Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Званы ў прадоннях азёр

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Уяўляеце, буслы ў клетцы. Калі ледзь не на кожнай палескай хаце ляскае дзюбай жывы, вольны бусел, абліты барвай захаду. А тут бусел браў у мяне з рук хлеб. I ў адной клетцы гулялі лісяняты з пеўнем і кацяняткам. "Куток маладняка"… Фу! Вялікае няшчасце чалавека — адбіраць у жывога свабоду. За гэта і плаціўся стагоддзямі гэты самы чалавек.

Чамусьці заўсёды шанцавала мне ў Мазыры і на навальніцы. Траскучыя, як разнос у шэфа, грымлівыя, з праліўным дажджом, калі няма чым дыхаць, з яраснай сечай маланак, з пясчанымі рэкамі, якія равуць ярамі. Навальніцы тут жудасныя. Адна старая бабка тлумачыла гэта тым, што жанчыны перасталі насіць хусткі і валасы "прыцягваюць електрычаство". Тлумачэнне, па-мойму,

не горшае, чым у многіх навуковых працах.

…I стала пахмурая раніца. Зноў пахмурая, нібы неба не выліла за адну гэтую вераб'іную ноч усяго запасу дажджу.

Рака злавалася. Несла дном таплякі і ўсякую брыду. Уначы ледзь не патанула баржа з рудой. Загінуў адзін матрос, і пашкодзіўся ў розуме стырнавы. Мы везлі на тую баржу чалавека: расследаваць. Дарогаю ледзь не здарылася яшчэ бяда. Стырнавы нейкага маторнага чаўна "злавіў гаву", не паспеў паставіць чаўна носам да нашай хвалі, і човен той перакуліўся. Людзей вылавілі. Кожная вада не любіць жартаваць і не церпіць няўмелых. Бяспека гэтай ціхай вады і жыцця на ёй — дужа ўяўная. Гінуў і гіне чалавек ад сутыкнення з кожнай стыхіяй. Таму павінен паважаць тое асяроддзе, сярод якога жыве. Не чапаць ані дрэва, ані пратокі, калі на гэта няма самай пільнай патрэбы.

VII. Востры водар лазы

Яшчэ і яшчэ глыбей. Пляската, у раскошных дрэвах над межытокамі канчаецца мазырская града. Спускаюцца на Прыпяць шэрыя, ласкавыя вечары з мараннем туманна-зялёных дрэў, з рэдкім палётам "Ракеты" і задуменным бязлюддзем рэдкіх вёсак.

Назвы палескіх вёсак — музыка ў ціхім сэрцы. Акулінкі, Стрэльск, Навасёлкі.

Хутка мы развітаемся з табою, Прыпяць. I таму вочы асабліва востра заўважаюць усё, асабліва відушча разглядаюць твой незабыўны твар. Гэтыя штабялі бярвенняў ля млынка, рыжыя зверху, цёмна-бурыя знізу (туды даставаў летні разліў), і гэты плывучы кран, што дастае з дна шматвяковыя дубы, і мотапаром, які вязе два грузавікі, іначай не праедзеш ад адной вёскі да другой. Два чаўны, злучаныя платформай, і катэр цягне іх, а з аднаго чаўна вычэрпваюць вядром тарфяную ваду.

Нам добра бачыць паром, вялізную чаргу машын і "Беларусаў", што чакаюць пераезду і дарогі на Тураў, але нам таксама добра і цікава бачыць хлопчыка, што цягне па вадзе на водмель веласіпед, і флатылію гусей з малымі шэрымі гусяняткамі. Старыя абкружаюць іх. I — ух! — як жа іх загойдала на хвалі ад нашага парахода!

Востры водар лазы і над Туравам, дзе нас, урэшце, дагнаў з рэшткамі апаратуры наш мастацтвазнаўца, сябар Зянон уласнай персонай. А мы ж толькі радаваліся пры думцы аб тым, як некалькі начэй ён будзе спаць на паліцы і куды ён пры гэтым падзене свае цыбатыя ногі.

…Самае сумнае ўражанне за ўсю дарогу. Тураў. Проста — вялікая вёска. Перажыў сябе. Горад, які трымаў у сваіх руках гандаль Кіева з Польшчай. Сталіца Вялікага княства, куды ўваходзілі Пінск і Нясвіж, Рагачоў і Ваўкавыск. Спалены татарамі (легенда кажа, што яны закідалі дзецьмі Тур-калодзеж, пасля чаго сем год з таго, замест вады, біла жаночае малако), выпалены літоўцамі і палякамі, горад так і не ўзняўся. I ніякіх слядоў велічы. Стагоддзі нарадзілі, стагоддзі і сцерлі. Засталося адно тое, што не тлее і не гарыць. Слова. Слова "другога Златавуста", вялікага Кірылы Тураўскага. Ды яшчэ валы і равы на Туравай гары. Гэтыя маўчаць. Слова больш даўгавечная рэч, чым муры і мячы. Яны гінуць, слова — жыве, нават калі вялікія сталіцы засынаюць на грані небыцця. Гэта трэба добра помніць. Усім.

Адплывалі. Сонца было злева. Навальнічная хмара стаяла над горадам, ішла на яго, на нас. Срэбныя, дробныя бліскаўкі сонца трапяталі на ліловай вадзе і цьмяна-срэбных плямах пены. А над усім сутыкаліся

дзве цёмна-сінія хмары, як два мячы. Пад імі клубіліся жамчужна-белыя аблокі, а ў іх малюткім ясна-сінім вочкам палыхаў лапічак неба.

Я стаяў ля борта і ўспамінаў словы вялікага Кірылы, якія не пастарэлі за восемсот з лішнім гадоў:

"Ныня сонца красуяся… усходзіць і радуюся зямлю агравае. Ныня… зіма прэстала ёсць і лёд… растаяся… Дзесь вясна красуецца, ажыўляючы зямное есцьство; бурніі ветры, ціха павяваюшчэ, плады цалуюць… Ныня наваражаеміі агнцы і унці, быстра пуць пярушчэ, скачюць і, скора к мацерэм взврашчаючэся, весяляцьця… Ныня ўсю дабрагласныя пціца… гнездзяшэся весяляцьця… і сваю кожная паюшчы песнь, славіць бога гласы нямоўнымі".

Слова не пастарэла. Адно толькі Слова, настоенае на водары садоў і горкай вярбовай кары.

VIII. Паданне пра караля буслоў

Той дзень быў апошні дзень Прыпяці. Працавалі толькі мы трох ды Толя за штурвалам у рубцы. Я палез да яго, і сталі глядзець на берагі, на дубровы, што цягнуцца берагамі да самага вусця Случы і далей.

Размова, аднак, і тут была невясёлая. Можа, таму, што так прыгожа было вакол, што Прыпяць і дагэтуль звярыная і рыбная. Зайшла ў нас размова пра тое, а ці доўга яшчэ існаваць такой раскошы на беларускай зямлі, аб тым, як слепа часам умешваецца чалавек у вечныя справы прыроды.

І як, магчыма, за нашу каротказорасць давядзецца плаціць нашчадкам, а можа, і нам самім — запраграміраваным калісьці для святла сонца, чыстай зелені і чыстай вады. I не для таго, каб разбураць і нішчыць прыроду, не дзеля таго, каб за чалавекам заставалася пустыня, а для таго, каб памятаць: чалавек толькі невялікая частка цэлага, імя якому — жыццё. Дрэва не можа напасці на чалавека. Барацьба яго з сабе падобнымі непрыкметная для вока чалавечага. I таму мы адпачываем, гледзячы на дрэвы і траву. Ідыёцкі аптымізм, што "ўсяго яшчэ многа", па меншай меры беспадстаўны. Ужо зараз найбольш відушчыя людзі падымаюць голас у абарону тых самых балот, якія мы так няўмела, па-драпежніцку асушалі. Падае слой падглебавых вод — і сохнуць навакольныя лясы, карані якіх не могуць так хутка зноў дабрацца да вады. Асушылі балоты ў Ламбардыі — і нашым качкам няма дзе зімаваць. Асушылі на Палессі — і ім няма дзе выводзіць дзяцей. Знікае від. I пачаў раскручвацца ланцуг ад жывёлы да жывёлы, канчаючы аж самім чалавекам.

Толя расказаў, як пасля сенакосу знішчалі гербіцыдамі з самалётаў чорную лазу. Знішчылі, вядома, лістоту (якая адрасце на наступны год, калі тую лазу — а чым яна, дарэчы, вінавата? — не карчаваць, аб чым амаль ніхто не падумаў).

I вось у навакольных гаях ляжалі раздутыя, здохлыя ласі, у сітнягах смярдзелі качкі, білі крыламі, паступова заміраючы, буслы. Па вадзе плыла масляністая каша, і нельга было есці злоўленую рыбу.

Бралі па дзесяць тысяч з калгаса за псаванне прыроды, за злачынства, калі ўжо так разабрацца.

Лесавод у Белавежы расказваў мне, што лесанарыхтоўчыя арганізацыі дабіліся дазволу на буйныя высечкі лесу на Бярозе-рацэ. Лес гэты так і застаўся гнісці на высечках, бо лета было дажджлівае. Дзякуй богу, што гэты разбой прыпынілі. Мы гаспадары, дык трэба ж быць гаспадарамі, чорт пабяры!

I потым, хто ведае, як дзейнічае на псіхіку чалавека выгляд кар'ера на месцы зялёных узгоркаў, звалкі на месцы поплаву, бурай роўнядзі торфанарыхтоўчай гаспадаркі на месцы мокрай лугавіны? Быццам невядома, што Палессе не толькі каласальны рэзервуар, з якога нараджаюцца аблокі і дажджы для навакольных земляў, але і пясок, дзюны, якія прыніклі пад тонкім слоем дзірвану і зялёнай футрай лясоў, толькі і чакаюць іх знішчэння, каб тыграмі вырвацца на волю.

Поделиться:
Популярные книги

Идеальный мир для Лекаря

Сапфир Олег
1. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря

Газлайтер. Том 2

Володин Григорий
2. История Телепата
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 2

Чужая дочь

Зика Натаэль
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Чужая дочь

Студиозус 2

Шмаков Алексей Семенович
4. Светлая Тьма
Фантастика:
юмористическое фэнтези
городское фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Студиозус 2

Вдовье счастье

Брэйн Даниэль
1. Ваш выход, маэстро!
Фантастика:
попаданцы
историческое фэнтези
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Вдовье счастье

Толян и его команда

Иванов Дмитрий
6. Девяностые
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
7.17
рейтинг книги
Толян и его команда

Идеальный мир для Лекаря 12

Сапфир Олег
12. Лекарь
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 12

Пленники Раздора

Казакова Екатерина
3. Ходящие в ночи
Фантастика:
фэнтези
9.44
рейтинг книги
Пленники Раздора

На границе империй. Том 7. Часть 3

INDIGO
9. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.40
рейтинг книги
На границе империй. Том 7. Часть 3

Элита элит

Злотников Роман Валерьевич
1. Элита элит
Фантастика:
боевая фантастика
8.93
рейтинг книги
Элита элит

Подруга особого назначения

Устинова Татьяна Витальевна
Детективы:
прочие детективы
8.85
рейтинг книги
Подруга особого назначения

Город Богов

Парсиев Дмитрий
1. Профсоюз водителей грузовых драконов
Фантастика:
юмористическая фантастика
детективная фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Город Богов

Желудь

Ланцов Михаил Алексеевич
1. Хозяин дубравы
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Желудь

По осколкам твоего сердца

Джейн Анна
2. Хулиган и новенькая
Любовные романы:
современные любовные романы
5.56
рейтинг книги
По осколкам твоего сердца