Зiмовыя сны (на белорусском языке)
Шрифт:
Пазiраючы на тройцу, Яўхiм адчуў раптам нясьцерпную смагу. Яму - аж да сьвербу ў пятках - закарцела прыпасьцi вуснамi да рыльца бутэлькi i, заплюшчыўшы вочы, глытнуць гаючага пiтва. Ён пакруцiў галавой, выглядаючы дзе там даюць пiва, i сусед па лаўцы, скасiўшы на яго асавелыя буркалы, спачувальна запытаў:
– Что, батяня, тяжко?
Яўхiм лыпнуў вачыма й сусед працягнуў яму вiльготную пляшку, у якой яшчэ было ладна пiтва.
– На, добивай.
... Пiва цёплай хваляй разьлiлося па целу i Яўхiм нават крэкнуў ад асалоды. Паказваючы ўсiм сваiм
– Прорвёмся, батяня-а!
Скончыць показку здаравiлу, аднак, не давялося. Маладзён, што сядзеў на кукiшках, пачаў раптам iкаць - кожнага разу гучней i залiвiсьцей, - i здаравiла, перапынiўшы аповед, дакорлiва прасiпеў:
– Тебе что, Лёха, по кумполу бутылкой... чтоб полегчало?
Пачуўшы такое, Лёха панурыў долу вочы й пусьцiў мiж ног цягуткую сьлiну.
Сусед па лаўцы моўчкi дапiў пiва, выцер рукавом вiльготныя вусны, пасьля чаго прымiрэнча-запытальна выдыхнуў:
– Слышь?! Лёх!
Лёха пакрыўджана перасмыкнуў плячыма, пакруцiў галавою, але, перахапiўшы хiтраваты погляд старэйшага сябра, наставiў ашклянелыя вочы на чарнявага худабзея.
– Васильевич... Ты как? Сотку возьмешь?
Васiлевiч шмыгнуў носам, увабраў голаў у плечы i праз хвiлю здушана прамармытаў:
– Базевич...
– Да х...ля нам твой Базевич, - выбухнуў тым часам здаравiла, чыркаючы запалкаю па сьцёртым карабку.
– В прошлом месяце по скольку тебе закрывал? По трульнику в день? Да я за такие деньги и срать не сяду...
Худабзей роспачна ўздыхнуў, а здаравiла, выдыхнуўшы тытунёвы дым, ляпнуў таго па сьпiне:
– Да что ты сцышь.. Возьмём пару пузырей. В обед ё...нем. Базевич ни хера и не заметит.
Яшчэ хвiлiну худабзей вагаўся, але потым схамянуўся, падняўся з лавы i Лёха, сьпехам выцягнуўшы са штаноў край лiхенькай цяльняшкi, стаў кiдаць у прыпол пустыя бутэлькi.
Покуль Лёха здаваў посуд, здаравiла з худабзеям стаялi ў кустох, перакiдвалiся незласьлiвымi мацюгамi, а потым усе трое пашыбавалi па ходнiку, матляючы калашыньнем шырокiх штаноў.
Хлопцы ўжо былi далёка й постацi iхныя зьлiлiся з натоўпам, калi Яўхiм, зь дзiўным для сябе iмпэтам ускочыў з лаўкi i, ухапiўшыся за канец вяроўкi, закiнуў на сьпiну валiзу.
"Трэба ж бутэльку ўзяць... Пасядзiм зь зяцем... пагамонiм..." - гнаны такiмi думкамi, Яўхiм пашыбаваў па сьнежнай хлюпоце i за сьпiнаю ягонай надрыўна i адчайна булькацела замоўленая вада.
Задыханы, ён выбег на сьлiзкую маставую, спынiўся, каб прапусьцiць трамвай i нечакана абодва трамвайных вагоны з чырвоных зрабiлiся шэрымi й дробна заскакалi ўваччу. На шчасьце, ён не павалiўся на мокры асвальт, а толькi хiтнуўся; трамвай iзноўку стаў чырвоным i на другiм баку вулiцы, сярод людзкой гурмы, мiльганулi знаёмыя постацi.
У краме, што месьцiлася на рагу двух вулiц, давалi "чарвiўку" па руб-дваццаць.
Узяць "чарвiўку" было немагчыма: людзi душылiся ў чарзе, голасна лаялiся, а ў левым куце - там, дзе грувасьцiлiся скрынi i вiсеў вымпел з надпiсам "Лучшему продавцу", - дык наогул усчыналася бойка. Дыхнуўшы крамнай задухi, Яўхiм зрабiў крок назад да дзьвярэй i ў гэты момант пачуў усхваляваны голас здаравiлы:
– Вон, Бурзачила стоит... Сейчас брать будет...
– Где... не вижу!
– перакрычаў гамэрню Лёха й Яўхiм, узьняўшыся на дыбачкi, угледзеў знаёмую тройцу.
У гэтае iмгненьне Лёха выцягнуў шыю, крыкнуў: - Передадите "капусту", - i зьнiк у натоўпе.
Ад задухi закружылася галава, балюча зашчымела сэрца, але Яўхiм i ня думаў выходзiць з крамы. Яму заманулася пагаманiць з хлопцамi, каб хоць на хвiлю-другую далучыцца да iхнага вясёлага й бестурботнага жыцьця. Ён пасунуўся наперад, зачапiў валiзай нейкага лысага i той, дыхнуўшы перагарам, злавесна прасiпеў:
– Куды точысьсi?
Яўхiм прыцiснуў валiзу да чэрава, прасунуўся яшчэ на мэтар ды нечакана быў адкiнуты ўбок апантана-рашучым маладзёнам. Лёха, адкiнуўшы ўбок яшчэ некага, напяў грудзiну, уплiшчыўся ў натоўп, а калi той абурана замацюкаўся, выгукнуў:
– ВэДэВэ, блядь!
– i збой паволi ацiх.
...Здаравiла, расклаўшы на шырокай пяцярнi жоўтыя манэты, лiхаманкава лiчыў драбязу, няўцямна гугнявячы сабе пад нос:
– Руб-двадцать, руб-тридцать, руб-сорок...
Нейкi час Яўхiм стаяў поруч, шмыгаў носам, а потым, асьмялеўшы, няроўным голасам прамармытаў:
– Мальцы, папяроску не дадзiце?
Худабзей, не адрываючы вачэй ад сябруковай далонi, працягнуў пачак i Яўхiм доўга ў iм поркаўся, спрабуючы падхапiць папяросiну сваiмi зьнявечанымi пальцамi. Урэшце рэшт папяросы пасыпалiся на падлогу й худабзей, мацюкнуўшыся, нагнуўся, каб iх падняць.
– Фу ты, йоп...
– незадаволена выдыхнуў здаравiла, зiрнуў пад ногi i, страсянуўшы галавой, узяўся лiчыць па-новай.
Яўхiм стаяў, аслупянелы, у душы праклiнаючы сваю няўклюднасьць. Хлопцы, вядома ж, ня ведалi дзе ён абмарозiў пальцы. Яму карцела распавесьцi пра лютыя карэльскiя маразы, пра адубелую "зязюлю" на дрэве i пра тое, як iх абстраляла свая батарэя.
– Мальцы, я ж на фiнскай быў... Цiмашэнку во як вас бачыў...
– Тимошенку!? Сашку!? Он же на зоне!
– блiснуў вачыма худабзей, а здаравiла, перапынiўшы лiк, тыцнуў таго локцем пад драбы й, пырскаючы сьлiнай, прасiпеў:
– Ты ещё тут будешь...
Кроў прылiла да твару, балюча загрукала ў скронях.
– Мальцы, ды я ж нiчога... У мяне тут зяць на заводзе робiць. Хведзька Лiхаманаў. Можа ведаеце?
– Руб-двадца-ать... руб-тридца-ать, - прасьпяваў, расьцягваючы зыкi, здаравiла, але, забыўшы, вiдаць, апошнюю лiчбу, сьцiснуў кулакi й малiтоўна заенчыў: