Званы ў прадоннях азёр
Шрифт:
Пакідаючы за сабою мужчынскія могільнікі (частку, самы край аднаго з іх, нядаўна раскапалі ў Трышыне), плацячы мускуламі, крывёю, жыццём, валіла, ірвалася на поўдзень арда.
— Наперад!
А праз два стагоддзі паўдзённыя плямёны турнулі іх ад Чорнага мора, і яны цяжка пакаціліся назад ужо зведаным, ужо аплачаным жыццямі, крывавым сваім шляхам, па дарозе — цяпер ужо назаўсёды і без надзеі вярнуцца, — развітваючыся з магіламі продкаў і братоў, што навекі засталіся ляжаць на гэтым шляху, адплаціўшы самімі сабой два стагоддзі жыцця ля мора, пад сонцам і сінімі пырскамі прыбою, аплаціўшы туманныя легенды сваіх плямёнаў пра навекі страчаны
Шчаслівы выпадак памог нам выкапаць два скарбы, якія маглі б быць сюжэтам для змрочнай балады, а то і цэлага эпасу.
Скарб другога стагоддзя. На наканечніку дзіды рунічны надпіс: "Наперад!"
А на такім жа наканечніку чацвёртага стагоддзя тыя ж суровыя вуглаватыя руны: "Назад!"
Зніклі старажытныя плямёны, зніклі готы і дзесяткі іншых, у чаргаванні прыліву і адліву адплывалі і зноў наплывалі, змешваючыся, яцвягі і славяне, а парэпаныя дубовыя ідалы капішча, мяняючыся з новымі гаспадарамі, усё глядзелі і глядзелі на гэтыя змены, на дымы вогнішчаў, на пыл над дарогамі сляпымі і страшнымі дубовымі вачыма.
У XIII стагоддзі Іллініч узвёў на гэтым месцы першы драўляны храм. А ў 158З — 1585 гадах на яго месцы з'явілася дбаннем Мікалая Радзівіла Сіроткі і рукамі геніяльных дойлідаў і муляраў тое дзіва, што бачым мы зараз, што яшчэ здалёк убачыў я, ідучы да яго канюшыннікамі.
Час быў неспакойны, круляванне Баторыя. Толькі што скончылася Лівонская вайна і рыхтавалася новая. Хто ведае, што несла пераменлівае ваеннае шчасце? I таму храм зрабілі крэпасцю з магутнымі мурамі, цяжкімі круглымі вежамі, трывалымі скляпеннямі і пагрознымі вузкімі байніцамі.
У чалавека, які фундаваў яго, былі разнастайныя густы. Нясвіжскаму касцёлу, таксама збудаванаму ім, не трэба было быць крэпасцю, побач стаяў магутны замак. I таму ў Нясвіжы пышнасць і адкрытасць ранняга барока, а тут, у Чарнаўчыцах, псеўдаготыка з рысамі рэнесансу. Але і ў тым, і ў іншым паўсюль сімвалы эўхарыстыі. Вінаград — гостыя, вінаград — гостыя. Хлеб і цяжкія гроны з узорнымі лісцямі. I матыў тайнай вячэры і шматлікія арлы.
Дужа цікавае, я б нават сказаў, унікальнае скляпенчатае, пасечанае вяззю скульптурных візарункаў перакрыццё касцёла. Гэта досыць рэдкі на Беларусі рэнесанс. I калі, скажам, палякі могуць ганарыцца ў гэтым сэнсе такімі цудоўнымі рэчамі, як Зыгмунтаўская капліца на Вавелі, замак у Баранаве, двор у Пабяніцах, ратуша ў Хелмне і яшчэ многа-многа чым, то нам тым больш трэба берагчы тое нямногае, што збудавана ў гэтым стылі ў нас. Прычым гэта адраджэнне, успоенае мясцовымі манерамі будаваць, мясцовымі традыцыямі і густамі, мясцовым пачуццём гармоніі.
З першага позірку ўнутранае абсталяванне касцёла здзіўляе аскетычнай беднасцю. Каб не шыкоўнасць і пышнае багацце скляпенняў з іхнімі складанымі візарункамі і золатам разетак, яно здавалася б нават проста ўбогім. Што тут ёсць? Акрамя новых упрыгожанняў, каштоўнасць якіх больш чым няпэўная, ёсць тут дзве перанесеныя знадворку цікавыя і старыя скульптуры. Святы Марцін, які раздзірае плашч, каб аддаць палову жабраку, і яшчэ фігура нейкага францысканца. Гэта зроблена на добрым старым узроўні.
Ды ёсць яшчэ абраз Яна Непамуцкага, таго самага, што не адкрыў каралю таямніцы споведзі каралевы, грахоў яе, і за гэта быў зрынуты з моста. Гэта рэч сапраўды майстэрская.
Побач з Янам два цікава і досыць манерна выпісаныя анёлы, адзін з якіх цягне ахапачак лілей, а другі вянчае галаву пакутніка. Наводдаль стылізаваны мост.
Вось, бадай
Пачатак гэтаму трэба шукаць у 1867 годзе. Бессаромная і бязлітасная мураўёўская помста абурылася не толькі на людзей, але і на помнік іхняй культуры. Палітыка паслядоўнага вынарадавання, самадзяржаўя, праваслаўя і "народнасці" проста не магла абмінуць душы, мовы, пачуцця гожага і думкі чалавечай.
У школах загадам папячыцеля Карнілава цяпер ледзь вучылі чытаць. Касцёл Чарнаўчыцкі быў забраны пад царкву. Статуі і абразы шаснаццатага стагоддзя, зіхатлівы сонечны рэнееанс з яго водбліскам Італіі, рэнесанс, на якім ляжалі апошнія водбліскі адраджэння і гуманізму, выносілі на цвінтар і секлі, шчапалі сякерамі і кідалі ў агонь. Два дні секлі сякерамі. Два дні цягнуўся над Чарнаўчыцамі тлусты дым, два дні пухірылася, бурліла, ускіпала чорным празрыста-ясная фарба на прыўкрасных абліччах. Два дні палілі старыя кнігі.
Другую смяротную небяспеку прынесла вайна і пажар пры ўваходзе немцаў. Праз тыдзень пасля таго, як былі занятыя Чарнаўчыцы.
Нехта з беларусаў — дагэтуль невядома хто — стрэліў жаканам у нямецкага гаўптмана і параніў яго ў руку. Нехта сказаў ці, можа, гэта самім немцам здалося, што стралялі з байніцы касцёла. Вечарам таго дня салдаты аблілі муры і падлогу бензінам і падпалілі яго.
Вечар і ўсю ноч будынак зырка палаў, і полымя гэтае рвалася ў ноч. Толькі раніцай камендант даў жыхарам дазвол гасіць шэдэўр, які гінуў на вачах. На шчасце, храмы-крэпасці моцная рэч і іх не так проста знішчыць. Але і дагэтуль, як помнік варварству новага сярэдневякоўя, падпіраюць хоры абгарэлыя, закураныя калоны.
Трэцюю напасць ледзь не прынеслі сходы, што вядуць у вежы і на званіцу (таксама XVI стагоддзя і двайнік Нясвіжскага, можа, нават, збудаваны тымі самымі майстрамі). Я іх бачыў ужо крыху падноўленымі ўнізе за апошнія гады. Падноўленыя звычайнымі прыступкамі на трэцюю частку вышыні вежы.
Але і тое, што засталося, было дзівам інжынернага разліку невядомага сярэдневяковага цеслі. Вінтавыя, зробленыя з абчасаных бярвенцаў, яны толькі адным канцом кожнага бярвенца ўмацаваныя ў маленькіх нішах каменнай кладкі. Другія іхнія канцы, тыя, што стваралі вось вінта, былі проста пакладзены адзін на адзін на ўсю вышыню вежы, не звязаныя ні шыпам, ні цвіком, ні скабою, змацаваныя ў жорсткае цэлае толькі сілаю ўласнай вагі. Гэты вінт жывога дрэва нібыта пераліваўся як хацеў. Глянеш знізу — нібы жывое сонца з промнямі, то светлымі ад святла з байніц, то цёмнымі. I плахі, чым далей, тым у перспектыве, танчэйшыя. Скеміць таўшчыню кожнай плахі, колькі счасаць, якія выемкі трэба зрабіць з ніжняга боку дзеля аблягчэння ўсёй канструкцыі, - гэта трэба было мець на плячах галаву, што добра ўмее цяміць. I гэты вінт прастаяў трыста шэсцьдзесят гадоў.
Дык вось гэтыя самыя геніяльна задуманыя сходы ледзь не загубілі ўсёй будыніны. У 1941 годзе яны знізу згарэлі на трэць. Прыступкаў не было, а восевага слупа таксама не існавала. I ўсё ж немцы, пры наступленні нашых, ухітрыліся залезці на вежы і адстрэльвацца адтуль. За час запеклага, зацятага бою па храме-крэпасці было выпушчана васемнаццаць снарадаў. Тысячы куль і асколкаў паплямілі яе ля байніц і паўсюль. Яна засталася стаяць, але трэшчыны і дагэтуль змяяцца, перасякаючы яе шматпакутныя муры.