150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі
Шрифт:
Рэшту сяброў засудзілі пераважна на 10 гадоў канцэнтрацыйных лагераў (Алесь Адамовіч, Алесь Амельяновіч, Ніна Асіненка, Віктар Бабіч, Марыя Бабіч, Ангеліна Бароўка, Іван Бароўка, Алена Барсук, Ларыса Барсук, Тамара Барсук, Альберт Бацяноўскі, Леў Бялевіч, Алесь Дзікі, Лявон Казак, Сымон Касарэўскі, Гардзей Кліманскі, Мікола Конан, Людміла Краснадубская, Павел Лапушынскі, Уладзімір Лысёнак, Алена Мацук, Ліда Несцяровіч, Мікола Пачопка, Юстын Протас, Янка Рымдзёнак, Стась Савік, Яўген Сідаровіч, Віктар Стахоўскі, Алег Табола, Антось Фурс, Мікола Церашкевіч, Міхась Шуман, Павел Шуман). Розныя тэрміны атрымалі і некаторыя бацькі асуджаных — «за недоносительство»
Не ўсе трапілі ў рукі эмгэбістаў. Некаторым удалося перабрацца цераз мяжу ў Польшчу, некаторыя пайшлі ў лес, каб збройна адстойваць свае ідэалы. На Пастаўшчыне і Мядзельшчыне апавядаюць, як нейкі юнак на лясным хутары, адстрэльваючыся ад эмгэбістаў, абгарнуўся бел-чырвона-белым сцягам і апошнюю кулю паслаў сабе ў скронь. Ці не быў гэта колішні сябар СБП?
Далёка не ўсе асуджаныя патрыёты вярнуліся на Бацькаўшчыну. Але ўсюды і заўсёды яны заставаліся вернымі прысяганню. Алесь Дзікі, паміраючы, прасіў выбіць на надмагіллі: «Хай сняцца сны аб Беларусі».
Няма сумневу, што ў незалежнай Беларусі нацыянальна-патрыятычныя рухі паваеннага часу — віленскі, глыбоцка-пастаўскі, слонімска-баранавіцкі, наваградскі, мядзельска-смаргонскі ды іншыя — будуць даследваць навуковыя інстытуты. Пра нашых, сёння яшчэ амаль безназоўных, герояў напішуць кнігі, здымуць кінафільмы. Іхнымі імёнамі назавуць вуліцы і плошчы гарадоў. Ацалелыя ветэраны вызвольнага змагання атрымаюць найвышэйшыя ўрадавыя нагароды са знакам «Пагоні».
136. Хто такі Расціслаў Лапіцкі?
Імёны беларускіх патрыётаў, якія за савецкім часам аддалі жыццё ў змаганні за незалежнасць Бацькаўшчыны, замоўчваліся акупантамі ды іхнымі памагатымі. І толькі апошнімі гадамі яны вяртаюцца з забыцця.
Расціслаў Лапіцкі нарадзіўся 1 верасня 1928 года ў вёсцы Касута на Віленшчыне ў сям'і праваслаўнага святара. У часе Другой сусветнай вайны Лапіцкія апынуліся ў Кабыльніку на Мядзельшчыне. Тут у 1944 годзе Расціслаў упершыню ўлучыўся ў патрыятычны рух, запачаткаваны на Віленшчыне навучэнцамі Віленскай беларускай гімназіі і духоўнай семінарыі. Пры арыштах падпольшчыкаў таксама быў зняволены — за перадрук і распаўсюджванне ўлётак. Як малалетак, ён атрымаў тры гады турмы, старэйшы брат Алег — дзесяць.
Вярнуўшыся праз год па амністыі дахаты, юнак спачатку вучыўся ў Кабыльніку, а затым у Мядзельскай дзесяцігодцы. У Мядзеле Расціслаў Лапіцкі і разгарнуў працу па стварэнні новай нелегальнай арганізацыі. Актыўнымі яго памочнікамі сталі Факунда Несцяровіч з Юшкавічаў і Язэп Качарга з Качарог. Сваю пазіцыю Лапіцкі выказваў з юначым максімалізмам: «Калі ведаеш, што ў гэтай хаце заначуе вораг Беларусі — спалі хату, калі хлеб з гэтай нівы пойдзе ворагу Беларусі — знішчы яе».
Увосень 1949 года аўдавелая маці перабралася з сынам да родзічаў у Смаргонь. На новым месцы юнак ізноў пачаў шукаць тых, каму неабыякавы лёс Бацькаўшчыны. Назбіралася паўтара дзесятка аднадумцаў. Лапіцкі — рослы, прыгожы, шчодра адораны прыроднымі задаткамі, з вострым розумам і палкім характарам — быў несумнеўным іх лідэрам. Пачалі з улётак. У вёсачцы над Вяллёй уладкавалі невялікую друкарню і неўзабаве ў горадзе, нават на будынках райкама і міліцыі, забялелі расклееныя пракламацыі, і кожная скончвалася заклікам: «Смерць Сталіну!».
Высачыць патрыётаў, не абазнаных у канспірацыі, было няцяжка. Дый сам Расціслаў не хаваў сваіх перакананняў,
На допытах юнакоў і дзяўчат катавалі бязлітасна. Хто вярнуўся жывым з канцлагераў, потым сведчыў блізкім, што іголкі пад кіпці было не самае страшнае…
15 чэрвеня 1950 года ў Маладзечне адбыўся суд над патрыётамі — пераважна вучнямі 7-10 класаў Смаргонскай і Мядзельскай школ, некаторымі навучэнцамі з Менска. Іх абвінавачвалі не толькі ў «вражеской пропаганде», але і ў здзяйсненні тэрарыстычных актаў. Сведчанні Расціслава Лапіцкага на судзе былі прамовамі-абвінавачаннямі рэжыму. Ён гаварыў, як бальшавікі выгналі яго сям'ю зімою з хаты, як яны зневажаюць за веру ў Бога, закрываюць цэрквы і касцёлы, як прыніжаюць беларускую мову, як душаць людзей непамернымі падаткамі, даводзячы да самагубства.
Бальшыня падпольшчыкаў атрымала па 25 гадоў. Лапіцкага ж і Несцяровіча як кіраўнікоў арганізацыі прысудзілі да пакарання смерцю. Расціслаў адмовіўся прасіць памілавання. Ён з абурэннем заявіў: «Рабіце сваю чорную справу, мне вашае ласкі не трэба — можаце мяне забіваць. А я, колькі жыць буду, столькі буду вас усіх ненавідзець і буду вам шкодзіць праз увесь час!»
137. Што такое Цэнтар Беларускага Вызваленчага Руху?
Пасля Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі (пераважна Заходняй) пачалі ўзнікаць нелегальныя патрыятычныя арганізацыі як пратэст сведамай моладзі супраць гвалтоўнай русіфікацыі, уціску беларускай культуры і мовы, панавання навалачы з усходу.
Увесну 1946 года такая арганізацыя з канспірацыйным назовам «Чайка» з'явілася ў Слоніме. Яе заснавалі ў асноўным настаўнікі, учорашнія школьнікі. Арганізацыя шпарка расла. Згодна з умовамі канспірацыі кожны з сяброў не павінны быў ведаць больш за шэсць чалавек з падполля. У сваю чаргу кожны з удзельнікаў ствараў толькі яму вядомую групу прыхільнікаў руху. Падобныя арганізацыі і суполкі ствараліся тым часам у Баранавічах, Берасці, Наваградку («Саюз Вызвалення Беларусі»), Ганцавічах, Жыровічах ды іншых гарадах і мястэчках. На стадыі арганізацыйнага афармлення знаходзіліся суполкі ў Менску і Горадні.
Улетку 1946 года падпольшчыкі Слоніма, Баранавічаў, некаторых іншых гарадоў аб'ядналіся і стварылі Цэнтар Беларускага Вызваленчага Руху. У яго склад увайшлі Васіль Супрун (кіраўнік Цэнтра), Міхась Агейка, Алесь Барэйка, Мікола Макарэвіч, Міхась Ракевіч, Уладзімір Салавей. На пачатку 1947 года рух перакінуўся на Маладзечанскую і Пінскую вобласці. Узніклі абласныя структуры — гэтак званае Першае кола, іх узначалілі: Алесь Барэйка (Баранавіцкая вобласць), Мікола Макарэвіч (Берасцейская), Сяргей Яноўскі (Маладэчанская), Мікола Ляскавец (Пінская). Абласным структурам падначальваліся раёныя цэнтры падполля (Другое кола), якія ў сваю чаргу гуртавалі першасныя суполкі (Трэцяе кола). Аднымі з найбольш арганізаваных і заканспіраваных былі групы на Слонімшчыне.