150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі
Шрифт:
Размеркавальная сістэма, пабудаваная на дзяржаўнай уласнасці, не заахвочвала людзей да плённай працы. Шырока распаўсюджвалася практыка прымусовай працы. Спецыяльна дзеля гэтага была створаная сістэма ГУЛагу, уведзеныя жорсткія пакаранні за парушэнне працоўнай дысцыпліны. Да кантролю за выкананнем вытворчых планаў далучаліся спецслужбы.
Эканоміка Беларусі, у значнай ступені скіраваная «на вайну», сталася важным прыдаткам ваенна-прамысловага комплексу СССР. Бальшавіцкае імкненне да сусветнага панавання падавалася ў выглядзе «непазбежнасці сусветнай рэвалюцыі», «пашырэння сацыялістычнага лагера» і да т. п.
Таталітарызм у СССР усталёўваўся ў форме «культу асобы», спачатку Леніна-Сталіна,
Трэба адзначыць, што таталітарная сістэма ў Беларусі ўкаранілася больш трывала, чым у іншых рэспубліках СССР. Працэс «перабудовы» тут (пад прыкрыццём нібыта «барацьбы з карупцыяй») фактычна быў накіраваны на яе ўмацаванне праз увядзенне аўтарытарнага кіравання, прэзідэнцкай «вертыкалі», праз павелічэнне колькасці міліцыі, праз дзяржаўную манапалізацыю сродкаў масавай інфармацыі і адмову ад эканамічных рэформаў.
127. Якія пласты беларускага народа найбольш пацярпелі ад камуністычнага тэрору?
У бальшавіцкай ідэалогіі рэпрэсіі супраць так званых класавых ворагаў займалі адно з галоўных месцаў. Гвалт для дыктатуры пралетарыяту быў проста неабходны. На думку Ў.Леніна, толькі з дапамогай «узброеных рабочых» магчыма ажыццяўляць сацыяльнае развіццё, дзеля чаго можна праліць і «мора крыві».
Рэпрэсіі пачаліся амаль з першых месяцаў існавання савецкай дзяржавы. У 1917–1921 гадах яны былі накіраваныя галоўным чынам супроць «класавых ворагаў», якія вызначаліся паводле сацыяльнага стану ці партыйнай прыналежнасці. У Беларусі, дзе з прычыны нямецкай і польскай акупацыі савецкая ўлада ўсталявалася значна пазней, чым у Расеі, галоўны ўдар быў накіраваны супраць дзеячоў Беларускай Народнай Рэспублікі, праваслаўных і каталіцкіх святароў, сяброў партыі беларускіх эсэраў.
Пастановай ВЦИК ад 11 красавіка 1919 года ўва ўсіх губернскіх гарадах ствараліся «канцэнтрацыйныя лагеры» (гэтак яны называліся ў дакуменце) на 300 месцаў. У Менску такі лагер быў арганізаваны ў жніўні 1920 года.
Але сапраўды масавымі рэпрэсіі сталіся ў 30-х гадах. У 1930–1934 гадах у асноўным вынішчалася заможнае сялянства, гэтак званыя кулакі, або тыя, хто аказваў супраціў утварэнню калгасаў. «Кулацкімі ідэёлагамі» была названа значная частка беларускай навуковай і творчай інтэлігенцыі. Сотні тысяч сялян (паводле розных крыніцаў, ад 4 да 15 адсоткаў усяго беларускага сялянства) былі высланыя ў папраўча-працоўныя лагеры, іх сем'і выселеныя за межы БССР.
Каб мець «падставу» для прыцягнення да крымінальнай адказнасці творчай і навуковай інтэлігенцыі Беларусі, органамі ГПУ-НКВД у 1930 годзе былі сфабрыкаваныя справы контррэвалюцыйных арганізацый — «Саюза вызвалення Беларусі», Беларускага філіяла «Працоўнай сялянскай партыі», у 1933–1934 годзе — «Беларускай народнай грамады», «Беларускага нацыянальнага цэнтра» ды іншых. Было асуджана на «перавыхаванне» ў папраўча-працоўных лагерах і выслана ў Сібір і Казахстан больш за тысячу чалавек: навукоўцы, пісьменнікі, настаўнікі, журналісты, выкладчыкі ВНУ.
У 1933–1934 гадах былі рэпрэсаваныя практычна ўсе святары як каталіцкай, так і праваслаўнай канфесіі, а таксама царкоўныя актывісты, абвінавачаныя ў антысавецкай дзейнасці.
Шмат было асуджана і расстраляна гаспадарнікаў — кіраўнікоў і простых работнікаў розных галін народнай гаспадаркі. Калі інтэлігенцыю, святароў, сялян абвінавачвалі ў асноўным па палітычных матывах, то гаспадарнікі «выкрываліся як шкоднікі». Па справах шкодніцтва ў сістэме Дзяржплана, жывёлагадоўлі,
У 1935–1936 гадах была ажыццёўленая «ачыстка» мяжы БССР ад «патэнцыяльных» ворагаў. У «аддаленыя мясцовасці СССР» было выслана больш за 20 тысяч чалавек.
Найбольшы размах рэпрэсіі набылі ў 1937–1938 гадах. Беларусь была «ачышчана» ад «контррэвалюцыйных элементаў і шпіёнаў». Толькі пры «выкрыцці» гэтак званага «Аб'яднанага антысавецкага падполля» асуджана больш за 2,5 тысячы чалавек, значная частка з іх расстраляна.
У 1937–1938 гадах праводзіцца масавая акцыя «па выкрыцці» польскіх, нямецкіх і латышскіх «шпіёнаў». Было арыштавана блізу 23,5 тысяч чалавек, больш як 21 тысяча з іх расстраляна.
Рэпрэсіі 1938 года закранулі ўсе пласты грамадства, у тым ліку і арганізатараў гэтых рэпрэсій. Былі арыштаваныя 99 сакратароў райкамаў КП(б)Б са 101, больш за 50 старшыняў райвыканкамаў, сакратары ЦК КП(б)Б.
Усе гэтыя працэсы паўтараліся пасля далучэння ў 1939 годзе Заходняй Беларусі. Прыпыненыя вайною, рэпрэсіі набылі там асаблівы размах у другой палове 40-х гадоў у сувязі з правядзеннем татальнай калектывізацыі і працягваліся аж да 1953 года.
У выніку «праведзенай працы» ў Беларусі было ліквідавана найбольш дзейнае, працавітае і прадпрымальнае сялянства, практычна знішчана нацыянальная інтэлігенцыя, былі зачыненыя або зруйнаваныя цэрквы і касцёлы.
128. Як бальшавікі рэфармавалі беларускую мову?
Бальшавікі імкнуліся да стварэння імперыі, у якой усё было б аднолькавае, стандартнае. Ім належыць ідэя «зліцця моваў», г. зн. пераходу ўсіх народаў на расейскую мову. Першы этап гэтага зліцця — «збліжэнне» моваў, якое праводзілі прымусовымі, рэпрэсіўнымі метадамі.
Беларуская літаратурная мова адрадзілася ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Складаліся граматыкі, слоўнікі, стваралася навуковая тэрміналогія. Але праца гэтая не была завершаная. Пры канцы 20-х гадоў бальшавіцкія ўлады абвінавацілі мовазнаўцаў у шкодніцтве і за некалькі хваляў рэпрэсіяў вынішчылі фізічна. Сярод знішчаных — Браніслаў Тарашкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік, Сцяпан Некрашэвіч, Мікола Байкоў ды іншыя.
«Варожымі» былі абвешчаныя і іхныя працы, у тым ліку пастановы Акадэмічнае канферэнцыі па рэформе правапісу 1926 года, праект рэформы правапісу 1930 года. У 1933 годзе беларускай мове паспешліва, без грамадскага абмеркавання, дэкрэтам навязалі бальшавіцкую рэформу. Мэтай яе было «ліквідаваць штучны бар'ер паміж беларускай і рускай мовамі», г. зн. спыніць развіццё беларускай мовы, пазбавіць яе непаўторнага аблічча. Скасавалі мяккі знак, які абазначаў памякчэнне (песьня — песня, зьява — з'ява), сталі пісаць не як чуецца, а на расейскі лад (чэскі — чэшскі, ня быў — не быў), у выніку чаго пачало страчвацца характэрнае для беларусаў вымаўленне. Запазычаныя словы мелі пісацца ўжо не на заходнеэўрапейскі, а на расейскі ўзор (дакляраваць — дэклараваць, газэта — газета). Нават скланяць і спрагаць словы беларускай літаратурнай мовы цяпер даводзілася аналагічна расейскім (у садох, у палёх — у садах, у палях; не ганеце — не ганіце). Уводзіліся зусім не ўласцівыя беларускай народнай мове дзеепрыметнікі (эксплуатуючы і эксплуатуемы клас). Востры пратэст супраць рэформы выказала інтэлігенцыя Заходняй Беларусі, з ціхім незадавальненнем успрынялі гвалт над мовай у самой сталінскай БССР.