Жыцьцё пад агнём
Шрифт:
Мая маці намалявала вельмі сумную карціну ў дачыненьні да становішча ў краіне. «Вызваленьне» прынесла толькі савецкую акупацыю. І яна была больш небяспечнай і шкоднай, чым папярэдняя польская акупацыя. Палякі, прынамсі, паважалі грамадзянскія правы беларусаў. Пад палякамі мы, ва ўсякім разе, маглі выбіраць сваіх прадстаўнікоў, друкаваць кнігі, перыядычныя выданьні, выказваць патрыятычныя настроі. Але, калі прыйшлі Саветы, людзі пабачылі сапраўдны твар камунізму й бальшавізму. Заможныя сяляне, шмат настаўнікаў, былыя актывісты, палітыкі бясьследна зьніклі. Некаторыя потым апынуліся ў лягерух у паўночных раёнах Савецкага Саюза. На Беларусь апусьцілася заслона цемры. Паўсюдна панавалі маўчаньне й страх, і нават сямейныя зборы сталі нейкімі штучнымі. Усе так баяліся абмяркоўваць падзеі, што нават членам сямьі ўжо ніхто не давяраў.
Цяжка зразумець, як дакладна паўстала такая сытуацыя. Талстой аднойчы заўважыў, што ён баіцца зьяўленьня Чынгіс
Мае маці адкрыта выказала свае страхі й хваляваньні. Яна загадала мне пайсьці да гарадзкіх уладаў, каб зарэгістравацца й атрымаць дакументы. Яна баялася, што маёй гісторыі не павераць і я магу апынуцца ў астрозе альбо ў лягеры на ўсходзе Савецкага Саюза.
Каля шасьці вечара вярнулася медсястра. Яна была высокай, хударлявай, з прыгожай таліяй й маленькім задком у шчынкай спадніцы. У яе былі маленькія грудзі, і, здаецца, я мог бачыць саскі пад сіняй кашуляй. У яе былі карыя вочы й тонкія выгнутыя бровы. Яна была пекнай, але нечага не хапала. У ёй не было жыцьця.
Калі яна ўвайшла, маці прадставіла мяне, і медсястра зьлёгку ўсьміхнулася, хаця выдавала на тое, што я яе не зацікавіў. Потым яна павярнулася й пайшла ў свой пакой. Празь нейкі час яна зьявілася йзноў, папіла з намі гарбаты й вярнулася да сябе.
Паколькі ў кватэры цяпер знаходзідася медсястра, размова зьмянілася. Мы з маці пачалі гаварыць пра нашую сямью ў Любчы й абмяркоўваць, што мне лепш зрабіць: застацца тутака альбо падацца туды. Я сказаў, што, хутчэй, паеду ў Львоў, які знаходзіўся тады ў Савецкай Украіне, дзе меўся ўніверсітэт і дзе мае сябры, Язэп Сажыч і Янка Хутар, вывучалі медыцыну. Я хацеў, каб мяне залічылі да верасьня.
На наступны дзень я рана падняўся й пайшоў наведаць аднаго добрага сябра, зь якім мы вучыліся ў польскай гімназіі — Янку Плескача. Янка быў на дзьве клясы старэй за мяне, але ў нас былі вельмі давяральныя адносіны й мы заўсёды адкрыта абмяркоўвалі нашае стаўленьне да палітычнай сытуацыі ў Польшчы. Янка зьяўляўся антыкамуністам і выступаў за свабоду слова й правы чалавека. Ён змагаўся за правы беларускіх меншасьцяў, кшталту жыдоў. Ён зрабіў накід гісторыі Беларусі, дзе падкрэсьліваў, што нашая краіна захоўвала вернасьць дэмакратыі й заўсёды давала прытулак тым, хто спрабаваў унікнуць перасьледу, напрыклад, французскіх пратэстантаў і гішпанскіх жыдоў. Янка моцна зьдзівіўся, калі пабачыў мяне, бо чуў, што я загінуў на фронце. Я запэўніў яго, што ёсьць жывым і здаровым і надта прагну вярнуцца да вучобы, каб займацца медыцынай, і што зь нецярпеньнем чакаю таго дня, калі Беларусь будзе йзноў вольнай. Янка сур’ёзна паглядзеў на мяне й запрасіў прысесьці. Ён растлумачыў мне, што інфармацыя, якую ён зараз паведаміць мне, зьяўляецца прыватнай і што яго арэштуюць і адправяць у Сібір, калі нехта даведаецца, што ён гэтай інфармацыяй валодае. Янка коратка абмаляваў мне сытуацыю, якая панавала ў Беларусі, што было падобным да таго, што распавяла мне маці. Ён пацьвердзіў, што саветы падаўляюць вальнадумства й зьнічтажаюць усіх і ўсё, што нейкім чынам зьвязана зь беларускім нацыяналізмам. Ён паведаміў, што студэнты, якіх польская паліцыя акрэсьліла як камуністаў, былі арыштаваныя й зьніклі. Янка лічыў, што я моцна памыліўся, што вярнуўся. Ён параіў мне пайсьці ў гарадскую адміністрацыю й пабачыцца зь дзяўчынай пад прозьвішчам Абрамовіч. Яна вучылася ў адной клясе са мной у польскай гімназіі й, паколькі была жыдоўкай, хутка атрымала адміністратыўны пост у гарадзкіх ворганах кіраваньня. Савецкі ўрад і КГБ выказвалі шмат сымпатыі да жыдоў, што разыходзілася з антысеміцкай палітыкай пры Польшчы. Саветы абвесьцілі жыдоў раўнапраўнымі
Я накіраваўся ў пашпартны стол, дзе працавала Абрамовіч, і яна вельмі ўзрадавалася, калі пабачыла мяне. Калі я паведаміў ёй, што зьяўляюся ваеннапалонным, яна дала мне знак, каб я маўчаў і ня ўзгадваў нічога пра свае ўцёкі. Яна параіла мне зманіць, што я прыбыў зь іншага горада й хацеў бы зарэгістравацца ў Наваградку. Праз колькі хвілінаў я атрымаў пашпарт са сваім прозьвішчам і адрэсай і зрабіўся паўнапраўным грамадзянінам Савецкай Беларусі. Абрамовіч запрапанавала сустрэцца крыху пазьней, каб абмеркаваць некаторыя дэталі. Тым самым вечарам мы сустрэліся ў рэстарацыі, і Абрамовіч папярэдзіла мяне, што мы ня можам гаварыць пра палітычную сытуацыю, і ўвесь час нэрвова азіралася па баках. Мы замовілі каву й гутарылі пра нашае мінулае ў польскай гімназіі й пра асабістае жыцьцё Абрамовіч. Яна была заручаная з адным з маіх прыяцеляў. Значна пазьней, калі я пабачыў Абрамовіч наступным разам, яна йшла ў калёне, якую эсэсаўцы вялі на растрэл.
Перад тым, як я выехаў у Львоў, мы з маці зьезьдзілі ў Любчу, каб пабачыцца з раднёй і пабываць на бацькавай магіле. Да мяне вярнуліся дзіцячыя ўспаміны пра папярэднія прыезды. Калі я быў малым, я шкадаваў, што ў мяне няма бацькі, але цяпер я ўжо быў дарослым і адчуваў, што не разумею, чаго мне не хапала. Маці, са сьлязьмі на вачах, павярнулася да мяне й сказала, што яна спадзяецца, што я буду гэткім жа, як і мой бацька. Яна сказала, што будзе маліцца за мяне, каб я патрапіў на медыцынскі факультэт і спраўдзіў сваю мару стаць лекарам. На той момант я быў упэўнены, што не падвяду яе. Я глядзеў на ейнае маленькае цела, якое было такім моцным, і яна ў той дзень пераўтварылася ў волата ў маіх вачах. Я так любіў і паважаў яе. Яна столькім ахвяравала, каб дапамагчы мне. Мая маці была ня вельмі рэлігіёзнай. Яна наведвала царкву раз на год, на вялікодную службу. У ейным пакоі вісела йкона, і перад ёй — лампадка. Ікона заставалася вісець і пры польскай, і пры савецкай акупацыі. У большасьці хат іконы зьніклі, калі прыйшлі саветы. Было вельмі лёгка пазнаць тых сьлепакоў, якія раней наведвалі царкву кожную нядзелю й былі вельмі рэлігіёзнымі, але раптам, калі ўлада стала савецкай, прыбралі йконы, кінулі хадзіць да царквы й сталі атэістамі. Мая ж маці, як хадзіла да царквы раз на год раней, так і працягвала рабіць гэта й за саветамі. Яна была жанчынай зь цьвёрдымі прынцыпамі.
Мы вярнуліся ў Наваградак, і я сеў у цягнік, каб пабачыцца са сваімі сябрамі ў Львове.
На жаль, я спазьніўся на медыцынскі факультэт. Мае сябры параілі мне запісацца на які-небудзь іншы, хаця яны й баяліся, што я разгублюся ў такім вялікім горадзе, як Львоў, і не змагу жыць тамака без апекі. У выніку, яны прапанавалі мне вярнуцца ў Беларусь, хаця й разумелі, што ў Наваградку вельмі хутка змогуць вылічыць, адкуль я зьявіўся, і рэпрасаваць. Да мяне таксама даходзілі ўжо чуткі, што ўсе, хто вярнуўся з Германіі, лічыліся ненадзейнымі й высылаліся ў Сібір. Нягледзячы на ўсё гэта, мы зь сябрамі прабавілі некалькі цудоўных дзён разам у Львове. Мы размаўлялі адкрыта, бо давяралі адзін аднаму, і сыйшліся на тым, што камуністычная рэчаіснаьць ёсьць турмой, дзе пралетарыят — раб савецкай сыстэмы. Мы падзівіліся таму, як Сталін здолеў унушыць страх і пакорнасьць мільёнам людзей.
Празь некалькі дзён я вярнуўся ў Наваградак, а потым знайшоў у Любчы месца выкладчыка нямецкай мовы ў рускай школе. Я вырашыў год папрацаваць тамака, а наступным — падаваць дакументы на медыцынскі факультэт. Я ад’ехаў у Любчу недзе напрыканцы верасьня 1940 году. Я быў моцна расчараваны тым, што не патрапіў на медыцынскі факультэт, але я пачуваўся яшчэ больш расчараваным у дачыненьні да савецкай сыстэмы. Навіны пра ўсемагутную Камуністычную партыю й КГБ рабіліся ўсё больш жахлівымі й неверагоднымі.
Калі я прыехаў у Любчу, мне падалося, што час спыніўся. Мяне ўразіла мірная атмасфэра на берагах Нёмана, і я бавіў шмат часу, назіраючы, як мае вучні ловяць у гэтай рацэ рыбу, плёскаюцца, катаюцца на лодках.
Мая бабуля, здаецца, не зьмянілася. Яна падавалася мне ўсё гэткай жа старой, спагадлівай, клапатлівай. Мой дзед зрабіўся крыху лядашчым і ніяк ня мог прыстасавацца да пераменаў, асабліва да новага часу, пераведзенага на дзьве гадзіны наперад. Я памятаю, як дзед неяк сядзеў на ложку, драмаў з адчыненым ротам, а потым раптам прачнуўся й спытаўся, колькі часу. Я адказаў, што дзесяць гадзінаў, але дзед хацеў даведацца, па якім часе — новым альбо старым. Я супакоіў дзеда, што па старым, і толькі тады ён заснуў ізноў. Яму зусім не падабалася новая сытуацыя, і ён заўсёды бурчэў наконт яе. Ён цяпер згубіў уладу саматужнага адваката й дарадцы, бо зьмяніліся законы. Ён больш ня меў права слова ў грамадзкім жыцьці, бо цяпер усім кіравала Камуністычная партыя. На дзедава месца былі прызначаныя новыя людзі, якія прыехалі здалёк, і мяне непрыемна ўразіла тое, што яны ўсе размаўлялі выключна па-расейску.