Жыцьцё пад агнём
Шрифт:
Лідэрства не заўсёды аплочваецца па заслугах. Косьцік бавіў час у кампаніі Ванды, а я мусіў мірыцца з гэтым, таму што маё жаданьне ўцячы было мацнейшым за сэксуальныя памкненьні. На другі дзень, пасьля вячэры, я сказаў Зосі й Вандзе, што мы мусім ісьці. Ванда хацела, каб мы пабылі яшчэ колькі дзён. Косьцік таксама пачаў даводзіць, што мы не павінны сьпяшацца, а мусім лепш азнаёміцца зь мяжой. Я запярэчыў, што ўжо дастаткова добра вывучыў яе і што мы павінны сысьці а дзясятай вечара. Косьцік вельмі добра ведаў мяне й разумеў, што я не зьмяню свайго рашэньня, і пагадзіўся. Пазьней ён прызнаўся мне, што ўпіраўся, бо яго прываражыла Ванда, і ён хацеў правесьці яшчэ хаця б дзень зь ёй пасьля такой галадухі. Дзяўчаты выйшлі, каб прынесьці крыху ежы, і потым вярнуліся разьвітацца. Ванда даволі страсна разьвіталася
Мы з Косьцікам апынуліся адны ў цемры й пачалі павольна рухацца да мяжы. Мы спыняліся й хаваліся за кожным кустом, які міналі. Каля адзінаццаці вечара футах у трыццаці-сарака ад нас прайшоў нямецкі патруль. Яны размаўлялі вельмі моцна й пачуваліся даволі ўпэнена на сваёй тэрыторыі. Немцы аддаліліся, і мы рушылі далей да мяжы. Калі мы яе дасягнулі, я паведаміў Косьціку пра разору й прапанаваў ісьці задам наперад. Такім чынам, калі разору агледзяць, падумаюць, што гэта нехта ўцёк з Савецкага Саюза ў Польшчу, і за намі ня будзе пагоні. Мы так і зрабілі й, калі перайшлі мяжу, шпарка рушылі далей. Празь некаторы час мы спыніліся, паглядзелі адзін на аднаго й закрычалі, ад радасьці, што йзноў вольныя. Я чуў раней, што людзі, якія вяртаюцца з выгнаньня, укленчваюць і цалуюць родную зямлю. Я заўсёды думаў, што гэна былі рамантычныя выдумкі, але тады мяне настолькі перапаўнялі пачуцьці, што я таксасама прыпаў да зямлі й пацалаваў яе. Гэта была мая зямля. Мая краіна, дзе жыў мой народ. Мы былі ўдзячныя Богу, што апынуліся на свабодзе. Мы вярнуліся ў Беларусь!
Разьдзел 3. Свабода?
На досьвітку мы прыйшлі на падворак, які стаяў убаку ад дарогі. Мы падышлі да хаты, пагрукалі ў дзьверы й чакалі адказу. У дзьвярах зьявіўся спужаны чалавек і спытаўся, хто мы такія. Мы адказалі, што ёсьць ваеннапалоннымі, уцяклі ад немцаў і толькі-толькі апынуліся на радзіме. Мы папрасілі яго расказаць нам пра тое, што чуваць у краіне. Селанін паглядзеў на нас і сказаў: «Ідыёты! Вяртайцеся да немцаў і прыходзьце разам зь імі, каб вызваліць нас!» Я пачуваўся так, як быццам у мяне трапіла маланка. Мы адкрылі раты ад здзіўленьня. Мы не разумелі, што ён кажа. Мы зьбеглі ад немцаў на радзіму, у нашую ўзьяднаную краіну! Дык чаму ж ён загадвае нам пайсьці й вяртацца зь немцамі? Няўжо ён ня ведае, што значыць быць у палоне? Селянін на гэна спытаўся, ці ведаем мы, што такое жыць пад савецкай акупацыяй. Ён параіў нам ісьці прэч, забыцца пра ягоны падворак і трымацца далей ад саветаў. Ён дадаў, што мы зрабілі найвялікшую памылку, калі ўцяклі ў Савецкі Саюз.
Мы моўчкі стаялі ля дзьвярэй. Гэта было неверагодна!. Ня можа быць, каб гэта адбывалася з намі! Мы вярнуліся на сваю ўлюбёную радзіму, каб жыць вольнымі й зьдзейсьніць свае мары. І што тутака робіцца?!
Я запрапанаваў пайсьці ў Беласток, дзе ў Косьціка была сямья й дзе нам маглі тое-сёе растлумачыць. Мы йшлі вельмі асьцярожна, і нам спатрэбілася два дні, каб трапіць да Косьцікавага дзядзькі. За гэты час мы моцна стаміліся, былі галоднымі, зьбітымі з панталыку, але не спыняліся нідзе, бо памяталі словы селяніна. Калі мы прыйшлі ў Беласток, Косьцік ледзь не звар’яцеў: ён ведаў кожную вуліцу, кожны куток і рухаўся проста да хаты свайго дзядзькі.
Калі мы пагрукалі ў дзьверы, было каля дзесяці раніцы. Дзьверы адчыніла Косьцікава цётка й застыла на месцы, бо не чакала нас убачыць. Калі ж яна ўпусьціла нас у хату, радасьць сыйшла зь ейнага твару, і відаць было, што яна пасумнела й нечага баіцца. Я спытаўся, што яе турбуе, але цётка адказала, што ейны муж зможа лепш растлумачыць сытуацыю. (Косьцікаў дзядзька працаваў у гарадзкой адміністрацыі й лепш ведаў палітычнае становішча.) Мы прынялі гарачую ванну, якую цётка прырыхтавала для нас, і гэта было так прыемна — быць чыстым. Праўда, мыла было вельмі дрэннай якасьці, і я спытаўся, ці ня знойдзецца ў цёткі іншага, але яна адказала, што калі прыйшлі саветы, мыла, соль і цукар зьніклі. Нам далі чыстую бялізну, і мы памылі сваю вопратку. Потым мы пагаліліся й нарэсьце маглі пачувацца
Косьцікаў дзядзька вярнуўся дахаты й разгубіўся. Ён згроб Косьціка ў абдымкі са сьлязьмі на вачох. Дзядзька паведаміў нам, што Беларусь была «вызваленая» 17 верасьня 1939 году. Савецкія войскі ўвайшлі ў краіну, і Беларусь зрабілася часткай Савецкага Саюза. Па ягоных словах, беларусы спачатку добра паставіліся да гэтага, але вельмі хутка ўсё зьмянілася. Пасьля «вызваленьня» быў праведзены плебісцыт, і адзінадушна (што магчымае толькі ў Савецкім Саюзе) было вырашана, што заходняя частка далучаецца да ўсходняй з мэтай утварэньня адзінай рэспублікі. Заможныя сяляне («кулакі») разглядаліся як эксплуататары, «непажаданыя элементы» й высылаліся ў Сібір. (Заможнымі лічыліся тыя сяляне, у каго было больш за дзьве каровы, альбо два каня й мелася больш за дзесяць гектараў зямлі.) Косьцік ціха спытаўся пра сваіх бацькоў, якія былі даволі багатымі. Дзядзька нейкі час памаўчаў, а потым сказаў, што яны зьніклі. Аднойчы ноччу да іх хаты пад’ехаў чорны варанок, нейкі чалавек даў ім дзьве гадзіны, каб сабрацца, а затым яны зьніклі. Пасьля пра іх нічога не было чуваць. Косьцікаў бацька не зрабіў саветам нічога дрэннага — ён працягваў працаваць на чыгунцы й урабляць сваю зямлю разам з жонкай і сынам, якога, па чутках, адправілі ў лягер у Сібір. Мы ня верылі сваім вушам.
Я спытаў Косьцікавага дзядзьку, што я, на ягоную думку, мушу рабіць. Ён адказаў, што дасьць мне сотню рублёў на дарогу, і папрасіў забыцца на тое, што я наведваў ягоны дом, і што ў мяне ёсьць сябар Косьцік. Я пачуваўся так, як быццам бы ён даў мне абухом па галаве. Я думаў, што ўва ўсім гэным маецца нейкая памылка. Я ўцёк з палону й вярнуўся на радзіму, каб вывучаць медыцыну, а тутака… Косьцікаў дзядзька абняў мяне й сказаў, што празь нейкі час я змагу зразумець становішча лепш.
Нашае разьвітаньне з Косьцікам было вельмі эмацыйным, бо мы столькі перажылі разам! Мы паабяцалі пісаць адзін аднаму, як толькі ўсё ўсталюецца. Дамовіліся як-небудзь сустрэцца й за чаркай узгадаць свае прыгоды. Мы абняліся. Нашыя вочы напоўніліся сьлязьмі, і я выйшаў. Я адчуваў, што ўжо ніколі не пабачу яго.
Я накіраваўся на чыгуначны вакзал. Я добра запомніў папярэджаньне дзядзькі ня ехаць пасажырскім, каб не апынуцца ў бядзе, бо вельмі часта праводзіцца праверка пашпартоў. Ізноў я не разумеў гэтага. Нашто ім трэба было правяраць уласных грамадзянаў? Але мне прыйшлося прымірыцца з сытуацыяй. Я ня мог рызыкаваць, бо самым галоўным на той момант было вярнуцца дамоў і пабачыць маці.
Разам з пасажырскімі меліся яшчэ вагоны для перавозкі збожжа: саветы ў вялікай колькасьці вывозілі яго зь Беларусі й Украіны ва ўнутраныя раёны Савецкага Саюза. Гэта мяне зьдзівіла, бо я думаў, што ў Савецкім Саюзе мусіць быць дастаткова збожжа. Я вырашыў не купляць квіток, а прабрацца ў адзін з такіх вагонаў.
Ноччу мы прыбылі ў Баранавічы, і я злез зь цягніка. Усё выглядала такім знаёмым, такім утульным. Я пачуваўся так упэўнена, што пайшоў і купіў у касе квіток да Наваградка. А чацьвертай вечара мы выехалі, і я пабачыў знаёмыя пейзажы. Мае сэрца моцна забілася, а вочы напоўніліся сьлязьмі, але я стараўся хаваць свае эмоцыі, каб не прыцягнуць увагі. Празь некалькі гадзінаў цягнік прыбыў у Наваградак.
Я ведаў, што мая маці жыве ў кватэры на вуліцы Карэліцкай. Калі я дайшоў да рогу вуліцы, то аслупянеў: футах у дзесяці ад мяне стаяла маці, якая дагэтуль нават ня ведала, мёртвы я ці жывы. Мы абодва разгубіліся. Потым кінуліся адзін аднаму ў абдымкі й заплакалі. Мы не маглі вымавіць ні слова, але нарэсьце маці, якая ўсё яшчэ трымала мяне, сказала: «Пойдзем дадому, сынок». Мы былі моцна ўзрушаныя й спрабавалі зразумець, што адбываецца. Моўчкі мы накіраваліся да двухпакаёвай кватэры маёй маці.
Кватэр было так мала, што ніхто ня меў права жыць асобна, і разам з маёй маці жыла медсястра з Савецкага Саюза. Калі мы прыйшлі, яе не было, і мы пачалі размаўляць, сьмяяцца й плакаць. Мы трымалі адзін аднаго за рукі, і нам спатрэбіўся пэўны час, каб супакоіцца. Маці згатавала мне паесьці й сказала, што ня можа ўжыцца са сваёй суседкай і думае, што тая працуе на КГБ. Людзі былі перакананыя, што ўсе, каго прысылаюць з Савецкага Саюза, — гэбісты й мусяць паведамляць саветам пра ўсё, што чуюць альбо што падаецца ім падазроным. Яны павінны былі даносіць на ўсіх, асабліва на патрыётаў.