Бiльярд а палове дзесятай
Шрифт:
Смех. Пазвоньванне кiлiшкаў. Тэлефонны званок.
— Ага. М. каля тэлефона. Цi так я зразумеў? Выказаць сваю сiмпатыю? Добра.
— Пан К. прыняў станоўчае рашэнне, панове, давайце паставiм стол i крэслы на балкон.
— А што падумаюць за мяжой?
— Няхай сабе думаюць. Усё адно яны думаюць не тое, што трэба.
Смех. Пазвоньванне кiлiшкаў.
— Я сыду на вулiцу i скажу кiраўнiку парада, каб яны звярнулi ўвагу на Ваш балкон, — сказаў другi пан.
— Hе, не, — сказаў стары, — я не хачу класцi галаву табе на каленi, не хачу глядзець на блакiтнае неба; цi сказала ты ў Кронэравай кавярнi, каб яны прыслалi Леанору сюды? Яна будзе зусмучоная; ты ж яе не ведаеш, гэта Робертава сакратарка; мiлае дзiця, i я не хацеў бы, каб гэтая ўрачыстасць з яе ўдзелам не адбылася; не, ува мне няма чыстага сэрца, i я добра ведаю, колькi лiха ёсць на гэтым свеце; я адчуваю сябе чужанiцам, яшчэ большым чужанiцам, чымся тады, калi мы хадзiлi ў «Якар», што ў Верхнiм Порце, i насiлi грошы кельнеру, прозвiшча якога было Гроль; там, унiзе, яны становяцца ў шыхты для парада — цёплы летнi вечар, сутонее; аж сюды
— Хачу застрэлiць таго тоўстага на сiвой клячы. Бачыш яго, пазнаеш?
— Думаеш, я магу яго забыць? Гэта ён забiў ува мне смех, паламаў схаваную спружыну ў схаваным гадзiннiкавым механiзме; ён загадаў знiшчыць бялявага анёлка, забраць бацьку Эдыт, Гроля i хлопчыка, чыйго iмя мы так i не ведаем; ён навучыў мяне, што адзiн жэст рукi можа каштаваць жыцця; ён зрабiў з Отам тую яго абалонку — i ўсё ж… я не стаў бы забiваць яго. Я часта пытаўся ў сябе самога: дзеля чаго я прыехаў жыць у гэты горад — можа, каб разбагацець? Hе — i ты ведаеш гэта? Дзеля таго, што я цябе кахаў? Hе, тады я цябе яшчэ не ведаў i не мог кахаць. Можа, у мяне былi амбiцыi? Hе. Мяркую, што я хацеў адно пасмяяцца з людзей, крыкнуць iм напрыканцы: "Гэта ж было несур'ёзна". Можа, я хацеў мець дзяцей? Хацеў. I ў мяне яны былi: двое памерла ў маленстве, адзiн загiнуў — i ён быў мне чужы, чужэйшы за тых вунь маладых паноў, што ўнiзе падымаюць свае харугвы. А другi сын? "Як маешся, бацька?" — "Добра, а ты?" — "Добра. Дзякуй, бацька". — "Цi магу я што-небудзь для цябе зрабiць?" — "Hе, дзякуй; нiчога не трэба…" Абацтва Святога Антонiя? Прабач, што я смяюся, дарагая. Усё гэта — пыл, не абуджае ўва мне нават сентыментальнасцi, тым больш — нiякiх пачуццяў; цi хочаш вiна?
— Налi, калi ласка.
Я аддаюся на мiласць пяцьдзесят першаму параграфу; законы гнуткiя… паглядзi: там, унiзе, наш стары сябар Нэтлiнгер; у яго досыць розуму на тое, каб нацягнуць на сябе гэтую форму, але ўсё ж ён паявiўся, каб пацiскаць руку, паляпаць па плячы, памацаць харугвы; ужо калi каго i застрэлiць, дык, можа, лепей гэта Нэтлiнгера — але яшчэ падумаю; можа, не буду страляць па гэтым музеi, што там унiзе, на вулiцы; забойца майго ўнука сядзiць побач на балконе — бачыш яго? У цёмным гарнiтуры, прыстойны, прыстойны; гэты мыслiць iначай, дзейнiчае iначай, плануе iначай i сяму-таму ўжо навучыўся: вольна гаварыць па-французску i па-ангельску, ведае лацiну i старажытнагрэцкую i назаўтра паклаў ужо закладку ў адпаведнае месца хрысцiянскага календара Шота: пятнаццатая нядзеля па Сёмусе: якая ўсхваляльная малiтва сёння? Крыкнуў ён сваёй жонцы ў спальню. Hе, я не буду забiваць гэтага тоўстага мяшка на сiвой клячы; не буду страляць па гэтым чалавеку-музеi… толькi крыху павярнуць i — будзе ўсяго шэсць метраў, абсалютная гарантыя, што не прамахнуся; на што яшчэ можа прыдацца маё сямiдзесяцiгадовае жыццё? Забойства не тырана, а прыстойнага чалавека; смерць верне на ягоны твар вялiкае здзiўленне; хадзем, не трэба дрыжаць, мой даражэнькi; я хачу заплацiць выкуп; гэта будзе для мяне забава; дыхаць спакойна, нацэлiцца, разлiчыць, калi нацiскаць на курок… можаш не затыкаць сабе вушэй, мой дарагi; стрэл не будзе надта гучны: проста нiбы лопне шарык з паветрам; пярэдадне пятнаццатай нядзелi па Сёмусе.
13
У аднае дзяўчыны валасы былi бялявыя, у другой — каштанавыя; абедзве былi танклявыя, зграбныя; абедзве ўсмiхалiся, абедзвюм добра пасавалi касцюмы з чырванавата-карычневага твiду, у абедзвюх ладныя шыйкi падымалiся са снежна-белых каўнерыкаў, нiбы сцяблiнкi кветак; абедзве добра, зусiм без акцэнту, гаварылi па-французску i па-ангельску, па-фламандску i па-дацку; абедзве добра i без нiякага акцэнту гаварылi на сваёй роднай, нямецкай, мове; гэта былi гожыя законнiцы неiснуючага баства; яны авалодалi таксама лацiнай; i цяпер у асобным пакойчыку паблiзу касы яны чакалi, пакуль каля бар'ера збяруцца групы па дванаццаць чалавек; вось яны танюткiмi абцасамi чаравiкаў пагасiлi недакуркi цыгарэт, спрактыкаванымi рукамi падмалявалi сабе губы i, выйшаўшы за бар'ер, пачалi высвятляць нацыянальнасць наведнiкаў; з усмешкай, без анiякага акцэнту, яны пыталiся пра краiну, адкуль госцi прыехалi, i пра мовы, якiмi яны валодаюць; турысты адказвалi на пытаннi, падымаючы палец: сямёра гаварылi па-ангельску, двое па-фламандску, трое — па-нямецку; потым яшчэ вясёла заданае пытанне: хто валодае лацiнай? Рут, вагаючыся, падняла палец; толькi адзiн чалавек? Лёгкi цень шкадавання на прыгожым твары — з прычыны гэткай малой колькасцi экскурсантаў з гуманiтарнай адукацыяй; толькi тая адзiная паненка належным чынам здолее ацанiць дакладнасць, з якой дзяўчына задэкламуе вершаваныя надпiсы надмагiльных камянёў? Усмiхаючыся, схiлiўшы лiхтар на кiйку, нiбы шаблю, дзяўчына пачала першая спускацца па сходах; пахла муравальным растворам i вапнаю; потым стаў адчувацца пах магiльнага склепа, хоць лёгкi шум выдаваў, што тут дзейнiчае вентыляцыя; без нiякага акцэнту гучалi ангельская, фламандская i нямецкая мовы; турыстаў iнфармавалi пра памеры шэрых блокаў, пра шырыню рымскай вулiцы — вось сходы з другога стагоддзя, вось тэрма — з чацвёртага; паглядзiце, вунь там знуджаныя ахоўнiкi, надрапаўшы на блоку з пясчанiку квадраты, гулялi ў «млын» (як казаў кiраўнiк курсаў, "заўсёды падкрэслiваць агульначалавечыя, побытавыя дэталi"); вось тут рымскiя дзецi гулялi ў каменьчыкi; звярнiце ўвагу на тое, што камянi брукаванкi бездакорна дапасаваныя адзiн да аднаго; вадасцёк, па iм у часы Старажытнага Рыма сцякала брудная вада, пасля мыцця
— Крыху цярпення, шаноўныя панi i панове, яшчэ некалькi крокаў; вось тут — рэшткi будынка суда, а вось i яны — рымскiя дзiцячыя магiлкi.
("Тут, — казалi на курсах, — вы павiнны першыя моўчкi спынiцца i пачакаць з тлумачэннямi, пакуль у iх пройдзе першае хваляванне; гэта ўжо выключна залежыць ад вашага чуцця, як доўга варта працягваць маўчаць, засведчваючы гэтак вашую ўзрушанасць; напэўна, гэта залежыць ад складу групы; i прашу не ўвязвацца ў дыскусiю наконт самiх рымскiх дзiцячых магiл што гэта зусiм не рымскiя дзiцячыя магiлы, а толькi надмагiльныя камянi, прычым знойдзеныя зусiм у iншым месцы…")
Надмагiльныя каменныя плiты, абапёртыя аб шэрыя муры, утваралi паўкола. Калi прайшло першае хваляванне, здзiўленыя госцi пачыналi глядзець угору: па-над неонавымi лямпамi вiднелася цёмна-блакiтнае неба: цi гэта на iм ужо паблiсквала ранняя зорка, а можа, гэта проста быў водблiск пазалочанага цi пасрэбранага шарыка агароджы, якi, мякка адбiваючыся, уваходзiў у круглы калодзеж, складзены з пяцi вянцоў?
— На ўзроўнi першага вянца — бачыце белую рыску на бетоне? — прыкладна праходзiла вулiца ў часы Рыма; на ўзроўнi другога вянца — там таксама вiдна белая рыска на бетоне, бачыце? — праходзiла вулiца ў часы Сярэднявечча, i, нарэшце, на ўзроўнi трэцяга вянца — белай рыскi вам, напэўна, паказваць ужо не трэба — праходзiць вулiца сёння; а цяпер, шаноўныя панi i панове, зоймемся надпiсамi.
Твар дзяўчыны зрабiўся зусiм каменны, нiбы твар багiнi; сагнуўшы локаць, яна падняла лiхтар, нiбы рукаятку паходнi:
Dura quidem frangit parvorum morte parentesCondicio rapido praecipitata graduSpes aeterna tamen tribuet solacia luctus…Яна ўсмiхнулася Рут — адзiнай, што магла належным чынам ацанiць велiчнасць старажытнай мовы; ледзь прыкметным рухам рукi дзяўчына паправiла каўнерык твiдавага касцюма; потым яна крыху апусцiла лiхтар i прадэкламавала пераклад надпiсу:
I хоць фатальны лёс бацокоў спасцiгае,Калi iх дзiця гэтак хутка, раптоўнаПамiрае,Ды ў смутку над жыццём яго, зусiм юным,Што цяпер толькi раю належыць,Адно вечная надзея нас суцяшае.Шэсць гадоў, дзевяць месяцаў меў ты, Дэзiдэратус,Калi быў пахаваны пад гэтым магiльным пагоркам.Смутак семнаццацi стагоддзяў адбiўся на тварах турыстаў, запаў у iх сэрцы, скаваў нават вечна рухомыя скiвiцы пажылога ўжо фламандца; у яго апусцiўся падбародак; языком ён хуценька запхаў жавальную гумку ў самы далёкi куточак рота; у Марыяны з вачэй пацяклi слёзы, Ёзэф сцiснуў ёй локаць, а Рут паклала ёй руку на плячо. Дзяўчына-гiд з тым самым акамянелым тварам дэкламавала далей тое самае па-ангельску:
Hard a fate meets with the parents…
Небяспечны момант, калi з цёмнага сутарэння госцi зноў выбралiся наверх, на святло, на свежае паветра, у летнi вечар; калi старадаўнi смутак смерцi глыбока ўвайшоў у сэрцы, перамяшаўся з пачуццямi любоўных мiстэрыяў багiнi Венеры, калi самотныя турысты выплёўвалi жавальныя гумкi перад касавым акенцам i спрабавалi прызначыць спатканне на ламанай нямецкай мове; танцы ў гатэлi "Прынц Генрых"; праходка разам па горадзе, вячэра — a lonely feeling, [18] фройляйн; i тут трэба было паводзiць сябе, як гэта рабiла вясталка: не дазваляць нiякiх заляцанняў i рашуча адмаўляцца ад усялякiх запрашэнняў; "прашу не дакранацца да мяне; толькi глядзець: No, Sir, no", [19]– i ўсё ж яна сама адчувала подых распаду, спачувала самотным iншаземцам, якiя, патрэсваючы галовамi, мусiлi iсцi наталяць свой любоўны голад туды, дзе яшчэ панавала багiня Венера i, добра разбiраючыся ў курсах валют, не саромелася называць свой тарыф у гульдэнах, франках i марках.
18
Пачуццё самоты (англ.).
19
Hе, сэр, не, не (англ.).
Касiр адрываў бiлеты ад скрутачка, нiбыта вузкiя ўваходныя дзверы вялi ў кiно; дзяўчыне амаль не заставалася часу, каб у службовым пакойчыку зрабiць адну-дзве зацяжкi цыгарэты, адкусiць кавалачак бутэрброду, глынуць кавы з тэрмасу i кожны раз вырашаць складаную праблему: цi прыберагчы недакурак да наступнага разу, цi пагасiць яго танюсенькiм абцасам; яшчэ адна зацяжка i яшчэ адна; тым часам левая рука ўжо намацала ў сумачцы губную памаду, тым часам сэрца насуперак усяму вырашыла парушыць зарок вясталкi, i ў гэтую хвiлю касiр ужо ўсунуў галаву праз дзверы: