Зiмовыя сны (на белорусском языке)
Шрифт:
На дрэва ён лез асьцярожна, рупячыся не хiстаць стаўбур: баяўся, што адубелы мярцьвяк сарвецца з вышынi ды абрыне на голаў. Але мярцьвяк, дзякуй Богу, сядзеў цiха й нават калi ён перарэзаў сырамятны рэмень, якiм фiн быў прывязаны да стаўбура, той застаўся сядзець, зацiснуты ў вiлавацiне, i давялося, зь лёгкай дрыготкай у руках, тузануць нябожчыка за нагу. У той жа мiг зь вяршалiны абрынула гурба калючага сьнегу й ён невiдушча махнуў рукою, спрабуючы намацаць карабiн i сумку, якiя вiселi на галiне.
Долу злазiў сьпехам, не адчуваючы нi рук, нi ног; яму здавалася, што там, у вышынi, нехта ёсьць, нехта
На сьнезе, галавой да камля, ляжала маладая жанчына. Вецер шкамутаў яе валасы, гнаў завiрушны струмок на твары, варушыў зялёны - у дробны гарошак шалiк на тонкай шыi.
Ад нечаканасьцi ён паспрабаваў быў зноўку лезьцi на дрэва, але, злавiўшы суворы позiрк старшыны, няўклюдна плюхнуўся ў сумёт. Сьнег заляпiў твар. Ён правёў рукавом па пераносьсi, зiрнуў левым, незалепленым вокам на Дабiжу. Старшына, гiдлiва прыкусiўшы вусны, здымаў зь нябожчыцы гадзiньнiк.
– Шынель одень. Замёрзнешь н-нах...!
– лаянка прагучала глуха й няўцямна: вушы таксама былi залеплены сьнегам. Вокраччу ён падпоўз да шыняля, цяжка падняўся на ногi, не спускаючы вачэй з камлюкаватай дабiжавай сьпiны. Старшына тым часам латашыў трафейную сумку. Вецер вырываў зь ягоных рук дробна сьпiсаныя аркушы паперы, шматкi квяцiстай матэрыi, раз-пораз Дабiжа штосьцi таропка пiхаў у кiшэнi, нарэшце, выцягнуўшы з сумкi нейкую цупкую паперку, замёр на хвiлiну й хiтнуў галавой.
... У пасiнелых дабiжавых пальцах матляўся, спрабуючы вырвацца на волю, маленькi фотаздымак. Ён падышоў блiжэй i прымружыўся: маладая дзяўчына са зьбiтымi набакiр валасамi, сядзела, прыцiснуўшыся скроньню да плечука шырокатварага хлопца й шчасна пасьмiхалася.
– С-сука, - здушана працэдзiў Дабiжа, падраў фотаздымак нягнуткiмi пальцамi, шпурнуў шматкi ў твар нябожчыцы й яны адразу з далонi былi падхопленыя ветрам.
У гэты момант душа ягоная - цi не ўпершыню ў жыцьцi - напоўнiлася лютай нянавiсьцю. Ён нават памацаў рукою па сьнезе, шукаючы вiнтоўку, але натыкнуўся на шынель i, уклаўшы ў тое ўсю моц сваiх зьнямелых цяглiцаў, ляснуў казённай апранахай па хваёвым камлi. Сьнежны пыл крануўся твару, насунулася цемра, пыл iзноўку казытнуў лабешнiк i дзесьцi зусiм побач пачуўся жаночы голас:
– Уставай, п'янюга. А то назад зьедзеш.
Нейкая кабета, сёрбнуўшы вады са слоiка, пырснула на падлогу, прыкра зашоргала каляным дзеркачом.
– Ногi падымi... дай падмесьцi, - кабета падхапiла крысо свайго чорнага шыняля i стала месьцi пад лаўкаю.
З вохканьнем, Яўхiм устаў на ногi, няпэўным крокам рушыў па вагону i ўжо ў тамбуры пачуў гаўклiвы воклiк вагоннай прыбiральшчыцы:
– Чумудан вазьмi, п'янюга!
Надвор'е зусiм сапсавалася. У паветры вiсела iмжа, шэрыя хмары плылi над самай галавою, хаваючы ад вачэй кроны высокiх дрэў i дах вакзала, а сам вакзал жоўтай плямай дрыжэў у сутоньнi змрочнай каламуцi.
Гэткiм надвор'ем яму заўсёды блажыла: шчымела патылiца, хвараблiвая млосьць апаноўвала цела й сэрца амаль што ня бiлася. Сёньня ж яно, сэрца, ня бiлася зусiм. Выбiраючыся з чыгуначнага тупiка, ён колькi разоў спыняўся, сядаў на валiзу i лез рукою пад кашулю, мацаючы тое
Апошнiя мэтры ён цягнуў валiзу на вяроўчыне, а дацюпаўшы да вакзальнага сквэру, павалiўся на крайнюю, няўтульна-мокрую лаўку. Шапка звалiлася з галавы, закацiлася ў лужыну i ветрык прыемна ахаладзiў узмакрэлую лысiну. Хвiлiн дзесяць ён ляжаў, амаль непрытомны, з заплюшчанымi вачыма, а калi, зьлёгку апрытомеўшы, зiрнуў на сьвет, дык убачыў у шарым тумане дзьве чорныя плямы - адну нерухомую й адну рухавую: гэта нейкi надта ж гаспадарлiвы грак хадзiў вакол шапкi, шкадуючы, вiдаць, што яе нельга зацягнуць на дрэва й прыстасаваць пад гняздо. Неўзабаве рухавая пляма зьнiкла зь вiдавоку - грак адляцеў упрочкi - i перад вачыма, ужо даволi выразна, паўсталi зьбiтыя кiрзовыя боты.
– Во напiўся чалавек. I шапка ў лужыне, - зумкнуў ля вуха вiсклявы жаночы голас i шапка, узьняўшыся ў паветра, халоднай рэхвай абхапiла патылiцу.
– Пiва даюць вуньдзека... Дык яны тут i п'юць, i сьпяць, i сцаць, азвалася другая, мяркуючы па голасу, больш старая кабета.
Кабета кашлянула, зьбiраючыся, як бачна, яшчэ нешта сказаць, ды тут затрашчалi кусты й да Яўхiмавых вушэй даляцеў асiплы мужчынскi воклiч:
– Ой, бля-а...
Пасьля такога воклiчу ў вачох канчаткова праясьнела, Яўхiм павярнуў голаў i ўбачыў плячыстага здаравiлу, якi лез па кустох, уадначас глытаючы пiва з бутэлькi. Квадратны здаравiлавы кадык прагна варушыўся, пiва завiлым цурком зьбягала з падбародзьдзя й Яўхiму ад такога вiдовiшча стала крыху не па сабе. Спынiўшыся ля лаўкi, чалавек дапiў трунак, пацёр пустой пляшкай па грудзiне i, узьняўшы вочы дагары, iзноў - цяпер ужо прачула й малiцьвенна, - прастагнаў:
– Ой, бля-а...
Ногi Яўхiмавы мiжволi падкурчылiся. Здаравiла задаволена адрыгнуў, плюхнуўся на край лаўкi i, ляпнуўшы даланёй па дрогкай Яўхiмавай галёнцы, запытаў:
– Что, батяня, хоря давим?
Яўхiм ня ведаў - што адказаць; яшчэ больш скурчыўся i ў гэты момант за сьпiнаю зноўку затрашчалi кусты й да лавы падышлi яшчэ два хлопцы, якiя трымалi ў руках тузiн пiўных пляшак.
– ... Потом, короче, Талян принёс два пузыря, - гракнуў здаравiла, працягваючы, вiдаць, перарваную размову i, пасунуўшыся на сярэдзiну лаўкi, прымусiў Яўхiма сесьцi.
– Потом ещё самогоняры замандячили - тут я и в-вырубился н-нах-х...
– апошнiя зыкi захрасьлi - зашэрхлi ў луджанай глотцы.
Адзiн з хлопцаў - той, што быў маладзейшым, - прысеў на кукiшкi, а другi чалавек дарэшты схуднелы i зь лёгкай сiвiзною ў чарнявых валасах, - зь вiдочнаю неахвотаю прымасьцiўся на другiм канцы лавы. Здаравiла зубамi адкаркаваў пляшку, выплюнуў корак, прыпаў губамi да рыльца й Яўхiм са зьдзiўленьнем убачыў, што здаравiлавы кадык нават не зварухнуўся: пiва лiлося ў нутро, раз-поразу выбухаючы ў бутэльцы хлапякамi белай пены. Апаражнiўшы пляшку, здаравiла каторым разам выгукнуў: - Ой, бля-а...
– адкаркаваў новую, але цяпер ужо пiў паволi: рабiў пару глыткоў i, ставячы пляшку на калена, зморана аддзiмаўся.