Бiльярд а палове дзесятай
Шрифт:
Аддадзены дваццаць хвiлiн таму, узамен за распiску, праект з эскiзамi дэталяў i калькуляцыяй; тонкiм пяром я паўпiсваў усе лiчбы i пазiцыi; вачыма, поўнымi бляску, як быццам перада мною стаялi ўжо гатовыя будынкi, я глядзеў на праект — нiбы заглядаў у акно: там стаялi, сагнуўшыся, манахi; пiлiгрымы пiлi маладое вiнаграднае вiно, a тым часам работнiцы спявалi ўнiзе галасамi высокiмi i нiзкiмi, прагна чакаючы вячэрняга адпачынку; пасылалi мне свае жалобныя спевы; я заплюшчыў вочы, адчуў халадок, якi я меў адчуваць толькi праз пяцьдзесят гадоў — як чалавек са зробленай кар'ерай, вакол якога пульсуе жыццё.
Гэтыя чатыры з паловаю тыднi цягнулiся бясконца доўга; усё, што я рабiў, было адпрацавана мною загадзя ў кабiнеце сноў; заставалася толькi ранiшняя iмша, заставалiся гадзiны ад паловы адзiнаццатай да пятай; я прагнуў непрадбачанага, нечаканага, якое падарыла мне лёгкую ўсмешку i два разы словы: "Жадаю Вам шчасця, пан Фэмель". Калi я заплюшчваў вочы, час расшчапляўся, рабiўся нiбы спектрам: мiнуўшчына, цяпершчына, будучыня; праз пяцьдзесят год маiм старэйшым унукам будзе ўжо дваццаць пяць, мае сыны будуць ва ўзросце тых шаноўных паноў, якiм я ўручыў толькi што свой лёс, перадаўшы свой праект. Я абмацаў кiшэнь: распiска была на месцы, рэальна; заўтра ўраннi збярэцца журы i вызначыць, што становiшча змянiлася: з'явiўся чацвёрты праект; сярод членаў журы ўжо ўтварылiся партыi:
2
Першы сярод роўных (лац.).
Званiлi тэлефоны, успацелыя лiстаношы iмчалiся з экспрэс-поштаю ад старшынi зямельнага ўрада да архiбiскупа, ад архiбiскупа да духоўнай семiнарыi, дзе давераная асоба якраз усхваляла вартасцi неаготыкi; давераная асоба з пурпуровым тварам села ў дылiжанс, што чакаў побач; грукат капытоў па простым бруку пачаў аддаляцца; колы скрыгаталi на адважна крутых паваротах; спешна, спешна, паведамленне! Фэмель? Нiколi не чуў пра такога. Яго праект? З тэхнiчнага пункту гледжання выдатны, калi браць пад увагу калькуляцыю — трэба прызнаць, Ваша прывялебнасць, — наколькi можна меркаваць на першы погляд, пераконвае, аднак жа стыль? Жахлiвы; толькi цераз мой труп. Труп? Архiбiскуп усмiхаецца; прафесар, творчая натура, поўны агню, пачуццяў, зашмат сiвых, крыху кучаравых валасоў; цераз труп, ну-ну; курсуюць шыфраваныя запыты памiж Грумпэтэрам i Брэмокелем, памiж Брэмокелем i Волерзайнам: карыфеi, што былi ворагамi да смерцi, на некалькi дзён зрабiлi перамiр'е, пыталiся адзiн у аднаго ў шыфраваных лiстах i тэлефанаграмах: "Цi кветкавая капуста псуецца?" — гэта павiнна было значыць: "Цi можна адклiкаць абатаў з пасады?" I прыходзiлi адказы, што забiвалi ва ўпор: "Кветкавая капуста не псуецца".
Я ж на чатыры тыднi знiк; якою цiхамiрнаю была мая магiла; зямля абсоўвалася на яе паволi, мякка насыпалася зверху i побач са мною; мяне аглушаў спеў работнiц; лепш за ўсё было нiчога не рабiць, але цяпер я пачну дзейнiчаць, мушу дзейнiчаць, калi яны раскапаюць маю магiлу, здымуць накрыўку з труны i адкiнуць мяне назад, у час, дзе кожны дзень мае найменне, а кожная гадзiна — нейкi абавязак; гульня стане сур'ёзнаю; я не прыносiў ужо прыкладна a другой гадзiне талерку гарохавага супу з маёй маленькай кухнi; я яго ўжо не падаграваў, а еў халодны; мяне не вабiлi нi стравы, нi грошы, нi слава; я любiў гульню, меў патрэбу ў сваёй цыгары i тужыў па жанчыне, па жонцы. Цi стане ёю тая цёмнавалосая зграбная i гожая дзяўчына з тэрасы дома, што насупраць — Ёганна Кiльб? Заўтра яна будзе ведаць маё iмя; цi я знудзiўся проста па якой-небудзь дзяўчыне, альбо — менавiта па ёй? Мне зрабiлася невыносна кантактаваць увесь час з аднымi мужчынамi — усе яны здавалiся мне смешныя: вернiкi i бязбожнiкi, тыя, што расказвалi непрыстойныя показкi, i тыя, якiя дазвалялi сабе слухаць iх, бiльярдысты, лейтэнанты-рэзервiсты, спевакi, прыдзвернiк i кельнеры; я меў iх задосыць, радаваўся хвiлiнам памiж пятай i шостай, тварам работнiц, у адной грамадзе з якiмi я выходзiў праз браму; я любiў пачуццёвасць, напiсаную на iх тварах, што нязломна плацiлi данiну плыннасцi часу; я з найбольшай ахвотаю пайшоў бы з адною з iх на танцы, ляжаў бы з ёю ў асенняй водарнай траве — парваў бы распiску, спынiў бы сваю вялiкую гульню — гэтыя дзяўчаты смяялiся, спявалi, ахвотна елi i пiлi, плакалi i не былi падобныя да тых фальшывых козак, што правакавалi мяне, кватэранаймальнiка, на любошчы, якiя здавалiся iм смелымi. Гэта ўсё яшчэ належала мне — постацi i рэквiзiт; яшчэ мяне слухалiся статысты — у гэты апошнi дзень, калi мне не хацелася халоднага гарохавага супу, а я занадта быў лянiвы, каб яго сабе пагрэць; я хацеў давесцi да канца гульню, якую я выдумаў у нудоце местачковых надвячоркаў, калi я спраўдзiўшы дастатковую колькасць муравальнага раствору, якасць цэглы, вертыкальнасць муроў i аддаўшы перавагу нудоце карчмы перад нудотай канцылярыi — пачаў на маленькiх картках рабiць накiды праекта абацтва.
Гульня мяне ўжо не адпусцiла; рысункi рабiлiся буйнейшымi, уяўленнi дакладнейшымi, i амаль незаўважна для сябе я ўлез у калькуляцыi; вучыўся лiчыць, вучыўся рысаваць; калi ласка; я паслаў Кiльбу пяцьдзесят залатых марак i атрымаў умовы конкурсу; аднаго разу ў нядзелю я выбраўся ў Кiслiнген; квiтнеючыя збожжавыя палеткi, цёмна-зялёныя бурачныя палi, лес, у якiм калi-небудзь павiнна было стаяць абацтва; я вёў сваю гульню далей, збiраў iнфармацыю пра сваiх працiўнiкаў, чые прозвiшчы калегi вымаўлялi з пабожнай нянавiсцю: Брэмокель,
Праз дзень першы госць павiнен быў пераступiць парог майго рабочага кабiнета — абат, малады, цемнавокi, спраўны; якi хоць яшчэ i не панаваў, а ўжо быў звыкся з панаваннем.
— Адкуль Вам было вядома, што наш святы айцец Бенедыкт не рэкамендаваў раздзяляць братоў-законнiкаў i айцоў святароў у рэфекторыi?
Ён хадзiў сюды-туды па рабочым кабiнеце, паглядаў раз-пораз на праект, потым спытаўся:
— Цi Вы здолееце вытрываць, не апусцiць рукi, не паддасцёся гэтым крумкачам?
А мне было боязна перад гэтай вялiкай гульнёй, якая падымалася з папераў i павiнна была завалодаць мною; я гуляў у гэтую гульню, але нiколi сабе не ўсведамляў, што я мог бы ў ёй таксама выйграць; мне было б досыць славы, што я не атрымаў перамогi ў змаганнi супраць Брэмокеля, Грумпэтэра i Волерзайна, але — каб перамагчы iх? Мне было вусцiшна, ды я сказаў:
— Вытрываю, не паддамся, вялебны ойча.
Ён згодна кiўнуў галавою, усмiхнуўся i пайшоў.
А пятай я разам з грамадою работнiц выйшаў праз браму, каб зрабiць запланаваную вячэрнюю праходку па горадзе; я бачыў схаваныя пад вэлюмам пякноты, што ехалi ў каламажках на спатканнi; лейтэнантаў, якiя ў кавярнi Фуля пiлi моцныя трункi пад слабую музыку; штодня я рабiў чатырохкiламетровы шпацыр — заўсёды адной дарогай i ў адзiн час; усе павiнны былi бачыць мяне, бачыць у адзiн i той самы час, у адных i тых самых месцах — гаспадынi крамаў, банкiры i ювелiры; вулiчныя жанчыны i кандуктары, экспедытары крамаў, кельнеры i хатнiя гаспадынi; яны павiнны былi бачыць i бачылi мяне памiж пятаю i шостаю, з цыгараю ў руцэ; гэта не было прынята — я ведаю, але ж я мастак: вызнаваць нон-канфармiзм — мой абавязак; мне можна таксама спыняцца каля катрыншчыкаў, якiя разменьваюць на грошы меланхолiю канца рабочага дня; вулiца летуценняў-сноў, што вяла праз кабiнет летуценняў-сноў: мае статысты мелi добра нашмараваныя суставы, невiдочныя нiткi рухалi iмi; яны адкрывалi раты, каб вымавiць прадугледжаныя мною дзеля iх штатмпы; халодная мелодыя бiльярдавых шароў у гатэлi "Прынц Генрых" — белае на зялёным, чырвонае на зялёным; манекены згiналi рукi, каб ударыць па шары, каб паднесцi да рота куфаль з пiвам; яны набiралi ачкi, гулялi серыi, па-каляжанску ляпалi мне па плячы; ax, гэтак! ax, не! о, блiскуча! вам не пашэнцiла; а я чуў, як камякi зямлi падаюць на маю труну, перадсмяротны крык Эдыт i апошнi позiрк светлавалосага вучня столяра — позiрк, якiм ён павiнен быў акiнуць каменныя муры вязнiцы, былi ўжо напагатове.
Я паехаў з жонкаю i дзецьмi ў далiну Кiса, паказаў iм з гордасцю вынiк працы маёй маладосцi, наведаў пастарэлага ўжо абата i прачытаў на яго твары гады, якiх не мог убачыць на сваiм; кава ў гасцёўнi, пiрог, выпечаны са сваёй мукi, са слiвамi, што выраслi ў сваiм садзе, i са смятанкаю, знятаю з малака ад сваiх кароў; маiм сынам было дазволена зайсцi ў клаўзуру, жонка з дочкамi, што ўвесь час хiхiкалi, павiнны былi чакаць на вулiцы: чацвёра сыноў, трое дачок — сямёра дзяцей, якiя падораць мне сем разоў па сем унукаў; абат жа сказаў мне з усмешкаю: "Мы ўжо цяпер нават суседзямi зрабiлiся". Сапраўды, я купiў абедзве вёсачкi: Штэлiнгер-Гротэ i Гёрлiнгерс-Штуль.
— Ах, Леанора, зноў — з Кронэравай кавярнi? Hе, я ж сказаў выразна: шампанскага не трэба. Цярпець не магу шампанскага. А зараз — працы канец, маё дзiця. Калi ласка. I цi не маглi б Вы замовiць мне таксi, на чатырнаццатую? Няхай чакае мяне каля брамы; можа, падвязу i Вас трохi. Hе, праз Блесэнфэльд я не еду. Добра, калi жадаеце, можам гэта яшчэ ўдакладнiць.
Ён адвярнуўся ад сваёй рамы са зменнымi малюнкамi, разгледзеў сцены кабiнета, дзе на сцяне вiсеў вялiкi праект абацтва, а ў паветры было поўна пылу, якi, нягледзячы на ўсю асцярожнасць, падымаўся з-пад рук Леаноры; яна з ахвотаю прыбрала ў сталёвай шафе, падала яму вялiкi пачак банкнотаў, якiя страцiлi сваю вартасць яшчэ трыццаць пяць год таму; потым, патросшы галавою, выцягнула на свет божы iншы пачак грошай, якiя не мелi вартасцi ўжо дзесяць год; яна дбайна пералiчыла на рысавальным стале ўсе чужыя купюры: дзесяць, дваццаць, восемдзесят, сто — тысяча дзвесце марак.
— Кiньце гэта ў агонь, Леанора, цi аддайце iх, можа, дзецям з вулiцы гэтыя задуманыя з вялiкiм размахам цэтлiкi ашуканства, якое пачалося трыццаць пяць, а паглыбiлася дзесяць год таму. Я нiколi не надаваў увагi грашам, а, нягледзячы на гэта, усе былi перакананыя, што я прагны да грошай; яны зрабiлi памылку: я не прагнуў грошай, распачынаючы вялiкую гульню; i толькi калi я выйграў i зрабiўся вядомы — толькi тады я ўсвядомiў сабе, што ўва мне ёсць два варункi вядомасцi i папулярнасцi: я быў рупны, гжэчны, просты, быў мастаком, афiцэрам-рэзервiстам; чагосьцi дасягнуў, зрабiўся багатым, аднак… аднак быў усё ж "чалавекам з народа" i нiколi таго не адмаўляў; не дзеля грошай, славы, жанчын я ўкладаў алгебру будучынi ў формулы, ператвараў X, Y i Z у рэальныя велiчынi — у сялянскiя гаспадаркi, банкаўскiя рахункi, у магутнасць, якую я ўвесь раздаваў i якая вярталася да мяне ўдвая большая; Давiд з усмешкаю, мяккi, вага якога не большала i не меншала нi на адзiн фунт; моцна закранулi мяне непрадбачаныя абставiны, якiх я гэтак спрагнёна жадаў: то былi каханне маёй жонкi i смерць дачкi Ёганны сапраўднай прадстаўнiцы роду Кiльбаў: ёй было толькi паўтара года, а я ў тых дзiцячых вачах, як i ў вачах майго маўклiвага бацькi, бачыў старажытную мудрасць, на цёмным дне гэтых вачэй, якiя, здавалася, ужо ведалi, што такое смерць; шкарлятына расцвiла на гэтым цельцы, нiбы жахлiвае пустазелле, падымалася ўверх па сцёгнах, iшла ўнiз да самых ступняў, сеяла гарачку, i белая, нiбы снег, смерць вырастала з усяго таго, вырастала, нiбы цвiль, на чырвонай квеценi, уядалася ў цела, выходзiла чарнотай з ноздраў; непрадбачаныя абставiны, якiх я прагнуў, - яны прыйшлi, як праклён, стаiлiся ў гэтым жахлiвым доме; выбухнула спрэчка, раптоўная перапалка з пробашчам сабора Святога Севярына, з цесцем i цешчаю, з шваграмi, бо я забараняў спяваць на жалобнай iмшы; i ўсё ж я настояў на сваiм i дамогся свайго; я страшэнна спалохаўся, калi пад час набажэнства пачуў шэпт Ёганны: «Iсусе».