Я з вогненнай вёскі...
Шрифт:
Але забойства Красніцы, Борак, Брыцалавіч, як і кожнай з Хатыняў, было звычайна асобнай аперацыяй — з асобай задачай і справаздачай аб паводзінах ахвяр і саміх катаў, аб праліках ці «тактычных знаходках», «адкрыццях».
У адной і той жа мясцовасці спецыяльныя каманды рэдка забівалі вёскі аднолькава: калі адных збіраюць, зганяюць у гумно ці хлеў пад выглядам «сходу», «праверкі дакументаў», дык у суседніх вёсках ужо ходзяць з хаты ў хату і забіваюць на месцы. I гэта таксама — з улікам вопыту і дзеля ўзбагачэння вопыту…
У межах агульнай «задачы» быў поўны прастор для садысцкіх імправізацый. Загадаюць людзям памаліцца (Доры Валожынскага раёна) і спаляць
Юліян Рудовіч.
«…Сказалі ўсім ісці ў царкву памаліцца Богу, і нас адпусцяць дамоў. У царкве немец падышоў да мяне:
— Аддай кіндэр матцы, а сам — вэк!
Узяў за каўнер і выкінуў на двор. I ўсіх, хто не з дзецьмі, — выходзь! I хто кіне дзіця, у царкве кіне — можа выходзіць. Пушчалі, пушчалі, хто кіне… Але ж не кожная маці можа так здзелаць. Ну, мая не кінула, не кінула… Не знаю… Але нехта павінен у жывых астацца, калі так, праўда ці не? Калі так, нехта павінен астацца! А мая не захацела, асталася з малым. Немцы царкву падпалілі, мы ўсе, каторыя на двары, чуем, як людзі там лётаюць. З кулямётаў усіх перарэзалі — агонь толькі…»
Ці ўкінуць старую, нямоглую жанчыну ў калодзеж (Пагулянка Рэчыцкага раёна), а на яе — набытак хатні, колы, бервяно…
I зноў пішуць «справаздачу» — пераможную, урачыстую, з усведамленнем, што выконваюць «місію». А як жа, яны не проста забойцы, яны служаць «ідэі», «вялікай Германіі», «фюрэру», рызыкуюць атрымаць кулю ад партызан, змагаючыся за «новы парадак»!
А зверху ідуць заахвочванні, узнагароды, адны каты ставяцца ў прыклад другім.
Асабліва прыдатным да такой працы аказаўся Оскар Дзірлевангер — яго Гітлер вылучыў чынамі і ўсякімі «крыжамі», якія толькі былі: ад «залатога» да «рыцарскага».
Вось «вяхі» яго біяграфіі, вельмі тыповыя: 1932 г. — уступае ў нацысцкую партыю; 1934 г. — за злачынства: распуста з асобамі маладзей за 14 год — 2 гады турмы… Пасля набыцця адпаведнага карніцкага вопыту ў Іспаніі і Польшчы ён з'яўляецца ў Беларусі з такой атэстацыяй, што прайшоў падрыхтоўку, якая перакрывае, судзімасць за «браканьерства». Так называлі вышэйшыя чыны, да самога Гімлера ўключна, з усмешкай узаемаразумення, тыя эсэсаўскія забавы «з асобамі маладзей за 14 год»… У загадзе, з якім Дзірлевангер прыехаў з Любліна ў Беларусь, сказана было, што ён «роўны сярод нас». «Роўны» адразу пачынае расці, рабіць кар'еру — ужо на крыві дзяцей і жанчын беларускіх. Схільнасць да «браканьерства» застаецца. Кавалер залатога, рыцарскага і г. д. крыжаў любіў павучаць сваіх малойчыкаў: я, маўляў, не супраць таго, каб вы спалі з рускімі дзеўкамі, але пасля гэтага ты павінен застрэліць яе…
Больш за сто дваццаць тысяч — столькі людзей забілі, спалілі жыўцом «рыцары» дзірлевангераўскай банды ў Беларусі. Боркі Кіраўскія, Збышын, Красніца, Студзёнка, Капацэвічы, Пузічы, Макаўе, Брыцалавічы, Вялікая Гарожа, Гарадзец, Доры, Іканы, Загліннае, Вялікія Прусы, Пераходы… Сто пяцьдзесят населеных пунктаў спаліла разам з людзьмі каманда Дзірлевангера толькі ў Магілёўскай і Мінскай абласцях. Нямала і ў іншых, асабліва ў Віцебскай і Гомельскай.
Гэты забойца не толькі пісаў справаздачы, але асабіста ездзіў у сталіцу трэцяга рэйха і прывозіў адтуль узнагароды, загады аб узбуйненні брыгады, радасную ўпэўненасць садыста-ката, што галоўныя забойцы ведаюць пра яго, спадзяюцца на яго стараннасць.
Расхвальваючы ў сваіх загадах Дзірлевангера, начальства пісала пра тое, што ён «падае прыклад радасці ўдзелу…» у масавых забойствах людзей. «Радасці» — і не менш!
У Нюрнбергу, на працэсе ваенных злачынцаў, адбыўся такі дыялог паміж судом і адным з дасведчаных саўдзельнікаў тых спраў, які добра ведаў тайныя планы фашысцкіх верхаводаў, — з Бах-Зелеўскім, начальнікам штаба баявых часцей па барацьбе з партызанамі пры рэйхсфюрэру СС.
I. В. Пакроўскі, савецкі абвінаваўца: Ці ведаеце вы што-небудзь пра існаванне асобай брыгады, якая была сфарміравана з кантрабандыстаў, заўзятых злодзеяў і выпушчаных на волю арыштантаў?
Бах-Зелеўскі: У канцы 1941 г., пачатку 1942 г. для барацьбы з партызанамі ў тылавой групе «Цэнтр» быў вылучаны батальён пад камандаваннем Дзірлевангера. Гэтая брыгада Дзірлевангера складалася ў асноўным са злачынцаў, што мелі судзімасць, афіцыйна з так званых злодзеяў, але пры гэтым яны былі сапраўднымі крымінальнымі злачынцамі, якіх асудзілі за крадзеж з узломам, забойствы і г. д.
I. В. Пакроўскі: Чым вы растлумачыце, што нямецкае камандаванне тылу з такой гатоўнасцю павялічвала колькасць сваіх часцей за лік злачынцаў?
Бах-Зелеўскі: На маю думку, тут ёсць адкрытая сувязь з прамовай Генрыха Гімлера ў Вевельсбургу ў пачатку 1941 года, перад рускай кампаніяй, дзе ён гаварыў аб тым, што мэтай рускай кампаніі з'яўляецца: расстрэльваць кожнага дзесятага з славянскага насельніцтва, каб паменшыць іх колькасць на 30 мільёнаў. Для вопыту і былі створаны такія нізкапробныя часці, якія фактычна былі прызначаны для выканання гэтай задумы. (Курсіў наш. —Аўт.)
I. В. Пакроўскі: Ці можаце вы шчыра і праўдзіва сцвярджаць, што мэтай мерапрыемстваў, якія праводзіліся ўзброенымі сіламі ва ўстаноўленых немцамі акругах, было памяншэнне славянскага і яўрэйскага насельніцтва на 30 мільёнаў чалавек?
Бах-Зелеўскі: Я прытрымліваюся той думкі, што гэтыя мётады сапраўды прывялі б да знішчэння 30 мільёнаў чалавек, калі б гэта працягвалася».
Марыя Хамук, у той час бяздзетная маладзіца, салдатка, муж якое трапіў у нямецкі палон з польскага войска ў верасні 19З9 года і быў у тую пару, як акупанты знішчалі Боркі, у Германіі.
«…Нас було трынаццаць душ сэм'і. Мы ўсі палажылыся спаты. А хтось стучыць у хату. Моя свэкруха ўстала ды кажа:
— Уставайтэ, дзіткі, бо то смэрць наша… А як могла вона знаты, то ніхто не знае.
Нас занялі дзесяцёра. Мой свікар узяў хліб, а німэць узяў той хліб вырваў і на палаткы, і мы ўжэ бачым — штосьці будэ для того…
Гналы нас у сэло на сабранне, пасадылы ў гародзі, сыдымо мы, сыдымо, а потым прыходзяць німцы, выклікаюць ад васімнаццаці лет до сарака пяці. I выклікалы, поставылы по чатыры чалавікі і кажуць: «Ужэ будуць у Германію браты…» Патом мы дывымося: ідэ машына, бэрэ збірае копачкі [28] , выносяць з хат. Кажуць, шо ўжо будуць тых біць, расстрэльваць — от так там ўсякага, хто дэпутатам, хто такі, а хто такі… А хто ж надзіяўся, шо ўсіх людзей будуць расстрэльваты? Ніхто нэ думаў…
28
Копачка (дыял.) — лапатка для капання бульбы.