Беларусізацыя пад №...
Шрифт:
Узяў адзін сусед агурок на зуб — хрумшчыць. Другі таксама паспытаў — добра. Трэйці — таксама. Старыя толькі вачыма лыпаюць. І пайшла спроба, як іхныя гуркі хрумшчаць.
— Эх, — кажа нарэшце адзін знаўца на агуркох, — грэх такую закусь усухамятку хрумстаць, сьмяротны грэх.
І неўзабаве джгануў за дзьверы. Праз колькі часінаў вярнуўся з паўлітрам, якое тут-жа й разьмеркавалі. Вядома, не абмінулі й старых. Пасьля сігануў другі сусед, трэйці. І пачалося. Як скончылася гэтая спроба — старыя ня памяталі. Але калі назаўтра зірнулі ў бочку, дык дзяліць ужо ня было чаго. Толькі на дне нейкім цудам захавалася колькі шаптуноў. Вось табе й параілі суседзі. І сядзяць цяпер старыя ў розных куткох ды пазіраюць ваўкамі
Ну, ці ня грэх? А хто ў гэтым вінаваты? Хіба-ж не старыя?
18 сакавіка. У Фэцкага зноў няўдача. Быў апёкся на пісклях, а цяпер на трыбухох скруціла. Купіў ён іх ля бойні ажна мяшок, прывалок дахаты й пачаў вылічваць, колькі на іх заробіць. Але пакуль ён калькуляваў ды вылічваў найвышэйшы прыбытак, трыбухі не марудзілі, узялі дый сквасіліся. Дух ад іх пайшоў па ўсёй кватэры такі цяжкі, што ня толькі на рынак, але й на сьметнік выкінуць небясьпечна. Мусіў збыць за бясцэньне. Каб ня зусім страціцца, завалок гэты злаякасны прадукт Адбіткоўскаму на мыла, па марцы ад трыбуха. Але ашукаўся й Адбіткоўскі. Варыў ён гэтую квашаніну паўдня, але, не ўважаючы на ўжытую ім розную хэмію, мыла з трыбухой ня выйшла, а толькі адна пена.
Цяпер прафэсар ды інжынер, як кажуць, на нажах, бо паміж іхным старым сяброўствам грозным сьценем сталі квашаныя трыбухі. Так, бывае, дробная рэч псуе вялікія дачыненьні вялікіх людзей.
19 сакавіка. Сяньня на зборцы ў Рыгора быў вялікі палітычны дыспут. Справа йшла пра ўладу, чаму яна й навошта. Напачатку населі ўсе на прафэсара Наязнова.
— Вось Вы, — кажам, — прафэсару, акуляры носіце, можна сказаць, зубы зьелі на розных пытаньнях, дык скажэце нам на ласку, што такое ўлада.
– І чаму яна, — дадаў Мікіта Гузак, — не такая, як хачу я, а наадварот?
Наязноў нешта пачаў мармытаць, але такое нявыразнае, што Сымон яго перапыніў:
— Ня ведаеце, шаноўны? Ськідайце акуляры!
Гэтае каведнае пытаньне ўзяўся разьвязаць Мікіта Гузак.
— Я скажу, чаму такое дзеецца на сьвеце. Вось, скажам, так: адзін чалавек хоча туды, а другі хоча сюды. А каб людзі былі ні туды, ні сюды, дык усё было-б добра, і нічога гэтага ня было-б.
— Правільна, — падтрымаў яго Сымон, — людзі ёсьць розныя: адны далікатныя, другія працавітыя, а паміж імі йдзе нясупыннае змаганьне. І вось, знацца, якія людзі перасіляць, такая і улада будзе. Быў у мяне за саветамі знаёмы. Чалавек так сабе — недалуга. Меў ён невялічкую пасаду, быў ціхі, сарамлівы й заўжды выглядаў такім прыбітым, нібы ў яго за каўняром паліцыянт сядзеў. Так. Але аднойчы фракцыя ягонага начальніка перамагае, бярэ, знацца, верх, і той трапляе ў вялікія чыны. Натуральна й гэты недалуга за хвастом чына таксама прыціснуўся да ўлады. І што вы скажаце? Чалавек раптам зьмяніўся: ня той, а зусім новы, ну, проста — арол. Толькі адно й не зьмянілася: як быў гультай, так ім і застаўся. Дык вось што такое ўлада.
Такі нечаканы вывад нас усіх вельмі зьдзівіў, але як мы ведалі, што Сымон — філёзаф, дык і не спрачаліся. А што-ж такое, урэшце, улада, так і не даведаліся.
— Дыспут наш, — як урэзюмаваў Апанас Дзюрка, — быў угрунтаваны на пяску, а таму й вынікаў ня даў.
Можа так, а можа й не…
21 сакавіка. Ловяць безаўсвайсных. Пахапілі на рынку Гузачыху й Загржэмбіцкую — тыя ледзь выцерабіліся. Трапіў у паліцыйныя абыймы й Разак Яська — з самагонам залавілі. Але хоць ён і на мокрай справе пасьлізнуўся, а падняўся сухім, бо Яська добра ведае, што ў такіх выпадках рабіць.
— Я, — казаў, - ўсё роўна сваё наганю.
Пасьля гэтага ўвесь наш мурашнік заварушыўся й пачаў перакоўвацца. Мусіў і я перагледзець свае
22 сакавіка. Неспадзявана сустрэў Маржю Іванаўну. Трапіў у адну вясёлую кумпанію, ажна гляджу — і яна там. Я й вокам не міргнуў, што мы знаёмыя. Яна таксама трымалася тактоўна. Але, як пасьля ўсяго пачалі гуляць у флірт кветак, я-ткі разы тры добра калупнуў яе.
А з гэтай гульнёй выйшла чыстая камэдыя. Флірт быў стары, яшчэ Мікалаеўскі. Зразумела, што ў гэтым дарэжымным флірце было толькі пра кволае й палкае каханьне, а такія простыя рэчы, як сахарына, панчохі, баханка, закусон ды іншыя ня былі прадугледжаныя. Натуральна, мы пачалі выпраўляць недагляд мінулага й мусілі дапісваць. Ну, і панапісвалі на тэму дню.
Гіяцынт: Ці ёсьць у вас скураныя падэшвы?
Фіялка: А фігу вы ня хочаце? — Скураныя! Шаруйце гумай.
Нарцыс: Колькі вы просіце за свае кумпякі?
Лілея: Сьвіньня вы й больш нічога.
Такім парадкам мы скрэмзалі ўвесь гэны кветкавы флірт, і ён атрымаў зусім сучасную афарбоўку. Але пасьля гульні гаспадыня агледзелася, што ўсе карткі паскрэмзаныя, і ўзьняла вэрхал:
— Анцілігенты, — крычыць, — у шляхетную гульню гуляюць, а карткі звэдзгалі, як сьвіньні.
Ледзь мы яе супакоілі складчынай, але ўсё-ж выйшаў канфуз.
13 сакавіка. Загржэмбіцкі вярнуўся з экспэдыцыі ў «Западную». Ён-такі нездарма хваліўся, што ня любіць займацца драбніцай: прывёз із сабою вялікі абоз ёміны. Калі ўсё гэта ўдала рэалізуе, дык адразу выскачыць у першыя рады менскіх фінансавых колаў.
А пра «Западную» апавядае цуды: як там людзі жывуць, як пжюць і гуляюць — проста дзіву дацца. Адно дрэнна, што там усе лютыя нацыяналістыя. Навет і гарэлку, і тую пжюць не як усе людзі, шклянкамі, а па-свойму, па-нацыяналістычнаму. Выставіць, — кажа, — на стол тры чаркі: адну — белай, другую — чырвонай, а трэйцюю зноў белай, ды хвошча ўсе запар, а пасьля выгуквае «Хай жыве!». А іншыя, мабыць, ужо зусім шавіністыя, дык тыя выстаўляюць аж па дзевяць чарак: тры белай, тры чырвонай, зноў тры белай. І «Хай жыве!» выгукваюць ужо тры разы. Гэта ўсіх нашых вельмі зьдзівіла. Толькі Яську Разаку такі звычай надта спадабаўся.
— Каб мне туды, крый Божа, дарвацца, — мроіў ён, — дык «Хай жыве!» я там крычэў-бы хоць дваццаць разоў, пакуль-бы не залажыла.
Кажнаму сваё, а мне такая палітыка не падабаецца.
24 сакавіка. Набліжаецца, як казаў Апанас, першы вольны Вялікдзень на першай вольнай зямлі. Усе з уздымам калбоцяць самагон. У гэтай справе і я не захацеў астацца атэістым і закалбаціў 30 фунтаў аржанухі.
25 сакавіка. Бачыў нейкі дзіўны сон. Сьнілася мне, што нібы йду па галоўнай вуліцы й назіраю звыклы малюнак: машыны, салдаты, грузавікі снуюць узад і ўперад, зьбянтэжаныя цывільныя па бакох туляцца. Грукат, галас, бязупынныя гудкі машынаў, адным словам, вайна. Раптам сталася ціха, да таго ціха, што ажна страшна зрабілася. Стаў я й дзіўлюся — што такое? Нібы тое самае, а тымчасам зусім іншае. Вось прафэсар Фэцкі (той, што вылічаў канец вайны) ідзе, нібы й ранейшы, але ўжо зашпілены на ўсе гузікі й з партфэлем пад пахай. Ветліва вітаецца. Вось інжынер Адбіткоўскі, які мыла з падлаў варыць, на аўтамабілі праімчаў. Гузачыха з кашолкай у руках прашкандыбала. А вось і Сымон на сваім кані едзе. Паджехаў да мяне й спыніўся.