Жыцьцё пад агнём
Шрифт:
Каля дзевяці мы пачулі стрэл — такі моцны для ранічнай цішы. Потым стала ціха й нейкі голас па-нямецку загадаў нам выходзіць з-пад берага з узьнятымі рукамі. Мяне бы маланкай працяла: мы пакінулі сляды на сьнезе. Я меркаваў, што стрэл быў зроблены з паляўнічай двухраднай стрэльбы й там меўся цяпер толькі адзін патрон. Я сказаў астатнім, што ўсё гэта выдае на канец, але я паспрабую дамовіцца. Я выйшаў. Паляўнічы, гатовы да стрэлу, стаяў недзе футах у сарака ад мяне. Астатнія выходзілі, пакуль я размаўляў зь ім. Я даводзіў яму, што, паколькі ў яго толькі адзін стрэл, ён можа забіць толькі аднаго з нас, але астатнія ўчыняць расправу над ім. Я сказаў, што мы не злачынцы, а ваеннапалонныя, якія йдуць сабе дадому. Я папярэдзіў яго, каб ён не падштурхоўваў нас да скрайніх мераў, і не ствараў сытуацыі, якая зашкодзіць яму самому. Ён
Я разумеў тады, што нашай свабодзе надышоў канец. Мы апынуліся ў атачэньні фермаў і дарог, па якіх езьдзяць як сяляне, так і паліцыя. Адзіная надзея была, што гэны паляўнічы не данясе на нас. Зь цяжкім сэрцам я чакаў ночы. Сэрца маё балела, але не было ўшчэнт разьбітым. Я вырашыў, што калі мы будзем уцякаць наступным разам, мы ўжо апранемся ў цывільнае. Гэта мела б горшыя пасьледствы для нас, у выпадку, калі б нас злавілі, але рызыкаваць было варта, бо я ўжо ня мог бы трываць палон.
Недзе праз гадзіну на адлегласьці пачуліся крыкі. Гукі ўсё набліжаліся й набліжаліся, і я зразумеў, што паляўнічы сапраўды данес на нас. Празь дзесяць хвілінаў нас абкружылі фермеры з гаспадарчымі прыладамі й жандары зь вінтоўкамі й у шаломах. Нам загадалі выходзіць з узьнятымі рукамі. Гэным разам я ўжо не адчуваў ніякага адчаю. Я ведаў, што гэта апошні раз, калі я падымаю рукі ўгору. Я быў упэўнены, што аднойчы я атрымаю свабоду.
Мы паціху выходзілі са свайго сховішча й паварочваліся тварамі да жандараў. Адзін зь іх пачаў біць нас. Тады я закрычаў па-нямецку, што мы ваеннапалонныя, захопленыя ў ваеннай форме, і знаходзімся пад пратэкцыяй Жэнеўскай канвенцыі. Я сказаў, што яны мусяць адправіць нас назад у лягер і карміць па дарозе. Жандар зьдзіўлена зірнуў на мяне. немцы вельмі добра ведалі ўсялякія правілы й прадпісаньні. І хаця яны, магчыма, ніколі ня чулі пра Жэнеўскую канвенцыю, яны ўсё ж такі кінулі зьбіваць нас. Іхны камандыр падышоў да нас, паведаміў, што яны будуць пратрымлівацца Жэнеўскай канвенцыі, але мусяць абшукаць нас. Гэта быў даволі непрафесійны вобыск. Яны праверылі нашыя торбачкі й хутка прабегліся рукамі па целах. Моўчкі яны павялі нас у паліцэйскі пастарунак у бліжэйшай вёсцы. Яны прынесьлі нам хлеба й малака й былі даволі ветлівымі. Мае хітрыкі з Жэнеўскай канвенцыяй, здаецца, спрацавалі.
Мы паведамілі, зь якога лягеру ўцяклі, і праз палову гадзіны нас у крытым грузавіку адправілі ў шталяг 1А.
Мы ўбачылі вароты лягеру яшчэ здалёк. Але тое, што я адчуваў тады, было ня роспаччу, а цьвёрдым намерам у рэсьце рэшт зьбегчы адтуль назаўсёды.
Мы ўвайшлі ў вароты й былі накіраваныя да камэнданта. Тамака ўжо быў Вова. Ён хутка падышоў да мяне й папрасіў вярнуць компас і мапы. Я запіхнуў іх яму ў кішэню. Мы выцягнуліся па струнцы, калі камэндант наблізіўся да нас, але пазіралі на яго даволі дзёрзка. Нейкі час ён проста ўглядаўся ў нас. Ён быў высокім і хударлявым, зь сівымі валасамі й разумным тварам. Ён не выдаваў на прафэсійнага салдата і, відаць, быў прызваны ў армію. На ім была форма Вермахту (узброеных сілаў), і я парадаваўся, што няма прадстаўнікоў СС. Безь ніякай злосьці ў голасе камэндант спытаўся, хто быў завадыром. Якраз калі я зрабіў крок наперад, Косьцік заявіў, што гэта ён быў адказным за ўсё. Камэндант заўважыў, што ня трэба курчыць зь сябе герояў. Яму, маўляў, важна ня тое, хто завадыр, а як мы здолелі зьбегчы. Я адказаў, што не паведамлю ніякіх дэталяў, бо гэта зашкодзіць нашым наступным уцёкам. Я думаю, камэндант быў уражаны маёй мэтанакіраванасьцю. Ён усьміхнуўся й расказаў, што шмат гадоў таму, у Першую сусьветную, таксама быў ваеннапалонным, але здолеў уцячы й быў схоплены. Ён дадаў, што зьбег якраз перад прыпыненьнем баявых дзеяньняў у 1918 годзе і што ён разумее нашыя памкненьні, але гэта быў ягоны абавязак — схапіць нас, і гэтым разам ужо ён пераможца. Я нахабна адказаў, што так, ён перамог, але будзе й наступны раз, і тады ўжо мы пераможам. Немец пажадаў нам удачы і паведаміў, што нас пераводзяць у іншы лягер, на захадзе Германіі. Камэндант таксама дадаў, што, згодна з патрабаваньнямі, мы будзем два дні абыходзіцца бязь ежы й нас будуць муштраваць па чатыры гадзіны на дзень. Камэндант адпусьціў нас, і Вова выйшаў разам з намі. Ён паціснуў нам рукі й сказаў, што захапляецца нашым учынкам. Я падзякаваў яму й паабяцаў, што наступная спроба
У лягер мы вярнуліся героямі. Шмат хто з палонных быў уражаны ўжо тым, што мы хаця б паспрабавалі ўцячы. Яны пачаставалі нас ежай і цыгарэтамі, і мы ўвечара бавілі час тым, што сьпявалі й распавядалі пра свае прыгоды. Мы забаўляліся й забыліся на лягер, на вошы й на вечны голад, які мы адчувалі.
Назаўтра, а другой гадзіне, пачалася муштра. Мы ня надта пакутвалі праз адсутнасьць ежы, і пакараньне, можна сказаць, сталася вельмі лёгкім. Празь некалькі дзён нас ізноў выклікалі да камэнданта й паведамілі, што нас перавядуць на наступны дзень. Мы вярнуліся ў барак і спакавалі свае пажыткі. Іх было так мала, што выдавала, быццам мы рыхтуемся прыняць ванну, а не зьбіраем усё, што маем.
Нас пасадзілі ў грузавік, каб адправіць на чыгуначную станцыю. Ля варотаў я сутыкнуўся зь лекарам зь лягернага лазарэта. Ён сказаў мне, што ведаў пра ўцёкі, але ўважаў гэную справу за вельмі цяжкую, асабліва калі прыняць да ўвагі стан майго здароўя. Лекар пажадаў мне ўдачы. Вова таксама прыехаў на станцыю. Ён параіў мне зьвярнуцца да камэнданта з прапановай супрацоўнічаць зь імі, маўляў, тады я буду мець свабоду перамяшчэньня і мне будзе лягчэй уцячы. Я адказаў, што не магу гэтага зрабіць, бо гэта тое самае, што здацца. Я дадаў, што, спадзяюся, мы назаўсёды застанемся сябрамі й яшчэ сустрэнемся на волі.
Нас разьмесьцілі ў вагоне трэцяй клясы. У куце сядзелі яшчэ некалькі ваеннапалонных, але салдаты не дазвалялі нам размаўляць. Пасьля некалькіх гадзінаў перастук рэяк дазволіў мне расслабіцца. Мне было добра й утульна. Я не пачуваўся прыгнечаным і ні аб чым не шкадаваў. Я быў перакананы, што наступным разам усё пройдзе больш пасьпяхова.
Мы прыехалі ў Кёнігзьберг і сустрэлі тамака суцэльны гармідар, бо ў вагоны пагружалі танкі. Паўсюль сноўдалі салдаты. Мы чакалі каля дзьвюх гадзінаў, а потым былі пераведзеныя ў іншы цягнік і яшчэ да надыходу ночы накіраваліся на захад.
Я ня ведаў, як далёка нас везьлі. Нам не давалі ніякай інфармацыі. Я думаў, што, магчыма, мы рухаемся ў накірунку заходняга фронту. Відаць, нешта перамянілася ў становішчы на ім. Можа, ангельцы ці французы пахіснулі немцаў?
Нейкім чынам, менавіта Англія й Францыя былі для нас бастыёнамі дэмакратыі. Мы спадзяваліся, што яны нарэсьце нападуць на немцаў на заходнім фронце. Я думаў, што свабода можа быць вельмі блізкай.
Мы ехалі, прыблізна, яшчэ дванаццаць гадзінаў. У рэсьце рэшт мы дасягнулі станцыі пад назвай Бохальт. Я нават не ўяўляў, у якой частцы Германіі гэта знаходзіцца. Нас ізноў пасадзілі ў грузавік і прывезьлі ў новы лягер.
Лягер быў гэткім самым, як і шталяг: падвойны дрот, вышкі, баракі і г.д. Нас накіравалі да камэнданта, дзе праверылі імёны й нумары. (Гэтая інфармацыя была запісаная на алюміневых мэдальёнах. Мой нумар быў 5747.) Мы ўвайшлі ў барак, і ягоны стараста коратка растлумачыў нам, што, дзе й як. У кожным бараку быў свой стараста, які быў адказны за раздачу ежы й клопат пра палонных. Ён прызначыў нам саламяныя ложкі на падлозе.
Ізноў пацягнуліся манатонныя дні, ажно пакуль аднойчы стараста не спытаўся, ці ня мае хто з нас досьведу працы лекарам. Ён паведаміў, што ім патрэбныя асыстэнты ў лягерным лазарэце, і я адказаў, што вывучаў медыцыну. Канечне, мой досьвед быў абмежаваным й я не пасьпеў дасягнуць майстэрства, але я быў упэўненым у сваіх здольнасьцях. Да таго ж я бачыў, як мая маці працавала ў лячомніцы: брала кроў, рабіла ўколы і г.д.
Такім чынам, я стаў санітарам. (Ён мусіў выконваць абавязкі медсястры: дапамагаць лекару рабіць перавязкі, уколы і г.д.) Я атрымаў у лазарэце сапраўдны ложак. Больш ніякай саломы, ніякіх вошай. Адзіны недахоп быў у тым, што я мусіў пакінуць Косьціка ў бараку, але я абяцаў падтрымліваць зь ім сувязь і клапаціцца пра яго.
Пачалося новае жыцьцё. У самым пачатку мяне папрасілі зрабіць перавязку. Але пацыэнт скардзіўся на боль, і лекар загадаў зрабіць яму ін’екцыю — 10 мг морфію. Я пахаладзеў. У мяне дрыжэлі рукі. Я не ўяўляў, як гэта робіцца. Я паспрабаваў заставацца спакойным і ўзгадаць, як мая маці рабіла гэта. Я ўсадзіў шпрыц у ампулу, выцягнуў зь яе вадкасьць, Дастаў шпрыц і пырскануў. Я адчуваў, як па сьпіне ў мяне ліецца пот. Пацыэнт глядзеў на мяне ў надзеі, што я ведаю, што раблю. Я сьцягнуў яму парткі, пацёр скуру, крыху пырскануў вадкасьці й зрабіў укол. Нічога дзіўнага — я ж у рэшце рэшт студэнт мэдыцыны!