Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Беларусізацыя пад №...

Крывічанін Лявон

Шрифт:

— Ты чаго, — крычыць, — рот разявіў? Зачыняй хутчэй, а то й з табою будзе тое, што з адным Халімончыкам было. Той таксама вось, як і ты, з канём сустрэўся, а пасьля тры месяцы з абвязаным рылам хадзіў і ўсім жаліўся: «Ішоў, - кажа, — ціха па вуліцы, а нейкая разіня ехала і проста мне аглабінай у рот». Вось як бывае. Ну, дык што чуваць?

— Ды вось стаю ды дзіўлюся, што робіцца.

— Ды чаго тут дзівіцца? Нічога новага няма, усё, як было, так і ё.

І Сымон крануў каня. Паехаў. Няўжо-ж ніхто нічога не заўважае? Цуд! Іду далей па Пагарэлай вуліцы, а тут ужо новыя хаты, як грыбы, павырасталі, нібы ў казцы якой, або, не раўнуючы, як у

справаздачы ўраду. Крамы скрозь паадчыняныя, а ў крамах дабра ўсякага гарамі навалена. Вось ідуць салдаты, песьні пра вайну сьпяваюць, а кулямёты й бомбы па вуліцы раскідаюць. І нікога гэта не палохае, а наадварот, цешыць, бо дзеці падбіраюць бомбы і, як у мячыкі, зь імі гуляюць. Дзіва! Падышоў да плошчы былой Свабоды, а тут радыёвяшчальнікі на ўсе лады грымяць: «Вайна скончана! Арміі ўсіх народаў распушчаныя! Усе кардоны зьнятыя, а заслоны паднятыя! Мір і супакой! Ура! Няхай жыве супакой!».

У гэты час з-за рогу Танкавай вуліцы на плошчу ракой наплылі грамады людзей, якія павольна спыніліся ля помніка Невядомага Героя. Наперадзе падраўнялася аркестра барабаншчыкаў, а за ёй мора сьцягоў і натоўп. Вось на помнік ускочыў нейкі жвавы чалавечак і пачаў крычаць: «Вызваленыя свабодныя людзі! Вайна скончаная! На ўсім сьвеце запанавала ціша й сугучнасьць. Няма аніякіх спрэчак паміж народамі! Спалучаны ўрад вялікіх нацыяў абвесьціў для кажнае нацыі поўную не…».

Што абвесьціў спалучаны Ўрад, дачуць не ўдалося, бо раптам як разане барабанная аркестра, як загрукочуць гарматы, як загудуць самалёты, ажна, здаецца, зямля здрыганулася.

Тут я падхапіўся ад сну, але грукат ня спыняўся. Я саскочыў з ложка й рынуўся да дзьвярэй, бо ў мае дзьверы барабанілі так, што ажна ўся хата хадыром хадзіла. Калі адчыніў дзьверы, даведаўся, што прыйшла нямецкая жандармэрыя правяраць жыхароў і аўсвайсы. За тое, што я замарудзіў, адчыняючы дзьверы, мне жандар напачатку паказаў пісталет, а пасьля адмерыў нядрэнную плюху. На гэтым скончыўся мой дзіўны сон, бо толькі пасьля жандармаўскае навукі я прыйшоў да цяму й зразумеў, што ўжо ня сон, а рэчаіснасьць.

Суседзі з поваду майго сну кажуць, што хоць ён скончыўся й ня зусім удала, але гэты сон — вяшчун, і ён прадракае канец вайны. Адзін Сымон не падзяляе агульнае думкі. Ён кажа, што сны трэба разумець якраз наадварот.

— Калі ты сьніў, - кажа, — што гэтая вайна скончылася ў такі нечаканы спосаб, то тут, браток, рыхтуйся да новае вайны. Так гэты сон трэба разумець.

Верыць Сымону ніхто ня хоча.

26 сакавіка. Учора ў беларусаў было сьвята. Спраўлялі гадавіну сваёй колішняй незалежнасьці. З гэтае прычыны наладзілі ў тэатры вялікі сход і пачалі гаварыць. Гаварылі шмат пра тое, як колісь змагаліся, як былі незалежныя, як усё ў іх было й што цяпер таксама…

Мне ўвесь час сьвярбела выступіць і спытацца, чаму цяпер нічога няма й хто канкрэтна вінавайца гэтага? Але выступіць пабаяўся й добра зрабіў, бо калі пасьля сходу загаварыў пра гэта зь Янкам Шчырым, дык той мяне ледзь не залічыў у ворагі.

— Вы, — кажа, — не разумееце гэтага, бо вы шчэ ня нашь Вам яшчэ, — кажа, — адзіная недзялімая адрыгаецца, а як Вашае нутро зусім ачысьціцца ад гэтае дрэні, тады ў Вас і ў галаве прасьвятлее.

Што я меў на гэта адказаць? Зразумела — нічога. А тут яшчэ й Ахрэм Авечка падцягнуў:

— Мы, — кажа, — змагаліся, змагаемся й заўсёды будзем змагацца, аж пакуль нам не дадуць. А калі ўжо дадуць, што трэба, тады й змагацца кінем.

Мы — упартыя.

Дзіўны чалавек гэты Ахрэм. Усё яшчэ спадзяецца, што дадуць. А тымчасам вось і сяньня не далі. Хацелі яны ў вадзнаку свайго сьвята наладзіць дэманстрацыю, г. зн. паказаць свае сілы, а немцы ім і не дазволілі. Вось табе й незалежнасьць!

Увечары пасьля сходу ладзілі «гарбатку», куды я, нажаль, ня трапіў. А шкада, бо сяньня Арыентацкі хваліўся, што «гарбатка» прайшла надзвычай удала: нікога ня вынесьлі, а навет ня вывелі, а тымчасам усім хапіла. Гутарылі таксама шмат, але куды весялей, чымся на «акадэміі». Напачатку ўсе адзін аднаго хвалілі, а пасьля, калі выпілі па трэцяй чарцы, пачалі сварыцца: і таго не зрабілі, і гэтага не дарабілі, і той вінаваты, і гэты не дагледзеў, і наагул ніхто нічога ня робіць. А як падлілі яшчэ, стала зусім весела, бо загаманілі ўсе разам.

Мікіта Гузак, які слухаў нашую размову, сказаў, што гэта зьява зусім натуральная.

— Кажная вільгаць, — казаў ён, — язык размывае, і ён тады ходзе вальней. Мне доктар, калі я заікаўся, таксама кроплі раіў, і я тады гэтых кропляў выпіваў па шэсьць шклянак на дзень. І памагло, бо цяпер ужо заікацца пачынаю толькі пасьля восьмае шклянкі.

27 сакавіка. На нашай вуліцы асяліўся новы чалавек, у якім Сымон апазнаў таго вучонага, што калісь майстраваў нейкае цудоўнае кола-самакрутку, а пасьля раптоўна зьнік. Завуць яго Камель, а прыехаў ён із занятых усходніх земляў.

28 сакавіка. Сымон зьбіраецца на вёску — зямлю дзяліць. Мне, казаў, таксама, як і іншым, чужой зямлі ня трэба ані пядзі, а калі ўжо сваю, нашую дзеляць, дык тут, даруйце, і я маю поўныя правы хоць на чацьвярціну.

Мабыць, самалётаў напалохаўся, бо сяньня ўначы бальшавікі на літоўскія казармы наляцелі й шмат каго напалохалі. Праўда, шкоду зрабілі невялікую: разьбілі прыбіральню ў суседняга гаспадара. Але за другім разам, калі пашанцуе, могуць і галаву пашчапаць. А Сымон хоць і кажа, што галоўнае ў чалавека жывот, але галаву таксама беражэ.

29 сакавіка. Зьнік Мімікрыйскі. Адны кажуць, што пайшоў на працу й не вярнуўся, а другія сьцьвярджаюць, што наагул нікуды не хадзіў, а з хаты зьнік. Як там было — невядома, а толькі ўсё ягонае майно немцы вывезьлі, а ў кватэру пасадзілі сваіх.

Шмат каму такая рэч не спадабалася.

30 сакавіка. Зноў быў у мастакоў ды пісьменьнікаў. Гэтым разам дэманстрацыя собскіх мастацкіх вырабаў была слабая, але затое дыскусія разгарнулася лютая. У вадным кутку прыціснулі да сьцяны нейкага паджылага плячыстага аўтара й вымагалі ад яго адказу, чаму ўсе ягоныя героі ў канцы вешаюцца. Той бараніўся як мог.

— Гэта, — казаў, - ня я вінаваты. Так псыхалягічны канец вымагае.

— Дык хіба ў цябе канец заўжды на вяроўцы падвешаны? — насядалі на яго. — Чым ты працуеш?

Плячысты толькі адно й цьвердзіў:

– Інакш не магу — псыхалёгія такая.

А хтось ззаду падліваў атруты ў гэты дыспут. Ён то бараніў псыхалёгію, то крычаў, што аўтара самога трэба павесіць за ягоны псыхалягічны канец. У другім кутку два маладзякі спрачаліся аб тым, хто зь іх больш сьпісвае.

— У цябе няма гістарычнага падыходу, — крычэў вышэйшы, — і ты ня можаш напісаць на гістарычную тэму.

Поделиться:
Популярные книги

Доктор 2

Афанасьев Семён
2. Доктор
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Доктор 2

Гимназистка. Нечаянное турне

Вонсович Бронислава Антоновна
2. Ильинск
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.12
рейтинг книги
Гимназистка. Нечаянное турне

Хранители миров

Комаров Сергей Евгеньевич
Фантастика:
юмористическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Хранители миров

Плеяда

Суконкин Алексей
Проза:
военная проза
русская классическая проза
5.00
рейтинг книги
Плеяда

Сердце Дракона. Том 11

Клеванский Кирилл Сергеевич
11. Сердце дракона
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
боевая фантастика
6.50
рейтинг книги
Сердце Дракона. Том 11

Буревестник. Трилогия

Сейтимбетов Самат Айдосович
Фантастика:
боевая фантастика
5.00
рейтинг книги
Буревестник. Трилогия

Идеальный мир для Лекаря 19

Сапфир Олег
19. Лекарь
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 19

Приватная жизнь профессора механики

Гулиа Нурбей Владимирович
Проза:
современная проза
5.00
рейтинг книги
Приватная жизнь профессора механики

Курсант. На Берлин

Барчук Павел
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Курсант. На Берлин

Весь Роберт Маккаммон в одном томе. Компиляция

МакКаммон Роберт Рик
Абсолют
Фантастика:
боевая фантастика
5.00
рейтинг книги
Весь Роберт Маккаммон в одном томе. Компиляция

Девочка для Генерала. Книга первая

Кистяева Марина
1. Любовь сильных мира сего
Любовные романы:
остросюжетные любовные романы
эро литература
4.67
рейтинг книги
Девочка для Генерала. Книга первая

Наследник пепла. Книга I

Дубов Дмитрий
1. Пламя и месть
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Наследник пепла. Книга I

Гимназистка. Под тенью белой лисы

Вонсович Бронислава Антоновна
3. Ильинск
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Гимназистка. Под тенью белой лисы

Хозяйка заброшенного поместья

Шнейдер Наталья
1. Хозяйка
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Хозяйка заброшенного поместья