Беларусізацыя пад №...
Шрифт:
25 жніўня. Сяньня мірылі Апанаса Дзюрку зь ягоным шваграм. Пасварыліся, як цьвякі дзялілі. Цьвякі яны цягалі супольна, а сяньня раскладалі на душы. А швагра ягоны вельмі ўжо спрытны чалавек: калі захоча, дык можа сам сабе ў вочы плюнуць. Вось ён і абжехаў Дзюрку на цэлую скрыню. Неяк вельмі спрытна перасморгнуў, як раскладалі цьвякі на кучы. Апанас, хоць і варона, а гэты фокус згледзеў.
— Ты што, — крычыць, — фальшуеш? Хіба сумленныя людзі так робяць?
Пачалося пералічэньне, сварка, а пасьля й за чубы ўзяліся. Мы ледзь іх разьвялі й самі расклалі цьвякі на роўныя кучкі. Хай у згодзе
26 жніўня. Жонка штосьці надзьмулася й паглядае падазрона. Ці не ўвялі ёй у вушы пра Маржю Іванаўну. Шкада, калі так, бо адносіны з Маржяй Іванаўнай увайшлі ўжо ў пажаданую плынь, і аскоміны яшчэ не набіў. Трэба зноў падвоіць асьцярожнасьць. Ох, цяжка спраўляцца на два франты.
27 жніўня. Сяньня меў неспадзяваную цікавую сустрэчу. Бачыў свайго старога знаёмага — Выпівоніч-Ецкага. Ведаў яго шчэ за царом. Быў ён тады абшарнікам, меў ладны маёнтак, ну, і жыў нядрэнна: скварку й чарку меў штодня. У сямнаццатым годзе ён чагось не пагадзіў з бальшавікамі, а біцца зь імі ня меў ахвоты й з гэтае аказіі паціснуў на захад. А цяпер вярнуўся. Гляджу й дзіўлюся: чалавек амаль не зьмяніўся, толькі пагрубеў трохі, а такі-ж здаровы, чырвоны, як рыжык.
— Відаць, — кажу яму, — на эміграцыі Вам нядрэнна паводзілася?
— А так, так, — кажа, — хоць маёнтку там і ня меў, але пасад нядрэнны давалі. Ды я нідзе не прападу — натура ў мяне такая… зацэпістая.
Відаць, што не прападзе. Цяпер езьдзіў у былы маёнтак, мабыць, там таксама нейкія меркаваньні мае. Але наўдачу, каб з гэтага што выйшла.
Калі ішоў дахаты, то ўсю дарогу думаў пра тое, чаму так дзіўна збудаваны белы сьвет. Адзін, бывае, і чалавек ня дурны, а праз усё жыцьцё, як белка ў калясе, матаецца за скарынку хлеба, а другі — так сабе чалавечак, звычайны, а ўсё жыцьцё на правох госьця: пірог ды яешня. Увечары ў нашай парафіі на гэтую тэму быў дыспут. На гэтую справу кажны глядзіць па-свойму. Апанас, напрыклад, казаў, што як толькі чалавек радзіўся ў кашулі, то ўжо так і ведай, што яму праз усё жыцьцё будзе Вялікдзень. Разак даводзіў, што ў кажнага чалавека свой лёс — як каму пашанцуе. Рыгор націскаў на тое, што ўсё залежыць ад розуму:
— Калі чалавек мае галаву, дык не прападзе.
— А з галавою не прападаюць? — пытаемся.
— Калі й прападаюць, то, мабыць, галава ў патрэбны момант ня здолела варыць, а то не прапаў-бы.
Сымон моўчкі слухаў усе гэтыя разважаньні, не перашкаджаў, а нарэшце й кажа:
— Глупства вы ўсё гэта гаворыце: і лёс і розум — усё гэта дрэнь, і галава дрэнь. Галоўнае ў чалавека — жывот. Калі я шчэ ў анатомцы працаваў, то быў у нас адзін доктар, дзівак страшэнны. Іх там у нас шмат было, і кажны зь іх рабіў як трэба: сяньня ногі рэжа, заўтра ў мазгох калупаецца, а той дзівак дык заўсёды жываты паласаваў. Крэмзае іх ува ўсе бакі ды ўсё чагось углядаецца. А што ў жываце ўбачыш, апрача дрэні? Вось я аднойчы й пытаюся: чаму гэта Вы, Сямён Мікалаевіч, жываты ўсё шастаеце? Вы-б у галаве пакалупалі. Можа там цікавей?
— А што ў галаве калупаць? Мазгі, - кажа, — гэта дрэнь, густы кісель і больш нічога. І галава, — кажа, — патрэбна чалавеку хіба як покрыўка для тулава, каб у жывот лішняя вада не зацякала. Бо сам бачыш, што кажны чалавек жыватом наперад ходзе, а не наадварот, а значыцца, і ўсё чалавецтва жыватом наперад рушыць…
— Я тады пасьмяяўся зь ягоных словаў. Але неяк пазьней давялося мне тры дні ня есьці. Дык што вы думаеце? У галаве ніякае думкі, апрача тое, пра што кажа жывот.
Сымон сказаў гэта так пераканальна, што блізу ўсе згадзіліся.
28 жніўня. Але-ж да чаго цяпер спрытны народ пайшоў! Толькі пазірай ды дзівіся. Стаімо гэта мы сяньня на біржы, разглядаемся. А тут каля нас і Круглоў трэцца. Асоба такая імклівая й досыць размаітая. Працаваў ён за саветамі й нейкім тэхнікам, і транспартнікам, і асьветнікам, наагул, спэцыяльнасьцяў мае шмат, а тымчасам ніводнае. Пакуль гэта мы паволі прыслухоўваліся, што, дзе й як, а тымчасам зь біржы выходзіць дзядзька з барадою ды кажа:
— А хто, — крычыць, — ёсьць крысаловы? Добрыя ўмовы. Пацукоў, знацца, лавіць. На «Заготзярно».
Ну, ведама, мышалоўная спэцыяльнасьць цяпер даволі рэдкая, і таму ніхто надта й не адгукнуўся на гэты заклік. Пракрычэў гэта ён некалькі разоў ды змоўк. І вось, калі ўжо здавалася, што мышы цалкам апануюць гэтым «Заготзярном» з прычыны адсутнасьці належнага спэцыяліста, у гэты, як кажуць, крытычны момант на сцэну вырываецца Круглоў:
— Я, — крычыць, — магу мышэй лавіць! Курсы на гэта канчаў! Дыплёмы маю!
І панёсься за барадою. А праз часін дзесяць вяртаецца й паперкаю з накіраваньнем махае:
— Ну, — крычыць, — трымайся, мышы! Круглоў ідзе.
— А як ты, — пытаемся, — лавіцьмеш гэтых мышоў? Ты-ж ня спэц.
— Даражэнькія, нешта злаўлю. Калі ня мыша, то хоць збажыны якой. Гэта-ж «Заготзярно».
І пайшоў мышэй лавіць. А я ведаю, што ён ніколі нічога, апрача мух, не лавіў. Вось гэта спрыт! Такі чалавек нідзе не загіне.
29 жніўня. Маржі Іванаўне зноў занёс пшанічнае мукі й цукру. Нічога ня зробіш — трэба падкормліваць. Казала, што хутка вернецца лейтэнант. «Ад пэўнага чалавека чула». Можа гэта яна мяне палохае, а можа й запраўды ёсьць такія чуткі? Трэба папытацца ў Наязнова: ён на гэтыя рэчы знаўца.
30 жніўня. Рыгор спраўляў улазіны. Ну, трэба сказаць, што такога баляваньня я шчэ ня бачыў. Было літаральна ўсё. А гарэлкі — Божачка мой! Хоць анучы палашчы. Усе мы стараліся каля яе досыць дружна. Пасьля пачаліся прамовы. Рыгора віталі, хвалілі ягоны спрыт і розум, ягоную вытрываласьць. Ды й як не хваліць, калі чалавека навет агонь не бярэ. Згарэў ушчэнт, а праз пару месяцаў зноў у сваёй хаце, дый абсталяванай лепш за ранейшую. Не, такі чалавек варты пашаны. Навет і Сымон у сваёй, хоць і кароткай, але гарачай прамове адзначыў гэта:
— Што-ж, — казаў Сымон, — што Рыгор выгляду ня мае? Што, пытаюся ў вас, з таго, калі наш паважаны сусед з выгляду як-бы й дурань які? Выгляд гэта, кажа, дрэнь, глупства. Другі бывае й выглядам паважны й гэтым за разумнага сябе ўдае, а загадай паміж трох сьвіней зацірку падзяліць — не патрапіць! А Рыгор падзеліць! Ды так падзеліць, што яшчэ й сабе застанецца. Вось у чым сэнс! Вось у чым, кажу, уся навука. Хай жыве Рыгор!
Мы дружна выпілі за Рыгора, таксама й за ягоную жонку, але ў канцы ўсяе справы нашае лагоднае частаваньне ледзь не сапсуў Апанас Дзюрка. Сярод іншых пачастункаў ён неяк згледзеў на стале сьвежаніну і ўспомніў, што ў яго калісь укралі кабана, і што варажбітка паказала на свайго. Гэта ў яго сфармавалася ў пэўную думку, якая й выклікала рэальныя чыны. Ён падняўся, грымнуў кулаком па стале і, хоць ня зусім выразна, але досыць станоўка, загадаў: