Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Жыцьцё пад агнём

Юрэвіч Лявон

Шрифт:

Допыты, здаецца, цягнуліся бясконца, а сьледчыя мяняліся раз на дзьве гадзіны. Наступны ўвайшоў і прапанаваў цыгарэту. Я адмовіўся. Потым ён прапанаваў мне вады. Я ведаў, што ён ня дасьць мне яе, і йзноў адхіліў прапанову. Мне рабілася ўсё горш. Вочы ў мяне зьліпаліся. Пакой, здаецца, пачаў круціцца, і мне выдавала, што я падаю з крэсла. Я папрасіўся ўстаць, але гэбіст ня даў мне дазволу. Сьледчы паліў цыгарэту, праглядаў запісы, сьпяваў сабе пад нос папулярную савецкую песеньку й не зьвяртаў на мяне ніякай увагі. Усё было, як у тумане, і я ня ведаў, размаўляю я ўслых ці пра сябе. Мне здавалася, што я на рыбалцы, а потым — у арміі, што я ваеннапалонны й спрабую ўцячы. Гэна было так, быццам у галаве маёй круціўся фільм. Затым я пачуў загад гэбіста распавесьці сапраўдную гісторыю сваіх уцёкаў. Я адказаў, што ўжо паведаміў ім усю праўду й не магу больш нічога дадаць. Ён параіў мне добра падумаць, бо я падабаўся яму, таму што я, відаць, чалавек інтэлігентны. Ён параіў мне падумаць пра маці, якая нават ня ведае, дзе цяпер ейны адзіны сын. Падумаць, што яна будзе адчуваць, калі даведаецца, што я контррэвалюцыянер, які адмаўляецца служыць на карысць Савецкаму Саюзу. Падумаць, як шмат Савецкі Саюз зрабіў пасьля рэвалюцыі, колькі людзей ахвяравалі сваім жыцьцём, каб працоўная кляса, зь якой я паходжу, атрымала свабоду. Падумаць пра дыктатуру пралетарыята, і колькі было праліта

крыві. Я сапраўды пачаў думаць пра тое, колькі крыві невінаватых людзей было праліта, колькі сялянаў, якія не хацелі ўваходзіць у калгасы, прафесароў, настаўнікаў было саслана, расстраляна, адпраўлена ў лягеры паміраць павольнай сьмерцю. Я быў крыху разгубленым, бо ня ведаў, сказаў я ўсё гэна ўслых альбо не. Я згубіў арыентацыю ў часе, і мне здавалася, што я зараз страчу прытомнасьць. Раптам сьледчы падышоў да мяне, узьняў і два разы ўдарыў па твары, каб прымусіць мяне гаварыць. Мне хацелася вырвацца й даць яму здачы, але я стрымаў сябе й не сказаў ні слова. Гэна ўзлавала гэбіста. Ён выцягнуў пісталет, прыставіў яго да маёй скроні й сказаў, што маё жыцьцё будзе каштаваць сем капеек, калі я не пагаджуся супрацоўнічаць. Затым ён націснуў на курок. Відаць, я зьнепрытомнеў ад страху альбо шоку, бо, калі я ачуняў, то заўважыў, што гэны сьледчы выйшаў і яго замяніў новы. Ён выглядаў такім сьвежым, шчасьліва ўсьміхаўся, і допыт пачаўся ўзноў.

Тыя самыя пытаньні, нанова й нанова. Я ўжо не заўважаў, як мяняюцца сьледчыя. Нарэсьце ў вачах у мяне пацямнела, і калі я апрытомнеў, то апынуўся ўжо ў камеры з трыццацьцю-сарака іншымі зьняволенымі. Я ляжаў каля цэбра, напоўненага фекаліямі й мачой. Каля мяне сядзеў чалавек, гадоў шасьцідзесяці-шасьцідзесяці пяці, з добрымі блакітнымі вачыма й прыемнай усьмешкай. Ён спытаўся, як мяне клічуць, і ветліва называў мяне Барысам Дзьмітрычам. Стары заўважыў, што я дрэнна выглядаю й прапанаваў мне вады й крыху свайго хлеба. Пасьля таго, як я паеў і папіў, мне палепшала. Мяне моцна кранула абыходжаньне старога. Ён паклаў мне руку на лоб і папрасіў расказаць, як я тутака апынуўся. Я адказаў, што мне варта было паслухацца селяніна, які параіў вярнуцца ў Польшчу й прыйсьці потым зь немцамі, каб вызваліць Беларусь ад саветаў. Я дадаў, што моцна расчараваўся ў савецкай Беларусі, якая была цяпер усяго толькі калёніяй Савецкага Саюза, поўнай хлусьні й незаконнага перасьледу. Пасьля доўгай размовы, у якой я сказаў больш, чым, напэўна, усім астатнім людзям, бо мяне ўсхвалявала спагадлівасьць старога, ён сказаў, што мне прыдзецца заплаціць па вялікім рахунку і што яму моцна мяне шкада.

Мы паспрабавалі заснуць на саломе. Мне прысьнілася мая заплаканая маці й дзед з бабай, якія бядуюць пасьля майго арышту. Я даведаўся, што ў той час, як я быў у астрозе, гадзіне а сёмай вечара чатыры гэбісты без папярэджаньня, ледзь не зламаўшы дзьверы, уварваліся ў хату маіх дзеда й бабкі, дзе жылі яшчэ мае цётка зь дзядзькам і іхныя дзеці. Усіх сагналі ў кут, прымусілі ўзьняць рукі ўгору й абшукалі на прадмет зброі. Маіх дзеда з бабкай таксама выцягнулі зь іхнага маленькага пакойчыка й абшукалі разам з астатнімі. Гэта бязглузьдзіца — падазраваць старых людзей у злачынствах супраць дзяржавы! Пакуль адзін з гэбістаў вартаваў маю радню, астатнія тры абшукалі хату. Яны пазрывалі пошыўкі, параскідалі пер’е, зламалі дзьверцы ў шафах, аблазілі подпал. Я нават не магу апісаць гэную жорсткасьць, зь якой яны абшуквалі хату. Было праверанае ўсё: кнігі, лісты, нататкі, — але знайсьці яны, натуральна, нічога ня здолелі. На шчасьце, ім ня трапіліся лісты ад Янкі Хутара, бо, інакш, хаця ў іх і ня мелася нічога сур’ёзнага, яго б, як і мяне, запісалі ў контррэвалюцыянеры. Маёй цётцы ледзь не зрабілася млосна, а мая бабка, якая не магла даўмецца, што адбываецца, пачала маліцца. Адзін з гэбістаў абазваў яе дурніцай, бо Бог не дапаможа ёй, таму што ейны ўнук — контррэвалюцыянер і яго ўжо нішто ня выратуе. Калі гэбісты пакінулі наш дом, мая сямья сядзела, бы паралізаваная. Моўчкі яны прыбралі ў хаце, і мая цётка прапанавала паведаміць пра ўсё маёй маці ў Наваградку. Усе замоўклі. Яны памяталі, як яна пакутвала, калі я знаходзіўся ў палоне, і нават ня ведала, ці жывы я. І цяпер, праз колькі месяцаў пасьля майго вяртаньня, мяне арыштавалі саветы. Надзеі, здавалася, не было ніякай. Савецкі ўрад, які ніколі нікім не абіраўся, тварыў страшнае зло ў краіне, якую заваяваў. Урад, які мусіць слугаваць свайму народу, пераўтварыў яго ў рабоў. Празь некалькі гадзінаў, калі ўсё йзноў было ў парадку, прынамсі, зьнешне, цётка Люба прапанавала нараніцу зьвязацца з маёй маці. Яны спадзяваліся, што маці, магчыма, паспрабуе разьведаць, што са мной здарылася.

Наступным днём яны знайшлі маю маці ў лячомніцы, дзе яна працавала. Мне пераказвалі потым, што маці толькі-толькі выйшла з аперацыйнага пакоя й, калі ёй перадалі, што тэлефануюць зь Любчы, яна радасна пабегла да апарата, бо спадзявалася, што гэна я. Аднак гэна была ейная сястра, Люба, і яна паведаміла маці дрэнныя весткі. Маці зьбялела й замоўкла, потым спыталася, дзе дакладна я знаходжуся, паклала слухаўку, а затым пабегла ў міліцыю, каб атрымаць даведку пра мяне. Яна расказала дзяжурнаму афіцэру пра мой арышт мінулай ноччу ў Любчы й спыталася, дзе мяне трымаюць. Афіцэр адказаў, што яму нічога не вядома пра арышт і папрасіў больш не турбаваць яго. Але маці настойвала й дадала, што мяне арыштаваў КГБ, і што яна патрабуе, каб афіцэр патэлефанаваў каму-небудзь і спытаўся, што са мной здарылася. Ён загадаў ёй пакінуць яго ў спакоі, калі яна ня хоча непрыемнасьцяў, бо ім вядома пра ейны ўдзел у Грамадзе, беларускай нацыяналістычнай арганізацыі. Афіцэр папярэдзіў, што ёй лепш пакінуць іх дабравольна, інакш яе таксама возьмуць на допыт, і сілай выкінуў маці з участка. (Грамада зьяўлялася больш культурнай, чым палітычнай арганізацыяй, якая мела на мэце захаваньне беларускай мовы й культуры й якая, відаць, была нейкім чынам зьвязаная з Камуністычнай партыяй, якая выкарыстоўвала Грамаду як буфер для сваёй дзейнасьці. Аднак згодна з мэмуарамі майго дзядзькі Базыля, Грамада была чыста нацыяналістычнай арганізацыяй, якая ня мела нічога агульнага з камуністамі.) Маці села на бліжэйшы цягнік на Любчу й пайшла ў мясцовы КГБ. Яна прадставілася дзяжурнаму й паведаміла, што, наколькі яна разумее, яны мінулай ноччу арыштавалі ейнага сына. Дзяжурны пацьвердзіў гэна й дадаў, што ня можа нічога казаць, пакуль ня высьветліцца, якія абвінавачаньні мне прад’яўляюць. Маці заўважыла, што яны ня маюць права затрымліваць мяне, калі ў іх няма пэўных абвінавачаньняў, і папрасіла перадаць мне пакет з грашмі, але ёй адмовілі. Тады маці пайшла да дзеда й, відаць, упершыню ў жыцьці залілася сьлязьмі.

Я здолеў заснуць, але ноччы адчыніліся дзьверы й было названае маё ймя. Мяне выклікалі з камеры. Я выйшаў, і мне загадалі апрануць паліто й начапілі наручнікі. Затым мяне вывелі ў цёмны двор, дзе ўжо чакаў грузавік. Там сядзелі два салдаты й адзін зьняволены.

Гэнай студзеньскай ноччу ярка сьвяцілі зоркі, бо было марозна. Наручнікі вельмі хутка пахаладнелі. Калі мы ехалі, у мяне ад марозу гарэў твар.

Празь некалькі гадзінаў мы прыехалі ў Менск — сталіцу Беларускай Савецкай Сацыялісттычнай Рэспублікі. Мы спыніліся каля вялікіх варотаў, якія зачыніліся, як толькі мы заехалі ў двор. Мяне адвялі ў будынак, упіхнулі ў нейкі пакой і абшукалі. Затым мне растлумачылі, што мяне прывезьлі ў Менск для далейшага расьсьледваньня. Мяне абвінавацілі ў тым, што я лёкай беларускай нацыянальнай буржуазіі. Мяне таксама абвінавацілі ў нелегальным пераходзе мяжы, контррэвалюцыйнай дзейнасьці, шпіянажы на карысьць Нямеччыны, захоўваньні зброі й падрыхтоўцы ўзброенага паўстаньня супраць Савецкага Саюза. Мне загадалі падпісаць паперу, дзе казалася, што я прачытаў абвінавачаньні супраць мяне. Я адказаў, што ня буду падпісваць лухту. Мне загадалі замаўчаць і не адкрываць рота, пакуль мне не загадаюць. Мне паведамілі, што допыты будуць працягненыя, і, калі расьсьледваньне скончыцца, мне паведамяць пра вынікі.

Мяне павялі па шматлікіх лесьвіцах і я здагадаўся, што астрог быў пабудаваны кругам, з пляцам усярэдзіне. Гэна быў паўцёмны трох-чатырохпавярховы будынак, з ахоўнікамі на кожным паверсе. Ахоўнікі зазіралі ў камерныя вочкі, каб праверыць зьняволеных. Мяне ўпіхнулі ў 17 камеру, і дзьверы за мной зачыніліся. Цяпер ужо знаёмы жахлівы грукат дзьвярэй адрэзаў мяне ад навакольнага сьвету.

Я агледзеў камеру. Над дзьвярыма вісела моцная лямпачка, якая асьвятляла мой ложак. У адным куце стаяў стол, прыкручаны да сьцяны, і крэсла, а ў другім — параша. Камера была футаў чатырох-пяці ўшыркі й недзе дзесяці — у даўжыню. Высока ў сьцяне знаходзілася вакно, але яно было зачыненае знадворку, і толькі ў самым версе была ледзь заўважная шчыліна. Стаяла ноч, і цяжка было разабрацца, колькі сьвятла трапляла праз вакно ўдзень. Я стаяў спіной да дзьвярэй, аглядаў камеру й думаў, колькі яшчэ мне прыдзецца пакутваць у йзаляцыі. Вочка ў дзьвярах адчынілася, і нехта гаркнуў, што я мушу распрануцца й пакласьціся спаць. Ложак трэба было адкінуць ад сьцяны, як у цягніку. Матрац быў саламяным, але мелася падушка. Я заснуў, але раптам прачнуўся, бо па мне нешта паўзло. Гэна былі клапы — сотні клапоў. Я падняўся з ложка, каб атрэсьці іх зь сябе. Потым я лёг на падлогу, але той самы голас загадаў мне йзноў пакласьціся ў ложак.

Раніцай я паскардзіўся, што мяне змучылі клапы, і мне далі нейкае прыстасаваньне, з дапамогай якога іх можна было выгнаць з ложка й шчылінаў у сьцяне, дзе яны хаваліся. Да таго ж зьмянілі матрацы, і наступнай ноччу клапы мяне ўжо не турбавалі. Мне далі вады й нейкага адсырэлага ліпкага хлеба. Хлеб трэба было расьцягнуць на цэлы дзень, бо на палудзень і на вячэру яго не давалі. Я сеў у куце за стол і скамянеў. Я больш нічога не адчуваў. Жыцьцё, здавалася, скончылася, мары разьбіліся, спадзяваньні ня спраўдзіліся. Я думаў пра сваю маці, пра сямью й разважаў, нашто трэба было ўцякаць зь Нямеччыны.

Калі ўзышло сонца, я заўважыў, што шчыліна ў вакне была сантымэтра два-тры. Сонца асьвятляла сьцяну, і я стаў пазначаць на ёй ня толькі дні, але й час сьвітанку, паўднё й захад сонца. Прынамсі, я ведаў час.

Гэнай ноччу, каля дзесяці, мне загадалі легчы спаць, але праз гадзіну ахоўнік адчыніў дзьверы й загадаў ісьці за ім. Мяне павялі празь лябірынт калідораў і некалькі разоў я мусіў паварочвацца тварам да сьцяны. Я тады адчуваў, што нас нехта мінае, магчыма, іншыя зьняволеныя. Мяне прывялі ў пакой бяз вокнаў са сталом і крэслам перад ім, як і раней. Увайшоў і прыязна заўсьміхаўся малады чалавек. Ён быў гладка паголеным і, увогуле, вельмі чысьценькім і акуратным. Ён зрабіў на мяне прыемнае ўражаньне й назваў мяне Барысам Дзьмітрычам. Ён сказаў мне, што мы аднагодкі й што ён хацеў бы называць мяне таварышам, каб падкрэсьліць, што мы зь ім роўныя. Ва ўсякім разе, ў мяне ёсьць шанец стаць роўным. Шанец служыць Савецкаму Саюзу й абараняць яго, як гэта рабіў ён. Ён запэўніў мяне, што гэтыя ганаровыя абавязкі дапамогуць мне зрабіць кар’еру. Але пакуль ён устрымаецца ад таго, каб называць мяне таварышам, але будзе з павагай зьвяртацца да мяне «Барыс Дзьмітрыч». Ён спадзяваўся, што маё сумленьне яшчэ прачнецца й я раскаюся ва ўсіх памылках, што зрабіў. Ён дадаў, што разумее, што я мусіў перажыць у нямецкім лягеры, і ўяўляе, як немцы зьдзекваліся зь мяне, але ўсё цяпер залежала ад мяне. Я цяпер, быццам бы, меў шанец атрымаць прабачэньне й пачаць усё з пачатку.

Я заўважыў перамену ў ягоным голасе, і выдавала на тое, што гэбіст зараз ізноў пачне задаваць пытаньні. Я сказаў, што мяне ўжо дапрошвалі некалькі гадзінаў і што мне няма чаго дадаць. Ён спытаўся, ці ёсьць я пляменьнікам Базылю Рагулю. Сьледчы хацеў ведаць падрабязнасьці пра майго дзядзьку, які ня надта спагадліва ставіўся да камуністаў, калі быў польскім сэнатарам. Я сказаў, што ведаю толькі, што дзядзька змагаўся за правы беларусаў як этнічнай меншасьці ў Польшчы й адседзеў за гэна два гады ў віленскай турме. Гэбіст заўважыў, што ўжо ведае ўсё гэта, а таксама тое, што мой дзядзька ніколі ня меў дачыненьня да прагрэсіўнай кампартыі Заходняй Беларусі. Я адказаў, што ня ведаю, наколькі гэная партыя ёсьць прагрэсіўнай, але я ведаю, што ў нас мелася папулярная партыя Грамада, якая прываблівала шмат патрыётаў, бо змагалася супраць зьнявагі беларускага народа ў Польшчы. Гэбіст паведаміў мне, што Грамада падтрымлівалася кампартыяй і што мой дзядзька адмовіўся ад гэнай дапамогі. Я адказаў, што мне гэна невядома. (Я памятаю, як дзядзька аднойчы сказаў мне, што яму прапаноўвалі далучыцца да Грамады, але ён адмовіўся, бо лічыў яе мастом да камунізму. Ён адказаў гэным людзям, што ён не камуніст і што ён мае права мець уласныя палітычныя погляды. Ён дадаў: «Калі я не зьбіраюся на другі бок ракі, то мне не патрэбны й мост».) Канечне, я ня мог распавесьці гэнага сьледчаму, бо тады майго дзядзьку б арыштавалі й пачалі дапытваць, як і мяне. Таму я проста заўважыў, што мой дзядзька падабаўся народу, бо падтрымліваў ідэю беларускага нацыянальнага адраджэньня, а таму яго выбралі ў польскі парлямант, а потым і ў сенат.

Малады чалавек запярэчыў мне, што ў мяне няправільнае ўспрыняцьце мінулага, бо я быў падвержаны прапагандзе, якая зфармавала мае палітычныя погляды. Потым ён пачаў запэўніваць мяне, што я проста ня ведаю гісторыі, і што гэта саветы стварылі Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку, вызваліў беларускі народ, адчыніў школы й г.д. Я ня стаў удавацца ў дэталі, але ўсё ж запярэчыў, што Савецкі Саюз ня мог стварыць Беларускую Рэспубліку, бо яна была абвешчаная яшчэ ў 1918 годзе. Сьледчы запярэчыў, што ўсё гэта няпраўда, нямецкая агітацыя, і што беларусы мусяць дзякаваць Савецкаму Саюзу за стварэньне рэспублікі. Я разгарачыўся. Гэбіст уцягнуў мяне ў дыскусію, і я пачаў спрачацца, што той проста ня ведае гісторыі Беларусі. Я ўзбуджана распавядаў пра барацьбу беларускай інтэлігенцыі за незалежнасьць ад Польшчы й Расеі. Я ўзгадаў Княства Літоўскае, Кастуся Каліноўскага, які загінуў ад рукі царскага палача ў 1863 годзе, таму што хацеў, каб Беларусь была незалежнай. Я не ўсьведамляў тады, што выкладаю ім свае палітычныя погляды й патрыятычныя памкненьні. Сьледчы перахітрыў мяне. Працяглы час мы маўчалі. Гэбіст разглядаў паперы ў сябе на стале. Ён сказаў, што яму вельмі шкада мяне. Што я валодаю памылковай інфармацыяй, і мне, відавочна, нехта прамыў мазгі, магчыма, у лягеры для ваеннапалонных.

Поделиться:
Популярные книги

Как я строил магическую империю 5

Зубов Константин
5. Как я строил магическую империю
Фантастика:
попаданцы
аниме
фантастика: прочее
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Как я строил магическую империю 5

Зайти и выйти

Суконкин Алексей
Проза:
военная проза
5.00
рейтинг книги
Зайти и выйти

Неудержимый. Книга VI

Боярский Андрей
6. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга VI

Законы Рода. Том 10

Flow Ascold
10. Граф Берестьев
Фантастика:
юмористическая фантастика
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 10

Тайны затерянных звезд. Том 1

Лекс Эл
1. Тайны затерянных звезд
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Тайны затерянных звезд. Том 1

Кротовский, не начинайте

Парсиев Дмитрий
2. РОС: Изнанка Империи
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Кротовский, не начинайте

Попаданка в академии драконов 2

Свадьбина Любовь
2. Попаданка в академии драконов
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.95
рейтинг книги
Попаданка в академии драконов 2

Наследник 2

Шимохин Дмитрий
2. Старицкий
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.75
рейтинг книги
Наследник 2

Гарем на шагоходе. Том 3

Гремлинов Гриша
3. Волк и его волчицы
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
4.00
рейтинг книги
Гарем на шагоходе. Том 3

Вперед в прошлое 7

Ратманов Денис
7. Вперед в прошлое
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Вперед в прошлое 7

Герцогиня в ссылке

Нова Юлия
2. Магия стихий
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Герцогиня в ссылке

Гридень 2. Поиск пути

Гуров Валерий Александрович
2. Гридень
Детективы:
исторические детективы
5.00
рейтинг книги
Гридень 2. Поиск пути

Барон нарушает правила

Ренгач Евгений
3. Закон сильного
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Барон нарушает правила

Измена. Он все еще любит!

Скай Рин
Любовные романы:
современные любовные романы
6.00
рейтинг книги
Измена. Он все еще любит!