святлана пайшлі гатаваць ежу, Алёнка і Валя проста пабрылі да ракі.
Ноч была цёмная (месяц тымі начамі ўставаў позна), зрэдку ў вадзе гучна біла рыба, крычаў недзе ў полі, за вербалозамі, няўсыпны драч і гэтым толькі падкрэсліваў бязмежную цішыню. Было ціха і трошкі сумна на сэрцы. Ціха граў на гітары Паўлюк, дзяўчаты слухалі яго. Тут жа, ля вогнішча, спрачаліся Жэнька і Янка, а Сяляўка сядзеў і слухаў іх з сонным выглядам, напаўразявіўшы рот.
Берасневіч выйшаў з кустоў, трымаючы ў адной руцэ калкі пад чайнік, а ў другой - сякеру. Заліты чырвоным сяйвам вогнішча, ён вельмі нагадваў бронзавую статую.
Янка падняў на яго вочы і ўсміхнуўся:
– Глядзіце, Рабінзон Круза або, яшчэ лепей, Зверабой. Так бы мовіць, Тарзан на ўлонні прыроды. І што вы думаеце, некаторым падабаецца. Як у адной кнізе водзываў у кіно было напісана: "Пяць разоў глядзела другую серыю "Тарзана". Мужчыны! Я вамі пагарджаю!!!"
– А яшчэ што там было напісана?
– змрочна спытаў Берасневіч.
– А яшчэ там была аб'ява: "Мяняю жонку тыпу "Джэн" i цешчу тыпу "Кракадзiл" на малпу тыпу "Чыта". Але гэта яшчэ не самае галоўнае. Там яшчэ нейкi разумны чалавек напiсаў: "Жонка! Хаця ты i сем разоў глядзела "Тарзана", але ўсё адно дура".
На Янку немагчыма было злавацца, і таму Берасневіч спытаўся толькі:
– Пра што спрэчка была?
– Ат, спрачаліся пра літаратуру. Дзе межы паміж нацыяналізмам і патрыятызмам, - адказаў Паўлюк.
– Дык гэта проста. Няхай ты хоць як хвалі сваю Радзіму, узнімай яе хоць да нябёс, - пакуль ты паважаеш другія народы, ты патрыёт. Напрыклад, Шаўчэнка і яго верш "Каўказ".