Вайна сусветаў (на белорусском языке)
Шрифт:
На нашым баку агонь толькi абпалiў блiжэйшыя дрэвы, вялiкага апусташэння не было. У адным месцы лесарубы, вiдавочна, працавалi яшчэ ў суботу. Паваленыя свежапрыбраныя дрэвы ляжалi на просецы на кучы пiлавiння каля паравой лесапiльнi. Побач стаяла пустая хiбара. Было цiха; паветра здавалася нерухомым. Нават птушкi кудысьцi знiклi. Мы з артылерыстам перамаўлялiся шэптам i часта азiралiся па баках. Калi-нiкалi мы спынялiся i прыслухоўвалiся.
Неўзабаве мы падышлi да дарогi i пачулi стук капытоў: у бок Уокiнга ехалi тры кавалерысты. Мы гукнулi iх, яны спынiлiся, i мы паспяшылi да iх. Гэта былi лейтэнант i два радавыя 8-га гусарскага палка з нейкай прыладай
– Вы першыя, каго я сустрэў на гэтай дарозе за ўсю ранiцу, - сказаў лейтэнант.
– Што тут творыцца?
У яго твары i голасе адчувалася рашучасць. Салдаты глядзелi на нас з цiкаўнасцю. Артылерыст спусцiўся з насыпу на дарогу i аддаў чэсць.
– Пушку нашу ўзарвалi мiнулай ноччу, сэр. Я схаваўся. Даганяю батарэю, сэр. Вы, напэўна, убачыце марсiянаў, калi праедзеце яшчэ з паўмiлi па гэтай дарозе.
– Якiя яны сабою, чорт бы iх пабраў?
– спытаў лейтэнант.
– Гiганты ў бранi, сэр. Сто футаў вышынi. Тры нагi; цела накшталт алюмiнiевага, з вялiзнай галавою ў каўпаку, сэр.
– Расказвай!
– усклiкнуў лейтэнант.
– Што за лухту ты нясеш?
– Самi ўбачыце, сэр. У iх руках нейкая скрынка, сэр; з яе папыхвае агонь i забiвае на месцы.
– Накшталт пушкi?
– Не, сэр.
– I артылерыст пачаў апiсваць дзеянне цеплавога промня. Лейтэнант перапынiў яго i павярнуўся да мяне. Я стаяў на насыпе каля дарогi.
– Вы таксама бачылi гэта?
– спытаў ён.
– Чыстая праўда ўсё, - адказаў я.
– Ну, - сказаў лейтэнант, - я думаю, i мне не лiшне паглядзець на iх. Слухай, - звярнуўся ён да артылерыста, - нас адправiлi сюды, каб выселiць жыхароў з дамоў. Ты заявiся да брыгаднага генерала Марвiна i далажы яму ўсё, што ведаеш. Ён стаiць ва Ўэмбрыджы. Дарогу ведаеш?
– Я ведаю, - сказаў я.
Лейтэнант павярнуў каня.
– Вы кажаце, паўмiлi?
– спытаў ён.
– Не болей, - адказаў я i паказаў на вершалiны дрэваў на поўдзень. Ён падзякаваў мне i паехаў. Больш мы яго не бачылi.
Пасля мы ўбачылi трох жанчын i дваiх дзяцей на дарозе каля рабочага домiка; яны загружалi ручную цялежку вандзэлкамi i хатнiм скарбам. Яны былi настолькi занятыя, што не сталi з намi гаварыць. Каля станцыi Байфлiт мы выйшлi з сасновага лесу. У промнях ранiшняга сонца мясцовасць здавалася мiрнай! Тут мы былi ўжо за межамi дзеяння цеплавога промня; калi б нi апусцелыя дамы, нi мiтусня i зборы жыхароў, нi салдаты на чыгуначным мосце, якiя глядзелi ўздоўж лiнii на Ўокiнг, дзень быў бы падобны на звычайную нядзелю.
Некалькi падводаў i фургонаў са скрыпам рухалася па дарозе на Адлстон. Праз вароты ў загарадзi мы ўбачылi на лузе шэсць пушак-дванаццацiфунтовак, якiя былi акуратна расстаўлены на роўнай адлегласцi адна ад адной i накiраваныя ў бок Уокiнга. Прыслуга стаяла побач у чаканнi, зарадныя скрынкi знаходзiлiся на патрэбнай адлегласцi. Салдаты стаялi быццам на аглядзе.
– Вось гэта здорава!
– сказаў я.
– Ва ўсякiм выпадку, яны дадуць добры залп.
Артылерыст нерашуча спынiўся каля варотаў.
– Я пайду далей, - сказаў ён.
За мостам, блiжэй да Ўэйбрыджа салдаты ў белых рабочых куртках насыпалi доўгi вал, за якiм тырчалi пушкi.
– Гэта ўсё роўна што лук i стрэлы супраць маланкi, - сказаў артылерыст.
– Яны яшчэ не бачылi вогненнага промня.
Афiцэры, якiя не прымалi непасрэднага ўдзелу ў рабоце, глядзелi паверх дрэваў на паўднёвы захад; салдаты часта адрывалiся ад работы i таксама паглядалi ў той бок.
Байфлiт
– Вы ведаеце, што там робiцца?
– спытаў я, паказваючы на вершалiны сасновага лесу, за якiм былi марсiяне.
– Што?
– павярнуўся ён.
– Я кажу iм, што гэта нельга пакiдаць.
– Смерць!
– крыкнуў я.
– Смерць iдзе на нас! Смерць!
Не ведаю, цi зразумеў ён мяне, - я прыспешыў за артылерыстам. На рагу вулiцы я павярнуўся. Салдат адышоўся ад старога, а той усё яшчэ стаяў каля сваёй скрынкi i вазонаў з архiдэямi, разгублена гледзячы ў бок лесу.
Нiхто ва Ўэйбрыджы не мог сказаць нам, дзе размяшчаецца штаб. Такога беспарадку я нiколi не бачыў. Паўсюль павозкi, экiпажы ўсiх вiдаў i разнамасныя конi. Шаноўныя жыхары мястэчка, спартсмены ў касцюмах для гольфа i веславання, святочна апранутыя жанчыны - усе пакавалiся; звычайныя разявакi энергiчна памагалi, дзецi шумелi, задаволеныя такой незвычайнай нядзельнай забавай. Сярод усеагульнай мiтуснi мясцовы вядомы святар, не зважаючы нi на што, пад звон царкоўны служыў раннюю абедню.
Мы з артылерыстам прыселi на прыступцы калодзежа i збольшага падсiлкавалiся. Патрулi - ужо не гусары, а грэнадзёры ў белых мундзiрах папярэджвалi жыхароў i прапаноўвалi iм або адыходзiць, або хавацца ў падвалах, як толькi пачнецца стралянiна. Мiнаючы чыгуначны мост, мы ўбачылi вялiкi натоўп на станцыi i вакол яе; платформа кiшэла людзьмi i была завалена скрынкамi i вандзэлкамi. Звычайны расклад быў парушаны, верагодна, для таго, каб падвезцi войскi i зброю да Чэртсi; потым я чуў, што адбылася страшэнная даўка i бойка за месцы ў экстранных цягнiках, пушчаных у другой палове дня.
Мы заставалiся ва Ўэйбрыджы да паловы дня. Каля шэпертонскага шлюза, дзе злiваюцца Тэмза i Ўэй, мы памаглi дзвюм старэнькiм нагрузiць цялежку. Вусце ракi Ўэй мае тры рукавы, тут можна набыць лодку i ходзiць паром. На другiм беразе вiднелася харчоўня i перад ёй лагчынка, а далей над дрэвамi падымалася званiца шэпертонскай царквы - цяпер яна заменена шпiлем.
Тут мы засталi шумны, узбуджаны натоўп беглякоў. Хоць панiкi яшчэ не было, але жадаючых перабрацца на другi бераг аказалася значна больш, чым маглi змясцiць лодкi. Людзi падыходзiлi, задыхаючыся пад цяжкаю ношай. Адна сямейная пара цягнула нават невялiкiя ўваходныя дзверы ад свайго дома, на якiх былi складзены iх пажыткi. Нейкi мужчына сказаў нам, што хоча паспрабаваць паехаць са станцыi ў Шэпертоне.
Усе гучна размаўлялi; хтосьцi нават строiў жарты. Многiя думалi, што марсiяне - гэта проста людзi-велiканы; яны могуць напасцi на горад i спустошыць яго, але, вядома, у рэшце рэшт будуць знiшчаны. Усе трывожна паглядалi на другi бераг, на лугi каля Чэртсi, але там было спакойна.
На тым баку Тэмзы, акрамя месца, дзе прычальвалi лодкi, таксама было спакойна - рэзкi кантраст з Сэрэем. Людзi, выходзячы з лодак, падымалiся ўверх па дарозе. Вялiкi паром толькi што пераплыў. Тры цi чатыры салдаты стаялi на лужку каля харчоўнi i кпiлi з беглякоў, не прапаноўваючы iм сваiх паслуг. Харчоўня была зачынена, як звычайна ў гэты час.