Я з вогненнай вёскі...
Шрифт:
Вунь колькі крыўды і шкадавання! Не менш, чым у таго бандыта ў афіцэрскім мундзіры, што знішчыў жыхароў вёскі Баканіха. Не забыўся, забраў, што лепшае было на людзях (каб не прападала «імперскае дабро»), і, перш чым запаліць хату з людзьмі, зусім па-пфефераўску папракнуў: — Гэта вам за вашых партызан!
А ўжо як крыўдуюць на свае ахвяры збеглыя здраднікі, «бобікі» — паліцаі, старасты, бургамістры, уласаўцы, бандэраўцы, кіраўнікі «беларускай рады»! У іх, аказваецца цяпер, таксама былі свае «планы», таксама разлікі, калі яны дапамагалі гітлераўцам знішчаць сваіх землякоў, савецкіх людзей. Яны хацелі з дапамогай немцаў «толькі» выбіць балыпавіцкі дух з народа. I не іх, маўляў, віна, што занадта
Іх рукамі нямецкія фашысты таксама нямала народнай крыві пралілі. Дзе толькі было магчыма, яны хаваліся за гэтых здраднікаў. З выпадку стварэння так званай «беларускай рады даверу» акупантамі выказваліся, напрыклад, такія меркаванні, такія разлікі: «…рускія будуць глядзець на гэты факт, як на фіктыўны крок, але затое гэта дасць нам магчымасць усе мерапрыемствы… праводзіць іх рукамі і ўскласці на іх усю адказнасць…»
Але часам здаралася, што тая машына знішчэння, якую яны абслугоўвалі з усёй стараннасцю здраднікаў, садыстаў, адшчапенцаў, хапала, зацягвала ў свае зубцы і іх саміх. Як у тых жа Борках, дзе спалілі і паліцаяў.
Пра гэта расказвае Ганна Мікітаўна Сініца: вунь з якой пагардай да подлай тупасці фашысцкіх памагатых.
Пытанне: — А што там было, калі паліцэйскіх збіралі?..
«— Ага. У нас ніводнага паліцэйскага не было на пасёлку. А з Дзяржынскага адзін. Ну, і хадзіў ён па вуліцы, а мой брат ужо хацеў спрасіць, што гэта будзе, чаго акружылі. Кажа:
— Косцік, Косцік, што гэта такое?..
Дык ён і не стаў разгаварваць. Ён жа думаў: «Нас павязуць у Германію, а вас будуць біць, дык зачэм я буду з вамі разгаварваць». Ну, ім сказалі, што: «Забярыце вашы сем'і, і мы вас увязём у Германію». I яны свае сем'і ўсе пазбіралі і прывезлі к школе. I тут іх тады — што: узялі, гэтыя сем'і ўсе і іх саміх, запёрлі ў сарай у школьны і падпалілі. Вот яны жывыя і пагарэлі. Нас хоць палілі нежывых, білі, а іх жывых спалілі. Вот так.
Пытанне: — Казалі нам, што раней гэтыя паліцэйскія ўцяклі, калі павялі іх на партызан?
— Ад Клічава аднекуль уцяклі. Хадзілі ўжо на парцізан, а тады ўзяЯі адтуль ды ўцяклі. Вот тады, як яны ўцяклі, немцы, мусіць, падумалі, што тут уся звязь імеецца з парцізанамі, і яны ўсіх гэтых паліцэйскіх і пабілі.
Пытанне: — Яны ўцяклі са страху ці, можа, і праўда сувязь мелі з партызанамі?
— А, не мелі яны ніякай звязі! Патаму што яны заўсёды так гразіліся, кідаліся на людзей, што дзе ж яны мелі звязь. Прыдзе к нам, прымерна, начаваць. У нас бабы адны. I толькі, кажа, заікніся каму-небудзь, што я тут, дык я цябе ўб'ю. Хаваліся, каб парцізаны іх не пабралі…»
Боркі Кіраўскія выбілі 15 чэрвеня 1942 года.
За некалькі месяцаў да гэтага ў сакавіку 1942 знішчылі шмат вёсак разам з людзьмі ў Акцябрскім раёне. Там, на Акцябршчыне, цэлы раён сціснулі пятлёй з некалькіх дывізій і забівалі ўсіх людзей — вёску за вёскай.
Аж да вызвалення Беларусі Савецкай Арміяй працягвалася такое ў маштабах усё больш злавесных і пагрозлівых для самога існавання нашага народа.
У абласцях і мясцовасцях, якія на нямецкіх картах лічыліся «армейскім тылам» (Віцебшчына, Магілёўшчына, Гомельшчына, усходняя частка Мінскай вобласці), да гэтых «акцый», «экзекуцый», «масавых кампаній», «ачыстак», «асобных мер», «фільтрацый» — розныя былі ў іх назвы — звычайна прыцягваліся буйныя армейскія часці, цэлыя дывізіі.
А на захадзе рэспублікі, асабліва ў тых раёнах, якія былі ўключаны або павінны былі потым быць уключанымі ў будучы «германскі рэйх», справай «высялення» і «перасялення» карэннага насельніцтва пастаянна займаліся
На Нюрнбергскім працэсе неабвержна даказана непасрэдная віна, адказнасць за шматлікія акцыі генацыду не толькі спецыяльных часцей СС, СД і жандармерыі, але і армейскіх падраздзяленняў, армейскага камандавання. Яны рабілі адну справу, толькі ў вермахта былі яшчэ першачарговыя клопаты на фронце, а спецыяльныя каманды дзейнічалі так, быццам ужо наступіла пара «канчатковага ўрэгулявання», г. зн. як бы пасля перамогі. I таму дзейнасць гэтых каманд, груп, спецыяльных часцей можна разглядаць як рэпетыцыю таго злавеснага «канчатковага ўрэгулявання ў Еўропе» (знішчэння славянскіх і іншых народаў), на якое, калі б Гітлер перамог, ён кінуў бы цэлыя арміі.
А пакуль, акрамя таго, што знішчэнне тысяч і тысяч мірных жыхароў ужо адбывалася, працягвалася сіламі армейскіх і спецыяльных часцей, у ходзе гэтых акцый нешта рабілася і на будучае — планамерна і з маньяцкай настойлівасцю. Выпрабоўваліся метады «масавых экзекуцый». Адшукваліся варыянты, улічваліся «памылкі» і недакладнасці. (I ўвесь час пісаліся, пасылаліся ў Берлін скрупулёзныя справаздачы.) Вывучалася псіхалогія ахвяр. I выканаўцаў таксама.
Дык зноў вернемся да жывых сведчанняў, да непасрэдных сведак.
Вось як забівалі вёску Ніз Слонімскага раёна. I як на хаду мянялі і шукалі зручны прыём, каб людзі «без лішніх клопатаў» (для катаў) сталі пад кулі, пад расстрэл. У Асвенцімах гэта ўжо было наладжана, адрэгулявана, як машына (фіктыўныя «лазні», «лазарэты» для новых эшалонаў ахвяр і г. д.). А тут жа ні калючай агароджы, ні «лазняў» гэтых, і забойцы вынаходзяць кожны раз новыя спосабы ашуканства, каб забіць па магчымасці ўсіх, каб ніхто не ўратаваўся.
Расказвае Лявон Сідаравіч Алізар.
«…Гэта было 16 снежня 1942 года. Прыехалі так гадзін у… Яшчэ не ўзышло сонца — гадзін у восем або сем. Машына была, паставіла каравул вакол дзярэўні. Зайшлі да солтыса. Солтыс быў мясцовы, з солтысам хадзілі па дамам і гаварылі, што будуць ва ўсіх правяраць дакументы. Ну, канешне, дакументаў не правяралі, а толькі сабіралі возраст мужчынаў вышэй шаснаццаці і ніжэй сарака пяці. Еслі сорак шэсць, то ўжо не бралі. Гаварылі, што пойдзем на работу, бярыце лапаты і хлеба. Бярыце ў сумкі хлеба. Вышлі. Сабралі ўвесь маладзёж, сярэдні возраст, вышлі за дзярэўню. I тагда астанавіліся па край дарог, на сярэдзіне, і разрысавалі план такі во: буквай «Г». Канешне, тагды кажды паняў, што будзе нехарашо. Пачалі хто закурваць, хто сюда-туда, і не капалі ямаў. З хлебам былі ўсе, у сумках хлеб. Сказалі, хлеба браць на два дні. I пасля ішла машына легкавая з лесу. Нямецкая, прыехаў начальнік-немец. I сказаў на гэтую ўсю маладзёж:
— Запрагайце коні, паедзем.
Ну, канешне, гэта ўсё маскіроўка была. То плуг, то барану палажылі на воз, пазапрагалі коней, пасаджалі людзей. Я таксама запрог каня. Адзін хлопец сеў, а ў мяне паглядзелі дакументы і сказалі — «дадому». Два немцы былі, адзін гаворыць — «едзь», а другі — «дахаты». Ну, канешне, зганялі нас у хаты — у чатырох месцах. Вёска наша — хат пяцьдзесят і болей, можа быць, а ўбілі дзвесце дзевяноста шэсць чалавек.
Ну, мяне як загналі ў гэтую хату, там ужо ўсе сабраныя былі. Мужчын сабіралі ўродзе на работу, а жэншчын — у хаты, да бою. Дзяцей… Ну, мяне прыгналі самага астатняга, стаяў у дзвярах. Ужо больш не было… Сто пяцьдзесят чалавек было ў гэтым доме. Ну, можа, мінут дваццаць, больш не было, як я пастаяў у гэтым доме, і тут вызываюць трох. Пайшлі. Выйшлі, і яны нас павялі за сарай. Вышлі за сарай, і тут адразу ў іх быў дагавор: немцаў трох і нас трох. Сказалі: