Званы ў прадоннях азёр
Шрифт:
— Год сто трыццаць назад, было ў нас семдзесят надзілоў. Як бы дзяды паўсталы з могыл, то не пазналы б. Горад, Масква.
— Прарочылі, праўда, — не адстае суседка. — Вось пташкы з жалезнымі дзюбамі. Ерапланы. А раней?
— Дзе машына пройшла — слід нюхалы. А цяпер давялося бабе і й на "Пабедзе" праехаць. А вік наш нехарошы. Войны перажылы.
— Я за свой вік шэсць перажыла. Но жыць багацей. На рыштунку [1] ніхто не спіць.
— Песняў старых шкада, — і тут баба Фёкла проста аж здзіўляе і расчульвае мяне. — Ім "Лада-лада", г…, ой, прошу вас! Ну, школа іх вучыць гэтаму. Радзіво. "Ну, Тонежа-Тонежа". А як того,
1
Рыштунак - падлога.
— Раней, як вяселле, то тры дні песнэ. Каравай ставяць — песнэ, рэжуць — песнэ. Тры дні спяваюць і ўсіх пераспяваць не могуць… Ой, заговорылася! Заговорылы вас.
Мілыя вы бабці! Куды там загаварылі. Век бы слухаў.
…Дарога па вячэрняй вёсцы. Стрэхі ў жыце. Росная, следная трава на вясковых могілках. Плеценыя платы. Вогненны, расплаўлены шафран заходу, і на ім, як цені, як ізваянні — буслы. Адзін дыбаў па вільчыку, нёс у дзюбе хлюдзінкі. Засаромеўся, угледзеўшы чужых, выпусціў і ўзляцеў. Гэты адцінак найлепшай, найбольш зацененай вуліцы ў Альшанах зваўся Шабунькі. Цяпер у яго назва: вуліца Северная. Таксама перайменаванне. Мала новых бяздумна паназываных вуліц розных там Радыятарных або Трэціх Лінейных…
Падыходзім да клуба. Дзіцёнак нейкі шчыра і з поўным даверам глядзіць на нас і паведамляе:
— А знаеце, хто ў бульбе? Каралацкія жукі.
I раптам з клуба, як праклён, як лямант, які абражае сваёю пачварнасцю гэты залаты вечар, на поўны моц дынаміка:
Хмуриться не над-а, Л-а-а-да, Для меня твой смех нагр-а-ада.I сюды дайшла гэтая пошасць.
…Вячэраем з гаспадаром і гаспадыняй. Сапраўды, убачыў рэчы і перацягнуў у хату. Летні паважны дзядзька. Есць дымную бульбу з кіслым малаком і філасофствуе, і адзіны гэта паратунак пасля клубнага, як кот на страсе, няўкання і выцця.
Размова, як заўсёды сярод мужыкоў, ідзе пра палітыку, ад Пятра Першага аж да Гітлера.
— Слоўцы твае добрыя, ды работа чортава. I хаця б разложыстыя вусы былі, а то… яціт тваю пад носам. Біларусаў паўсюль прасвешчалі. У нямецкіх і іншых усякіх гарадах. Мяне вось у Быдгашчы. На нашу Беларусь, як на красыву дзеўку, усе кыдаюцца. Усього многа. Нам бы парадак. Ну, ясна, як Івана не ў морду, то ў розум не вб'е. Адно дрэнна. Так хлопец у андарак пайшоў, а так — у салдаты. Усе хлопцы ў некруткі. А дзіўкы сваю войну. Дзесяць на аднаго.
I праўда, на які д'ябал вайна, ды яшчэ ў дадатак да кепскай эстрады. Знікнуць дрэвы, і гэтыя людзі, і мова. А калі ты, такое, знікнеш з зямлі, то знікне ўсё святое на ёй.
— Ёсць у нас, ясна, і лапцявая пошта. У трыццаць дзевятым начальнік польскі бачыць, што бабы ля студне сокочуць. "Што такое?" — "Вайна!2 — "Я не чуў". Аж назаўтра, спраўжды, вайна. Но гэто нам нічого. Розуму ў нас хапала, каб і цёмнымі разумнага абдурыць. Мой дзід непісьменны быў. Усё на карбусі адмячаў. Так засечка — Івану аддаў, гэтак — Сцяпану. А разумны быў, дай бог нам з вамы. Ды вось як наш паляшук у Пятра і багатым стаў. Пятро любіў знаць, як люды думаюць. Хадзіў вон у простым. Мужык арэ. Ну і загадаў ён Пятру загадку: "Як, кажа, не одгадаеш, адпішы мне сядло". Што цару сядло? "Давай". Гэты і кажа: "Чаму ў мяне галава сівая, а вусы чорныя". Не отгадаў Пятро. А той яму: "Таму шчо на дваццаць год маладзейшыя". Пятро тую загадку самым разумным міністрам. "Мужык прыдумаў дурны". А й ёны не цямяць. А паляшук і Пятра абдурыў. Сядло тое не сядло було, а сяло на
Адкідваецца.
— Разумныя людзі былі. Не думайтэ, шчо дурныя. I тады разумныя людзі — былі. Вось карчмар у нас з Мінска наймаў хлопцаў гарэлку вазіць. Як ні прывязуць — няпоўныя бочкі. Узмаліўся: "Хлопцы, скажыце. Нічога не будзе. Самому цекава". А яны абруч саб'юць, на тым месцы дзірачку прасвідруюць, адальюць, пасля замажуць, дый абруч на месца… Вось!.. I бочка целая, і хлопцы п'яныя… А тут настаўнік з расказаў такіх смяецца: "Не соврэменна! Не сучасна!" Каго вы саромеецеся? Адзін аднаго?
XV. Сухі шлях
Зноў пыліць, трасецца аўтобус. З Давід-Гарадка на Пінск. Зноў гайдае нас і трасе. Але мы шчаслівыя, што нават так трапілася. Выехаць было цяжка. У поўным аўтобусе звычайныя аўтобусныя размовы.
— Шпікулянты яны…
— Я конскі доктар. Жонка мая конскі доктар. Дык што нам рабіць?..
— А от цешча хацела, каб зяць дачцэ верны быў. То ёй параілі даць яму сабачай крыві з віном. Хлопчык ягоны заўважыў, сказаў бацьку — той і замяніў на простае віно. Выпіў, яешняй заеў. Цешча з жонкай яго вачыма гіпнатызуюць. Вось той сядзеў і раптам: "Гаў!", яшчэ раз: "Гаў-гаў!" Ды на чацвярэнькі, ды за цешчай па хаце, ды на двор. Тая ледзь не анямела. Ну й перастала бабскім плёткам верыць.
Пайшлі-пайшлі круціцца вакол палі, далёкія стужкі сіняга лесу, сіне-блакітныя, з рысамі готыкі, цэрквы. Маладыя піскляча-свежыя пасля дажджоў лугавінкі.
Пісклячае Палессе. Мілы гарадок Столін, які калісьці быў сталіцай цадзіка, якога найбольш шанавалі хаседзімы, а цяпер — сталіца раёна.
Зноў нізкія мокрыя паплавы з плямамі вады. Менш буслоў. Кажуць, бусел не любіць, калі барана пад ягоным гняздом жалезная або ў аснове гнязда кола з жалезным вобадам.
Шкада буслоў. Што на Ніле, што ў нас, ім менш і менш даецца месца, каб жыць. Можа, і беламу буслу суджана выгнанне ў лясы, як яго чорнаму сабрату. Ці не адвыкне тады вока чалавечае ад белага свайго сябра, ад выгляду хаты пад крыламі, і калі цяпер, каб застрэліць бусла на чучала для музея, бяруць чалавека здалёк, бо свае не згаджаюцца ні за якія грошы, то ці не стануць людзі, адвыкшы, паляваць на белых, як на чорных.
Але вось разрываецца роўнядзь, і ўдалечыні — Пінск, і ўжо няма калі думаць аб іншым, бо сэрца ўладна ўваходзіць у яго, а ён запаланяе сэрца сваімі мурамі і старымі вежамі, каштанамі і ліпамі на цяснінах вуліц, усёй вялізнай сваёй прыгажосцю, да якой ніколі не здолее звыкнуць душа.
XVI. Пінская даўніна
Пінск — адзін з самых улюбёных маіх гарадоў. Ён, як Гродна, мае сваю фізіяномію. Гэта Горад з вялікай літары, а не двайнік розных там "чаромушак", якія ў кожным-кожным горадзе — колькі б іх ні бачыў — аднолькавыя. Таму і шкада, што стандарт, ды яшчэ і нязручны стандарт, лезе і сюды, як быццам гэта ён тут гаспадар і пан.
Усё гэта, што вакол, — Прыпяць і Піна, лясы ласкавыя, паплавы мокрыя, дрэвы раскідзістыя, пчаліныя свепеты на векавых дзічках, няяркае палескае неба, — усё гэта было, мабыць, такім самым, як у часы Уладзіміра, што, паводле падання, заснаваў горад, такім самым, як і ў часы асляплення князя Васілька.
Але чалавек на працягу дзевяцісот (а можа, і тысячы) год не толькі паліў і нішчыў, не толькі ваяваў, забіваў і асляпляў — ён яшчэ і будаваў, старанна ўходжваў гэтую гліністую зямлю, вечна дбаў аб прыгажосці. Зрабіў, урэшце, на гэтай звычайнай зямлі малое дзіва, якім мы па праве можам ганарыцца.