Бiльярд а палове дзесятай
Шрифт:
— Мы знойдзем вiнаватага.
— Навошта? — спытаўся я. — Пакiньце яго ў спакоi.
Я аддаў бы дзвесце абацтваў, калi б за iх мне вярнулi Эдыт, Оту цi таго чужога хлопца, што кiдаў цыдулкi ў нашу паштовую скрыню i мусiў так дорага заплацiць за гэта; i хоць гэты абмен не адбыўся, не быў прыняты, мяне цешыла, што я заплацiў хоць бы гэтым — грудаю камення, маiм "учынкам маладосцi". Я ахвяраваў гэта Оце i Эдыт, таму хлопцу i сталяроваму вучню, хоць ведаў, што iм гэта будзе нi да чога: яны загiнулi; цi, можа, гэтая груда руiнаў належала да таго непрадбачанага, якога я гэтак моцна прагнуў? Манахаў здзiўляла мая ўсмешка, а мяне здзiўляла iхняе абурэнне.
— Таксi? Я ўжо iду, Леанора. Hе забудзьцеся, што я запрасiў Вас: а дзевятай, у кавярнi Кронэра — вячэра з нагоды дня нараджэння. Шампанскага не будзе. Ненавiджу шампанскае. Забярыце там унiзе ў прыдзвернiка кветкi, цыгары, вiншавальныя тэлеграмы i, калi ласка, маё дзiця, не забудзьце апляваць мой помнiк.
To былi выбарчыя плакаты — тое, што друкавалася цяпер, у звышурочныя гадзiны, на белай паперы; iх стосы завальвалi калiдоры, лесвiчныя каморы аж пад самы яго кабiнет; на кожнай пачцы быў наклеены плакат-узор: усе гэтыя добра апранутыя ўзоры ўсмiхалiся яму, нават на плакатах можна было разгледзець гарусныя нiткi ў iх гарнiтурах; грамадзянская паважнасць i грамадзянская ўсмешлiвасць патрабавалi даверу i аптымiзму;
— Калi ласка, у Дэнклiнген, у псiхiятрычную лякарню, — цiха сказаў стары Фэмель.
5
Блакiтнае неба, пафарбаваная сцяна, уздоўж якой таполi, нiбы перакладзiны драбiнаў, вялi ўгору i ўнiз на дзядзiнец, дзе прыдзвернiк змятаў лiсце ў равок з кампостам; сцяна была занадта высокая, прамежкi памiж перакладзiнамi — занадта вялiкiя; тры, чатыры крокi трэба было яму зрабiць, каб з адной трапiць на другую. Памалу! Чаму жоўты аўтобус павiнен ехаць гэтак высока ўздоўж сцяны, паўзцi каля яе, не раўнуючы як жук? Ён прывёз сёння толькi аднаго чалавека — яго. Цi гэта быў ён? Хто? Каб гэта ён караскаўся сюды, ледзьве дацягваючыся да чарговае прыступкi! Ды не: ён заўсёды хадзiў выпрастаўшыся, не згiнаючыся, не прынiжаючы сябе — адно што ўкленчваючы ў касцёле цi на стартавай дарожцы ён мяняў сваю паставу. Цi гэта быў ён? Хто?
На дрэвах у садзе, у Блесэнфэльдскiм парку — старанна намаляваныя шыльдачкi: 25, 50, 75, 100; ён укленчыў пры стартавых ямках, прамармытаў сам сабе: "На старт… увага… марш!" — i пабег; часам ён запавольваў свой бег, вяртаўся, глядзеў час на секундамеры, запiсваў яго ў сшытак мармуровага колеру, што ляжаў на каменным столiку ў садзе — i зноў укленчваў пры стартавых ямках, мармытаў сабе каманду, бег, адно зусiм крыху павялiчваючы тэмп на выпрабаванай дыстанцыi; часцяком праходзiла нямала часу, пакуль ён пачынаў выбягаць за 25 метраў i яшчэ больш — пакуль ён прабягаў пяцьдзесят; на заканчэнне ён бег усю дыстанцыю, 100 метраў, i запiсваў дасягнуты час у сшытак — 11,2. Гэта нагадвала фугу — дакладна, хвалююча: а ўсё ж мела ў сабе адцiнкi вялiкай нуды, падобную да прорвы вечнасць у летнiя адвячоркi, у садзе альбо ў Блесэнфэльдскiм парку; старт — вяртанне; старт — малое паскарэнне — вяртанне; таксама яго тлумачэннi, калi ён сядаў каля яе, аналiзаваў i вытлумачваў запiсаныя ў сшытку лiчбы, хвалiў перавагi сваёй сiстэмы — усё гэта было адначасна хвалюючае i нуднае; яго трэнiроўкi папахвалi фанатызмам; гэтае дужае i зграбнае юначае цела пахла потам сур'ёзных высiлкаў маладых людзей, што яшчэ не зведалi кахання; гэтаксама пахлi яе браты, Бруна i Фрыдрых, калi злазiлi са сваiх спартыўных ровараў, з галовамi, поўнымi лiчбамi кiламетраў, хвiлiн i секундаў, а пасля ў садзе давалi паслабу сваiм фанатычным цяглiцам ног з дапамогаю фанатычных выраўнальных практыкаванняў; гэткi пах iшоў ад бацькi, калi ён пад час рэпетыцый хору паважна напiнаў грудзi, калi дыханне рабiлася спортам, спеў не быў прыемнай забаваю, а складнiкам грамадзянскай павагi, аблямаванай салiднымi вусамi; яны сур'ёзна спявалi, сур'ёзна ездзiлi на роварах, мелi вартыя сур'ёзнай увагi цяглiцы на нагах, на грудной клетцы, каля губ; сутаргi прарысоўвалi брыдкiя фiялетавыя маланкi на скуры ног i шчок; яны гадзiнамi выстойвалi сярод халодных восеньскiх начэй, каб пастраляць па зайцах, якiя хавалiся за галоўкамi капусты, а ўрэшце на досвiтку выказвалi лiтасць да занямелых цяглiцаў, наважвалiся даць iм палёгку i беглi зiгзагамi сярод дробнага, як шрот, дажджу: "навошта-навошта-навошта?" Дзе быў ён той, хто насiў у сабе таямнiчы смех, схаваную ў схаваным гадзiннiкавым механiзме спружыну, што памяншала невыносны ўцiск, знiмала напружанасць; ён, той адзiны, хто не пакаштаваў бычынага прычасця? Усмешка ў альтанцы, "Падступнасць i каханне"; яна нахiлiлася над балюстрадаю, бачыла, як ён выходзiў з брамы друкарнi; ён лёгка пашыбаваў да Кронэравай кавярнi, маючы ў сабе таемны смех, нiбы спружыну; цi быў ён яе здабычай, цi яна была ягонай?
Памалу, памалу! Чаму заўсёды ты iдзеш гэтак выпрастаўшыся, не згiнаючыся? Адзiн неасцярожны крок — i ты звалiшся ў блакiтную прорву i разаб'ешся тут, унiзе, аб бетонныя сцены раўка з кампостам; звялае лiсце не паменшыць сiлы ўдару; гранiтны падмурак сходаў — не падушка; цi быў гэта ён? Хто? Наглядчык Гупэрц сцiшана стаяў у дзвярах: гарбату, каву, пiва, вiно альбо каньяк для госця? Хвiлiначку, калi ласка, Фрыдрых прыехаў бы сюды конна: ён нiколi не палез бы ў той жоўты аўтобус, што, нiбы жук, поўз там уверсе ўздоўж сцяны; а Бруна нiколi не хадзiў без кiйка: забiваў, рассякаў iм час; разбiваў яго на часткi кiйком альбо картамi, якiя ён начамi, днямi шпурляў, нiбы штылеты; Фрыдрых прыехаў бы сюды конна, а Бруна нiколi б не паявiўся без клiнка; не трэба нi каньяку для Фрыдрыха, нi вiна для Бруна; яны загiнулi; ашалелыя ўланы папёрлi пад Эрбi-ле-Юэт проста пад кулямёты; яны думалi, што бюргерскiя заганы вызваляць iх ад бюргерскiх цнотаў, непрыстойнымi показкамi яны хацелi вынiшчыць неабходнасць практыкавацца ў цiхманасцi, голыя балерынкi, што танцавалi на сталах у клубе, не зневажалi памяцi шаноўных продкаў, бо гэтыя продкi зусiм не былi гэткiя шаноўныя, як яны выглядаюць у партрэтнай галерэi; каньяк i вiно выкрэслены назаўжды з карты напояў, дарагi Гупэрц. Можа, пiва? Отава хада была не такая эластычная, гэта было падобна да маршыроўкi: яго боты выстуквалi варожасць на плiтках калiдора, на бруку, на ўсёй вулiцы Модэстгасэ; Ота рана пакаштаваў бычынага прычасця, а можа, гэта яго брат, памiраючы, пакiнуў яму ў спадчыну тое прозвiшча — Гiндэнбург? Праз два тыднi пасля Генрыхавай смерцi нарадзiўся Ота; ён загiнуў пад Кiевам; я не хачу больш нi ў чым сабе манiць, Гупэрц: Бруна i Фрыдрых, Ота i Эдыт, Ёганна i Генрых — усе яны больш не жывуць.
Кава таксама не будзе патрэбна; гэта не тая асоба, чыю прытоеную ўсмешку я чула ў кожным кроку: той старэйшы; а гэтаму прынясi гарбаты, Гупэрц, — свежай, моцнай, але без цукру; гарбаты майму сыну Роберту, непахiснаму, выпрастанаму, якi заўсёды жыў таямнiцамi, i цяпер у ягоных грудзях жыве таямнiца; яны бiлi яго, панявечылi яму ўсю спiну, але ён не паддаўся, не выдаў сваёй таямнiцы, не выдаў Георга, майго стрыечнага брата, якi прыгатаваў яму чорны порах у "Аптэцы пад Гунамi"; павiснуўшы памiж дзвюма драбiнамi, ён спускаецца цяпер сюды, з перакладзiны на перакладзiну; лунае ў паветры, распасцёршы рукi, нiбы Iкар; спускаецца да ўвахода; ён не ўпадзе ў равок з кампостам, не разаб'ецца аб гранiт. Гарбаты, дарагi Гупэрц, — свежай i моцнай, з малаком, але без цукру; i цыгарэт, калi ласка, для майго архангела: ён прыносiць мне змрочныя весткi, якiя пахнуць крывёю, бунтам i помстаю: яны забiлi таго светлавалосага хлопца; ён бегаў сто метраў за 10,9; колькi разоў я яго бачыла, ён усё смяяўся; а бачыла я яго толькi тры разы;
— Добры дзень, Роберт, ты ж вып'еш гарбаты? Hе сцiнайся, калi я цалую цябе ў шчаку; ты выглядаеш на саракагадовага мужчыну; сiвiзна на скронях, вузкiя нагавiцы i нябесна-блакiтная безрукаўка; цi не залiшне ўсё гэта кiдаецца ў вочы? Мажлiва, гэта i добра — хавацца пад маскаю пана сярэдняга веку; ты цяпер падобны да вялiкага начальнiка; усiм хацелася б пачуць, як ён кашляе, ды ён мае ў сабе занадта шмат вытанчанасцi, каб дазволiць сабе кашляць пры людзях; даруй мне за мой смех; якiя спрытныя цяпер цырульнiкi; твая сiвiзна нiбы сапраўдная, а гэтыя сляды на падбародку — зусiм як у чалавека, якi павiнен быў бы галiцца два разы на дзень, але робiць гэта толькi адзiн раз; спрытна зроблена; толькi чырвоны шнар застаўся такi самы, як i быў; па iм яны цябе, вядома, пазнаюць; цi няма i тут якога-кольвечы сродка?
Hе, табе не трэба палохацца: яны да мяне не дакраналiся; бiзун застаўся вiсець на сцяне; яны толькi спыталiся:
— Калi Вы бачылi яго апошнi раз?
I я сказала iм праўду:
— Ураннi, калi ён пайшоў на трамвайны прыпынак, каб ехаць у школу.
— Але ж у школу ён так i не прыйшоў?
Я маўчала.
— Цi не спрабаваў ён наладзiць з Вамi сувязь?
I я зноў сказала праўду:
— Hе, не спрабаваў.
Ты пакiнуў зашмат слядоў, Роберт; нейкая жанчына з тых баракаў, што каля кар'ера, прынесла мне кнiжку, падпiсаную тваiм прозвiшчам, i з адрасам: то быў Авiдзiй у шэра-зялёнай кардоннай вокладцы, запэцканай курыным памётам; за пяць кiламетраў адтуль знайшлi тваю хрэстаматыю, у якой не было аднаго лiста; яе прынесла мне касiрка з кiнатэатра; яна прыйшла ў бюро, назвалася клiенткай, i Ёзэф прывёў яе да мяне наверх.
Праз тыдзень яны зноў пыталiся ў мяне: "Цi быў у Вас з iм кантакт?", i я адказала: "Hе было". Пазней паявiўся яшчэ адзiн, Нэтлiнгер, якi шмат разоў карыстаўся маёй гасцiннасцю; ён сказаў: "Дзеля Вашага ж iнтарэсу скажыце праўду". Але ж я iм i казала праўду, ды цяпер ведала, што ты ўмыкнуў з iх рук.
Некалькi месяцаў нiчога новага, а потым прыйшла Эдыт i сказала:
— Я чакаю дзiця.
Я спужалася, калi яна прамовiла:
— Госпад блаславiў мяне.
Яе голас наганяў на мяне страх; даруй, але я нiколi не любiла сектантаў; дзяўчына была цяжарная i засталася зусiм адна: бацька арыштаваны, родны брат знiк, цябе не было — яны два тыднi пратрымалi яе ў вязнiцы i рабiлi допыты; яны не кранулi яе; як проста было паразганяць тых некалькiх авечак; толькi адна авечка засталася — Эдыт; я забрала яе да сябе. Дзецi, вашую неразумнасць, вядома, упадабаў пан бог, але, прынамсi, Вакеру вы павiнны былi забiць; баранi нас божа ад пакутнiкаў, якiя засталiся жыць; настаўнiк гiмнастыкi — палiцай-прэзiдэнт: гойсае на сваiм белым канi па горадзе i асабiста кiруе аблавамi на жабракоў; чаму хоць бы яго вы не забiлi, але чым — порахам у кардонным карабку? Хлопаўкамi нiкога не заб'еш, хлопча; вам трэба было спытацца пра гэта ў мяне: смерць зроблена з металу гiльза з медзi, свiнец, жалеза; смерць нясуць асколкi металу — яны свiшчуць i выюць, уначы спадаюць дажджом на дах, з грукатам б'юцца аб альтанку, лётаюць у паветры, нiбы дзiкiя птахi: "Дзiкiя гусi шумяць уначы"; яны кiдаюцца на авечак; Эдыт памерла; я перад тым дамаглася, каб яе абвясцiлi вар'яткай: тры медыцынскiя аўтарытэты напiсалi заключэнне сваiмi па-арыстакрацку нечытэльнымi почыркамi на белых лiстах са штампамi, што выклiкаюць павагу — гэта ўратавала яе, Эдыт. Даруй, што я смяюся; гэткая во авечка: у семнаццаць год нарадзiла першае дзiця, у дзевятнаццаць — другое, прытым заўсёды ад яе можна было пачуць словы накшталт: "Пан Бог зрабiў тое", "Пан Бог даў", "Пан Бог узяў", "Пан Бог…", "Пан Бог…" Яна не ведала, што пан Бог — наш брат: з братамi ты можаш смяяцца сабе колькi хочаш, з панамi не заўсёды; я не ведала, што дзiкiя гусi рвуць авечак, думаючы, што яны мiралюбныя траваежныя птушкi; Эдыт ляжала тут, i здавалася, што ажыў наш родавы герб — авечка, з грудзей у якой пырскае струмень крывi; але вакол яе не стаялi нi пакутнiкi, нi кардыналы, нi пустэльнiкi, нi рыцары, нi святыя, каб малiцца на яе; там стаяла я адна. Яна памерла; хлопча, паспрабуй усмiхнуцца; я спрабавала, ды ў мяне гэта не атрымлiвалася: асаблiва з Генрыхам; ён забаўляўся з табою, чапляў табе шаблю, насоўваў на галаву шалом, рабiў з цябе «француза», ды «руса», ды «iнглiшмэна»; гэты цiхманы хлопчык; i ён спяваў: "Мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн"; а калi ён памiраў, ён шапнуў мне той жахлiвы пароль, iмя свяшчэннага буйвала" Гiндэнбург". Ён хацеў вывучыць верш на памяць, быў такi ветлiвы i паслухмяны, а я парвала цыдулку з вершам на дробныя шматкi, выкiнула iх, i яны пасыпалiся, нiбы камякi снегу, на Модэстгасэ.
Пi, Роберт, гарбата стыне; вось цыгарэты; падыдзi сюды блiжэй: я мушу гаварыць зусiм цiха; нiхто не павiнен нас чуць, а перадусiм не павiнен нас чуць твой бацька; ён — дзiця, не ведае, колькi лiха ў гэтым свеце, як мала ў iм ёсць чыстых сэрцаў; а ён мае такое; цiха, нельга заплямiць гэткае чыстае сэрца; паслухай, ты можаш мяне вызвалiць: "мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн", i ты павiнен здабыць яго мне; з тэрасы, што на даху, я б магла яго ладна падстрэлiць; у нашай альтанцы трыста пяцьдзесят дзiрак; калi ён будзе наблiжацца на сваiм белым канi, заверне за рог вулiцы каля гатэля "Прынц Генрых", у мяне будзе досыць часу, каб добра пацэлiць; трэба глыбока ўдыхнуць паветра — я чытала пра гэта, — нацэлiцца i нацiснуць у патрэбны момант на курок; я выпрабавала гэта з Брунавым кiйком: калi ён заверне за рог, у мяне будзе дзве з паловай хвiлiны часу, але цi ўдасца мне таксама падстрэлiць i таго другога — я не ведаю; будзе сумятня, калi ён звалiцца з каня, i я не здолею другi раз спакойна ўдыхнуць паветра, навесцi i нацiснуць своечасова на курок; мне трэба толькi вырашыць, па кiм страляць: па настаўнiку гiмнастыкi цi па тым Нэтлiнгеры; ён еў мой хлеб, пiў маю гарбату, i бацька заўсёды называў яго "жвавым хлопцам". Паглядзi, якi жвавы гэты хлопец: iрваў авечак, лупцаваў цябе i Шрэлу бiзуном з калючага дроту; Фэрдзi заплацiў занадта дорага за гэты сцiплы вынiк — апёкi на назе настаўнiка гiмнастыкi, разбiтае люстэрка ў пярэднiм пакоi; не порах з кардонным карабком патрэбны, а порах з металам…