Званы ў прадоннях азёр
Шрифт:
Някепская і ўкленчаная постаць св. Францішка (стыгматызацыя). Шырокія, тоўстыя хлапякі аблокаў. Анёл, што ўзлятае над званіцай. Нагрувашчанне цел і ўзнятых рук. Ва ўсім гэтым простая, крыху прымітыўная веліч і адначасова пышнасць. Хоць і з дрэва.
А фігуры алтара пад столлю з народнымі візарункамі! Дыспрапарцыянальныя, з выразам смешнай журбы або здзіўленай усмешлівасці. Ва ўсім адзін і той жа кранальны прынцып старых нашых майстроў: у статуях святых усё павінна быць "так, як у людзей, ды не так". Вось святая манерна падбірае падол з адной прыгожай ножкі, нібы збіраецца ісці па вадзе. Добра!
З правага боку ад галоўнага алтара першы алтар св. Францішка,
Анёлы на алтары, дый паўсюль, не анёлы, а іранічная радасць. Пухлыя задкі, круглыя пузічкі. Усе яны тоўстыя і надзьмутыя, крыху асавелыя, нібы толькі што добра паабедалі. Мілыя тоўстыя мардахі (некаторыя нават кірпатыя) без усялякай адухоўленасці. Глядзяць на свет божы сіне-цьмяна-каламутна, як малыя шчанючкі, з адной толькі сытай радасцю, што вось до-обра жыць.
Іх, як я ўжо казаў, семдзесят пяць з гакам, і, нягледзячы на агульнасць выразу на абліччы, уже яны розныя. Каб мы былі ўважлівыя, дбайныя і нават скупаватыя гаспадары, каб сотнямі выпускалі альбомы па мастацтву для сябе і турыстаў — патрэбная была б асобная манаграфія-альбом "Анёлы Пінскай катэдры". Дужа каштоўная і патрэбная, дужа цікавая магла б быць рэч.
Што тут яшчэ? Вось алтар Маці Божай, зноў жа разьблёны і залочаны, мае два абразы. Малы на блясе, слабаваты, а вось вялікі, на дрэве, гэта XVII стагоддзе. Гэта напэўна.
На трэцім алтары досыць старая і досыць цікавая карціна на палатне: святое сямейства і голуб у ззянні над імі. Яе някепска было б вывучыць знаўцу, як, урэшце, і многае з таго, што мы бачылі.
Другі алтар з левага боку ад галоўнага — адна з найбольш тут цікавых з'яў. Не кажучы ўжо пра незвычайна тонкую разьбу, пра галоўны стары абраз, дзве бакавыя, з жыцця святога Францішка, дужа старыя работы. Есць нават рысы XVII стагоддзя, але, можа, гэта намераны архаізм ці стылізацыя або проста прыхільнасць глухога кута да крыху спозненай моды. I ўсё адно гэтая архаічная кампазіцыя, гэтыя порцікі фантастычнай, небывалай архітэктуры — усё гэта прыўкрасна.
Разьблёныя рэчы касцёла таксама розныя, Ад спавядальнікаў мясцовых, вырабу школы рамёстваў, у Пінску недзе ў трыццатых гадах, але зробленых з густам і без таго, каб яны парушалі агульны настрой і тон інтэр'ера, і да амбона разьблёнага, штукі велічнай, высакароднай, пышнай і, сказаў бы я, нават велікапышнай.
Словам, усё гэта — веліч, усё гэта — мастацтва, усё гэта — наша. I таму, што гэта ўвогуле душа продкаў нашых, майстроў. I таму, што гэта веліч нашай гісгорыі.
XX. Адзін на палескіх шляхах
Тут, у Пінску, шляхі нашы разыходзіліся. Хлопцы павінны былі вяртацца ў Мінск, а я вырашыў усё ж перасячы Палессе да канца, прайсці апошні адрэзак шляху і такім чынам прыдаць падарожжу характар завершанасці.
I вось мы развіталіся на набярэжнай, я ўскінуў на спіну пляцак і, махнуўшы ім рукою, рушыў над вадка-залатой,
Чакалі дарогі, мяккі пыл на іх, прыдарожныя крамы, задушна-залатая спёка дня, жоўтае хваляванне баркуна на ўзмежках і коршакі ў сляпучых, цяжкіх аблоках.
Я ехаў аўтобусамі і спадарожнымі машынамі, ішоў пешшу, перапраўляўся цераз рэчкі і каналы, закідваў вуды ў спакойныя завадзі і абрываў кручкамі гарлачыкі, урэчнік і расіцу. Сузор'е Рэшата ўначы мігцела нада мной і рыбы, тлустыя ад ашыткаў, непаразумела глядзелі з-пад вады на маё вогнішча.
Ноч. Туман устае над нізінамі. Аднекуль песня. I ўжо значна менш у яе палескага, а хутчэй мяккі косаўскі акцэнт. Калісьці я чуў такую у Быцені. Але як пранізліва, як прытомна і журботна гучыць яна між гэтых дрэў, над гэтымі рэкамі і туманамі!
I з-пад лесу і з-пад гаю Цёмна хмара выступае. Барлак ногі падымае, Усю радзіму праклінае. "Ты, радзіма, ты, радзіма, Нашто ж мяне парадзіла?"Спакой. Туман. Тужлівы крык савы.
I зноў дзень. I зноў ноч. Але вечныя туманы над нізінамі. I вечна гучыць уначы — здалёк і на дне душы — незабыты звон з прадонняў. Кліча Князь-возера, і адказвае яму Белае, і захлынаецца ў маленні Бабровіцкае, заклікаючы возера Пагост.
Звон амаль нячутны. Нібы з даўняй музычнай скрынкі. Нібы нешта мяккае чапляецца за меладычныя голкі на валку, і залатыя пчолкі лётаюць вакол званочкаў і часам ціха ўдараюць па іх.
…Мне здалося, што адзін з гарадоў ужо ўсплыў, калі я праходзіў паўз пяціярусную, трыццаціметровую, сямісотгадовую Камянецкую вежу, і я канчаткова ўпэўніўся ў гэтым, у тым, што сёе-тое ад іх засталося і на зямлі, каб мы памяталі іх і сумавалі па іх, калі я выходзіў васільковымі палямі да Чарнаўчыц.
Срэбна плылі і хваляваліся вербы, зелена плыло высокае жыта, беллю і чырванню пераліваліся над ручаінамі рамонкі і смолкі. Сцежка нырала ў палях, і залатыя парушынкі пчол завіхаліся над малінавымі шарамі канюшыны. Над усім гэтым раскашаваннем грувасціліся беласнежныя вежы аблокаў, а першыя ярусы іхнія былі шызыя, як дзікі камень.
А паміж палёў і аблокаў, нібы злучаючы іх, стаяла белая будыніна ў сакавітых зялёных шатах. Нібы ўломак снежнага горада, які праваліўся да сэрца зямлі. I я рушыў ёй насустрач, ведаючы, што яна не адштурхне мяне, бо я нясу ў сэрцы дабро і мір.
XXI. Адраджэнне
Кажуць, што першая культавая пабудова з'явілася тут ў XIII стагоддзі на месцы паганскага капішча. А тое, мабыць, існавала з першага пасялення людзей у гэтых мясцінах. Стагоддзі сплывалі, мяняліся і цяклі плямёны па твары зямным. Тыя, даўнія, нават імёны якіх не зберагліся, пра якія мы нават не ведаем, хто яны былі такія. Готы ў другім стагоддзі ішлі тут да цеплыні, да далёкага Чорнага мора, якое вабіла іх гарачай сінню і чуткі аб якім дайшлі невядомым чынам на іхнюю туманную поўнач. Ішоў авангард воінскіх атрадаў з узброенымі, грубымі, як зубры і як гоцкія сагі, мужчынамі, а за імі бясконца цягнуліся абозы. Іржалі коні, плакалі дзеці, лаяліся і вішчалі жанчыны, клубіўся, устаючы да неба, пыл, і ў ім крычалі колы вазоў.