Бiльярд а палове дзесятай
Шрифт:
Я нiколi не вымаўляў гэтага iмя, ледзьве дазваляў сабе падумаць пра яго i ўсё ж ведаў: я ў ягонай уладзе; анi ружанец Домгрэве, анi салодка-кiслыя даброты поўных мараў пра замужжа гаспадарскiх дачок, анi гешэфты са спавядальнямi шаснаццатага стагоддзя, прадаванымi на патаемных аўкцыёнах за вялiкiя грошы, якiя Домгрэве потым у Лакарна выменьваў на танныя грахi; анi жорсткiя махлярствы аблудных пастыраў, сведкам якiх мне давялося быць; анi вартыя жалю спакушэннi наскрозь грэшных дзяўчат; анi маўклiвая бацькава суровасць — нiшто не магло забiць ува мне таго слова, якое Ёганна прашаптала, стоячы каля мяне: «Iсусе»; анi бясконцыя вандроўкi ў прадзьмуваных наскрозь тунелях старажытнае горычы i роспачы — калi я на ледавiтых акiянах прышласцi, аточаны самотнасцю, як агромнiстым ратавальным кругам, смехам дадаваў сабе сiлы — гэтае слова не было ўва мне забiтае: я быў малым Давiдам з прашчаю i малым Данiлам у пячоры льва i быў гатовы ўспрыняць непрадбачанае здарэнне, якога я так прагнуў: смерць малой Ёганны 3 верасня 1909 года. Таксама тае ранiцы ўланы ехалi па простай брукаванцы; дзяўчаты-разносчыцы малака, хлопцы з пякарнi, служкi божыя ў сутанах, якiя раздзiмалiся ад ветру; ранiца; дзiк перад Грэцавай крамай, лiпкi смутак хатняга лекара, якi сорак гадоў сведчыў пра нараджэннi i смерцi ў доме Кiльбаў; у старэнькай скураной папцы ён насiў набор непатрэбных iнструментаў, якiя дапамагалi яму ўводзiць усiх у зман адносна дарэмнасцi яго намаганняў;
— Бiлеты ваеннай пазыкi, Леанора? Я не падпiсваўся на iх, гэта спадчына па маiм цесцю. У агонь iх — гэтак, як i банкноты. Два ордэны? Вядома, я ж будаваў мiнныя галерэi, цягнуў лiнii траншэяў, умацоўваў артылерыйскiя пазiцыi, трапляў пад шалёны абстрэл, выцягваў параненых з-пад агню: другога рангу, першага рангу… дай мне iх сюды, Леанора; мы выкiнем iх у вулiчны равок — хай валяюцца ў гразi на дне таго раўка. Аднаго разу Ота выгледзеў iх у шафе; я стаяў за рысавальным сталом i запозна прыкмецiў фатальны бляск у яго вачах; ён убачыў iх, i пачцiвасць яго да мяне пабольшала; запозна. Дык выкiнь iх хоць бы цяпер, каб Ёзэф калi-небудзь не знайшоў iх у спадчыне па мне.
Пачуўся цiхi звон, калi ордэны, кiнутыя iм, звалiлiся са стромага даху ў вулiчны равок; яны ўпалi туды матавым бокам дагары.
— Чаму Вы так спалохалiся, дзiця маё? Яны ж належаць мне, i я магу зрабiць з iмi ўсё, што захачу; запозна, але ўсё ж, напэўна, i своечасова. Будзем спадзявацца, што неўзабаве пойдзе дождж, якi знясе ўсю гразь з даху ў равок; позна раблю я гэтую ахвяру памяцi па маiм бацьку. Далоў гонар бацькоў, дзядоў i прадзедаў.
Я адчуваў сябе досыць моцным i быў гэткiм, з маiх формулаў вычытваў алгебру будучынi, i формулы гэтыя ператваралiся ў фiгуры; абаты i архiбiскупы, генералы i кельнеры — усе былi мне за статыстаў; толькi я адзiн выступаў як салiст. Нават тады, калi штовечара ў пятнiцу ў Нямецкiм Гурце Аматараў Спеваў разаўляў рот i спяваў разам з iншымi хорам: "Што ў промнях сонца там зiхацiць?" Я спяваў добра, навучыўся спевам ад свайго бацькi; з лёгкай усмешкаю дэманстраваў сваю барытонавую палiтру; дырыжор, размахваючы палачкай, нават не ўсведамляў, што ён падпарадкоўваецца маёй палачцы; i яны запрашалi мяне да свайго абавязковага хаўрусу; мне давалi даручэннi; смеючыся, паляпвалi па плячы. "Таварыскiя сувязi, малады дружа, гэта — соль жыцця". Сiвавалосыя калегi з кiслаю мiнаю пыталiся: "адкуль?" "куды?", але я адно спяваў: "Том, вершавальнiк…" — ад восьмай да дзесятай, нi хвiлiны больш. Мой мiф павiнен быў стварыцца, перш чым выбухне скандал. "Кветкавая капуста не псуецца".
Я вандраваў з жонкаю i з дзецьмi ўверх па далiне Кiса, хлопчыкi спрабавалi лавiць стронгу; мы iшлi памiж вiнаграднымi плантацыямi i палеткамi з пшанiцаю, палямi буракоў i кавалкамi лесу; на вакзале ў Дэнклiнгене пiлi пiва i лiманад — а я ж ведаў, што толькi гадзiну таму я аддаў эскiзы, узяў распiску, самотнасць ахiнала мяне, як вялiкi ратавальны круг: я ўсё яшчэ плыў па часе, апускаючыся ў далiны хваляў, перасякаючы акiяны мiнуўшчыны i цяпершчыны, i, ратаваны самотнасцю, я не патанаў, а глыбока ўцiнаўся ў ледзяны холад будучынi; пры мне была жалезная порцыя майго смеху, якую я скарыстоўваў вельмi ашчадна — я працiраў вочы, вынырнуўшы на паверхню, выпiваў шклянку вады, з'ядаў кавалак хлеба i з цыгараю ў зубах падыходзiў да акна: там, на другiм баку вулiцы, яна шпацыравала па тэрасе, з'яўлялася раз-пораз у адкрытым месцы альтанкi; схiлiўшыся над бар'ерам, выглядвала на вулiцу, дзе яна бачыла тое ж самае, што бачыў я — практыкантаў, грузавыя вазы, манашак, вулiчны рух; яна мела дзевятнаццаць год, звалася Ёганна, чытала "Падступнасць i каханне"; я ведаў яе бацьку — у гурце спеваў то быў магутны бас, якi, на маю думку, не надта падыходзiў да бездакорнага выгляду ягонай канторы: у iм не было нiзвання таемнасцi, духу, у якiм выхоўвалi практыкантаў; гэты голас быў створаны дзеля таго, каб наводзiць на каго-небудзь жах, меў у сваiм гучаннi таямнiчы грэх. Цi ён ужо ведаў, што яго адзiная дачка стане маёй жонкай? Што мы цiхiмi надвячоркамi раз-пораз дорым адно аднаму ўсмешкi? Што я ўжо думаю пра яе з палкасцю законнага жанiха? Яна была цёмнавалосая, бледнатварая, i я не дазволiў бы ёй насiць сукенак колеру рэзеды; ёй будзе пасавац усё зялёнае; выходзячы каля пятай на свой штодзённы шпацыр, я падбiраў ужо ёй сукенкi, капелюшы ў вiтрынах крамы Гэрмiны Горушкi, каля якой я праходзiў штодня a шаснаццатай сорак — i ў дождж, i ў ветраныя, i ў сонечныя днi; я вызвалю Ёганну з тае прастадушнасцi, што нiяк не дапасоўвалася да голасу бацькi, i буду купляць ёй цудоўныя капелюшы — велiчынёю з кола павозкi, сплеценае з грубай зялёнай саломкi; я не хацеў быць яе ўладаром, я прагнуў яе кахаць i не хацеў чакаць болей. Ранiцай у нядзелю, узброены кветкамi, я пад'еду ў дылiжансе — прыкладна гэтак каля паловы на дванаццатую, калi яны скончаць снедаць па вяртаннi ад ютранi, i мужчыны пяройдуць у кабiнет, каб выпiць кiлiшак гарэлкi… — "Прашу рукi Вашае дачкi". Штодня па абедзе, калi я вынырваў са сваiх акiянаў, я паказваўся тут, у акне майго кабiнета, рабiў ёй паклон; мы слалi адно аднаму ўсмешкi, i я зноў адступаў у паўзмрок; я паказваўся ў акне таксама, каб пазбавiць Ёганну ўпэўненасцi, што за ёю нiхто не сочыць; я не дазваляў сабе хавацца, нiбы павук у сетцы; не мог трываць, каб глядзець на яе i каб яна мяне не бачыла: ёсць рэчы, якiх не робяць.
Назаўтра я даведаюся, хто я такi. Скандал. Яна будзе смяяцца, а праз год будзе чысцiць мае нагавiцы, запэцканыя вапнаю; i яна будзе рабiць тое самае, калi мне будзе сорак, пяцьдзесят, шэсцьдзесят; яна будзе прывабнай старой жанчынаю побач са мною; я прыняў канчатковае рашэнне 30 верасня 1907 года каля паловы чацвёртай дня.
— Заплацiце, Леанора, заплацiце; вазьмiце грошы з маёй шкатулкi, там вунь, i дайце дзяўчынцы дзве маркi на чай, так, дзве маркi; свiтэр i спаднiца ад Гэрмiны Горушкi для маёй унучкi Рут, якая сёння павiнна была вярнуцца з вакацый; зялёнае ёй да твару; шкада, што цяпер маладыя дзяўчаты ўжо не носяць капелюшоў: я заўсёды любiў купляць капелюшы. Таксi ўжо заказанае? Дзякуй, Леанора. Цi не досыць працы на сёння? Як самi захочаце; вядома, тут ёсць крыху цiкаўнасцi, праўда? Ну, чырванець зусiм не варта. Кавы яшчэ, вядома, вып'ю з ахвотаю. Я павiнен быў даведацца, калi канчаюцца вакацыi; але Рут ужо вярнулася? Мой сын Вам нiчога не казаў? Пэўна, ён не забыўся на маё запрашэнне да ўрачыстае вячэры? Я распарадзiўся, каб прыдзвернiк унiзе прымаў кветкi i тэлеграмы, падарункi i вiзiтоўкi, даючы ад мяне кожнаму пасланцу па дзве маркi на чай, i каб ён казаў усiм, што я з'ехаў; калi маеце ахвоту, можаце выбраць сабе самы прыгожы букет альбо два букеты i ўзяць iх сабе дамоў; а калi гэта Вам сапраўды будзе даспадобы, можаце правесцi тут рэшту часу да вечара.
Фiлiжанка, толькi што зноў напоўненая каваю, болей не дрыжала; вiдавочна было спынена друкаванне будаўнiчых дакументаў альбо выбарчых плакатаў на белай паперы; у раме малюнак не змянiўся: насупраць — пустая тэраса Кiльбавага дома; каля альтанкi —
Я амаль спачуваў iм, калi мы падымалiся па сходах у музеi; мне было цяжка надаць маiм крокам гэты паважна-ўрачысты рытм, да якога тыя, пакрыўджаныя, былi прызвычаены; гэты рытм крокаў, якiя ўжываюць, iдучы па сходах кафедральных сабораў услед за каралямi i бiскупамi; рытм крокаў пры ўрачыстасцях з нагоды адкрыцця помнiка, рытм крокаў, напоўнены ўмеркаваным хваляваннем, не занадта хуткi i не занадта павольны; я гэтага не ведаў i куды б ахвотней узбег па сходах, нiбы шчанюк — па тых каменных прыступках, каля стодаў рымскiх легiянераў, чые паламаныя мячы, дзiды або жмуты розаг можна было ўважаць за паходнi; каля бюстаў кесараў, злепкаў дзiцячых магiл на другi паверх, дзе памiж нiдэрландцамi i назарэцянамi [3] мясцiлася канферэнц-зала; грамадзянская сур'ёзнасць; недзе ў глыбi памяшкання павiнны былi зараз загрукатаць барабаны — менавiта гэтак узыходзяць па прыступках алтара i па прыступках эшафота, гэтак узыходзяць на трыбуну, каб прыняць ордэн альбо выслухаць смяротны прысуд; гэтак ставяцца ўрачыстасцi ў аматарскiх спектаклях, але тыя, што крочылi побач са мною, не былi аматарамi, то былi Брэмокель, Грумпэтэр i Волерзайн.
3
Назарэцяне — група нямецкiх мастакоў-рамантыкаў пачатку XIX стагоддзя.
Музейныя служкi ў гала-лiўрэях стаялi збянтэжана перад творамi Рэмбранта, Ван Дэйка i Овэрбека; у паўзмроку перад канферэнц-залай стаяў Мэйзер, трымаючы срэбраны спод з кiлiшкамi, каб перад абвяшчэннем прысуду падаць нам каньяк; Мэйзер усмiхнуўся мне, ашчэрыўшы зубы; у нас не было нiякай папярэдняй дамовы, але хiба ён не мог тым не менш падаць мне якога-небудзь знака? Кiўнуць альбо патрэсцi галавою — перамога цi не? Нiчога не было. Брэмокель шаптаў нешта Волерзайну, Грумпэтэр загаварыў з Мэйзерам, упiхнуў срэбраную манету ў Мэйзераву абыякавую далонь, якую я ненавiдзеў яшчэ дзiцём; цэлы год мы разам з iм слугавалi пры ютранi; старыя сялянкi мармыталi недзе каля сцен, упарта малiлiся на свой ружанец, парушаючы прадпiсаны парадак лiтургii. Да нас даносiўся пах сена, пах малака, цяпло хлява, калi мы з Мэйзерам нахiлялiся ўперад, каб, мармычучы: "mea culpa, mea culpa, mea maxima culpa", [4] бiць сябе ў грудзi за вiну нявыказаных грахоў; а калi пробашч узыходзiў прыступкамi да алтара, Мэйзеравы рукi, што цяпер моцна абхапiлi Волерзайнаў срэбранiк, рабiлi непрыстойныя рухi — то былi рукi, якiм сёння давяралiся ключы ад гарадскога музея, ключы ад Гольбайна i Гальса, Лохнера i Лайбля.
4
Мая вiна, мая вiна, мая найвялiкшая вiна (лац.).
Са мною нiхто не размаўляў; мне засталася адна халодная мармуровая балюстрада, на якую я абапiраўся; я глядзеў долу, на ўнутраны двор, дзе бронзавы бургамiстр з няўмольнай паважнасцю выстаўляў сваё пуза насустрач стагоддзям, а мармуровы мецэнат мастацтва апусцiў павекi на свае, падобныя да жабiных, вочы, дарэмна спрабуючы выклiкаць гэткiм чынам уражанне глыбокай задуменнасцi; вочы помнiка былi пустыя — нiбы вочы рымскiх мармуровых матронаў, што сведчаць пра пакуты, якiя нясуць з сабой больш познiя культуры. Мэйзер пачыкiльгiкаў да сваiх калегаў; Брэмокель, Грумпэтэр i Волерзайн стаялi шчыльна адзiн каля аднаго; снежаньскае неба над унутраным дваром было яснае i халоднае; з вулiцы чулiся галасы першых у гэты вечар п'яных мужчынаў; дылiжансы кацiлiся ў бок тэатра; пяшчотныя жаночыя твары пад вэлюмамi рэзедовага колеру былi асветлены радасцю чакання «Травiяты»; я стаяў памiж Мэйзерам i тымi трыма пакрыўджанымi, як карослiвы хворы на праказу, дотык якога нясе смерць; я нудзiўся па строгай лiтургii майго дзённага распарадку, калi я адзiн яшчэ трымаў у сваiх руках нiткi гульнi, калi я мог яшчэ рэгуляваць iснаванне i не-iснаванне, дазiраваць свой мiф; я перастаў быць гаспадаром гэтае гульнi; скандал; пагалоскi; абатавы крокi ў маiм кабiнеце; падрадчыкi-будаўнiчыя дасылалi мне ў працоўны кабiнет кашы з харчамi, залатыя гадзiннiкi ў чырвоных аксамiтных карабочках; адзiн напiсаў мне: "…i, вядома ж, я не адмовiў бы Вам, калi б Вы прасiлi рукi маёй дачкi…" "Правая рука iх поўная дарункаў".
Я б не ўзяў ад iх нiчога — нават цаглiны; я палюбiў абата. Цi з'яўлялася ў мяне хоць на кароткае iмгненне думка паспрабаваць ужыць прыём Домгрэве ў дачыненнi да яго? Я чырванеў ад сораму, калi ў мяне ўзнiкала думка, што я мог якую кароткую хвiлю мець такi намер; непрадбачанае адбылося: я пакахаў Ёганну, Кiльбаву дачку, i палюбiў абата; я ўжо мог а палове дванаццатай пад'ехаць да Кiльбавага дома, уручыць букет i сказаць: "Прашу рукi Вашае дачкi", а Ёганна падышла б пазней i не шапнула б, падмiргнуўшы мне, цiхутка: "Я згодная", а вымавiла б гэта голасна i выразна. Я па-ранейшаму памiж пятай i шостай выходзiў на шпацыр, па-ранейшаму гуляў у бiльярд у клубе афiцэраў-рэзервiстаў, а мой смех, якiм я цяпер карыстаўся больш шчодра, набыў моцы, дзякуючы падмiргванню Ёганны; я па-ранейшаму спяваў па пятнiцах у сваiм хоры: "Том-вершавальнiк…"