Бiльярд а палове дзесятай
Шрифт:
Ён падняўся па сходах, прайшоў праз бурыя шафы, пракраўся па маўклiвых калiдорах пад самае гарышча, дзе апошняя прыступка сходаў замяняла перадпакой каморкi; тут чуцён быў пах цыгарэт, патаемна выкураных санiтарамi. Пах вiльготнай пасцельнай бялiзны, развешанай на гарышчы; цiшыня прыгнятала, запаўняючы сабой каморку, падымаючыся вышэй i вышэй, нiбы дым у камiне. Праз акенца ў даху Роберт паглядзеў на тапалёвую алею, што вяла да аўтобуснага прыпынку: дагледжаныя градкi, цяплiца, мармуровы фантан, справа пад мурам каплiца: усё гэта рабiла ўражанне iдылii, было iдылiяй i пахла ёю; за агароджай, праз якую прапускаўся электраток, пасвiлiся каровы, свiннi капалiся ў адкiдах, каб самiм потым ператварыцца ў адкiды; работнiк вылiваў у карыта кублы тлустага булёну: чулася гучнае булькатанне; здавалася, што прасёлак вядзе ў бязмежжа цiшынi…
Колькi ўжо разоў ён стаяў тут, на гэтай станцыi, куды яна зноў i зноў пасылала яго, каб не парушыць цэласнасцi сваiх успамiнаў? Ён зноў быў дваццацiгадовы Роберт, якi вярнуўся дадому, вырашыўшы маўчаць; ён павiнен быў паздароўкацца з Эдыт i са сваiм сынам Ёзэфам; Эдыт i Ёзэф — гэта быў сiгнал тае станцыi; яны абое былi чужыя яму, мацi i сын, i яны абое збянтэжылiся, калi ён зайшоў у iхнi пакой — Эдыт яшчэ больш за яго; цi ўвогуле яны
Калi яны прыйшлi пасля той гульнi ў лапту да Шрэлы, Эдыт паставiла на стол ежу: бульбу з нейкай незразумелай падлiўкаю i зялёную салату; пасля яна налiла слабай гарбаты, а Роберт не мог тады цярпець слабай гарбаты; ён уяўляў сабе, што яго будучая жонка будзе ўмець запарваць добрую гарбату; Эдыт вiдавочна таго не ўмела, i ўсё ж, калi яна ставiла бульбу на стол, ён ужо ведаў, што пацягне яе ў кусты, у Блесэнфэльдскiм парку, калi яны будуць вяртацца дамоў з Цонавай кавярнi; Эдыт была светлавалосая, выглядала на шаснаццаць год; але яна ўжо не смяялася без дай прычыны, як смяюцца падлеткi; у яе вачах, позiрк якiх цяпер адразу ж спынiўся на iм, не было фальшывага чакання шчасця; яна прамовiла малiтву, што чытаюць перад ежай: "Божа… Божа…", i ён падумаў: трэба есцi пальцамi; вiдэлец, што быў у яго ў руцэ, здаваўся яму недарэчным, лыжка — чужою, i ён упершыню ў жыццi ўсвядомiў, што такое ежа — блаславенне заспакаення голаду — i нiчога больш; толькi цары i беднякi ядуць пальцамi. Яны нiбыта не казалi адно аднаму, калi iшлi Блесэнфэльдскiм паркам да Цонавай кавярнi, i ён баяўся, даючы на яе руцэ клятву нiколi не каштаваць бычынага прычасця; глупства: ён баяўся, як пад час канфiрмацыi ў касцёле; калi ж яны вярталiся назад праз той самы парк, ён узяў Эдыт за руку, затрымаў яе, даў Шрэле адысцiся далёка ўперад, глядзеў, як яго цёмна-шэрая постаць знiкае на фоне вечаровага неба, i пацягнуў Эдыт у кусты; яна не баранiлася i не смяялася, а спрадвечнае веданне, як гэта трэба рабiць, ажыло ў яго вуснах, яго руках i рамёнах; у яго памяцi захавалiся толькi яе светлыя валасы, серабрыстыя ад летняга дажджу, вяночак срэбных кропляў на яе бровах — нiбы шкiлет нейкай мiнiяцюрнай марской жывёлiны, знойдзены на ржавага колеру ўзбярэжным пяску, у памяцi захавалiся абрысы яе вуснаў, што памнажалiся ў незлiчоныя хмаркi аднолькавай велiчынi, калi яна, прытулiўшыся да яго грудзей, прашаптала: "Яны цябе заб'юць!" Значыць, яны з Эдыт усё-ткi былi на «ты» там, у кустах, у парку, i назаўтра, пасля паўдня, у таннай мэбляванай кватэры; ён цягнуў Эдыт за сабою, трымаючы за запясце: iшоў па горадзе, нiбы сляпы, нiбы яго вяла чароўная палачка; iнстынктыўна ён знайшоў патрэбны дом, пад пахай у яго быў скрутак з порахам для Фэрдзi, з якiм яны павiнны былi спаткацца ўвечары. Тады ён зрабiў адкрыццё: яна ўмее ўсмiхацца; яна ўсмiхнулася, паглядзеўшыся ў люстэрка — самае таннае, якое здолела купiць у краме са стандартнымi цэнамi гаспадыня дома; Эдыт усмiхнулася, адкрыўшы i ў сабе тое спрадвечнае веданне; а ён ужо тады дапяў, што скрутак з порахам, якi ляжаў на падаконнi, — дурасць, якую трэба было зрабiць; розум не быў прыдатны нi да чога ў гэтым свеце, у якiм за жэст рукi можна было заплацiць жыццём; усмешка Эдыт на твары, нязвычным да ўсмешак, здавалася яму цудам, а калi яны потым сышлi ў пакой гаспадынi, Роберт здзiвiўся, як танна iм абышоўся пакой: ён заплацiў за ўсё марку i пяцьдзесят пфенiгаў, а гаспадыня адмовiлася ўзяць пяцьдзесят пфенiгаў, якiя ён хацеў пакласцi ёй "на чай":
— Hе, шаноўны пане, на чай не бяру, бо не хачу нi ад кога залежаць.
Значыць, ён усё ж быў на «ты» з тою жанчынаю, што сядзела тут, трымаючы на каленях дзiця — Ёзэфа: Роберт узяў хлопчыка, нязграбна патрымаў яго якую хвiлiну, паклаў дзiця на ложак, i спрадвечнае веданне зноў вярнулася да яго — у яго рукi, рамёны, губы. Яна так i не навучылася запарваць гарбату нават пасля таго, як яны займелi сваю кватэру з мэбляю, нiбы лялечнай, калi ён вяртаўся дамоў з унiверсiтэта альбо ў водпуск як унтэр-афiцэр сапёрных войскаў; ён вывучыўся на спецыялiста па выбухах, пазней сам рыхтаваў каманды выбухоўцаў, сеяў формулы, у якiх было якраз тое, чаго хацеў — руiны i прах, помсту за Фэрдзi Прогульске, за кельнера Гроля, за хлопца, што ўкiдаў яго цыдулкi ў паштовую скрыню. Эдыт з сеткаю на пакупкi, з кнiжачкай iльготных талонаў; Эдыт, якая гартае кухарскую кнiгу; яна давала хлопчыку бутэлечку з малаком, кармiла грудзьмi Рут; малады бацька, маладая мацi; яна прыходзiла з дзiцячым вазком па яго, пад браму казармы; яны разам прагульвалiся берагам ракi, iшлi праз футбольныя палi i палi для лапты; яны сядзелi каля запруды, на дамбах, пакуль Ёзэф забаўляўся на рачным пяску, а Рут вучылася рабiць першыя крокi; два гады яны гулялi ў гэтую гульню, што называлася «шлюб»: ён нiколi не здаваўся самому сабе жанатым мужчынам, хоць разоў семсот, калi не болей, зайшоўшы дамоў, вешаў у пярэднiм пакоi фуражку i шынель, знiмаў кiцель, сядаў да стала; Ёзэф на каленях, а Эдыт тым часам чытала малiтву: "Божа… Божа…"; толькi нiякiх прывiлеяў, нiякай звышарыгiнальнасцi; фельдфебель сапёрных войскаў д-р Роберт Фэмель, з выдатнымi матэматычнымi здольнасцямi; ён еў гарохавы суп, калi суседзi прымалi з радыёпрыёмнiка бычынае прычасце; яго водпуск з часцi доўжыўся да пабудкi; першым трамваем ён вяртаўся ў казарму; пацалунак Эдыт каля дзвярэй i дзiўнае адчуванне, нiбыта ён зноў яе зганьбаваў — гэтую маленькую светлавалосую жанчыну ў чырвоным шлафроку; Ёзэф трымаўся за яе руку, Рут ляжала ў вазку; нiякай палiтычнай дзейнасцi — хiба ён калi-небудзь займаўся палiтычнай дзейнасцю? Амнiсцiравалi, даравалi яму ягоную юначую дурноту; ён належаў да найбольш здольных кандыдатаў на афiцэра; тупасць заварожвала яго, бо яна несла ў сабе формулы; ён сеяў наўкол прах i разбурэнне, убiваў у галовы формулы выбухаў. "Ад Альфрэда нiчога няма?" — Ён не ведаў, пра каго яна пыталася, забыўшы, што яе дзявочае прозвiшча было Шрэла. Час вымяраўся падвышэннямi ў званнi: праз паўгода яфрэйтар, яшчэ праз паўгода унтэр-афiцэр, праз паўгода фельдфебель, а яшчэ праз паўгода лейтэнант; потым атупелая, шэрая, зусiм бязрадасная маса пацягнулася да вакзала; нi кветак, нi смеху на ўзбочынах вулiц, нi кайзеравай усмешкi па-над iмi, нi пыхi пасля доўгага цiхамiрнага жыцця; раздражнёная, але тупа-пакорлiвая маса; ён пакiнуў свой лялечны пакой, дзе яны бавiлiся ў шлюб, i на вакзале зноў паўтарыў клятву нiколi не прымаць бычынага прычасця.
Ад чаго ён мерзнуў — ад вiльготнай пасцельнай бялiзны цi ад вiльгацi муроў? Цяпер ён ужо мог пакiнуць станцыю — пост,
Цi ён сапраўды пачуў адказ пробашча, цi гэта ён прыснiў — "шаноўная панi, я буду надзвычай рады, калi гэтая крыўдная недарэчнасць будзе нарэшце лiквiдаваная".
Эдыт не схацела ўбiрацца ў белыя строi i адмовiлася пакiнуць Ёзэфа дома; яна трымала яго на руках у тую хвiлю, калi святар запатрабаваў ад iх абаiх слова згоды на шлюб; граў арган; Роберт таксама не быў у чорным гарнiтуры; няма чаго перапранацца — час iсцi; шампанскага не было: бацька не любiць шампанскага, а бацька нявесты, якога ён бачыў толькi адзiн раз у жыццi, бясследна знiк, ад швагра ўсё яшчэ анiякiх вестак; яго шукалi за спробу забойства, хоць ён пагарджаў порахам у скрутку i хацеў не даць адбыцца замаху.
Яна павесiла трубку, падышла да Роберта, паклала яму рукi на плечы, спыталася:
— Якi цудоўны ў цябе сыночак, праўда? Пасля вяселля ты павiнен усынавiць яго, а я ўжо адпiсала ў тастаменце ўсё на яго карысць. Выпi яшчэ гарбаты; у Галандыi ж п'юць добрую гарбату; не бойся: Эдыт будзе добрай жонкаю; ты хутка здасi iспыты на атэстат, я абстаўлю вам кватэру, а ты не забывайся патаемна ўсмiхацца, калi пойдзеш у войска; паводзь сябе цiха i памятай, што на свеце, дзе за адзiн толькi жэст рукi можна заплацiць жыццём, гэткiя пачуццi нiчога ўжо не значаць; я абстаўлю вам кватэру, бацька будзе рады; ён паехаў у абацтва — быццам там можна неяк сябе суцешыць. "Дрыжаць спарахнелыя косцi"; ах, мой хлопчык, яны забiлi таемную бацькаву ўсмешку; у ёй паламалася спружына — яна не магла вытрываць гэткага цiску; i тут ужо не дапаможа ладнае слоўца «тыраны»; бацька не здолее больш вытрываць у сваiм кабiнеце, а Отава абалонка страшыць яго; ты павiнен замiрыцца з Отам; прашу, паспрабуй зрабiць гэта; ну, калi ласка, iдзi ўжо.
Спробы замiрыцца з Отам; ён шмат разоў рабiў iх, падымаўся наверх, стукаўся ў дзверы; гэты маларослы хлопец не быў яму чужы; вочы нават не глядзелi на яго як на чужака; за шырокiм бледным Отавым iлбом была ўлада, увасобленая ў найпрасцейшай формуле, улада над палахлiвымi школьнымi таварышамi, над прахожымi, што не вiталi iхняга штандара; улада, якая магла б нават кагосьцi ўзрушваць, калi б яна выяўлялася толькi ў прыгарадных спартыўных залах альбо на рагу вулiцы, калi б Ота хацеў атрымаць тры маркi за выйграны баксёрскi паядынак альбо — як пераможца — схадзiць у кiно з дзяўчынаю ў стракатай сукенцы i па дарозе цалаваць яе ў пад'ездзе; але ў Оты не было нiчога, што б каго-небудзь магло ўзрушыць — таго, што ён часам знаходзiў у Нэтлiнгеры; мэтай ягонай улады быў не выйграны баксёрскi бой i не дзяўчына ў стракатай сукенцы; нават у яго мазгу ўлада ўжо зрабiлася формулай, пазбаўленай карысцi, вызваленай ад iнстынктаў; у ёй амаль не было нянавiсцi, улада ажыццяўлялася механiчна: удар за ўдарам.
Брат; вялiкае слова, Гёльдэрлiнава слова — гэткае агромнiстае, што, здаецца, нават смерць не можа напоўнiць яго, калi гэта была Отава смерць; нават вестка пра смерць не прынесла замiрэння: "Загiнуў пад Кiевам!" — у гэтых словах маглi прагучаць трагiзм, велiч, братэрства; гэтыя словы ў спалучэннi з Отавым узростам маглi б узрушваць, як словы надмагiльнага надпiсу: дваццаць пяць год, загiнуў пад Кiевам; але нiчога ў тых словах не прагучала для яго, i ён дарэмна спрабаваў памiрыцца з Отам пасля яго смерцi; "вы ўсё-ткi браты…" — казалi яму; сапраўды, яны былi братамi, згодна з запiсам у кнiзе актаў цывiльнага стану i паводле сведчання акушэркi; мажлiва, ён бы хутчэй адчуў узрушанасць, калi б яны напраўду былi чужыя адзiн аднаму, ды яны не былi чужыя; ён бачыў, як Ота есць, п'е каву, гарбату, пiва; але Ота еў не такi хлеб, пiў не тое самае малако i каву, што ён; яшчэ горш было са словамi, якiя яны казалi адзiн аднаму: калi Ота гаварыў «хлеб», гэтае слова гучала яшчэ чужэй, чым слова "pain", [8] пачутае першы раз, калi ён яшчэ не ведаў, што гэта значыць — «хлеб»; сыны аднае маткi i аднаго бацькi, якiя нарадзiлiся i гадавалiся ў адным i тым доме, у адным доме елi, пiлi, плакалi, дыхалi адным паветрам, хадзiлi адной дарогай у школу; i разам смяялiся, гулялi; ён называў Оту «браткам», адчуваў, як братава рука абдымае яго за шыю; ён даведаўся, што Ота баiцца матэматыкi, дапамагаў яму, цэлымi днямi зубрыў з iм, каб пазбавiць таго страху, i тут ён здолеў вызвалiць братку ад страху — ды раптам, праз два гады, пакуль яго не было, ад Оты засталася адна абалонка; не быў яму нават чужы, не адчуваўся нават пафас гэтага слова; яно не прыходзiла на язык, не было праўдзiвым, не гучала, калi ён думаў пра Оту; i ён упершыню зразумеў тады, што сапраўды значылi словы Эдыт "пакаштаваць бычынага прычасця": Ота б выдаў катам родную мацi, каб яна iм спатрэбiлася.
8
Хлеб (франц.).
А калi Роберт падымаўся наверх, каб яшчэ раз паспрабаваць замiрыцца, калi ён адчыняў дзверы ў Отаў пакой, той, паварочваючыся да яго, пытаўся: "Ну што?" Ён меў тут рацыю — сапраўды: што Роберт мог сказаць яму. Яны ж не былi нават чужыя адзiн аднаму, дасканала ведалi адзiн аднаго: ведалi, напрыклад, што адзiн не любiць апельсiнаў, a другi аддае перавагу пiву перад малаком; яны ведалi, што хтосьцi з iх замест цыгарэт ахвотна курыць маленькiя цыгаркi, а хтосьцi пакiдае закладкi ў календары Шота.
Роберт зусiм не здзiўляўся, калi бачыў, як Бен Вакс i Нэтлiнгер падымалiся ў Отаў пакой, калi ён сустракаў iх у калiдоры, усвядомiўшы, што тыя абодва былi яму менш незразумелыя, чым яго родны брат; нават забойцы не бываюць забойцамi ўвесь час, а любой гадзiне дня i ночы; нават забойцы маюць вольныя ад працы вечары — як, напрыклад, чыгуначнiкi; тыя абодва вызначалiся паблажлiвасцю: паляпвалi яго па плячы; Нэтлiнгер казаў: "Ну, хiба гэта не я даў табе ўцячы?" Яны паслалi на смерць Фэрдзi, паслалi Гроля i бацьку Шрэлы туды, дзе людзi без следу знiкаюць, але цяпер яны казалi: "Што было, тое было". Нiхто не хоча псаваць гульню. Hе трэба прыпамiнаць iм таго. Фельдфебель у сапёраў, спецыялiст па выбухах, жанаты, мае сваю кватэру, iльготную ашчадную кнiжку i дваiх дзяцей. "Пра жонку можаш не турбавацца; пакуль я тут, з ёй нiчога не здарыцца…"